Жан Бадрыя́р (па-француску: Jean Baudrillard; 27 ліпеня 1929 — 6 сакавіка 2007) — францускі філёзаф-постмадэрніст, сацыёляг, літаратар, гуру левых інтэлектуалаў. Адчуў на сабе ўплыў нэамарксызму й псыхааналізу, хаця ўжо з самых першых сваіх твораў ахвотна карыстаўся ідэямі структурнага аналізу.

Жан Бадрыяр, Швайцарыя, 2004

Біяграфія

рэдагаваць

Жан Бадрыяр нарадзіўся ў 1929 годзе ў Рэймсе (Францыя). Вывучаў у Сарбоне нямецкую мову, якую затым выкладаў на працягу васьмі гадоў у адным з правінцыйных ліцэяў. З 1966 году атабарыўся ў Нантэрскім унівэрсытэце (Парыж-Х), дзе выкладаў сацыялёгію й паралельна займаўся напісаньнем сваёй доктарскай працы, якая пад назовам «Сыстэма рэчаў» зьявілася на сьвет у 1968 годзе. У 1986 годзе Бадрыяр перавёўся на працу ў Інстытут сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў і інфармацыі (IRIS) у Парыжы-ІХ. На працягу сваёй кар’еры прафэсара спарадычна чытаў лекцыі ў шматлікіх унівэрсытэтах Эўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі.

Памёр ад брушнога тыфу ў сваім доме ў Парыжы 6 сакавіка 2007 году.

Філязофія

рэдагаваць

Бадрыяр найперш вядомы сваёй крытыкай сучаснага спажывецкага грамадзтва, якая ў другой палове 1970-х гадоў прывяла яго да разбудовы аўтарскай канцэпцыі сымулякру.

Паводле Бадрыяра, у сваіх паводзінах спажыўцы арыентуюцца не на функцыянальную, маральную ці нават каштоўнасную карысьць навакольных рэчаў, а на іх знакавую прыналежнасьць, што вынікае зь меркаваньняў гонару й патрэбы адпавядаць наяўнаму сацыяльнаму статусу. Чальцы заходніх «грамадзтваў дабрабыту» маюць сёньня мажлівасьць карыстацца усімі найноўшымі й найдасканалейшымі рэчамі й паслугамі, а таксама валодаць аднолькава вольным доступам да адукацыі і крыніцаў інфармацыі. Аднак гэта не азначае, што паміж людзьмі няма ніякага падзелу. Сацыяльная дыфэрэнцыяцыя ў сучасным грамадзтве будуецца выключна на дасягненьні пэўных элемэнтаў прэстыжу, якія спакваля губляюць свой субстанцыяльны статус, навяртаючыся адно ў знакі рэчаў. Так, людзі ганарліва адрозьніваюцца адзін ад аднаго ўжо ня простай наяўнасьцю пыласоса ў хаце, але магчымасьцю карыстацца дакладнай маркай гэтага пыласоса ці проста канкрэтнай мадэляў, якой ня маюць усе астатнія знаёмыя. Гэтаксама можна хадзіць да асабістага цырульніка, мыць галаву асаблівым шампунем ці езьдзіць у адпачынак у незнаёмыя астатнім мясьціны. Пры гэтым зусім ня важна, ці патрапляе канкрэтны пыласос вашым практычным патрэбам, значэньне мае адно ягоная прысутнасьць у хаце. Каштоўнасьць эксклюзіўных рэчаў ператварае іх функцыянальную карысьць у парожні знак прэстыжу. Статычная колькасьць кнопак на пульце кіраваньня асобнай тэхнічнай прылады замяняе сабой непасрэдны эфэкт ад іх націсканьня. У выніку вытворцы тавараў і паслуг атрымліваюць магчымасьць штучна маніпуляваць попытам, пастаўляючы на рынак быццам бы новыя рэчы, якія напраўду зьяўляюцца адно камбінацыяй старых элемэнтаў і ня маюць у сабе ніякай навізны. Былая схема ўзаемадзеяньня паміж попытам і прапановай стаецца перавёрнутай: ужо ня попыт вызначае прапанову, а наадварот — наяўнасьць як мага болей разнастайнага асартымэнту прадукцыі спараджае неўтаймаваную патрэбу ў ейным спажываньні.

Навакольная рэчаіснасьць у самых розных сваіх праявах (у эканоміцы, сацыяльным жыцьці, палітыцы, спорце і г. д.) ператвараецца ў сьвет дастасоўных адзін да аднаго знакаў, узаемная гульня якіх нараджае сабой гіпэррэальнасьць — адмысловую прастору-час, у якой прадметы спажываньня існуюць без спасылкі на свой выток ці на свае рэальныя правобразы. Па сутнасьці, усе яны ўяўляюць сабой сымуляцыі, сапраўдныя абалонкі фіктыўных (ня існых) аб’ектаў і працэсаў, свайго роду фэномэны бяз сутвы, дэсыгнаты без сваіх рэфэрэнцыйных падмуркаў. Аднак, у адрозьненьне ад сэнсаўтваральнай ролі дэсыгнату, сымулякр наўмысна спажываецца як знак без значэньня. У яго няма й ня можа быць наяўнага прадмету, на які ён патрапіў бы спасылацца.

