Бэркут, арол-маркут (Aquila chrysaetos) — драпежная птушка сямейства ястрабіных, самы буйны арол.

Бэркут
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ПадцарстваЭўмэтазоі
РазьдзелДвухбакова-сымэтрычныя
ПадразьдзелДругаснаротыя
ТыпХордавыя
ПадтыпПазваночныя
НадклясаЧацьвераногія
КлясаПтушкі
ПадклясаНаванёбныя
АтрадСокалападобныя
СямействаЯстрабіныя
РодАрлы
ВідБэркут
Бінамінальная намэнклятура
Aquila chrysaetos
Арэал
Арэал
Aquila chrysaetos

Апісаньне

рэдагаваць

Памеры цела бэркута дасягаюць 1 мэтар пры масе да 7 кіляграмаў, размах крылаў 1,6—1,8 м. Самкі буйнейшыя за самцоў. Афарбоўка чорна-бурая, на патыліцы і задняй частцы шыі — залаціста-жоўтае пер’е. У маладых птушак хвост белы зь цёмнай палоскай па краі, у старых белым застаецца толькі самая аснова хваста. Дзюба кручкаватая, моцная, ногі таксама моцныя з крывымі і вострымі кіпцюрамі. Голас хрыпаты.

Распаўсюджваньне

рэдагаваць

Арэал бэркута вельмі шырокі. Ён ахоплівае дзьве траціны сушы Зямлі. Але ў сучасных умовах на многіх гэтых тэрыторыях засталіся толькі адзінкі гэтай птушкі. У ХХ стагодзьдзі ў выніку рэзкага скарачэньня колькасьці арол-бэркут патрапіў у Чырвоную кнігу.

Харчаваньне

рэдагаваць

Харчуецца бэркут вавёркамі, зайцамі, мышамі, сусьлікамі, цецерукамі, гусямі, глушцамі, курапаткамі, можа справіцца і з маладымі ці аслабленымі аленямі, казламі, баранамі, лісіцамі і іншымі жывёламі. У час бяскорміцы выкарыстоўвае ў харчаваньні падлу.

Размнажэньне

рэдагаваць

Бэркуты жывуць усё жыцьцё адной парай, для сваіх птушанят яны будуюць з сучча і гальля вялікія гнёзды-калыскі дыямэтрам да 2—3 м, вышынёй жа яны могуць дасягаць чалавечага росту. Гнёзды разьмяшчаюць на вялікіх дрэвах, у горных раёнах — на скалах, у каменных нішах. Сярэдзіну гнязда ўсьцілаюць пасьцілкай з пуху, пер’я, травы, поўсьці. Арліца кладзе ў гняздо 1—3 (часьцей 2) белых з чырвона-бурымі плямкамі яйкі, на якіх сядзіць паўтара месяца. Бэркут-самец час ад часу дае ёй магчымасьць палятаць, пахарчавацца, замяняючы яе на гнязьдзе. Арлянят гадуюць абодва бацькі, носячы ім у гняздо розную жыўнасьць. У тры месяцы арляняты ўжо пачынаюць вучыцца лётаць, але са сваімі бацькамі яны разьвітваюцца толькі праз год.

Бэркут і чалавек

рэдагаваць

Да жыцьця ў няволі бэркут прызвычайваецца нядрэнна, працягласьць яго жыцьця ў заапарках дасягае 60 і болей гадоў, але там ён не размнажаецца. У Казахстане і Сярэдняй Азіі бэркута са старадаўніх часоў прыручаюць і выкарыстоўваюць на паляваньні. Арол здабывае для людзей зайцаў, ліс, маладых ваўкоў і розных птушак. Прычым прыручаная птушка можа жыць у гаспадара многія гады, цярпьліва выконваючы свае паляўнічыя абавязкі.

Від уключаны ў Дадатак І Дырэктывы ЭЗ па ахове рэдкіх птушак, Дадатак ІІ Бэрнскай канвэнцыі, Дадатак ІІ Бонскай канвэнцыі, аднесены да SPEC 3. Бэркут занесены ў Чырвоныя кнігі Беларусі, Латвіі, Летувы, Польшчы, Расеі, Украіны.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  NODES