Атэізм

адмаўленьне веры ў існаваньне багоў

Атэі́зм (ад грэц. άθεος, «бязбожны») — сьветапогляд, паводле якога натуральны, матэрыяльны сьвет зьяўляецца адзіным і самадастатковым, а для тлумачэньня зьяваў і апісаньня законаў прыроды не патрабуецца прыцягненьне звышнатуральных сілаў, напрыклад Бога, богаў, духаў, іншых зьнешматэрыяльных істот. Атэісты лічаць усе наяўныя рэлігіі і вераваньні тварэньнем самога чалавека, а зьяўленьне Сусьвету разглядаюць з навуковага пункту гледжаньня.

Грэцкае слова αθεοι (atheoi) у пасланьні да Эфэсянаў на папірусе пачатку III ст. Літаральна перакладаецца як «[тыя хто] бяз Бога»

Асноўны, найбольш грамадзка значны від атэізму, навуковы або пазытыўны атэізм цесна зьвязаны з рацыяналізмам, скептыцызмам, сьвецкім гуманізмам і вольнадумствам. З гэтымі плынямі яго радніць непрыманьне веры ў якасьці прылады спазнаньня сьвету, сьцьвярджэньне ў якасьці прылады такога спазнаньня навуковых мэтадаў, барацьба з дагматызмам (у тым ліку й сярод атэістаў) і вольнае абмеркаваньне філязофскіх праблем. З пункту гледжаньня навуковага атэізму рэлігія й навука зьяўляюцца ўзаемавыключальнымі зьявамі грамадзкага жыцьця, адно абавязкова выключае іншае.

Клясыфікацыя плыняў атэізму яшчэ да канца не выстаялася й мае мноства трактовак. Напрыклад, клясыфікацыя па ступені ўсьведамленьня атэістычных ідэяў дзеліць атэізм на неўсьвядомлены — стыхійны, і ўсьвядомлены. Таксама адрозьніваюць практычны і тэарэтычны атэізм (В. Бругер); радыкальны, агнастычны, пастулатны (Х. Шміт); марксісцкі, рацыяналістычны, экзыстэнцыялістычны (І. Леп), тры выгляду атэізму, зьвязаныя зь імёнамі О. Конта, Л. Фэербаха й К. Маркса, а таксама Ф. Ніцшэ (А. дэ Любак). Акрамя пазытыўнага атэізму існуе й нэгатыўны атэізм.

Гісторыя атэізму

рэдагаваць

Атэістычныя перакананьні, відаць, зарадзіліся амаль адначасова са зьяўленьнем рэлігійных культаў. Першапачаткова гэта быў неўсьвядомлены атэізм, які выказваўся ў прагматычным дачыненьні да рытуалаў сярод саміх служэбнікаў культу й правадыроў плямёнаў, якія выкарыстоўвалі рэлігійныя формулы для ўмацаваньня свайго ўплыву на насельніцтва. Больш усьвядомлены, агнастычны атэізм стаў афармляцца толькі са зьяўленьнем філязофскіх школаў.

Старажытнаіндыйскія крыніцы даносяць да нас рэха спрэчак паміж прадстаўнікамі філязофскай школы Локаята (Брыхаспаці, Дзьхішан — V стагодзьдзе да н. э.) й прыхільнікамі вэдыйскага вучэньня. Сачыненьні філёзафаў гэтае школы не захаваліся, пра іх пазыцыі вядома толькі дзякуючы працам іх праціўнікаў. Аднак можна сказаць, што локаята былі першымі пасьлядоўнікамі атэізму — яны сьцьвярджалі, што бога няма, што сьвет ніхто не ствараў, што ён зьявіўся й разьвіваецца па сваіх унутраных законах, яны не прызнавалі існаваньне жыцьця пасьля сьмерці й лічылі, што ўсё што напісана ў Вэдах уяўляе сабою падман.

