Жак Карт’е
Жак Карт’е́ (па-француску: Jacques Cartier; 31 сьнежня 1491, Сэн-Малё, Брэтань — 1 верасьня 1557, Сэн-Малё, Францыя) — францускі мараплавец брэтонскага паходжаньня, які зрабіў пачатак францускай калянізацыі Паўночнай Амэрыкі[2][3][4][5]. Жак зьяўляецца першым эўрапейцам, які апісаў і нанёс на мапу затоку Сьвятога Лаўрэнція й берагі ракі Сьв. Лаўрэнція й зямлю, якую ён назваў «Краінай Канадаў». Разам з Джонам Каботам і Самюэлем дэ Шампленам лічыцца адным з галоўных першаадкрывальнікаў Канады.
Жак Карт’е | |
Jacques Cartier | |
Жак Карт’е. Партрэт пэндзлю Тэафіля Амэля (1817—1870), алей, палатно, каля 1844, напісаны на аснове карціны Франсуа Рыса 1839 году, якая загінула. Прыжыцьцёвых партрэтаў Карт’е не існуе. | |
Род дзейнасьці | мараплавец |
---|---|
Дата нараджэньня | 31 сьнежня 1491 |
Месца нараджэньня | Сэн-Малё, Брэтань |
Дата сьмерці | 1 верасьня 1557 |
Месца сьмерці | Сэн-Малё, Францыя |
Прычына сьмерці | чума і тыф[d] |
Месца пахаваньня | |
Занятак | навігатар, падарожнік-дасьледнік, мараплавец, вынаходнік, марак, палітык |
Бацька | Жамэ Карт’е |
Маці | Жэсьлен Жансар |
Дадаткова | Jacques Cartier Signature.svg |
Подпіс | |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся ў брэтонскім паўночным порце Сэн-Малё[6], у сям’і Жамэ Карт’е й Жэсьлен Жансар[7]. Пра ягонае юнацтва вядома мала. Вядома, што шлюб з Катрын, дачкой канэтабля Жака дэ Гранша, які адбыўся 2 траўня 1519 году, значна палепшыў ягонае сацыяльнае становішча.
У 1532 годзе герцагства Брэтань было фармальна аб’яднана з Францыяй у зьвяз. Карт’е быў прадстаўлены каралю Францыску I Жанам Лё Вэнёрам, біскупам Сэн-Малё й абатам Мон-Сэн-Мішэль, у Мануарэ-дэ-Брыёне. Кароль раней запрашаў, аднак нефармальна, флярэнтыйскага дасьледчыка Джаваньні да Вэраццана дасьледаваць усходняе ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі ад імя Францыі ў 1524 годзе[8][6]. Карт’е, як мяркуюць, суправаджаў да Вэраццана ў гэтай экспэдыцыі, якая дасьледавала ўзьбярэжжа ад цяперашняй Паўднёвай Караліны да Новай Шатляндыі, і такія астравы, як то Ньюфаўндлэнд. Падчас іншай экспэдыцыі яны дайшлі да тэрыторыі цяперашняй Бразыліі.
Лё Вэнёр паведамляў аб гэтых падарожжах да Ньюфаўндлэнду й Бразыліі — як доказ здольнасьці Карт’е «весьці судны да адкрыцьця новых земляў у Новым Сьвеце». Карт’е падзяліўся з каралём сваімі намерамі папытаць шчасьце ў дасьледваньнях Захаду, ён паставіў сабе за мэту знайсьці Індыю і Кітай.
Падарожжы
рэдагавацьПершая экспэдыцыя
рэдагавацьУ 1533 годзе кароль Францыі Францыск I даў згоду брэтонцу Жаку Карт’е на экспэдыцыю для «адкрыцьця невядомых зямель у Новым Сьвеце», узнагародзіўшы яго тытулам «капітана й стырніка караля». Галоўнай мэтай плаваньняў Карт’е быў пошук шляху ў Кітай. 20 красавіка 1534 году два карабля водазьмяшчэньнем каля 60 тонаў кожны й з камандай па 60 чалавек адплылі з Сэн-Малё. Праз 20 дзён, то бок 10 траўня, экспэдыцыя дасягнула берагоў Ньюфаўндлэнда ля мыса Бонавіста. Падчас першай высадкі на таямнічы бераг матросы папоўнілі свае запасы сьвежая дзічынай і паплылі далей уздоўж берагоў Ньюфаўндлэнда. Абмінуўшы паўночную ўскраек острава, караблі павярнулі на паўднёвы-захад, і поглядам маракоў адкрыўся абсяг затокі Сьвятога Лаўрэнція.
