Вэргіліюс

старажытнарымскі паэт

Пу́бліюс Вэргі́ліюс Ма́ран (па-лацінску: Publius Vergilius Maro; 15 кастрычніка 70 да н. э. — 21 верасьня 19 да н. э.) — старажытнарымскі паэт.

Публіюс Вэргіліюс Маран
Publius Vergilius Maro
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 15 кастрычніка 70 да н. э.[1][2]
Мантуя
Памёр 21 верасьня 19 да н. э.[3][2] (50 гадоў)
Брундузія, цяпер Брындызі, Італія
Пахаваны
Бацькі Магія Польля[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Кірунак паэзія, драматургія
Жанр эпічная, дыдактычная, пастаральная паэзія
Мова лацінская мова[4]

Вэргіліюс нарадзіўся каля сучаснае Мантуі. Атрымаўшы выдатную адукацыю, пачаў пісаць свае першыя вершы. Напрадвесьні першых грамадзянскіх войнаў Вэргіліюс прыпыняе сваю дзейнасьць і зьязджае ў Рым, дзе знаёміцца з Актавіянам Аўгустам і Гаем Цыльніюсам Мэцэнатам. Аўгуст заступаецца за таленавітага Вэргіліюса, а Мэцэнат, у сваю чаргу, нятхняе яго на творчасьць і адначасова дапамагае яму грашыма.

Найбольш вядомымі творамі Вэргіліюса зьяўляюцца розныя па тэматыцы «Буколікі»; ухваляючыя працу земляроба й сельскае жыцьцё «Георгікі», і таксама буйны, але няскончаны эпас «Энэіда», у якім ён паказаў шлях легендарнага героя Энэя з Троі да Італіі[5]. Па прыкладу «Іліяды» Гамэра «Энэіда» лічыцца нацыянальным эпасам рымлян. Ёсьць меркаваньне, што «Энэіда» мусіла быць палітычнай замовай, таму што Аўгуст быў усыноўлены Цэзарам з рода Юліяў, якія ўзводзілі свой род да Энэя. Творчасьць Вэргіліюса зрабіла шырокі і глыбокі ўплыў на заходнюю літаратуру, у першую чаргу на «Боскую камэдыю» Дантэ, у якой Вэргіліюс прадстае перад чытачамі як праваднік аўтару празь пекла і чысьцец[6].

Біяграфія

рэдагаваць
 
Вэргіліюс.

Зьвестак аб Вяргіліюсе амаль няма, а тыя, што ёсьць, дайшлі да нас у выглядзе разрозьненых цытатаў найпозьніх рымскіх аўтараў і ў складзе сямі кароткіх накідаў жыцьцяпісу знакамітых людзей з-пад пяра Свэтоніюса, якія часьцяком прыпісваюць Эліюсу Данату таму, што тэкст захаваўся ў ягоным рукапісы. Некаторыя незалежныя біяграфічныя зьвесткі ўтрымліваюцца ў «Жыцьцяпісу» Бэрнскага рукапісу. Таксама верагодна, што ўсе біяграфіі якія маюць крыніцай запіскі сучасьнікаў Вэргіліюса.

Сярод імёнаў Вэргіліюса, Публіюс цалкам звычайна для рымляніна, іншыя два, відавочна, маюць этрускае паходжаньне, хоць імя Вэргіліюс мелі шматлікія лаціны. Бацька паэта быў, верагодна, лацінам, чый род некалькімі пакаленьнямі раней асеў у паўночнай Італіі, якая называлася тады Цызальпійскай Галіяй. Аб ягоным жыцьці мы амаль нічога ня ведаем: паведамляецца толькі, што быў ён ці ганчаром, ці нават вястуном, і што пашлюбаваўся ён з дачкой свайго гаспадара, а затым зарабляў разьвядзеньнем пчолаў і продажам лесу. Імя маці Вэргіліюса, Магія Полі, таксама гучыць на этрускі лад; ў Вэргіліюса яшчэ былі мінімум два браты, аднак да ягонага паўналецьця бацькі, напэўна, ужо памерлі.