Сучасны стан атэізму

рэдагаваць
 
Распаўсюд атэізму па краінах (па выніках апытаньняў 2006)

Для сучаснай заходняй цывілізацыі характэрна падзеньне цікавасьці да рэлігіі сярод шырокіх пластоў насельніцтва, асабліва сярод тэхнічнай інтэлігенцыі. У разьвітых краінах зьніжаецца наведвальнасьць храмаў, памяншаецца колькасьць рытуалаў, адбываецца павелічэньне колькасьці людзей, якія лічаць сябе агностыкамі або атэістамі, нават у веруючых рэлігія губляе сваё вярхоўнае становішча. Характэрным у гэтым дачыненьні зьяўляецца публікацыя вядомым амэрыканскім біскупам кнігі пад назовам «Чаму хрысьціянства павінна зьменіцца або памерці: Біскуп зьвяртаецца да веруючых» (травень 1998). У прамыслова разьвітых краінах асноўнай апорай рэлігійнага сьветапогляду застаецца нешматлікае сельскае насельніцтва, а ідэалягічным стрыжнем — гуманітарная інтэлігенцыя. Атэісты злучаюць рэлігійнасьць гэтай часткі інтэлігенцыі зь яе аднабаковай адукацыяй, адсутнасьцю ведаў пра перадавыя дасягненьні натуральных навук і тэхнікі.

Цалкам іншая сытуацыя ў краінах, якія разьвіваюцца зараз, у тым ліку й краінах былога СССР. У краінах Афрыкі, на Блізкім Усходзе бесьперапынна ўзрастае рост рэлігійнасьці, які даходзіць да фанатызму й фундамэнталізму. У большасьці ісламскіх краінаў атэізм лічыцца злачынствам, за так званае «блюзьнерства» ў Пакістане могуць прысудзіць да сьмяротнай кары. Сытуацыя з атэістычным рухам у Расеі й краінах СНД гэтак жа вельмі складаная. Крах пануючай «камуністычнай» ідэалёгіі, якая абвяшчала ў якасьці асноўнага сьветапогляду «афіцыйны атэізм» і дзейнічала пры гэтым мэтадамі не перакананьня, а рэпрэсіяў, гвалтоўна ўкараняючы гэты псэўдаатэізм, дзе замест Бога прапаноўвалася верыць у бязгрэшнасьць прарокаў марксізму-ленінізму, прывёў да моцнай рэакцыі грамадзтва, кіўнуў маятнік грамадзкай прытомнасьці ў бок непрыманьня атэізму. Узрос ўплыў Расейскай Праваслаўнай Царквы, пачалося яе частковае зрошчваньне зь дзяржаўнымі органамі ўлады, узрастаюць містычныя настроі ў грамадзтве й захапленьні рознымі ілжэнавукамі (напрыклад, астралёгіяй). Нягледзячы на гэта, атэістычны рух набірае сілу.

Вызначэньне і адрозьненьні

рэдагаваць

Аўтары разыходзяцца ў тым, як лепей за ўсё вызначаць атэізм, пра якія менавіта звышнатурльныя існасьці ідзе гаворка, ці сьцьвярджае атэізм іх адсутнасьць, ці зьяўялецца атэізм усьвядомленым наўпроставым адмаўленьнем усяго звышнатуральнага.

Шырата панятку

рэдагаваць

Часта незразумеласьцяў і спрэчак, якія тычацца вызначэньня атэізму, узьнікае празь неадназначнасьць у вызначэньні такіх словаў, як «божышча» і «бог». Праз тое, што існуе мноства абсалютна розных уяўленьняў пра звышнатуральнае, узьніклі розныя меркаваньні адносна таго, да якім зь іх мае дачыненьне тэрмін «атэізм». Калі лчыць «тэізм» верай у адзінага пэрсаніфікаванага бога, то людзей, якія вераць у мноства іншых багоў, дэістаў і нават політэістаў можна клясыфікаваць як атэістаў. У XX стагодзьдзі такой падыход згубіў папулярнасьць, бо тэрмін «тэізм» пачаў успрымацца хутчэй як праяўленьне веры ў любое божышча.