На востраве Прынца Эдўарда французы ўбачылі індзейцаў, верагодна мікмакаў, якія перапраўляліся ў чоўнах праз рэчку. Ля берагоў Гаспэ да караблёў нечакана наблізіліся дзьве флятыліі па 40—50 каноэ, у якіх былі індзейцы, якія размахвалі футравымі скуркамі на наканечніках дзідаў. Гэта было відавочнай прыкметай, што тут ужо маглі пабываць эўрапейцы. Індзейцы выкрыквалі нейкія прывітаньні, скакалі й «рабілі розныя знакі сяброўства й радасьці». Карт’е не давяраў «дзікім» — два стрэлы карабельнай артылерыі над галовамі індзейцаў расьсеялі іхныя хуткія каноэ.
У панядзелак, 6 ліпеня, на паўвостраве Гаспэ французы сустрэлі групу індзейцаў на чале з правадыром Данаконам. Гэта былі іракезы, які размаўлялі на лаўрэнційскай мове. Яны лавілі ў тых месцах рыбу. 24 ліпеня 1534 году Карт’е паставіў на новай зямлі крыж з надпісам: «Няхай жыве кароль Францыі!», аб’явіўшы гэтыя тэрыторыі ўласнасьцю францускага караля[9]. Прысутнічаўшы пры гэтым правадыр Данакона спачатку пратэставаў, але пасьля падарункаў правадыр перастаў пярэчыць.
24 ліпеня Жак скончыў сваё першае плаваньне, але ўваходу ў раку Сьв. Лаўрэнція гэтак і не заўважыў. Карт’е ўзяў з сабой двух індзейскіх юнакоў Дамагая й Таігнаагну. Данакон даў згоду забраць з сабой хлопцаў толькі пры ўмове, што французы вярнуцца й прывязуць з сабой эўрапейскія тавары. Вярнуўшыся ў Францыю 5 верасьня 1534 году, Карт’е склаў мапу свайго падарожжа. На ёй было відаць, што за Ньюфаўндлэндам знаходзіцца шырокае ўнутранае мора, якое адкрывае далейшы праход у глыб кантынэнта. Жак быў перакананы, што ён дасягнуў азіяцкага ўзьбярэжжа. Усталяваныя з індзейцамі кантакты й магчымыя камэрцыйныя выгады ад асваеньня адкрытых земляў заахвоцілі караля Францыі даць санкцыю на другое падарожжа Карт’е.
Другая экспэдыцыя
рэдагаваць19 траўня 1535 году Карт’е на трох караблях, то бок «La Petite Hermine» (водазьмяшчэньне 60 тон), «L'Émérillon» (40 тон), «la Grande Hermine» (120 тон), адплыў з Францыі й праз 50 дзён дабраўся да затокі Сьвятога Лаўрэнція. Разам зь ім вярнуліся й два захопленыя ім падчас мінулага паходу маладыя індзейцы[6], якія й паказалі праход у вусьце ракі Сьвятога Лаўрэнція.