Вэргіліюс нарадзіўся 15 кастрычніка 70 году да н. э. у Мантуі, у пасёлку Анды, які часьцяком атаясамляюць з сучасным П’етоле. Паводле паданьня Свэтоніюса, ягонай маці падчас цяжарнасьці прысьнілася, быццам яна нарадзіла ляўровыя галіны, якія, дакрануўшыся да зямлі, адразу пусьцілі карані й зь іх вырасла сьпелае дрэва з мноствам розных пладоў і кветак. Вэргіліюс атрымаў добрую адукацыю: да 15-гадовага ўзросту ў Крэмоне, а затым у Мэдыёляне (сучасны Мілян). У 19 гадоў Вэргіліюс прыехаў у Рым, каб навучацца рыторыцы — у тыя часы абавязковай часткай вышэйшай адукацыі, неабходнай для палітычнай кар’еры. Прабыўшы ў Рыме каля году, ён далучыўся да заснаванага Філёдэмам у Нэапалі гуртка эпікурэйцай, які ўзначальваў Сырон. Але нягледзячы на інтарэс да эпікурызму й на глыбокую пашану да Люкрэцыюса, Вэргіліюс у выніку прымкнуў да вучэньня стоікаў і Плятона. Да таго часу ён ужо пачаў пісаць невялікія вершы й на маладога аўтара пачалі глядзець як на пераемніка Люкрэцыюса, які сканаў няшмат часу да таго. Вэргіліюс рыхтаваўся да кар’еры адваката, але прыродная сарамлівасьць вызначыла ягонае жыцьцё як паэта.

Свэтоніюс пісаў, што Вэргіліюс быў высокага росту, моцнага целаскладу, на твар смуглы, быў падобны на селяніна, але не адрозьніваўся моцным здароўем: асабліва пакутаваў ён на жывот, горла, галаўны боль і часта спускаў сабе кроў. Ўмераны ў ежы й віне, ён любіў хлопчыкаў, — і асабліва любіў Цэбэта й Аляксандра, якога яму падарыў Ізыніюс Паліён і які ў другой эклёзе «Буколікаў» згаданы як Алексыд. Хадзілі чуткі, што адна жанчына, якую звалі Плёція Гіерыя, прапаноўвала Вэргіліюсу жыць зь ёй, але той рашуча адмовіўся. Па іншых сьведках ён усё жыцьцё быў настолькі чысты і ў выказваньнях, і ў думках, што ў Нэапалі яго звычайна называлі Партэн, што з грэцкай мовы перакладаецца як дзяўчына, з намёкам на ягоную цнатлівасьць; а калі ён паказваўся на двары, прыехаўшы зрэдку ў Рым, людзі пачыналі хадзіць за ім і паказваць на яго, — ён хаваўся ад іх у бліжэйшым доме.

У палітычным жыцьці Вэргіліюс не ўдзельнічаў, і дзякуючы шчодрасьці сяброў, ягоны рахунак дасягнуў 10 млн сэстэрцыяў, і ён меў дом на пагорку Эсквілін, які стаяў побач з домам Гаем Мэцэнатам. Каля 41 году да н. э., пасьля забойства Цэзара, маёнтак быў адняты дзеля перадачы яго вэтэранам-прыхільнікам трыумвіраў пасьля бітвы пры Піліпах, але яго выратавала асабістае ўмяшаньне Актавіяна Аўгуста, якому паэт празь нейкі час прысьвяціў дзьве хвалебныя эклёгі.