У залежнасьці ад шыраты вызначэньня, пад атэізмам можа разумецца непрыняцьце розных канцэпцыяў, пачынаючы ад ідэі бога, як існай асобы і сканчываючы існаваньне чаго заўгодна нематэрыяльнага, звышнатуральнага ці трансцэндэнтнага, уключаючы канцэпцыі індуізму і будызму.

Стыхійны і навуковы атэізм

рэдагаваць

Стыхійны атэізм — атэізм, заснавана на чымсьці іншым, акрамя навукі (напрыклад, як вынік звычайнага клёку ці скептычнага вобраза мысьленьня, адсутнасьці цікавасьці да звышнатуральнага, няведаньня пра наяўнасьць рэлігіі і інш.)

Навуковы атэізм — гэта атэізм, заснаваны на прыродазнаўстве, калі ў якасьці асноўнага інструмэнта для разгляданьня пытаньня пра існаваньне богу (звышнатуральных істотаў альбо зьяваў) выкарыстоўваецца навуковы мэтад, хоць той мэтад распрацаўваў якраз тэістычны хрысьціянскі філёзаф Фрэнсіс Бэкан[1].

Беларусь

рэдагаваць

30 сакавіка 1926 г. сакратарыят Цэнтральнага камітэту (ЦК) Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б) ўхваліў пастанову аб ўтварэньні бюро па стварэньні Саюза ваяўнічых бязбожнікаў (СВБ). На 1 студзеня 1930 г. СВБ Беларускай ССР налічваў 42 200 чалавек, у 1932 — 217 тыс. у складзе 3 тыс. суполак, у тым ліку 102 тыс. (47%) непаўналетніх піянэраў і школьнікаў ад 14 год. 5 траўня 1932 г. СВБ СССР абвясьціў пяцігодку зьнішчэньня рэлігіі са 118 пунктаў: у 1932 г. плянавалася закрыцьцё духоўных вучэльняў; у 1933 — зьнішчэньне манастыроў, вынішчэньне набажнай абраднасьці ў сем’ях, забарона рэлігійнага друку і прапаведваньне бязбожжа ў кіно; у 1934 — высылка сьвятароў; у 1935 — ператварэньне храмаў у клюбы; у 1936 — пашырэньне рэлігійнай барацьбы; у 1937 — сьвяткаваньне зьнішчэньня рэлігіі. У выніку за 1937 г. і 5 месяцаў 1938 г. у БССР асудзілі 3247 прадстаўнікоў духавенства, зь якіх каля 2000 (62%) загінулі ў вязьніцах ГУЛага і праз расстрэлы. Да пачатку 1940 г. гвалтоўна зачынілі ўсе цэрквы.

Аднак да 1937 г. асабовы склад СВБ БССР скараціўся да 35 тысячаў (16% ад 1932 г.). У кастрычніку 1937 г. ЦК КП(б)Б ухваліў пастанову аб стварэньні Аргбюро СВБ БССР для адновы суполак, якія распаліся. Савет народных камісараў БССР абавязалі павялічыць у 1938 г. лік кіраўніцтва і ўтрыманьне мясцовых сакратароў СВБ, выдаткі на выдавецкую дзейнасьць і курсы антырэлігійнікаў. 28 кастрычніка 1938 г. бюро ЦК КП(б)Б прызначыла 5 партыйцаў у Цэнтральную раду СВБ БССР і 15 камсамольцаў у якасьці няштатных інструктараў. На пачатак 1940 г. 2857 суполак СВБ БССР улучалі 90 913 чалавек. У выніку звыш 14 тыс. бязбожных чытаньняў да канца году ў яго склад увайшлі яшчэ 12 тыс. чалавек. Таксама цягам году ў Менску двойчы ладзілася 320-гадзінная месячная падрыхтоўка 103 ідэолягаў бязбожжа[2].

