Рэспу́бліка Армэ́нія (па-армянску: Հայաստանի Հանրապետություն) ці Армэ́нія (арм. Հայաստան) — сухапутная краіна на паўднёвым Каўказе, паміж Чорным і Касьпійскім марамі. Мяжуе з Турэччынай на захадзе, з Грузіяй на поўначы, з Азэрбайджанам на ўсходзе, з Іранам і Нахічэванскім эксклявам Азэрбайджану на поўдні.

Армэнія
лац. Armenija

Հայաստանի Հանրապետություն
Hayastani Hanrapetutyun
Сьцяг Армэніі Герб Армэніі
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Mer Hayrenik»
Месцазнаходжаньне Армэніі
Афіцыйная мова армянская
Сталіца Ерэван
Найбуйнейшы горад Ерэван
Форма кіраваньня Паўпрэзыдэнцкая рэспубліка
Армэн Саркісян
Нікол Пашынян
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
141-е месца ў сьвеце
29 743 км²
4,71
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
134-е месца ў сьвеце
3 009 800[1]
101,5/км²
Этнічны склад
СУП
 • агульны (2013)
 • на душу насельніцтва
130 месца ў сьвеце
$22 116 млрд[2]
$6442
Валюта Армянскі драм (AMD)
Часавы пас UTC (UTC+4)
Незалежнасьць
— ад СССР
— прызнаная

23 жніўня 1990
21 верасьня 1991
Дамэн верхняга ўзроўню .am
Тэлефонны код +374
Мапа Армэніі
Мапа Армэніі

Армэнія — унітарная, шматпартыйная, дэмакратычная дзяржава-нацыя з даўняй гісторыяй і культурнай спадчынай. Армянская сатрапія ўтварылася ў VI стагодзьдзі да н. э. пасьля заняпаду дзяржавы Ўрарту. Найбольшага разьвіцьця Армянскае каралеўства дасягнула ў I стагодзьдзі да н. э. за валадараньнем Тыграна Вялікага. Армэнія першай у сьвеце прызнала хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй[3], зрабіўшы гэта прыкладна ў канцы III — пачатку IV стагодзьдзяў (афіцыйнай датай лічыцца 301 рок)[4]. На ўзьбярэжжы Міжземнага мора ў XI—XIV стагодзьдзях існавала Армянскае княства, пасьля вядомае як Кілікійская Армэнія.

У XVI—XIX стагодзьдзях спрадвечныя армянскія тэрыторыі — Усходняя і Заходняя Армэнія — папераменна пераходзілі пад уладу варагуючых Асманскай і Пэрсідзкай імпэрый. Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя Ўсходняя Армэнія была заваяваная Расейскай імпэрыяй, а большая частка Заходняй Армэніі заставалася пад асманскім панаваньнем. У I сусьветную вайну армяне ў Асманскай імпэрыі сыстэматычна вынішчаліся. Пасьля амаль 600 гадоў безьдзяржаўнасьці ў 1918 року Армэнія атрымала незалежнасьць, аднак у 1920 стала савецкай. У 1922—1991 Армэнія ўваходзіла ў склад СССР.

Армэнія ўваходзіць у Эўразійскі эканамічны зьвяз, Раду Эўропы і Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Краіна сэкулярная, аднак пануючай рэлігійнай арганізацыяй зьяўляецца Армянская апостальская царква. Унікальны армянскі альфабэт вынайшаў у 405 року Мясроп Маштоц.

Этымалёгія

Уласная армянская назва краіны — Айк (ад легендарнага патрыярха армянаў Айка (Հայկ), пра-праўнука Ноя, які, паводле Маўсэса Харанаці, у 2492 да н. э. перамог бабілёнскага цара Бэла і паклаў пачаткі нацыі ў ваколіцах Арарату)[5]. У Сярэднявеччы шляхам даданьня пэрсыдзкага суфіксу -стан (месца) назва пашырылася да Аястан.

Экзонім Армэнія зьяўляецца ў старапэрсыдзкім Бэгістунскім надпісе (515 да н. э.) як Арміна (         ). Старажытнагрэцкія тэрміны Ἀρμενία (Армэнія) і Ἀρμένιοι (Армэніёй, «Армяне») упершыню выкарыстоўвае Гекатэўс Мілецкі (к. 550 да н. э. — к. 476 да н. э.).[6]. Грэцкі стратыг Ксэнафонт, удзельнік некаторых пэрсыдзкіх выправаў, апісвае мноства бакоў армянскага сялянскага жыцьця і гасьціннасьці прыкладна ў 401 да н. э. Ён заўважае, што людзі размаўлялі мовай, для яго вуха падобнай да мовы пэрсаў[7]. Згодна з вэрсіямі як Маўсэса Харанаці, так і Мікаэля Чамчана, Армэнія паходзіць ад імя Арам, прамога нашчадка Айка[8][9].

Гісторыя

 
Армянскае каралеўства пры Тыгране Вялікім

Армянскае каралеўства падчас найбольшага росквіту пры Тыгране Вялікім (9566 да н. э.)