У Нэапалі альбо зблізку яго, Вэргіліюс пражыў амаль усё сваё жыцьцё. Але ў Рыме, куды Вэргіліюс часьцяком прыязджаў, ён сышоўся з Мэцэнатам і ягонымі паэтамі. У далейшым у гэтае кола ён прывёў і Гарацыюса, і абодва паэты зрабілі разам са сваім заступнікам падарожжа ў Брундызію. У 37 годзе да н. э. Вэргіліюс скончыў працу над «Буколікамі», сваім першым вялікім творам, і па просьбе Мэцэната ўзяўся за «Георгіку», якую скончыў у 30 годзе да н. э. у Нэапалі. На наступны год паэт распачаў працу на «Энэідай» і, прабыўшы нейкі час у Італіі, выправіўся ў Грэцыю й Азію, каб на месцы дзеяньня сваёй паэмы надаць твору большую рэалістычнасьць. У Атэнах ён сустрэўся з Аўгустам, які пераканаў Вэргіліюса вярнуцца ў Італію, але па дарозе ў Італію паэт цяжка захварэў і памёр у Брундызіі ў 19 годзе да н. э.

Ягоны прах перанесьлі ў Нэапаль, дзе й пахавалі каля другога каменя на Путэалянскам шляху; для сваёй магілы ён склаў такі двухрадкоўе:

У Мантуі быў народжаны, памёр у Калябрыі, спачывае
У Парфэнапэі — апяваў пашы, вёскі, правадыроў.

Дзе пашы — намёк на твор «Буколікі», вёскі — на «Георгікі», правадыры — на «Энэіду».

Палову маёмасьці ён адпісаў Валерыюсу Прокулу, свайму зводнаму брату, чвэрць — Актавіяну Аўгусту, дванаццатую частку — Мэцэнату, іншае — Люцыюсу Варыюсу Руфу й Плётыюсу Туку. Паводле Свэтоніюса, яшчэ да ад’езду зь Італіі Вэргіліюс дамаўляўся з Варыюсам, што калі зь ім што-небудзь здарыцца, то ён спаліць няскончаную «Энэіду»; але Варыюс адмовіўся. Ужо знаходзячыся пры сьмерці, Вэргіліюс настойліва патрабаваў свой кніжны куфэрак, каб самому спаліць кнігу, але ніхто яму яго не прынёс. Вэргіліюс больш не зрабіў ніякіх асаблівых распараджэньняў на гэты конт, але ён даручыў свае творы Варыюсу й Туку з умовай, каб яны не выдавалі нічога, што не было выдадзена ім самім. Але, на шчасьце, па загадзе Актавіяна Аўгуста «Энэіда» была выдадзена зь нязначнымі папраўкамі.

Творчасьць

рэдагаваць

«Буколікі»

рэдагаваць

У сваім творы «Буколікі», які складаецца з 10 эклёгаў, Вэргіліюс жадаў дадаць у лацінскую паэзыю асаблівасьць грэцкай, зь ейнай простасьцю й натуральнасьцю. Пры напісаньні твора паэт шмат што пераняў у Тэакрыта, аднак сваёй мэты ён не дасягнуў. Нягледзячы на прамы пераклад у шматлікіх месцах твораў сыцылійскага паэта. Менавіта гэтая простасьць і натуральнасьць адсутнічаюць у «Буколіках» Вэргіліюса. У той час калі пастухі Тэакрыта на самой справе жывуць сваім сьціплым жыцьцём дзяцей прыроды, усялякая цікавасьць якіх накіравана толькі на прыроду, пастухі Вэргіліюса — паэтычная фікцыя, мастацкі вобраз, які прыкрывае бедаваньне рымлянаў на нягоды грамадзянскіх войнаў. У некаторых месцах аўтар прадстаўляе выбітных дзеячаў тае эпохі. Самая знакамітая й яскравая — эклёга IV, дзе Вэргіліюс вешчуе аб будучым залатым стагодзьдзі, дзякуючы нараджэньні дзіцяці, які поўнасьцю зьмене жыцьцё на зямлі. Паэт апісвае вобраз будучага шчасьлівага жыцьця, калі ўсялякая праца стане лішкам і чалавек будзе знаходзіць усё, што яму трэба. Сканчваецца эклёга ўхваленьнем будучага людзкога дабрадзея.