7 верасьня 1535 года Карт’е знайшоў індзейскую вёску Стадакон і шматлікую групу індзейцаў іракезаў, на наступны дзень да французаў прыбыў сам вярхоўны правадыр іракезаў Данакон. Карт’е меў намер рухацца далей да таго месца, дзе, па словах індзейцаў, знаходзілася паселішча Хашэлага. Данакон не хацеў, каб эўрапейцы прасоўваліся вышэй па рацэ, асьцерагаючыся, мабыць, іхнага магчымага зьвяза зь іншымі індзейскімі плямёнамі, таксама не жадаючы выпускаць магчымасьці абмену таварамі. Але ўсе спробы адгаварыць Карт’е рухацца да Хашэлаге аказаліся беспасьпяховымі. 19 верасьня 1535 году з адным караблём і двума баркасамі ён падняўся ўверх па цячэньні ракі Сьвятога Лаўрэнція, пакінуўшы сваіх перакладчыкаў і частку людзей у форце, падрыхтаванага да зімы. Не даходзячы да Хашэлагі, Карт’е прыйшлося пакінуць карабель, бо рака падзялялася на некалькі вузкіх пратокаў. Дабрацца да запаветнай мэты ён здолеў толькі на баркасе. Хашэлага быў нашмат большым за Стадакон, і больш за тысячу іракезаў прыбылі ў рачны край, каб сустрэць французаў. У месцы іхнага прыбыцьця зараз разьмяшчаецца мост, названы імём вандроўцы. Экспэдыцыя ня здолела далей прасунуцца, паколькі прасоўваньню ўверх па рацэ перашкаджалі парогі. Карт’е быў перакананы, што гэты шлях вёў у Кітай, а парогі здаваліся яму адзінай перашкодай на шляху туды.
Пасьля наведваньня Хашэлагі, неўзабаве пераназванай ў Манрэаль, Карт’е вярнуўся ў Стадакону, дзе заставаліся два ягоных карабля. Вяртацца ў Францыю было ўжо позна, бо зімовая Атлянтыка не абяцала нічога добрага падарожнікам. Карт’е вырашыў зімаваць у Канадзе. Эўрапейцы збудавалі ўмацаваны форт, вырыўшы вакол глыбокія траншэі й усталяваўшы артылерыю, бо адносіны з індзейцамі да гэтага часу апынуліся сапсаванымі. У сьнежні сярод эўрапейцаў пачалася цынга. Да сярэдзіны лютага з 110 французаў заставаліся здаровымі менш дзесяці. Невядома, што абяцала бы ім першая зіма ў Канадзе, калі б індзейцы не навучылі іх лячыцца настойкай зь лісьця й кары аднаго дрэва, вядомага ў Гуроне пад назвай «анэда», верагодна гэта была туя заходняя. Гэты сродак, верагодна, і выратаваў экспэдыцыю ад катастрофы, дазволіўшы 85 французам перажыць зіму. Карт’е абвесьціў дзіўнае адкрыцьцё лекаў, як Божае пасланьне й цуд[10][11][12].
Выратаваныя францускія вандроўнікі адплацілі чорнай няўдзячнасьцю мясцовым жыхарам. Перад тым як адплыць ў зваротны шлях, Карт’е захапіў 10 індзейцаў, у тым ліку іхнага правадыра Данакону, які памёр у Францыі ў 1539 годзе ад хваробы. Ён хацеў павезьці іх у Францыю, каб кароль мог асабіста пачуць апавяданьні аб казачна багатай краіне пад назвай Каралеўства Сагенэй[13]. 6 траўня караблі Карт’е ўзялі курс на радзіму й праз тры тыдні прыбылі ў Сэн-Малё.
Трэцяя экспэдыцыя
рэдагаваць17 кастрычніка 1540 году Францыск I загадаў Жаку Карт’е вярнуцца ў адкрытыя ім зямлі, каб пачаць іхную калянізацыю. Меркавалася, што яе ўзначаліць Карт’е. Аднак 15 студзеня 1541 году разьдзелам новай экспэдыцыі быў прызначаны Жан-Франсуа дэ Ля Рок дэ Рабэрваль, прыдворны гугенот і набліжаны караля, названы першым генэрал-лейтэнантам францускай Канады. Карт’е жа адводзілася роля асноўнага штурмана й навігатара. Пакуль Рабэрваль чакаў артылерыі й забесьпячэньня, неабходнага для замацаваньня на новых землях, ён дазволіў Жаку Карт’е адплысьці раней на сваіх суднах[14].