У 301 годзе пры Тырыдаце ІІІ Армэнія прыняла хрысьціянства ў якасьці дзяржаўнай рэлігіі, што спрыяла далейшаму ўцягваньню яе ва ўсходнерымскі культурны сьвет і адыходу ад Ірану, зь якім яна была цесна зьвязаная пачынаючы з VI ст. да н. э. Аднак нягледзячы на афіцыйнае прызнаньне, працэс хрысьціянізацыі працягваўся яшчэ доўга — цягам усяго IV і часткова V ст.

Пасьля падзеньня ў 428 годзе Армянскага царства, большая частка Армэніі была ўключаная як марзбанства (марзпанат) у іранскую імпэрыю Сасанідаў. Пасьля армянскага паўстаньня 451 году, хрысьціянская Армэнія захавала сваю рэлігійную свабоду, а край атрымаў аўтаномію.

Пасьля марзбанскага пэрыяду (428—636) Армэнія была заваяваная арабамі і быў утвораны Армянскі эмірат — аўтаномная княства Арабскага халіфату, да якога былі далучаныя таксама армянскія землі захопленыя раней Ўсходнерымскай імпэрыяй (Бізантыяй). Сталіца княства, у якое таксама ўваходзілі некаторыя раёны Грузіі і Каўскаскай Альбаніі (Азэрбайджану) была ў армянскім месьце Двін. Эмірат пратрываў да 884 году, калі была адноўленая незалежнасьць ад аслабелага Халіфату.

Новапаўсталае Армянскае царства кіравалася дынастыяй Багратуні дый праіснавала да 1045 году. З часам некаторыя раёны Багратунскай (Багратыдзкай) Армэніі аддзяліліся, сталі незалежнымі каралеўствамі і княствамі, як то Каралеўства Васпуракана, кіраванае дынастыяй Арцруні, якая, праўда, адначасова прызнавала вяршэнства Багратуні.

У 1045 годзе Бізантыйская імпэрыя заваявала Багратыдзкую Армэнію. Неўзабаве пад бізантыйскай уладай апынуліся і іншыя армянскія землі. Бізантыйскае панаваньне працягнулася нядоўга, бо ўжо ў 1071 годзе туркі-сэльджукі перамагалі бізантыйцаў і занялі Армэнію ў бітве пры Манзікерце, стварыўшы Сэльджуцкую імпэрыю. Каб пазьбегнуць сьмерці ці няволі ад тых, хто забіў яго родзіча Гагік II, кароль Ані разам зь некаторымі суродзічамі сышоў у цясьніны Таўрскіх гораў, а пасьля ў Тарсус у рэгіёне Кілікія. Там ім даў прытулак бізантыйскі губэрнатар, і там было пасьля заснаванае армянскае Кілікійскае царства.

Сэльджуцкая імпэрыя пачала распадацца. На пачатку 14 стагодзьдзя армянскія князі дынастыі Закарыдаў стварылі напаўнезалежнае армянскае княства ў Паўночнай і Ўсходняй Армэніі, вядомае як Закарыдзкая Армэнія.

22 траўня 2021 году прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі назвала Нагорны Карабах «вызваленымі тэрыторыямі»[10].

Назва

Назва краіны паходзіць ад пэрсыдзкай назвы «Armanestân i Arman». Лічыцца, што слова Армэн можа адносіцца да старажытнага паўлегендарнага героя Арама. Іранцы называюць краіну «Armeni» ці «Ormianie».

Палітыка

У Армэніі дзейнічае канстытуцыя, якая была прынятая ў 1995 годзе на рэфэрэндуме. Кіраўніком дзяржавы зьяўляецца прэзыдэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на пяцігадовы тэрмін. Заканадаўчая ўлада належыць аднапалатнаму парлямэнту, дэпутаты якога выбіраюцца на 4-гадовы тэрмін. 131 дэпутат парлямэнту выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэзыдэнтам, усіх міністраў, па прадстаўніцтве прэм’ер-міністра, прэзыдэнт назначае сам.

Адміністрацыйны падзел

 
Адміністрацыйны падзел Армэніі

Армэнія дзеліцца на 10 марзаў (правінцыяў ці абласьцей)(па-армянску: մարզեր) і адзін асобны горад:

  1. Арагацотн (па-армянску: Արագածոտնի մարզ)
  2. Арарат (па-армянску: Արարատի մարզ)
  3. Армавір (па-армянску: Արմավիրի մարզ)
  4. Гегаркунік (па-армянску: Գեղարքունիքի մարզ)
  5. Катайк (па-армянску: Կոտայքի մարզ)
  6. Лары (па-армянску: Լոռու մարզ)
  7. Шырак (па-армянску: Շիրակի մարզ)
  8. Сьюнік (па-армянску: Սյունիքի մարզ)
  9. Тавуш (па-армянску: Տավուշի մարզ)
  10. Ваёц Дзвор (па-армянску: Վայոց Ձորի մարզ)
  11. Ерэван (сталіца) (па-армянску: Երևան)