Пазьней хрысьціянскія пісьменьнікі бачылі ў гэтай эклёзе прароцтва аб нараджэньні Хрыста, і на ёй была заснавана вера ў Вэргіліюса як чараўніка. Аднак, верагодна, што Вэргіліюс меў на ўвазе ў гэтай паэме Марцэльлу, сына Аўгуста, раньнюю сьмерць якога пазьней ён апеў у эпізодзе VI песьні «Энэіды». У Х эклёзе Вэргіліюс адлюстраваў імкненьне рымскага народа на мірнасьць, якая ахапіла грамадзтва на тле грамадзянскай вайны. Літаратурная значнасьць «Буколікаў» заключаецца галоўным чынам у складнасьці вершаваньня.

«Георгікі»

рэдагаваць

«Георгікі», другая паэма Вэргіліюса, якая была напісана з мэтай выклікаць любоў да земляробства ў душы вэтэранаў, якіх ўзнагародзілі землямі. Узяўшы за асновы творы Гесіёда, Вэргіліюс, аднак, не ўдакладняе ўсе асаблівасьці гаспадарчай дзейнасьці, бо ягоная мэта паказаць усе прывабнасьці сельскага жыцьця, а не стварыць дапаможнік для земляроба; таму дэталі гаспадарчага жыцьця выкарыстоўваюцца толькі ў паэтычных формах. Лепшая частка паэмы — адступленьне натурфілязофскага характару, большай часткай запазычаная ў Люкрэцыя.

«Георгікі» лічацца самым дасканалым творам Вэргіліюса па чысьціні й паэтычнай скончанасьці верша. У іх, разам з тым, глыбей за ўсё адбіўся характар ​​паэта, ягоны погляд на жыцьцё й рэлігійныя перакананьні; гэта — паэтычныя этуды аб годнасьці працы. Земляробства ў ягоных вачах — сьвятая вайна людзей супраць зямлі, і ён часьцяком параўноўвае падрабязнасьці земляробчага побыту з ваенным жыцьцём. «Георгікі» зьўляюцца таксама пратэстам супраць распаўсюджваньні ў тыя часы ў рэспублікі атэізму; паэт дапамагае Аўгусту ўзбуджаць у рымлянах згаслую веру ў багоў і сам шчыра прасякнуты ўпэўненасьцю ў існасьці вышэйшага промыслу, кіраўніка людзьмі.

Адным зь пераймальнікаў Вэргіліюса зьяўляецца Люіджы Аляманьні.

«Энэіда»

рэдагаваць
 
Партрэт Вэргіліюса, складзены з мазаікі. Туніс.

«Энэіда» — няскончаны патрыятычны эпас Вэргіліюса, складаецца з 12 кнігаў, якія былі напісаны паміж 29—19 гадамі да н. э. Пасьля сьмерці Вэргіліюса «Энэіда» была выдадзена ягонымі сябрамі Варыюсам і Плётыюсам без усялякіх зьменаў, але зь некаторымі скарачэньнямі. Па ўсёй верагоднасьці, «Энэіда» была разьлічана, як і «Іліяда», на 24 песьні; 12-я сканчваецца толькі перамогай над Турнам, між тым як паэт жадаў расказаць аб самім селішчы героя ў Ляцыюме й ягонай сьмерці.

