Барока

культурная плыня

Баро́ка (па-італьянску: barocco — «дзіўны»; па-партугальску: perola barroca — «пэрліна няправільнай формы»; існуюць і іншыя здагадкі пра паходжаньне гэтага слова) — характарыстыка эўрапейскай культуры XVIIXVIII стагодзьдзяў, цэнтрам якой была Італія. Стыль барока зьявіўся ў XVI—XVII стст. у італьянскіх гарадах: Рыме, Мантуі, Вэнэцыі, Флярэнцыі. Менавіта эпоху барока прынята лічыць пачаткам трыўмфальнага шэсьця «заходняй цывілізацыі».

Фасад Фарнага касьцёла ў Нясьвіжы (1587—1593), аднаго з самых раньніх барочных будынкаў у сьвеце

На ўсходнеславянскіх землях барока ўпершыню зьявілася ў Беларусі. У адрозьненьне ад некаторых іншых краінаў склалася ў арыгінальную школу[1].

Барока ў мастацтве

рэдагаваць

Барока з аднаго боку цягнулася да ўрачыстага «вялікага стылю», але ў той жа час адлюстроўвала ўяўленьні пра складанасьць, шматстатнасьць, зьменлівасьць сьвету. Барока ўласьцівыя кантраснасьць, напружанасьць, дынамічнасьць выяваў, атэктацыя, імкненьне да велічы і пышнасьці, да сумяшчэньня рэальнасьці і ілюзіі, да зьліцьця мастацтваў (гарадзкія і палацава-паркавыя ансамблі, опэра, культавая музыка); адначасова — тэндэнцыя да аўтаноміі асобных жанраў (саната, сюіта ў інструмэнтальнай музыцы).

Барока ў жывапісе

рэдагаваць
 
Карла Мадэрна Царква Санта-Сусана, Рым (1603)

У жывапісе барока характарызуецца дынамізмам, пышнасьцю формаў, самыя характэрныя рысы барока — кідкая квяцістасьць і дынамічнасьць; яскравы прыклад — Рубэнс, Караваджа. У каталіцкай Фляндрыі мастацтва барока заквітнела ў творчасьці Рубэнса. За межамі Італіі стыль барока пусьціў найглыбейшыя карані ў каталіцкіх краінах, а, напрыклад, у Брытаніі яго ўплыў было малаважным.

Архітэктура барока

рэдагаваць

Для архітэктуры барока характэрны прасторавы размах, зьлітнасьць, цякучасьць складаных, звычайна крывалінейных формаў. У італьянскай архітэктуры самым бачным прадстаўніком мастацтва барока быў Карла Мадэрна (1556—1629), які парваў з маньерызмам і стварыў свой уласны стыль. Яго галоўнае тварэньне — фасад рымскай царквы Санта-Сусана (1603). Квінтэсэнцыяй барока, уражлівым зьліцьцём жывапісу, скульптуры і архітэктуры лічыцца капэла Каранара ў царкве Санта-Марыя дэлла Вікторыя (1645—1652).

Беларускае барока

рэдагаваць

Развіцьцё беларускага барока прайшло тры пэрыяды:

  • раньняе (канец XVI — першая палова XVII ст.)
  • сталае (другая палова XVII — 30-я гг. XVIII ст.)
  • позьняе (альбо віленскае) (30 — 80-я гг. XVIII ст.).
 
Езуіцкі касьцёл у стылі барока ў Магілёве. Пачатак XX ст.

Пачатак гэткага мастацкага кірунку на Беларусі зьвязаны з будаўніцтвам на сродкі 1-га нясьвіскага ардыната Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — езуіцкага касьцёла Божага Цела ў 1584—1593 гадах паводле праекту італьянскага архітэктара-езуіта Яна Марыі Бэрнардоні[2]. Будынак у агульных рысах паўтарае галоўны ордэнскі храм езуітаў Іль Джэзу ў Рыме і ўяўляе сабой першую ў беларускім дойлідзтве трохнэфавую крыжова-купальную базыліку. Усьлед за езуіцкім касьцёлам у Нясьвіжы ў беларускіх гарадах ды вёсках пачынаюць паўставаць пампезныя касьцёлы, кляштары, магнацкія рэзыдэнцыі. Дынамічныя формы іхніх фасадаў, хвалістыя, неспакойныя лініі дэкору і кантрасныя спалучэньні мусілі сымбалізаваць зьменлівасьць і хуткаплыннасьць чалавечага жыцьця.

Рысы барока выявіліся таксама ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах (Мікалаеўская царква ў Магілёве, базыльянская царква і іканастас у Супрасьлі, комплекс у Жыровіцах, уніяцкія цэрквы ў Барунах і Княжыцах). Заходнеэўрапейскія ўплывы тут сышліся зь бізантыйскімі і мясцовымі традыцыямі, што надало непаўторнасьць асобным помнікам архітэктуры[3].

Беларускія майстры (жывапісцы, рэзчыкі, майстры срэбнай і залатой справы, цаніньнікі, друкары) унесьлі значны ўклад у станаўленьне барока ў Расеі і разьвіцьцё мастацтва другой паловы XVII ст. Выехаўшы «на вечное житье в Московию», яны стваралі там сусьветна вядомыя помнікі — іканастас Смаленскага сабора Навадзевічага манастыра ў Маскве, кафлевы шматколерны іканастас у Істры, кафлевы дэкор у цэрквах Масквы, Ізмайлава, Алакаламска ды інш[4].

  1. ^ Барока у беларускай культуры і мастацтве [Текст] / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацвазнаў., этн. і фальклору ім. Кандрата Крапівы; ред. и авт.введ. В. Ф. Шматаў. — 3-е выд. — Минск : Беларус. навука, 2005. — ISBN 985-08-0638-9. С. 3
  2. ^ Тамара Габрусь. Наша «езуіцкае» барока
  3. ^ Адам Мальдзіс. «Шляхецкая культура ХVII — першай паловы ХVIII ст. Эпоха барока»
  4. ^ Барока у беларускай культуры і мастацтве [Текст] / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацвазнаў., этн. і фальклору ім. Кандрата Крапівы; ред. и авт.введ. В. Ф. Шматаў. — 3-е выд. — Минск : Беларус. навука, 2005. — ISBN 985-08-0638-9. С. 47—48
  NODES
os 3