Геаграфія

 
Тапаграфічная мапа

Армэнія знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Армянскага ўзвышша. Каля 90% краіны знаходзіцца на вышыні болей за 1000 мэтраў, самым высокім пунктам лічыцца вулькан Арагац (4090 м). Армэнія знаходзіцца ў сэйсьмічна актыўнай зоне, апошнія моцныя землятрусы адбыліся ў 1988 і 1993 гадах. У тэктанічным разломе, на вышыні 1900 м, знаходзіцца самае вялікае на Каўказе возера Сэван (плошча паверхні 1240 км², глыбіня да 83 мэтраў). У паўднёва-заходняй частцы краіны знаходзіцца Арарацкая нізіна. Самая доўгая рака Армэніі — Аракс, па якой у некаторых частках праходзіць мяжа з Турэччынай і Іранам. Армэнія ня мае выхаду да мора. На раўнінах пануе субтрапічны клімат з кароткімі халоднымі зімамі і сьпякотнымі летамі. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −3 °C, а ліпеня ад 24 °C да 26 °C. Сярэднегадавая колькасьць ападкаў складае ад 200 да 500 мм. На ўзвышшах пануе ўмераны клімат, а на вышынях болей за 2000 м — горны. Колькасьць ападкаў тут складае болей за 800 мм у год.

Эканоміка

Эканоміка Армэніі знаходзіцца ў неразьвітым стане. Адмоўны ўплыў аказвае эканамічная блякада з боку Турэччыны і Азэрбайджану. Эканамічнае супрацоўніцтва ідзе толькі празь межы Грузіі і Ірану. З 1994 году пры падтрымцы МВФ ідзе мадэрнізацыя эканомікі, якая выклікала эканамічны рост. 13 лютага 2001 году заснавалі «Армянскую фондавую біржу». 5 лютага 2003 году Армэнія ўвайшла ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю[11]. Дзякуючы прыватызацыі сярэдніх і малых прадпрыемстваў краіне ўдалося абмежаваць інфляцыю і стабілізаваць валюту. Нястача электрычнасьці і паліва выклікала аднаўленьне працы атамнай станцыі ў Мэкамор, што дазволіла краіне забясьпечыць патрэбы ў электрычнасьці, але выклікала адмоўную рэакцыю з боку Эўрапейскага Зьвязу. Сельская гаспадарка слаба разьвітая, таму краіна ня можа забясьпечыць сябе харчаваньнем. Значную частку нацыянальнага прыбытку забясьпечваюць грашовыя пераказы нацыянальнай дыяспары ў Расеі.

На 2020 год найбольшым горнарудным прадпрыемствам быў «Зангязурскі медна-малібдэнавы камбінат» (Каджаран).

Дэмаграфія

Насельніцтва Армэніі складаецца з армянаў (98%), расейцаў (1%), грэкаў, асырыйцаў, украінцаў, курдаў. 95% насельніцтва адносяць сябе да прыхільнікаў Армянскай апостальскай царквы. Увогуле 99% насельніцтва зьяўляюцца хрысьціянамі. Пасьля вайны з Азэрбайджанам за Нагорны Карабах у Армэнію прыбыла каля 260 тыс. бежанцаў з Азэрбайджану, а ў Азэрбайджан перасялілася каля 200 тыс. чалавек.

Культура

Сярод вядомых паэтаў Армэніі — Саят-Нава.

Крыніцы

  1. ^ Հայաստանի Հանրապետության Ազգային վիճակագրության ծառայություն: Հայաստանի Հանրապետության մշտական բնակչության թվաքանակը 2014 թվականի հուլիսի 1-ի դրությամբ
  2. ^ Армэнія. Міжнародны валютны фонд. Праверана 6 верасьня 2014 г.
  3. ^ Nina Garsoïan. Armenian People from Ancient to Modern Times / ed. R.G. Hovannisian. — Palgrave Macmillan, 1997. — С. Volume 1, p.81.
  4. ^ René Grousset. Histoire de l'Arménie. — 1984. — Payot, 1947. — С. 122.
  5. ^ Razmik Panossian. The Armenians: From Kings And Priests to Merchants And Commissars. — Columbia University Press, 2006. — С. 106. — ISBN 978-0-231-13926-7
  6. ^ Mark Chahin. The Kingdom of Armenia. — London: Routledge, 2001. — С. fr. 203. — ISBN 978-0-7007-1452-0
  7. ^ Xenophon. Anabasis. — С. IV.v.2–9.
  8. ^ Moses of Chorene. Book 1, Ch. 12 // The History of Armenia.
  9. ^ Father Michael Chamich. History of Armenia from B.C. 2247 to the Year of Christ 1780, or 1229 of the Armenian era. — Calcutta: Bishop’s College Press, 1827. — С. 19.
  10. ^ Лукашенко и Алиев обсудили ситуацию на армяно-азербайджанской границе, ТАСС, 22.05.2021 г.
  11. ^ WTO Members and Observers (анг.)

Вонкавыя спасылкі

  NODES