Вэргіліюс заняўся гэтым сюжэтам па замове Аўгуста, каб узбудзіць у рымлянах нацыянальны гонар паданьнямі пра вялікія лёсы іхніх прабацькоў і, зь іншага боку, дзеля абароны дынастычных інтарэсаў Аўгуста, быццам бы нашчадка Энэя празь ягонага сына Юла, або Асканіюса. Вэргіліюс ў «Энэідзе» цесна прымыкае да Гамэру; ў «Іліядзе» Энэй зьяўляецца героем будучыні. Паэма пачынаецца апошняй часткай туляньняў Энэя, ягоным знаходжаньнем у Картагене, і затым ужо распавядае эпізадычна ранейшыя падзеі, разбурэньне Іліёна (II п.), туляньні Энэя пасьля гэтага (III п.), прыбыцьцё ў Картаген (I і IV п.), падарожжа праз Сыцылію (V п.) у Італію (VI п.), дзе пачынаецца новы шэраг прыгод раманічнага й ваяўнічага характару. Само выкананьне сюжэту пакутуе агульным недахопам твораў Вэргіліюса — ​​адсутнасьцю арыгінальнай творчасьці й моцных характараў. Асабліва няўдалы герой, «набожны Энэй» (лац. pius Aeneas), пазбаўлены ўсякай ініцыятывы, кіраваны лёсам і рашэньнямі багоў, якія заступаюцца за яго як заснавальніку шляхетнага роду й выканаўцу чароўнай місіі перанясеньня Лар на новую радзіму. Акрамя таго, на «Энэіды» ляжыць адбітак штучнасьці; у супрацьлегласьць гамэраўскага эпасу, які выйшаў з народа, «Энэіда» створана ў розуме паэта, бяз сувязяў з народным жыцьцём і вераваньнямі; грэцкія элемэнты пераблытаныя з італійскімі, мітычныя паданьні — з гісторыяй, і чытач заўсёды адчувае, што мітычны сьвет служыць толькі паэтычным выразам нацыянальнай ідэі. Затое Вэргіліюс спажыў ўсю сілу свайго верша на аздабленьне псыхалягічных і чыста паэтычных эпізодаў, якія й складаюць несьмяротную славу эпапеі. Вэргіліюс непараўнальны ў апісаньнях далікатных адценьняў пачуцьцяў. Варта толькі ўспомніць патэтычнае, нягледзячы на сваю прастату, апісаньне сяброўства Нізуса й Эрыяла, каханьне й пакуты Дыдоны, сустрэчу Энэя з Дыдонай у пекле, каб дараваць паэту ягоную няўдалую спробу ўзьвялічыць славу Аўгуста на лік паданьняў даўніны. З 12 песьняў «Энэіды» шостая, дзе апісваецца спасланьне Энэя ў пекла, каб пабачыцца з бацькам (Анхізом), лічыцца самай выдатнай па філязофскай глыбіні й патрыятычнаму пачуцьцю. У ёй паэт выкладае пітагарэйскія й плятанічныя вучэньні аб «душы сьветабудовы» й успамінае ўсіх вялікіх людзей Рыма. Зьнешняя будова гэтай песьні ўзята з XI п. «Адысэі». У астатніх песьнях запазычаньні з Гамэра таксама вельмі шматлікія.

Пры стварэньні «Энэіды» падкрэсьлена імкненьне стварыць рымскую паралель паэмам Гамэра. Большасьць матываў «Энэіды» Вэргіліюс знайшоў ўжо ў ранейшых апрацоўках паданьня аб Энэі, але выбар і разьмяшчэньне іх належаць самому Вэргіліюсу й падпарадкаваны ягому паэтычнаму заданьню. Ня толькі ў агульным стварэньні, але й у цэлым шэрагу сюжэтных дэталяў і ў стылістычнай апрацоўцы (параўнаньні, мэтафары, эпітэты й г. д.) выяўляецца жаданьне Вэргіліюса «супернічаць» з Гамэрам. Тым разчэй выяўляюцца глыбокія адрозьненьні. «Эпічны спакой», любоўнае апісаньне дэталяў чужыя да Вэргіліюса. «Энэіда» ўяўляе ланцуг апавяданьняў, поўных драматычнага руху, строга канцэнтраваных, патэтычна напружаных; зьвёны гэтага ланцуга злучаныя майстэрскімі пераходамі й агульнай мэтанакіраванасьцю, якая стварае адзінства паэмы.

Ейная рухаючая сіла — воля лёсу, якая вядзе Энэя да заснаваньня новага царства на лацінскай зямлі, а нашчадкаў Энэя — да ўлады над сьветам. «Энэіда» поўная аракуламі, прарочымі снамі, цудамі й знакамі, кіруючымі кожным дзеяньнем Энэя й вешчуючыю будучую веліч рымскага народа й подзьвігі ягоных дзеячаў аж да самага Аўгуста.

