Вясельле
Вясе́льле — спалучэньне абрадаў і звычаяў, якія суправаджаюць заключэньне шлюбу і ёсьць дзеяй зацьвярджэньня новай сям’і. Узьнікла з усталяваньнем аднашлюбнасьці. Традыцыйнае ўстойлівае спалучэньне абрадаў спалучае ўсе віды народнага мастацтва (музыка, сьпеў, танец і тэатар). Асноўным момантам ёсьць пераезд нявесты з дому бацькі ў дом жаніха. Прававая сіла вынікае з абавязковага выкананьня пры сьведках (род і суседзі), што ўзаконьвае маёмасныя і этычныя правы, дачыненьні і абавязкі будучай сям’і. Ад часу правядзеньня маладыя прызнаюцца самастойнымі чальцамі грамады.
Падзяляецца на 3 асноўныя часткі: 1) падрыхтоўчую (выглядзіны, даведкі, сватаньне, запоіны, агледзіны і заручыны), 2) уласна вясельную (суборная субота, каравай, пасад, прыезд дружыны маладога да маладой, шлюб, пераезд да маладога, камора, пасаг, завіваньне, выпрабаваньне здольнасьцяў і нораву маладой, дзяльба каравая і абдорваньне маладых), 3) пасьлявясельную (пярэзвы). Падрыхтоўка ёсьць умоўна-побытавай, бо падчас яе адбываецца пагадненьне між бацькамі маладых пра заключэньне шлюбу. Галоўнай урачыстасьцю ёсьць зьвядзеньне маладых, што замацоўвае шлюб на ўсё жыцьцё. Заключная частка пераважна складаецца з гульняў.
Беларусь
рэдагавацьУ Беларусі найчасьцей жэняцца ўвосень ад Пакроваў Багародзіцы да Піліпаўскага посту, пасьля заканчэньня асноўных палявых работаў. Усталяванай вясельнай парой таксама ёсьць час пасьля Вялікадня і пасьля дня Пятра й Паўла ды зіма. Вясельныя песьні заклікальнага і любоўнага зьместу, прыгаворкі, прыказкі і абрадавыя танцы суправаджаюць і тлумачаць складнікі вясельля. Дзейнымі ўдзельнікамі вясельля зьяўляюцца малады (князь) і маладая (княгіня), сват і свацьця, дружына жаніха і дружкі нявесты. Ад часу родаплемяннога побыту ў выглядзе гульні ладзяцца абрады выкраданьня і выкупу нявесты. З прыходам хрысьціянства выконваецца абрад вянчаньня ў царкве[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Леаніла Малаш. Вясельле // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — С. 400. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0090-0
Гэта — накід артыкула па антрапалёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |