Ібн Хальдун

арабскі філёзаф і гісторык

Ібн Хальдун (па-арабску: ابن خلدون‎) , поўнае імя Абдурагман Абу Зэйд бін Мугамад бін Хальдун аль-Гадрамі (27 траўня 1332, Туніс — 17 сакавіка 1406, Каір) — арабскі мусульманскі філёзаф, гісторык, сацыяльны мысьляр[2][3]. Ягоная гістарычная праца «Пралегомэны» была апублікаваная ў перакладзе на францускую мову ў 1862 годзе. Выява Ібн Хальдуна разьмешчаная на банкноце ў 10 туніскіх дынараў.

Ібн Хальдун
па-арабску: ابن خلدون
Помнік у Тунісе
Дата нараджэньня 27 траўня 1332[1]
Месца нараджэньня Туніс
Дата сьмерці 17 сакавіка 1406 (73 гады)
Месца сьмерці Каір
Месца вучобы
Занятак антраполяг, гісторык, судзьдзя, аўтабіёграф, сацыёляг, эканаміст, філёзаф, палітык, пісьменьнік, паэт
Навуковая сфэра філязофія, гісторыя, сацыялёгія
Вядомы як гісторык Усходу

Больш за ўсё вядомы дзякуючы свайму твору «Пралегомэны» (бел. «Уводзіны»). Пад уплывам гэтай працы асманскія гісторыкі XVII стагодзьдзя, як то Кятыб Чэлебі, Агмэд Джэўдэт-паша і Мустафа Наіма, прааналізавалі ўзвышэньне і заняпад Асманскай імпэрыі[4]. Ібн Хальдун узаемадзейнічаў з Тамерланам, заснавальнікам імпэрыі Тымурыдаў. Эўрапейскія навукоўцы XIX стагодзьдзя таксама прызнавалі важнасьць твору і лічылі Ібн Хальдуна адным з найвялікшых філёзафаў мусульманскага сьвету[5]. Ідэі Ібн Хальдуна застаюцца актуальнымі і па сёньняшні дзень.

 
Дом у Тунісе, дзе нарадзіўся ібн Хальдун.

Жыцьцё ібн Хальдуна адносна добра задакумэнтавана, бо ён склаў уласную біяграфію, у якой даслоўна цытуюцца шматлікія дакумэнты зь ягонага жыцьця.

Мысьляр нарадзіўся ў Тунісе ў 1332 годзе у андалюзійскай сям’я найвышэйшай клясы арабскага паходжаньня[6]. Ягоны продак паходзіў з племя Гадрамі[6]. Ён быў сваяком халіфа Гуджра ібн Адзі, кампаньнікам ісламскага прарока Мухамада. Ягоная сям’я, якая займала шмат высокіх пасадаў у Андалюзіі, эмігравала ў Туніс пасьля падзеньня Сэвільлі ў выніку Рэканкісты ў 1248 годзе. Некаторыя прадстаўнікі сям’і займалі палітычныя пасады пры туніскіх уладарах, але бацька і дзед ібн Хальдуна пазьней адышлі ад палітычнага жыцьця і далучыліся да ордэну Тарыкату. Брат філёзафа, Яг’я Хальдун, таксама быў гісторыкам, які склаў кнігу аб дынастыі Абдальвадыдаў і быў забіты супернікам за тое, што быў афіцыйным гістарыёграфам пры двары[7].

У сваёй аўтабіяграфіі Хальдун прасочвае сваё паходжаньне да часоў Мухамада праз арабскае племя з поўдня Арабійскага паўвострава, якое эмігравала на Пірэнэйскі паўвостраў у самым пачатку ісламскай заваёвы ў VIII стагодзьдзі. Настойлівасьць і ўпартасьць Ібн Хальдуна ў абароне таго, што ён мае арабскае паходжаньне, у той час як у Тунісе панавалі бэрбэрскія эліты, дае падставу меркаваць, што ён насамрэч мае арабскія карані[8][9].

