Аўтаматы Аляксандрава-Калашнікава АК-107 (5,45×39 мм), АК-108 (5,56×45 мм НАТО), АК-109 (7,62×39 мм) былі распрацаваныя на Іжэўскім машынабудаўнічым заводзе на ґрунце аўтаматаў АК-74М, АК-101 ды АК-103 адпаведна. Адрозьніваюцца наяўнасьцю збалянсаванае аўтаматыкі, скарыстанай таксама ў мадэлях АЛ-7 ды АЕК-971. Збалянсаваная аўтаматыка істотна паляпшае кучнасьць стральбы чэргамі зь няўстойлівых станаў, у параўнаньні з АК-74М — на 15-20 %.

AK-107, АК-108 ды АК-109

AK-107 з падрульным ґранатамётам ҐП-30
Тып аўтамат
Краіна паходжаньня Сьцяг Расеі Расея
Гісторыя вытворчасьці
Канструктар М. Калашнікаў, Ю. Аляксандраў ды В. Паранін
Дата стварэньня 1999 рок
Вытворца Іжэўскі машынабудаўнічы завод
Характарыстыкі
Вага 3,8 (без набояў)
Даўжыня 943 мм з разгорнутым прыкладам
700 мм з згорнутым прыкладам
Даўжыня ствала 415 мм

Патрон 5,45×39 мм (AK-107)
5,56×45 мм НАТО (АК-108)
7,62×39 мм (АК-109)
Калібр 5,45 мм (AK-107)
5,56 мм (АК-108)
7,62 мм (АК-109)
Прынцып дзеяньня адвод парахавых ґазаў, паваротная засаўка, збалянсаваная аўтаматыка
Хуткастрэльнасьць 850 стр/хв (АК-107)
900 стр/хв (АК-108)
900 стр/хв (АК-109)
Пачатковая
хуткасьць кулі:
900 м/с (АК-107)
910 м/с (АК-108)
750 м/с (АК-109)
Прыцэльная
далёкасьць
1000 м
Від боясілкаваньня скрынчаты набойнік на 30, 45 набояў ды чатырохшараговы набойнік на 60 набояў
Прыцэл рэґулюемы адкрыты, прадугледжанае мацаваньне для аптычнага

Гісторыя

рэдагаваць

Аўтаматы АК-107, АК-108 ды АК-109 распрацаваныя ў 1999 годзе канструктарамі Ю. Аляксандравым ды В. Параніным пасьля пасьпяховых вайсковых іспытаў у 1978 годзе каўроўскага аўтамата з збалянсаванаю аўтаматыкаю АЕК-971 канструкцыі С. Какшарова.

У 2011 годзе канцэрн ІЖМАШ прадэманстраваў палепшаны аўтамат АК-107 у якасьці магчымае замены аўтаматам АК-74М. Новы варыянт аўтамата АК-107 адрозьніваецца новаю вечкаю рульнае скрынкі з убудаванаю накіроўвалаю тыпу Пікатыні для хуткага й зручнага ўсталяваньня аптычных прыцэлаў. У задняй частцы рульнае скрынкі ўсталяваны рэґуляваны дыяптрычны прыцэл, які зьмяніў традыцыйны для аўтаматаў Калашнікава адкрыты цалік з U-вобразным прарэзам.

У верасьні 2012 року падчас іспытаў[1] для камплекту рыштунка «Ратнік» быў выпрабаваны байцамі падразьдзела арміі РФ новы варыянт АК-107, асаблівасьцю якога ў першую чаргу ё наяўнасьць крапежных плянкаў Пікатыні. Апрача гэтага новы аўтамат абсталяваны распрацаваным «ІЖМАШ» 60-набойным набойнікам і галяґрафічным прыцэлам расейскае вытворчасьці.

У 2014 годзе канцэрн «Калашнікаў» анансаваў карабін для практычнае стральбы «Сайга-107», ґрунтаваны на напрацоўках АЛ-7 ды АК-107[2][3]. Пазьней быў пераназваны ў Kalashnikov SR1.

 
Saiga MK-107

Адмова ад прыняцьця на ўзбраеньне

рэдагаваць

Аднак, 22 чэрвеня 2014 року іспыты аўтаматычнай зброі для рыштунка «Ратнік» прайшлі аўтаматы двох вытворцаў: АК-12 канцэрна «Калашнікаў» ды А-545 каўроўскага завода імя Дзегцярова, паведаміў намесьнік старшыні Вайскова-прамысловае камісіі пры ўрадзе Расейскае Фэдэрацыі Алег Бачкароў[4]:

«Звычайна мы выходзіма на адзін узор. У працэсе папярэдніх іспытаў мы пераканаліся, што і тый, і тый аўтамат выйшаў. Цяпер важны момант для вытворцаў і для вайскоўцаў — абраць тый адзіны тып зброі, што будзе ў Расеі», - патлумачыў прадстаўнік Вайскова-прамысловае камісіі «Расейскай службе навінаў»

Такім чынам, з аўтаматаў з збалянсаванаю аўтаматыкаю дзяржаўныя іспыты РФ прайшоў не мадэрнізаваны АК-107, а аўтамат А-545 — пераемнік аўтамата АЕК-971 каўроўскага завода імя Дзегцярова.

