Гей
Гей ці гэй, таксама ґей ці ґэй (анг. gay) — гомасэксуальны мужчына. То бок мужчына, які адчувае пачуцьцёвую і сэксуальную прыхільнасьць толькі да іншых мужчынаў, і на аснове гэтай цягі можа стварыць уласную ідэнтычнасьць і ўстанавіць трывалыя адносіны з іншым(і) мужчынам(і). Акрамя гэта «гей» выкарыстоўваецца ў якасьці прыметніка для азначэньня мужчынскай гомасэксульнасьці.
Этымалёгія
рэдагавацьСлова «гей» ужываецца ў ангельскай мове з XII стагодзьдзя, паходзіць ад старажытнафранцускага «gai», якое ў сваю чаргу вельмі верагодна мае германскае паходжаньне[1]. Паводле яшчэ адной вэрсыі, слова «гей» паходзіць ад стараправансальскага «gaya» (вясёлы)[2]. Адсюль у сучаснай францускай мове «gai» азначае «вясёлы».
Асноўнае значэньне слова — «радасны», «бесклапотны»: у гэтым сэнсе яно вельмі часта выкарыстоўвалася ў францускай і ангельскай мовах у выступах і літаратуры 19-га — першай паловы 20 ст. Напрыклад, аптымізм 1890-х гадоў часта называюць па-ангельскуй «Gay Nineties»[3]. Назва францускага балета «La Gaîté parisienne» (1938) Мануэля Разэнталя па матывых Афэнбаха таксама мае гэтую канатацыю.
З XVII стагодзьдзя тэрмін «гей» выкарыстоўваецца для азначэньня таго, што зьвязана з амаральнымі паводзінамі і асалодай, пазьней у XIX стагодзьдзі асацыяваўся з прастытуцыяй[4].
У беларускую мову слова «гей» прыйшло на пачатку 90-ых гадоў 20 ст. У афіцыйным слоўніку слова ўпершыню фіксуецца ў 2009 годзе — «Слоўнік новых слоў беларускай мовы»[5].
Сучасны ўжытак
рэдагавацьУ 20 ст. слова «гей» праз пасярэдніцтва ангельскай мовы трапіла ў большую частку іншых моваў. Паводле савецкага і расейскага сацыёляга і сэксоляга Ігара Кона, «цяпер „гей“ — ня проста мужчына, які любіць мужчынаў, а носьбіт асаблівай самасьвядомасьці, прадстаўнік адпаведнай субкультуры, грамады ці арганізацыі, змагар за свае грамадзянскія правы»[6].
«Гей» зьяўляецца сынонімам слова «гомасэксуал», а часта і больш нэўтральнай альтэрнатывай, бо слова мае менш сэксуальнай канатацыі[7].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Online Etymology Dictionary, https://www.etymonline.com/word/gay
- ^ «Gai, gaie», CNRTL, https://www.cnrtl.fr/definition/gai
- ^ William Leap, Beyond the Lavender Lexicon: Authenticity, Imagination, and Appropriation in Lesbian and Gay Language, Taylor & Francis, 1995, p. 360.
- ^ George Chauncey, Gay New York, 1890—1940, Fayard, 2003.
- ^ В. І. Уласевіч, Н. М. Даўгулевіч, Слоўнік новых слоў беларускай мовы: [4500 слоў і выразаў], Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. — Мінск: ТетраСистемс, 2009.
- ^ Игорь Кон, Любовь небесного цвета, «Продолжение Жизни», 2001, https://web.archive.org/web/20210410080025/http://loveread.ec/view_global.php?id=1175
- ^ Revenin, Régis. Hommes et masculinités de 1789 à nos jours. Autrement, 2007.