Адукацыя

рэдагаваць

Высокі ранг сям’і мысьляра дазволіў яму навучацца ў вядомых настаўнікаў Магрыбу. Ібн Хальдун атрымаў клясычную ісламскую адукацыю, вывучаючы Каран, які ведаў напамяць. Таксама мысьляр вывучаў арабскае мовазнаўства, асновы разуменьня Карана, гадыс, шарыяцкае права і ісламскае правазнаўства. Па навучаньні ён атрымаў сэртыфікат (іджаза) па ўсіх гэтых прадметах[2]. Матэматык і філёзаф аль-Абілі з Тлемсэну пазнаёміў ібн Хальдуна з матэматыкай, лёгікай і філязофіяй. Будучы філёзаф вывучаў працы Авэроэса, Авіцэны, Фахрудына ар-Разі і Шарафа аль-Дына аль-Тусі. У веку 17 гадоў ібн Хальдун страціў сваіх бацькоў, якія хварэлі на чуму і ў выніку сканалі ад чорнай сьмерці, пошасьць якой лютавала ў Тунісе ў 1348—1349 гадах[10]. Прытрымліваючыся сямейнай традыцыі, хлопец імкнуўся да палітычнай кар’еры.

Палітычная кар’ера

рэдагаваць
 
Мячэт, дзе навучаўся малады філёзаф.

У веку 20 гадоў ібн Хальдун пачаў сваю палітычную кар’еру ў канцылярыі туніскага кіраўніка Ібн Тафракіна, уладкаваўшыся да яго на пасаду захавальніка пячаткі[11]. Абавязкам маладога палітыка-пачаткоўца было напісаньне каліграфіяй тыповых уступных нататак да афіцыйных дакумэнтаў. У 1352 годзе султан Канстантына Абу Зіяд рушыў на Туніс і разьбіў яго. Ібн Хальдун, незадаволены сваёй паважанай, але палітычна бессэнсоўным пасадай, поруч з сваім настаўнікам аль-Абілі рушыў у Фэс. Там марынідзкі султан Абу Інан Фарэс I прызначыў яго аўтарам каралеўскіх праклямацыяў, але ібн Хальдун узяў удзел у каншахтах, скіраваных супраць ягонага новага працадаўцы. У выніку, у 1357 годзе 25-гадовы ібн Хальду атрымаў вырак у 22 месяцы турэмнага зьняволеньня. Па сьмерці Абу Інана ў 1358 годзе візыр аль-Гасан ібн-Умар дараваў яму свабоду і аднавіў яго ў званьні і пасадах. Па выхадзе на волю маладзён узяў удзел у змове супраць наступніка султана і дапамог скінуць яго з трону. Новы кіраўнік Абу Салем аддзячыў ібн Хальдуна прызначэньнем яго на пасаду міністра, што ўжо адпавядала амбіцыям ібн Хальдуна.

Пасьля таго, як быў зрынуты Абу Салем, ягоны наступнік ібн-Амар Абдула, які быў сябрам ібн Хальдуна, не прапанаваў ібн Хальдуну аніводнай значнай палітычнай пасады, чым выклікаў незадаволенасьць палітыка. У той жа час Амар пасьпяхова перашкодзіў ібн Хальдуну, чые палітычныя здольнасьці ён добра ведаў, скласьці хаўрус з Абд аль-Вадыдамі з Тлемсэну. У выніку праз каншахты ібн Хальдун пастанавіў сабе накіравацца ў Гранаду. Ён мог быць упэўнены ў добрым прыйманьні там, бо ў Фэсе ён дапамог султану Гранады, Насрыду Мугамаду V, аднавіць уладу пасьля свайго часовага выгнаньня. У 1364 годзе Мугамад даручыў яму дыпляматычную місію да караля Кастыліі Пэдра I дзеля складаньня мірнай дамовы. Ібн Хальдун пасьпяхова выканаў гэтую місію і ветліва адхіліў прапанову Пэдра застацца пры ягоным двары, нават з прапазыцыяй вярнуць яму гішпанскія ўладаньні ягонай сям’і.

У Гранадзе ібн Хальдун хутка сапсаваў адносіны зь візырам Мугамада ібн аль-Хатыбам, які глядзеў на блізкія стасункі паміж Мугамадам і ібн Хальдунам з усё большым недаверам. Ібн Хальдун спрабаваў сфармаваць у маладога султана свой ідэал мудрага кіраўніка, што ібн аль-Хатыб лічыў глупствам і небясьпекай дзеля міру ў краіне. У выніку ўплыву аль-Хатыба ібн Хальдун быў вымушаны зьехаць з Гранады назад у Паўночную Афрыку. Сам Аль-Хатыб пазьней быў абвінавачаны Мугамадам у неартадаксальных філязофскіх поглядах і забіты, не зважаючы на спробу ібн Хальдуна заступіцца за свайго старога суперніка. У сваёй аўтабіяграфіі ібн Хальдун мала распавядае пра свой канфлікт зь ібн аль-Хатыбам і прычыны свайго зыходу. Усходазнавец Мугсін Магдзі тлумачыць гэта як доказ таго, што ібн Хальдун пазьней зразумеў, што ён цалкам памыліўся ў ацэнцы Мугамада V.