Меркавалася на папярэднія іспыты конкурсу «Ратнік» падаць аўтаматы АК-107 ды АК-109, аднак пасьля завадзкіх выпрабаваньняў было вырашана адмовіцца ад аўтамата АК-109, бо ў калібры 7,62 мм паляпшэньня кучнасьці стральбы завадзкія іспыты ня выявілі.

Паводле галоўнага канструктара завода «Іжмаш» Уладзімера Злобіна, у АК-12 атрымалася дамагчыся такое жа кучнасьці стральбы, як у АК-107, заразом ад збалянсаванае аўтаматыкі ў ім адмовіліся празь зьніжэньне надзейнасьці й дарагоўлі вытворчасьці[5]. Гэта і стала вызначальным фактарам пры выніковым конкурсе, вынікі якога сталі вядомыя ў лютым 2015 року — асноўным аўтаматам вайсковага рыштунка вайскоўцаў «Ратнік» стаў новы АК-12[6].

Апісаньне

рэдагаваць

Скарыстаная збалянсаваная аўтаматыка для павышэньня кучнасьці стральбы за кошт гашэньня ваганьняў засаўное ґрупы. У вузел аўтаматыкі даданы балянсір — другі ґазавы поршань, што адпавядае па масе засаўной ґрупе і рухаецца з засаўною ґрупаю ў процілеглых кірунках. Для сынхранізацыі хуткасьцяў засаўная рама і балянсір зьвязаныя праз зубчастыя рэйкі і шасьцярню, вось якое ўмацаваная ў рульнай скрынцы.

У момант стрэлу поршні рамы і балянсіра гуляюць ролю пярэдняе і задняе сьценкаў ґазавае камэры і выдаляюцца адзін ад аднаго. Імпульс пры саўраду засаўное ґрупы з рульнаю скрынкаю ў заднім стане гасіцца процілеглым імпульсам балянсіра на іншым канцы рульнае скрынкі. Пасьля адскоку засаўная ґрупа з поршнем рухаецца насустрач балянсіру, перанабівае зброю й праз шасьцярню цягне балянсір ў зыходны стан. Удар пры замыканьні засаўкі кампэнсуецца ўзьдзеяньнем балянсіра на поршань засаўкі праз спружыну-кампэнсатар. Аддача зброі ад стрэлу, — пакуль засаўка яшчэ ў замкнёным стане, — зьмяншаецца дульным тормазам.

Хаду поршаня даводзіцца скарачаць, паколькі два поршані рухаюцца ў адным, хоць і падоўжаным, канале. Таму тэмп агню ў аўтаматычным рэжыме ўзрастае з 600, як у АК-74М, да 850 − 900 стрэлаў на хвіліну.

Кучнасьць стральбы чэргамі зь няўстойлівых станаў, па некаторых адзнаках, можа павялічыцца ў 1,5-2 разу пры ўжываньні гэтае схэмы. У рэальнасьці яна павялічылася ў 1,2 разы. У той жа час, канструкцыя зброі ўскладняецца нязначна, асабліва ў параўнаньні з лафэтнаю схэмаю аўтаматыкі, што ўжываецца для паляпшэньня кучнасьці стральбы (напрыклад, у аўтаматыцы Ніканава АН-94).

Дадаткова могуць усталёўвацца аптычны й начны прыцэлы й 40-мм падрульныя ґранатамёты ҐП-25 «Вогнішча» або ҐП-30 «Абутак».

Засьцерагальнік-перамыкач рэжымаў агню аналяґічны іншым аўтаматам АК і мае дадатковы стан для стральбы чэргамі з адсечкаю ў 3 стрэлы. Як і ў іншых аўтаматах Калашнікава «сотае сэрыі», пры вытворчасьці ўжываюцца сучасныя палімэрныя матэрыялы.

Грамадзянскія варыянты

рэдагаваць

На ґрунце аўтамата АК-107 распрацаваны й сэрыйна выпускаецца грамадзянскі саманабойны карабін Kalashnikov SR1, на этапе стварэньня таксама вядомы як Сайга-107[7].

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Вонкавыя выявы
  Здымак карабіна «Сайга-107» (выгляд зьлева) на сайце канцэрну «Калашнікаў»
  Здымак карабіна «Сайга-107» (выгляд зьлева) на сайце канцэрну «Калашнікаў»
  NODES
Done 1