Красамоўным прыкладам непазбыўнай усюдыіснасьці сымулякраў стала для Бадрыяра Вайна ў Пэрсыдзкай затоцы. У зборы эсэ 1991 году («Вайны ў Затоцы насамрэч не было») філёзаф адмаўляў дэнататыўную рэальнасьць далёкіх падзей, сьцьвярджаючы, што тая выява вайны, якую людзі мелі магчымасьць аглядаць з дапамогай мас-мэдыяў, не адпавядае рэчаіснасьці. У выніку атрымалася так, што ўвесь заходні сьвет патрапіў у пастку мэдыйнай сымуляцыі ваенных дзеяньняў, пра сапраўдны характар якіх ён так нічога й не дазнаўся.

Уплыў на масавую сьвядомасьць

рэдагаваць

Ужо на самым пачатку сваёй працы ў якасьці выкладчыка Нантэрскага ўнівэрсытэту Бадрыяр спрычыніўся да ідэалягічнага абгрунтаваньня студэнцкіх бунтаў, што адбыліся ў Парыжы ў траўні 1968 году. Яго крытыка буржуазных прынцыпаў бязьлітаснага спажываньня была пакладзеная студэнтамі ў падмурак ўласных патрабаваньняў суцэльнай рэвізіі францускага грамадзтва.

А вось ідэі Бадрыяра пра сымуляцыю рэальнасьці знайшлі свой водгук нават у Галівудзе. Там у 1999 годзе на экраны выйшаў фільм «Матрыца», сюжэт якога ў мастацкай манэры разьвівае распрацаваную францускім філёзафам канцэпцыю гіпэррэальнасьці. Указаньнем на творчасьць Бадрыяра як на крыніцу інтэлектуальнага натхненьня для стваральнікаў фільму стаў адзін з эпізодаў, у якім герой стужкі Нэа дастае хакерскі дыск з вантробаў кнігі філёзафа «Сымулякры й сымуляцыя».

Адзнака творчасьці

рэдагаваць

Стыль філязафаньня Бадрыяра вызначаецца неўнікнёнай літаратурнасьцю, а таксама надзвычайнай вытанчанасьцю й зграбнасьцю ягоных думак і фармулёвак, эстэтычная асалода ад якіх часам хавае за сабой сур’ёзнасьць намеру аўтара. З гэтай прычыны шмат якія дасьледчыкі (перадусім з англа-саксонскае аналітычнае традыцыі) не дазваляюць сабе меркаваць пра Бадрыяра як пра філёзафа. На іх думку, ягонай творчасьці хутчэй пасуе найменьне «літаратуры» ці «публіцыстыкі».

Працягам гэтай крытыкі выглядае імкненьне далучыць Бадрыяра да найбольш таленавітых правакатараў, а нават блазнаў сучаснай філязофіі. Так, напрыклад, Алан Сокал і Жан Брыкмон у сваёй працы «Інтэлектуальнае махлярства» (1997) зазначылі, што ягоныя творы ўтрымліваюць вялікую колькасьць навуковых і псэўданавуковых тэрмінаў, што ствараюць адно бачнасьць мысьленчай глыбіні, а насамрэч пазбаўлены ўсялякага сэнсу[1]. Зрэшты, гэты закід адрасуецца аўтарамі таксама й шмат якім іншым вядомым прадстаўнікам постмадэрнісцкай сцэны, аднак ён наўрад ці зможа абвергнуць той значны ўплыў, які творы Бадрыяра аказалі на фармаваньне найноўшай сацыяльна-філязофскай думкі.

Галоўныя творы

рэдагаваць
  • Сыстэма рэчаў (Le Système des objets, 1968)
  • Грамадзтва спажываньня (La Société de consommation, 1970)
  • Пра крытыку палітычнай эканоміі знака (Pour une critique de l'économie politique du signe, 1972)
  • Люстэрка вытворчасьці (Le Miroir de la production, 1973)
  • Сымбалічны абмен і сьмерць (L’Échange symbolique et la mort, 1976)
  • Спажываньне знакаў (La Consommation des signes, 1976)
  • Сымулякры й сымуляцыі (Simulacres et simulation, 1981)
  • Амэрыка (Amérique, 1986)
  • Празрыстасьць зла (La Transparence du mal, 1990)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Жан Бадрыярсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  NODES
INTERN 1