 
Выява ібн Хальдуна працы Халіля Гібрана.

Вярнуўшыся ў Іфрыкію, гафсыдзкі султан Абу Абдала, які сядзеў за кратамі зь ібн Хальдунам, прыязна сустрэў яго і зрабіў сваім прэм’ер-міністрам. Ібн Хальдун выканаў дзёрзкую місію па зборы падаткаў сярод мясцовых бэрбэрскіх плямёнаў. Пасьля сьмерці Абу Абдалы ў 1366 годзе ібн Хальдун зышоў і склаў хаўрус з султанам Тлемсэна Абу аль-Абасам. Празь некалькі гадоў ён трапіў у палон да Абу Фарыса Абдулазіза, які перамог султана Тлемсэна і захапіў трон. Ібн Хальдун зышоў з палітыкі і займаўся навучальніцтвам да 1370 году. З новым султанам ібн Хальдун быў высланы ў Тлемсэн, а па сьмерці Абдулазіза ён жыў у Фэсе, карыстаючыся заступніцтвам і даверам рэгента.

Палітычныя здольнасьці ібн Хальдуна і, перш за ўсё, ягоныя добрыя стасункі зь дзікімі бэрбэрскімі плямёнамі карысталіся вялікім попытам сярод паўночнаафрыканскіх кіраўнікоў, але ён пачаў стамляцца ад палітыкі і пераходу ад кіраўніка да кіраўніка. У 1375 годзе ён быў накіраваны султанам зь пасольскай місіяй да плямёнаў арабаў у Біскру. Па вяртаньні ібн Хальдун шукаў прытулку ў аднаго з бэрбэрскіх плямёнаў на захадзе Альжыру ў месьце Калят-ібн-Саляма. Ён пражыў там больш за тры гады пад абаронай мясцовых кіраўнікоў, скарыстаўшыся сваёй адасобленасьцю, каб скласьці твор «Пралегомэны» пра ўводзіны гісторыі сьвету. У бэрбэраў яму не хапала неабходных тэкстаў дзеля завяршэньня працы[12]. Таму ў 1378 годзе ён вярнуўся ў родны Туніс, які тым часам быў захоплены ўжо знаёмы яму Абу аль-Абасам, які ізноў узяў ібн Хальдуна да сябе на службу. Там ён амаль выключна прысьвяціў сябе навучаньню і, нарэшце, скончыў сваю гісторыю сьвету. Стасункі з Абу аль-Абасам заставаліся напружанымі, бо апошні сумняваўся ў ляяльнасьці мысьляра. Адносіны паміж імі пагоршыліся пасьля таго, як ібн Хальдун падараваў свайму султану копію завершанай кнігі, у якой адсутнічаў звычайны панэгірык кіраўніку. Пад выглядам хаджу ў Мэку, на што мусульманскі кіраўнік ня мог наўпрост адмовіць у дазволе, ібн Хальдун здолеў зьехаць з Тунісу і накіравацца ў Александрыю.

Апошнія гады

рэдагаваць

Ібн Хальдун сказаў пра Эгіпет: «Той, хто ня бачыў яго, той ня ведае моцы ісламу»[13]. У той час як іншыя ісламскія дзяржавы мусілі змагацца ў войнах ды супрацьдзеіць унутраным канфліктам, мамлюцкі Эгіпет квітнеў і меў магутную культурную моц. У 1384 годзе эгіпецкі султан Баркук прызначыў ібн Хальдуна ў мэдрэсэ Кагнія, а таксама навуковец стаў вялікім кадзі (шарыяцкі судзьдзя) малікіцкай школы, якія больш была распаўсюджаная пераважна ў Заходняй Афрыцы. Аднак ягоныя рэформы сутыкнуліся з супрацівам, і праз год ён быў вымушаны пакінуць пасаду судзьдзі. Таксама ў 1384 годзе каля Александрыі затануў карабель з жонкай і дзецьмі ібн Хальдуна.

 
Помнік ібн Хальдуна, усталяваны ў Каіры.

Па вяртаньні з пілігрымкі ў Мэку ў траўні 1388 году ібн Хальдун засяродзіўся на выкладаньні ў розных мэдрэсэ Каіру. Ён трапіў у няміласьць, таму што за часам паўстаньняў супраць Баркука ён, відаць пад прымусам, поруч зь іншымі каірскімі праўнікамі ён выдаў фэтву супраць Баркука. Пазьней адносіны з Баркукам нармалізаваліся, і ён зноў быў прызначаны кадзі. Агулам на гэтую высокую пасаду яго заклікалі шэсьць разоў, на якой ён паводле розных чыньнікаў доўга не затрымліваўся.