23 траўня 1541 году Карт’е адбыў з Сэн-Малё ў сваю трэцюю экспэдыцыю на пяці суднах. На гэты раз аб думцы знайсьці праход да ўсходу прыйшлося забыцца. Мэтай экспэдыцыі былі знайсьці «Каралеўства Сагенэя» й ягоныя багацьці, а таксама заснаваць сталыя селішчы ўздоўж ракі Сьвятога Лаўрэнція[15]. Пасяленцы прывезьлі з сабой насеньне культурных расьлінаў і быдла. Дасягнуўшы Стадаконы, Карт’е ізноў сустрэўся з індзейцамі, але вырашыў не будаваць тут селішчы. Мінуючы некалькі міляў уверх па рацэ да месца, якое раней запрыкмеціў, ён стварыў новае селішча, якое зараз зьяўляецца горадам Кап-Руж. Іншы форт быў пабудаваны на скале, якая ўзвышалася над селішчам, для дадатковай абароны.
Французы з пачаткам свайго пасяленьня пачалі збіраць тое, што паводле іхнага меркаваньня было дыямэнтамі й золатам, але па вяртаньні ў Францыю высьвятлілася, што гэта былі кварцавыя крышталі й жалезныя пірыты[13]. Адгэтуль існуе пахабная прымаўка «фальшывыя, як канадзкія дыямэнты» (франц. «faux comme les diamants du Canada»). Два судны былі пасланыя дадому зь некаторымі з гэтымі карысных выкапнямі 2 верасьня[15]. Паставіўшы задачу для пакінутых у фартах, Карт’е 7 верасьня на баркасах адправіўся на пошукі «Сагенэі». Яму атрымалася дасягнуць Хашэлагі, але дрэннае надвор’е й шматлікія рачныя парогі ізноўку перашкодзілі яму. Пра зіму 1541—1542 гадоў запісаў не захавалася, але па ўсёй бачнасьці, адбылася сутычка, у якіх мясцовыя індзейцы забілі каля 35 францускіх пасяленцаў. Карт’е адправіўся ў Францыю ў пачатку чэрвеня 1542 году, нечакана сустрэўшыся з Рабэрвалем і ягонымі караблямі поруч узьбярэжжа Ньюфаўндлэнда.
Рабэрваль загадаў Карт’е вярнуцца назад да паселішча, але Карт’е адмовіўся выканаць загад[13]. Мараплавец накіраваўся дадому ў Сэн-Малё, дасягнуўшы радзімы ў кастрычніку 1542 году. Больш Карт’е ня ладзіў падарожжы.
Апошнія гады
рэдагавацьКарт’е правёў астатнюю частку свайго жыцьця ў Сэнт-Малё й сваім маёнтку блізу гораду. Ён часта займаўся перакладам з партугальскае мовы. Памёр 1 верасьня 1557 году ў веку 65 гадоў за часам эпідэміі, магчыма тыфусу, аднак шматлікія крыніцы не засьведчваюць прычыну сьмерці. Пахаваны ў катэдры Сэн-Малё.
Спадчына
рэдагавацьДзякуючы сваёй першай экспэдыцыі Карт’е адкрыў найбольш зручны воддны шлях для эўрапейскага пранікненьня ў Паўночную Амэрыку. Таксама ён зрабіў інтэлектуальную ацэнку рэсурсаў Канады, як прыродных гэтак і чалавечых, не зважаючы на тое, што ў выніку ён перабольшыў багацьце нэтраў Канады. У той час як некаторыя ягоныя дзеяньні ў адносінах да мясцовых плямёнаў на сёньня трактуюцца як ганебныя, ён сапраўды спрабаваў часам усталяваць сяброўства з некаторымі карэннымі народамі, якія жылі уздоўж ракі Сьвятога Лаўрэнція.