Масавых сцэнаў Вэргіліюс пазьбягае, вылучаючы звычайна некалькі фігур, душэўныя перажываньні якіх і ствараюць драматычны рух. Драматызм ўзмацьняецца стылістычнай апрацоўкай: Вэргіліюс умее майстэрскім падборам і разьмяшчэньнем словаў надаваць сьцёртым формулам штодзённай мовы вялікую выразнасьць і эмацыйную афарбоўку.

Пры адлюстраваньні багоў і герояў Вэргіліюс старанна пазьбягае грубага й камічнага, якое так часта мае месца ў Гамэра, і імкнецца да «высакароднага» афэкту. У выразным падзеле цэлага на часткі й у драматызацыі частак Вэргіліюс знаходзіць патрэбны яму сярэдні шлях паміж Гамэрам і «нэатэрыкамі» й стварае новую тэхніку эпічнага апавяданьня, якое на працягу стагодзьдзяў служыла ўзорам для наступных паэтаў.

Аднак, героі Вэргіліюса аўтаномныя, яны жывуць па-за асяродзьдзем і зьяўляюцца марыянэткамі ў руках лёсу, але такое было жыцьцеадчуваньне распыленага грамадзтва эліністычных манархіяў і Рымскай імпэрыі. Галоўны герой Вэргіліюса, «набожны» Энэй, зь ягонай своеасаблівай пасіўнасьцю ў добраахвотным падпарадкаваньні лёсу, увасабляе ідэал стаіцызму, які стаў амаль афіцыйнай ідэалёгіяй. І сам паэт выступае як казальнік стаічных ідэяў: карціна падземнага царства ў 6 песьні, з пакутамі грэшнікаў і асалодай праведных, намаляваная ў адпаведнасьці з ўяўленьнямі стоікаў. «Энэіда» была скончана толькі начарна. Але й у гэтым «чарнавым» выглядзе «Энэіда» адрозьніваецца высокай дасканаласьцю верша, паглыбляючы рэформу, распачатую ў «Буколіках».

Шанаваньне пасьля сьмерці

рэдагаваць
 
Вэргіліюс

Пакланеньне, якім імя Вэргіліюса было акружана пры жыцьці, працягвалася й пасьля сьмерці паэта; ўжо пачынаючы з Аўгустоўскага стагодзьдзя ягоныя творы вывучаліся ў школах, камэнтаваліся навукоўцамі й служылі для прадказаньняў лёсу. Так званыя «Sortes Virgilianae» былі ў вялікім хаду ў часы Адрыяна й Сэвэра. Імя Вэргіліюса атачалася таямнічай легендай, якая ператварылася ў Сярэднявеччы ў веру ў яго як у чараўніка. Падставай шматлікіх легендаў аб ягонай цудадзейнай сіле паслужылі некаторыя незразумелыя месцы ягоных твораў, як напрыклад IV і VIII эклёгі. Аповяд аб замагільным жыцьці ў VI п. «Энэіды» і г. д. і, акрамя таго, тлумачэньня ўтойлівай сутнасьці ягонага імя (Virga — чароўны посах) і імя ягонай маці (MaiaMaga). Ужо ў Даната сустракаюцца намёкі на звышнатуральнае значэньне паэзіі Вэргіліюса. ФульгенцыюсDe Continenta Vergiliana») надае «Энэідзе» алегарычнае значэньне. Затым імя Вэргіліюса сустракаецца ў гішпанскіх, францускіх і нямецкіх народных кнігах, якія адносяць яго або да часу казачнага караля Актавіяна, або караля Сэрв’е; брэтонскія паданьні кажуць аб ім як аб сучасьніку караля Артура. Вэргіліюсу падпарадкоўваюцца стыхіі, ён цудоўным чынам запальвае й гасіць агонь, выклікае землятрус і навальніцу; Вэргіліюс — патрон або genius loci Нэапалю, які ён заснаваў, пабудаваўшы яго на трох яйках (варыянт — пабудаваны на яйку замак, Castello del'uovo); Вэргіліюс здольны прабіць падземны ход скрозь гару. Ён — непераўзыдзены майстар, які вырабляе цудоўныя рэчы (ingeniosissimus rerum artifex), сярод якіх — складаная сыстэма сыгналізацыі й абароны гораду з дапамогай бронзавых статуяў Salvatio Romae (варыянт — сыстэма, якая засьцерагае ад вывяржэньня Вэзувіё); бронзавая муха, якая выганяе з Нэапалю астатніх мух і такім чынам засьцерагае горад ад заразы; цудоўнае люстэрка, якое адлюстроўвае ўсё, што адбываецца ў сьвеце; bocca della verità; вечна падпаленая лямпа; паветраны мост ды іншае. Вышэйшая праява значэньня, якое прыпісваецца Вэргіліюсу ў Сярэднявеччы, — гэта роля псыхапомпа, якую яму надаў Дантэ ў «Боскай камэдыі», абраўшы яго як прадстаўніка самай глыбокай чалавечай мудрасьці й зрабіўшы яго сваім кіраўніком і правадыром па колам пекла[6].