У 1401 годзе ўжо за часам панаваньня Фараджа, які быў сынам Баркука, ібн Хальдун узяў удзел у вайсковай кампаніі супраць мангольскага заваёўніка Тамерлана, які аблажыў Дамаск у 1400 годзе. Ібн Хальдун паставіў пад сумнеў жыцьцяздольнасьць такой кампаніі і вельмі жадаў застацца ў Эгіпце. Ягоныя сумневы спраўдзіліся, бо малады і неспрактыкаваны Фарадж, занепакоены паўстаньнем у Эгіпце, кінуў сваё войска на волю лёсу ў Сырыі і пасьпяшаўся дадому. Ібн Хальдун заставаўся ў абложаным горадзе цягам сямі тыдняў. Пасьля ібн Хальдун праз гарадзкую сьцяну на вяроўках спусьціўся дзеля перамоваў з Тамерланам. Мысьляр пакінуў падрабязныя нататкі гістарычнай сэрыі сустрэчаў з азіяцкім заваёўнікам у сваёй аўтабіяграфіі[14]. Тамерлан падрабязна распытваў яго пра становішча на землях Магрыбу. На ягоную просьбу ібн Хальдун нават падрыхтаваў пра гэта вялікую справаздачу. Выявіўшы намеры Тамерлана, ён без ваганняў, вярнуўшыся ў Эгіпет, склаў такі ж вялікі даклад па гісторыі татараў поруч з дасьледаваньнем характару Тамерлану і накіраваў іх кіраўнікам Мэрынідаў у Фэс.

Ібн Хальдун правёў наступныя пяць гадоў у Каіры, завяршаючы сваю аўтабіяграфію і сваю гісторыю сьвету, а таксама выкончаючы абавязкі настаўніка і судзьдзі. Між тым, ён нібыта далучыўся да падпольнай партыі Рыджал Гава Рыджал, чые арыентаваныя на рэформы ідэалы прыцягнулі ўвагу мясцовых палітычных уладаў. Ужо ў гадах Ібн Хальдун быў арыштаваны. Ён памёр 17 сакавіка 1406 году, празь месяц па ягоным шостым прызначэньні на пасаду кадзі.

  1. ^ http://apnaorg.com/books/english/ibn-e-khuldun/ibn-e-khuldun.pdf
  2. ^ а б Hozien, Muhammad. «Ibn Khaldun: His Life and Work». Islamic Philosophy Online.
  3. ^ Сорокин П. А. Человек. Цивилизация. Общество / Общ. ред., сост. и предисл. А. Ю. Согомонов: Пер. с англ. — М.· Политиздат, 1992. — С. 176
  4. ^ Lewis, Bernard (1986). «Ibn Khaldūn in Turkey». In Ayalon, David; Sharon, Moshe. Studies in Islamic history and civilization: in honour of Professor David Ayalon. Brill. — С. 527–530. — ISBN 978-965-264-014-7
  5. ^ S. M. Deen (2007) «Science under Islam: rise, decline and revival». — С. 157. — ISBN 1-84799-942-5
  6. ^ а б Savant, Sarah Bowen (2014). «Genealogy and Knowledge in Muslim Societies: Understanding the Past». Edinburgh University Press. — С. 77. — ISBN 978-0-7486-4497-1.
  7. ^ «Lettre à Monsieur Garcin de Tassy». Journal Asiatique. Paris: Société asiatique. 3 (12): 491. 1841.
  8. ^ Hozien, Muhammad. «Notes on Ibn Khaludn’s Life». Islamic Philosophy Online.
  9. ^ Enan, Mohammad Abdullah (2007). «Ibn Khaldūn: His Life and Works». The Other Press. — ISBN 978-983-9541-53-3.
  10. ^ «Ibn Khaldun and the Rise and Fall of Empires». Saudi Aramco World.
  11. ^ «Ibn Khaldun: His Life and Works». Islamic Philosophy Online.
  12. ^ «Ibn Khaldun’s Political and Economic Realism». Alhassanain.
  13. ^ «Ibn Khaldūn». Britannica.
  14. ^ Bent, Josephine van den (3.05.2016). «„None of the Kings on Earth is Their Equal in ʿaṣabiyya:“ The Mongols in Ibn Khaldūn's Works». Al-Masāq. 28 (2): 171—186. — doi:10.1080/09503110.2016.1198535.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  NODES
Note 1
os 6