Плод

(Перанакіравана з «Плады»)

Плод (па-лацінску: fructus) — відазьмененая падчас падвойнага апладненьня кветка; орган размнажэньня пакрытанасенных расьлінаў, які ўтвараецца з адной кветкі і служыць для фармаваньня, абароны і распаўсюджваньня насеньня, якое знаходзіцца ў ім. Шматлікія плады — каштоўныя прадукты харчаваньня, сыравіна для атрыманьня лекавых, фарбавальных рэчываў і г. д.

Плод пэрсіка

Навука, якая вывучае плады, называецца карпалёгіяй. Разьдзел карпалёгіі, які вывучае заканамернасьці распаўсюджваньня пладоў і насеньня, мае назоў карпаэкалёгія (часам карпаэкалёгію разумеюць у шырокім сэнсе — як сынонім дыяспаралёгіі, навукі, што вывучае заканамернасьці распаўсюджваньня дыяспар).

Да прыкладу пладоў можна аднесьці сьліву, вішню, яблык.

Разьвіцьцё плоду

рэдагаваць
 
Пасьлядоўнасьць разьвіцьця плоду тыпу костаўка на прыкладзе нэктарыну (Prunus Persica) на працягу 7,5 месяцаў, ад зьяўленьня пупышак ў пачатку зімы да высьпяваньня пладоў у сярэдзіне лета.

Плод фармуецца з завязі таўкачыку пасьля апладненьня і зьяўляецца характэрнай прыкметай кветкавай расьліны. Менавіта з-за наяўнасьці плоду кветкавыя расьліны называюцца пакрытанасеннымі. Тканіны плоду закладваюцца пры фармаваньні кветкі і ўтвараюцца з завязі, але нярэдка ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць іншыя часткі кветкі, як то кветаложа, калякветнік, кветкавыя лускі. Разьвіцьцё пладоў можна падзяліць на 4 фазы: фармаваньне завязі да апылкаваньня, рост за кошт дзяленьня вузаў адразу пасьля апылкаваньня і апладненьня, рост за кошт расьцяжэньня вузаў, высьпяваньне.

Рэзкае ўзмацненьне дзяленьня вузаў завязі назіраецца пасьля апылкаваньня. Затым наступае фаза вузавага расьцяжэньня. Характар ​​росту знаходзіцца ў цеснай залежнасьці ад тыпу плоду. Сыгмоідная крывая росту пладоў характэрная для памідораў, яблыкаў, грушы, авакада і іншых. У дадзеным выпадку вузы падзяляюцца амаль выключна пры фармаваньні кветкавай пупышкі. Пасьля апылкаваньня вузавае дзяленьне яшчэ некаторы час працягваецца. Далейшае павелічэньне памераў адбываецца па расьцяжэньні.

У пладоў тыпу костаўка, як то абрыкос, сьліва, вішня і іншыя, рост характарызуецца падвоенай сыгмаіднай крывою. Першы хуткі пэрыяд росту абумоўлены разрастаньнем завязі, нуцелусу і інтэгумэнту насеньня, а зародак і эндаспэрм амаль не разьвіваюцца. Калі ў другой фазе пачынаецца разьвіцьцё зародку, завязь расьце вельмі слаба. У той жа час праходзіць склерыфікацыя костачкі. Калі зародак дасягае поўнай сталасьці, пачынаецца другое паскоранае разьвіцьцё плоду, якое працягваецца да ягонага поўнага высьпяваньня. Такім чынам назіраецца ўзаемасувязь паміж разьвіцьцём насеньня і ростам пладоў.

Рэгуляцыя разьвіцьця пладоў зьвязана з апылкаваньнем. Ужо самое разьмяшчэньне нават іншароднага пылку на лычку, без апладненьня, спрыяе разрастаньню сьценак завязі без разьвіцьця насеньня. Гэтае дзеяньне можна замяніць мёртвым пылком або экстрактамі зь яго. Дзейснымі фактарамі зьяўляюцца рэчывы гарманальнай прыроды, аўксыны і гіберэлінападобныя злучэньні. Аплодненая заплодкавая вуза, эндаспэрм і насеньне, якія разьвіваюцца, валодаюць моцным кантралюючым уплывам на рост пладоў. Гэтак, недаразьвітае насеньне з-за пэўных абставінаў служыць прычынай дачаснага абсыпаньня пладоў. Нераўнамернае разьвіцьцё насеньня прыводзіць да дэфармацыі пладоў.

Рост пладоў рэгулюецца з дапамогай гармонаў. Разьвіванае насеньне зьяўляецца месцам сынтэзу аўксынаў, гібэрэлінаў і цытакінінаў. Менавіта гэтыя рэчывы робяць недасьпелы плод цэнтрам прыцягненьня пажыўных рэчываў. Таму разьвіцьцё пладоў зьвязана з заўважным прыпынкам вэгетатыўнага росту, а ў аднагадовых расьланў — са старэньнем ўсёй расьліны. Узровень і суадносіны гармонаў ад моманту апладненьня да высьпяваньня пладоў моцна зьмяняюцца. Гэтак, адразу ж пасьля апладненьня назіраецца максымальны ўзровень актыўнасьці гібэрэлінаў. Трохі пазьней максымальнай актыўнасьці дасягаюць аўксыны. Рост колькасьці аўксынаў супадае зь пераходам эндаспэрму да вузавага дзяленьня, а дасягненьне максымуму — з актыўным ростам зародку. Наступны пік аўксынаў зьвязаны з узмацненьнем вузавага дзяленьня на пэрыфэрыі эндаспэрма ва ўжо сфармаваным насеньні. Самы высокі ўзровень цытакінінаў характэрны для вельмі маладых пладоў і насеньня. Высьпяваньне пладоў суправаджаецца выпрацоўкай этылену, які рэзка паскарае завяршальную фазу пладовага разьвіцьця.

Памеры мэрыстэмаў, якія абумоўліваюць памеры пладоў, моцна залежаць ад іхнага забесьпячэньня пажыўнымі рэчывамі, тым больш — ад мэтабалізму цэлай расьліны.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Плод (орган покрытосеменных растений) // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978. (рас.)
  • Карпология // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978. (рас.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Плодсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • Плод. Фармацэўтычная энцыкляпэдыя (укр.).
  NODES