З 1957/1958 навучальнага году на гістарычных факультэтах ВНУ пачалі выкладаць курс бязбожжа. У канцы 1957 — пачатку 1958 г. 2-тыднёвую падрыхтоўку пры абласных камітэтах і 6-месячную — пры 20 раённых камітэтах КПБ прайшлі звыш 800 бязбожных лектараў. За 1957 г. яны зладзілі 28 тыс. бязбожных чытаньняў. У 1957—1958 гадох таварыства «Веды» выдала 76 бязбожных брашураў. 2 студзеня 1964 г. ЦК КПСС увёў сваёй пастановай з 1964/1965 навуч. г. ва ўнівэрсытэтах, мэдычных, сельскагаспарадчых і пэдагагічных інстытутах выкладаньне курса «Асновы навуковага бязбожжа» са здачай іспыту, у іншых ВНУ — факультатыў. На гістарычным і філязофскім факультэтах унівэрсытэтаў, гісторыка-філялягічных факультэтах пэдагагічных ВНУ ўводзілася спэцыялізацыя па бязбожжы. Ва ўнівэрсытэтах і пэдінстытутах ствараліся катэдры «навуковага» бязбожжа. Пры 5 унівэрстытэтах марксізму-ленінізму БССР утварылі факультэты «навуковага» бязбожжа. У выніку ў 1964/1965 навуч. г. антырэлігійную прапаганду ў БССР выкладалі 14 тыс. слухачам. На пачатак 1965 г. у БССР налічвалася каля 5,5 тыс. бязбожных лектараў, 1379 прапагандыстаў і звыш 23 тыс. агітавальнікаў[3].

Падчас агульнакраёвага апытаньня Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) у верасьні 2002 г. бязбожжа спавядалі 4,9% апытаных[4].

Вядомыя атэісты

рэдагаваць
  • Карл Маркс — філёзаф, эканаміст, стваральнік марксісцкага вучэньня.
  • Віталій Гінзбург — расейскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы за 2003 год.
  • Карл Эдвард Саган — выбітны амэрыканскі астраном і папулярызатар навукі.
  • Ільля Капіевіч — першы асьветнік на Беларусі, які выказаў ідэю атэізму.
  • Сымона дэ Бавуар — француская пісьменьніца, фэміністка, экзыстэнцыялістка.
  • Жан-Поль Сартр — францускі філёзаф, пісьменьнік, драматург, асноўны тэарэтык і адзін з заснавальнікаў атэістычнага экзыстэнцыялізму.
  • Жазэ Сарамага — партугальскі пісьменьнік, журналіст, адзіны люзафон-набіляр.
  1. ^ Джон Лоўзі. Фрэнсіс Бэкан // Гістарычныя ўводзіны ў філязофію навукі / перакл. А. Карцель. — Менск: Беларускі фонд Сораса, 1995. — С. 71-80. — 328 с. — (Адкрытае грамадзтва). — 5000 ас. — ISBN 985-6022-10-X
  2. ^ Уладзімер Навіцкі. Адносіны савецкага ўрада да канфесій. Распаўсюджванне атэізму // Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.). — Менск: Экапэрспэктыва, 1998. — С. 155-199. — 340 с. — 5000 ас. — ISBN 985-6102-17-0
  3. ^ Уладзімер Навіцкі. Новая хваля ўціску канфесій у гады палітычнай "адлігі" // Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.). — Менск: Экапэрспэктыва, 1998. — С. 263-292. — 340 с. — 5000 ас. — ISBN 985-6102-17-0
  4. ^ Праваслаўныя атэісты пераваг не шукаюць // Хартыя’97, 7 кастрычніка 2002 г. Праверана 9 студзеня 2014 г.
  NODES
os 1