Мужчына

дарослы чалавек мужчынскай стаці

Мужчы́на (ст.-слав. Мѫжъ) — самец чалавека (самец віду Homo sapiens), супрацьлежны жанчыне паводле біялягічнай плоці.

Выява мужчыны. Напісаў Казімер Альхімовіч.

Словы для пазначэньня

рэдагаваць

Да 13—15 гадоў — хлопчык, падлетак. Пасьля дасягненьня сталасьці хлопчыка завуць юнаком, маладым чалавекам, а ў старэйшым веку — мужчынам. Мужчына можа быць пабраны шлюбам, тады ён завецца мужам (мужам). Мужчына зьяўляецца бацькам (татам) у дачыненьні да сваіх дзяцей і дзедам (дзядулем) па стаўленьні да ўнукаў. Пажылы мужчына — стары.

Генэтычнае вызначэньне плоці

рэдагаваць

У сысуноў, у тым ліку ў чалавека, мужчынскі пол гетэрагамэтны. Храмасомны набор мужчыны ўтрымлівае дзьве розныя плоцевыя храмасомы, якія пазначаюцца X і Y.

Народкі, якія маюць гаплёідны набор храмасомаў (палову ад набору ў іншых вузах), утрымоўваюць альбо толькі X, альбо толькі Y-храмасому. Пол будучага дзіцяці залежыць ад таго, якую палавую храмасому нясе народак, бо ўсе заплодкавыя вузы нясуць Х-храмасому.

Разьвіцьцё

рэдагаваць

Падчас разьвіцьця хлопчыка пад уплывам мужчынскіх палавых гармонаў паступова фармуюцца першасныя і другасныя палавыя прыкметы. Першасныя палавыя прыкметы зьяўляюцца яшчэ падчас унутрычэраўнага разьвіцьця. Палавое пасьпяваньне — фармаваньне другасных палавых прыкметаў і пачатак функцыянаваньня палавой сыстэмы — у хлопчыкаў пачынаецца звычайна каля 14 гадоў (пазьней, чым у дзяўчынак). Складаныя працэсы, якія працякаюць ў арганізьме ў пэрыяд палавога пасьпяваньня, нельга растлумачыць толькі зьменамі ў палавых органах.

Узмоцнена разьвіваецца ўвесь арганізм, з падвышанай нагрузкай працуюць унутраныя органы, пераладжваецца дзейнасьць нэрвовай сыстэмы, зьмяняецца псыхіка, характар. Да пэрыяду палавой сталасьці канчаткова фармуецца палавая сыстэма, зьяўляецца ўзважанасьць меркаваньняў, імкненьне да самастойнасьці. Палавое пачуцьцё выяўляецца частай закаханасьці, імкненьнем да заляцаньняў і плоцевай блізасьці. Наступленьне палавой сталасьці характарызуецца здольнасьцю да палавога жыцьця і апладненьня.

Пэрыяд палавой сталасьці працягваецца ў сярэднім 40 гадоў. У гэты час дзейнасьць мужчыны найболей актыўная, затым пачынае паступова слабець (андрапаўза). У натуральным працэсе разьвіцьця і згасаньня палавой дзейнасьці мужчыны могуць быць вызначаныя адхіленьні. Палавое разьвіцьцё і пасьпяваньне можа пачынацца раней або пазьней, актыўны пэрыяд можа быць даўжэй або карацей, старасьць надыходзіць раней або пазьней. Гэтыя асаблівасьці залежаць ад генэтычнай схільнасьці, стана здароўя, характару, страваваньня, сацыяльна-бытавых умоваў, клімату і інш.

Гендэрныя стэрэатыпы

рэдагаваць

Лічыцца, што мужчынам у большай ступені за жанчынаў, уласьцівыя рацыянальнасьць, лягічнасьць, ваяўнічасьць, пастаяннасьць, рашучасьць, здольнасьць цьвяроза ацэньваць рэчаіснасьць, абагульняць асобныя факты, а таксама што мужчыны больш актыўныя, дзелавітыя, валодаюць імкненьнем да аўтарытарнасьці, схільныя да працы з элемэнтамі рызыкі. У той жа час у іх менш за жанчынаў, разьвітыя вэрбальныя здольнасьці і інтуіцыя.

У той жа час шматлікія схільныя лічыць, што такія якасьці прыпісвае мужчынам культурная традыцыя, і што далёка не заўсёды яны зьяўляюцца характэрнымі рысамі асобы мужчыны. Неабходна ўлічваць, што кожны мужчына мае свой індывідуальны характар, які фармуецца пад уплывам розных грамадзкіх і спадчынных фактараў.

Роля ў грамадзтве

рэдагаваць

Гістарычна склалася так, што ў большасьці культураў мужчыны мелі больш правоў і карысталіся вялікім аўтарытэтам у грамадзтве за жанчынаў. Гэтая традыцыя замацаваная і ў загадах распаўсюджаных сусьветных рэлігій. Шмат у чым гэта выклікана тым, што для жанчыны ў сувязі з нараджэньнем і выхаваньнем дзяцей асноўныя жыцьцёвыя мэты знаходзіліся выключна ўнутры сям’і. У цяперашні час у шматлікіх заходніх краінах (пераважна, у краінах Эўропы, а таксама ў ЗША) назіраецца тэндэнцыя раўнаваньня ў правах жанчыны і мужчыны. Зьмены, якія адбыліся ў стаўленьні да жанчыны ў XX стагодзьдзі на Захадзе, найболей ярка характарызуюцца такімі працэсамі, як сэксуальная рэвалюцыя і актывізацыя фэмінізму як найболей арганізаванай праявы імкненьня да раўнапраўя мужчыны і жанчыны.

Беларусь

рэдагаваць

На 1 студзеня 2019 году занятасьць сярод мужчынаў працаздольнага веку складала 82,1 %[1]. Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 2019 году, найбольшая доля мужчынаў працавала ў такіх галінах гаспадаркі, як: будаўніцтва — 81,5 %, перавозкі — 70 % і сельская гаспадарка — 60,8 %[2].

  NODES