Творы Вэргіліюса дайшлі да нас у вялікай колькасьці рукапісаў. Першакрыніцамі для зьвестак аб жыцьці й творах Вэргіліюса служыць «Vita Vergilii» Данаты, некаторыя іншыя vitae, якімі забясьпечаны рукапісы, камэнтары Сэрв’е й біяграфія Вэргіліюса ў вершах Фоцыюса.

Магіла Вэргіліюса

рэдагаваць

Пабудова, вядомая як «Магіла Вэргіліюса», знаходзіцца ля ўваходу ў старажытнарымскі тунэль (па-італьянску: grotta vecchia) у Парка-ды-Вірджылья ў П’едыгроце, раёне за дзьве мілі ад старога Нэапалю, каля заліву Мэрджаліна, на дарозе, што вядзе на поўнач уздоўж узьбярэжжа ў кірунку Паццуёлі. Хоць Вэргіліюс ужо пры жыцьці быў аб’ектам літаратурнага ўсхваленьня й праслаўленьня, цягам наступным стагодзьдзяў яму сталі прыпісваць цудатворныя здольнасьці, ягоная магіла стала аб’ектам пілігрымак і пакланеньняў.

Вэргіліюс у іконапісе

рэдагаваць

Зьяўляючыся паганскім дахрысьціянскім паэтам, Вэргіліюс лічыўся бясспрэчным аўтарытэтам сярод антычных аўтараў і дасягнуў вяршыні рымскай паэзіі. Прамыя запазычаньні, спасылкі й вэргіліюсаўскія рэмінісцэнцыі сустракаюцца ў шматлікіх хрысьціянскіх творах. Лічачы Вэргіліюса прадвесьнікам хрысьціянства, на якім мелася міласьць Боская, царква шануе яго й шэраг іншых дахрысьціянскіх геніяў і герояў. У пацьвярджэньне гэтага Вэргіліюс даволі часта адлюстроўваецца ў цыкалі росьпісаў храмаў, альбо ягоныя выявы (звычайна бяз німба — знака сьвятасьці) уваходзяць у склад іканастасаў, займаючы, вядома, падпарадкаваныя месцы ў герархіі вобразаў.

  1. ^ G. L. P. Virgilius (анг.) // Dictionary of Greek and Roman Biography and Mythology / W. SmithBoston: Little, Brown, 1870. — Vol. 3. — P. 1263—1268.
  2. ^ а б Нацыянальная бібліятэка Францыі — 1537.
  3. ^ Williams R. D., Bell A. Virgil // Encyclopædia Britannica (брыт. анг.)Encyclopædia Britannica, Inc., 1768.
  4. ^ Vergilius Maro, Publius // CONOR.SI
  5. ^ Vergilius (70 B.C.E. - 19 B.C.E.)
  6. ^ а б Ruud, Jay. «Critical Companion to Dante». Infobase Publishing. — С. 376. — ISBN 978-1438108414.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  NODES
Project 2