Арыстафан
Арыстафа́н (па-грэцку: Ἀριστοφάνης; 466 да н. э. — 385 да н. э.) — старажытнагрэцкі камэдыёграф. Яго творы мелі вострыя грамадзкія і палітычныя акцэнты. У іх апісана жыцьцё старажытных Атэнаў. Сам Арыстафан быў праціўнікам багацьця і абаронцам агульнаграмадзкіх каштоўнасьцяў, а таксама правоў звычайных людзей.
Першую сваю камэдыю Арыстафан паставіў у 427 годзе да н. э., пад чужым імем. У наступным годзе ён высьмяяў у камэдыі «Бабіляняне» атэняніна Кляёна, які абвінаваціў Арыстафана ў тым што ён выставіў у непрыглядным выглядзе палітыку Атэнаў, а празь некаторы час Кляён высунуў абвінавачваньне ў пазазаконным прысваеньні атэнскага грамадзянства. Як кажуць, Арыстафан абараняўся перад судом вершамі Гамэра. Арыстафан адпомсьціў Кліёну, высьмяяўшы яго ў камэдыі «Вершнікі». Аднак уплыў Кліёна ў Атэнах быў вельмі значны і акторы адмаўляліся браць гэтую ролю. Ніхто не згаджаўся нават зрабіць маску, падобную на Кліёна, і Арыстафан сам граў гэту ролю, размаляваўшы свой твар.
Зь яго 45 твораў да нашых дзён дайшлі толькі 11:
- «Ахарняне»,
- «Вершнікі»,
- «Аблокі»,
- «Восы»,
- «Мір»,
- «Птушкі»,
- «Люсістрата»,
- «Жанчыны на сьвяце Тэсмасфорый»,
- «Жабы»,
- «Жанчыны на народным сходзе»,
• «Плутас».
Камэдыі «Жабы» і «Лісыстрата» на беларускую мову пераклаў Лявон Баршчэўскі.
Літаратура
рэдагаваць- Арыстафан. Люсістрата. Жабы / пер. Лявона Баршчэўскага) // Старагрэцкая драматургія. Менск: Зьміцер Колас, 2020.
- Жлутка, А. Арыстафанавы «Жабы» — драма жыцця і смерці ў атэнскім тэатры Дыёніса // Крыніца. 1999. № 9 (55).
- Ратабыльская Т.А. Гісторыя сусветнага тэатра. Старажытная камедыя і творчасць Арыстафана // Народная асвета. 1996. № 5.