Карт’е стаў першым чалавекам, хто зарэгістраваў імя Канада, пазначыўшы на мапе тэрыторыю ўздоўж берагу ракі Сьвятога Лаўрэнція. Назва паходзіць ад ваяндоцка-іракескага слова «kanata» (бел. вёска)[16], якая была няправільна інтэрпрэтаваная як родны тэрмін для назвы адкрытай зямлі[17]. Канадцамі Карт’е называў мясцовых жыхароў, што жылі на берагах ракі Сьвятога Лаўрэнція. Пасьля гэтага назва Канада выкарыстоўвалася для абазначэньня невялікіх францускіх калёніяў на берагах гэтай ракі, а францускія асаднікі называліся канадцамі (франц. сanadiens). Зь сярэдзіны XIX стагодзьдзя гэтая назва пачала прымяняцца да калёніяў ляялістаў на Вялікіх азёрах і пазьней да ўсёй брытанскай Паўночнай Амэрыцы. Такім чынам, Карт’е не зьяўляецца строга эўрапейскім першаадкрывальнікам Канады, краіны якую мы разумеем на сёньня, шырокая фэдэрацыя, якая цягнецца ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну. Усходнюю частку Канады раней наведвалі нарвэжцы, а таксама басконскія, галісійскія й брэтонскія рыбакі, і, магчыма, Джон Кабот. Асаблівы ўнёсак Карт’е зрабіў як першы эўрапеец, які пранік на кантынэнт, а дакладней уздоўж ракі Сьвятога Лаўрэнція. Ягоныя дасьледаваньні далі падставу Францыі выказаць прэтэнзіі на тую тэрыторыю, якая пазьней будзе названа Новай Францыяй. Трэцяе падарожжа Карт’е засьведчыла чарговую спробу ўладкаваць першае сталае паселішча эўрапейцаў у Паўночнай Амэрыцы з моманту спробы гішпанца Люкаса Васкеса дэ Аёна ў 1526—1527 гадах.
Варта адзначыць і прафэсійныя якасьці Жака Карт’е. Улічваючы, што ён зрабіў тры падарожныя выведкі ў небясьпечную й да гэтуль невядомую тэрыторыю, не згубіўшы аніводнага карабелю, а таксама прайшоў каля 50 дагэтуль невывучаных гаваняў без сур’ёзных здарэньняў, ён можа лічыцца як адзін з найбольш прафэсійных мараплаўцаў таго пэрыяду. Да таго ж Карт’е быў адным зь першых, хто афіцыйна прызнаў Новы Сьвет за асобны кантынэнт, не злучаны з Эўропай і Азіяй.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Jacques Cartier
- ^ Trudel, Marcel. «Cartier, Jacques». The Canadian Encyclopedia
- ^ «Jacques Cartier» Encyclopædia Britannica
- ^ «Exploration — Jacques Cartier» The Historica Dominion Institute
- ^ Jacques Cartier The Catholic Encyclopedia
- ^ а б в «Jacques Cartier». History.com.
- ^ Baxter, James Phinney; de La Roque Roberval, Jean François; Alfonce, Jean (1906). «A Memoir of Jacques Cartier, Sieur de Limoilou: His Voyages to the St. Lawrence, a Bibliography and a Facsimile of the Manuscript of 1534 with Annotations, Etc.». New York: Dodd, Mead & Company. — С. 11.
- ^ Trudel 1966. С. 58—60.
- ^ История Квебека Quebec-Canada
- ^ «Jacques Cartier's Voyages» Chronicles of America Праверана 2010 г.
- ^ «Jacques Cartier» Eindhoven University Праверана 2010 г.
- ^ Biggar 1924. С. 204.
- ^ а б в «Jacques Cartier». The Mariners’ Museum & Park.
- ^ «Jacques Cartier, Short Biography (w/timeline)» Elizabethan Era Праверана 2010 г.
- ^ а б «Cartier’s Third Voyage to Canada, 1541–1542» American Journeys Праверана 2010 г.
- ^ Greene, Meg (2004). «Jacques Cartier: Navigating the St. Lawrence River». New York: The Rosen Publishing Group, Inc. — С. 54.
- ^ McMullen, J.M. (1855) «The History of Canada: From Its First Discovery to the Present Time». C. W., J. M'Mullen.
Літаратура
рэдагаваць- Trudel, Marcel. «Cartier, Jacques». — 1-е выд. — Toronto: University of Toronto Press, 1966.
- H. P. Biggar. The Voyages of Jacques Cartier. — No. 11. — Ottawa: Publications of the Public Archives of Canada, 1924.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Біяграфія. (анг.)
- Bref récit et succincte narration de la navigation faite en MDXXXV et MDXXXVI. (фр.)
- Працы Жака Карт’е. Праект «Гутэнбэрг». (анг.)
- Les voyages de Jacques Cartier. (фр.)
- Жак Карт’е на сайце Civilization.ca. (анг.)