Škoda Felicia
Škoda Felicia (бел.: Шкода Феліцыя) — легкавы аўтамабіль чэшскай кампаніі Škoda Auto. Выпускаўся з 1994 па 2001 год. Канструктыўна прадстаўляў сабой глыбока мадэрнізаваны Škoda Favorit. Першая мадэль Škoda, якую яна выпусціла пасля ўваходжання ў склад канцэрна Volkswagen Group.
Škoda Felicia | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | Škoda Auto | |||||
Заводы |
Млада Болеслаў, Чэхія Врхлабі, Чэхія Квасіны, Чэхія Познань, Польшча Шыцзячжуан, КНР[1] Сараева, Боснія і Герцагавіна |
|||||
Гады выпуску | 1994—2001 | |||||
Кузаў | ||||||
Тып кузава |
5‑дзв. хэтчбэк (5‑месн.) 5‑дзв. універсал (5‑месн.) |
|||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
Усяго выраблена 1 401 489 аўтамабіляў усіх мадыфікацый[2][3]. Машыны выпускаліся на заводах у Млада Болеславе, Врхлабі і Квасінах, таксама збіраліся ў Сараеве (Боснія) і Познані (Польшча).
Гісторыя
правіцьŠkoda Felicia была распрацавана ў межах глыбокага рэдызайну мадэлі Favorit (унутранае абазначэнне 781). Спачатку да мадэрнізацыі дызайнеры Шкоды прыступілі сумесна з атэлье Bertone, якое раней удзельнічала і ў распрацоўцы Фаварыта. Першая гіпсавая мадэль была створана італьянскай майстэрняй у 1989 годзе. Мадэль атрымала абазначэнне Š 791. Неўзабаве пасля гэтага была распрацавана дакументацыя для аўтамабіля з кузавам седан, якому быў прысвоены код Š 792. Прататып седана атрымаў імя «Felicia», якое адсылала да кабрыялета пачатку 1960-х гадоў. Škoda 792 была пабудавана на падлозе Škoda Forman (785), і меркавалася выкарыстоўваць аснову ўніверсала без сур’ёзных змен. Новы седан меў пярэднія фары меншага памеру, а ніжняя частка бампера была афарбаваная ў колер кузава. Аўтамабіль атрымаў дзвярныя ручкі размешчаныя вышэй, спойлер на багажніку і новае вечка заліўной гарлавіны бензабака. Felicia павінна была пераняць рухавік OHV 1,3 л ад Favorit, але таксама рыхтавалі новыя агрэгаты OHC з алюмініевым блокам: меншы аб’ёмам 1375 см³ (61 к.с.), большы 1595 см³ (75 к.с.) і на паперы была яшчэ версія 1,6 DOHC магутнасцю 109 к.с. У пачатку красавіка 1990 года новае кіраўніцтва Шкоды спыніла праект «з-за нявызначанасці з інвестыцыямі і рэалізацыяй» і на гэтым супрацоўніцтва з італьянскім атэлье скончылася[4].
Дызайн наступнага прататыпа распрацаваў Вацлаў Капух (чэшск.: Václav Capouch). Мадэль мела закругленую насавую частку, новыя фары, дзверы багажніка іншай формы і новыя заднія ліхтары. Пры гэтым для машыны разглядаліся два варыянты бакавін: першы захоўваў серыйныя дзверы ад Favorit, другі варыянт атрымаў цалкам згладжаны профіль і аб тым, што першапачаткова гэта быў Favorit, нагадвалі толькі вуглаватыя аконныя рамы і вонкавае люстэрка задняга выгляду[4].
У 1991 годзе, пасля ўваходжання Шкоды ў склад Volkswagen Group, канструктары працягнулі працу над мадэрнізацыяй у Вольфсбургу. Дызайн кузава Вацлава Капуха быў адхілены кіраўніцтвам канцэрна і перавагу аддалі працы Петэра Кнапа, а Вацлаў Капух распрацаваў інтэр’ер і версію пікап[5].
Такім чынам у канструкцыю было ўнесена некалькі сотняў змен. Ранейшымі засталіся толькі асноўныя агрэгаты (сілавая канструкцыя кузава, базавы рухавік, трансмісія), а ўсе астатнія дэталі (вонкавыя панэлі кузава, інтэр’ер, дэталі падвескі і шмат іншае) былі новымі. Новыя заднія ліхтары дазволілі пашырыць праём багажных дзвярэй і апусціць яго да бампера, панізіўшы пагрузачную вышыню.
5 верасня 1994 года вытворчасць хэтчбэкаў Škoda Felicia пачалася на заводзе ў Врхлабі, а 17 кастрычніка вытворчасць пачалі на заводзе ў Млада Болеславе. Афіцыйная прэм’ера адбылася 26 кастрычніка ў Празе[5][6].
8 сакавіка 1995 года пачалася зборка Феліцыі на заводзе Volkswagen Poznań (Познань, Польшча)[7].
У чэрвені 1995 года на аўтасалоне ў Брно быў прадстаўлены ўніверсал Felicia Combi (пераемнік мадэлі Forman). У жніўні дэбютаваў пікап.
У 1995 годзе з’яўляецца мадыфікацыя рухавіка 1,3 з размеркаваным упырскам MPI, а з 1996 года ў шэраг дадаліся рухавікі Volkswagen: бензінавы 1,6 л і дызельны 1,9 л.
У 1996 годзе Felicia была мадэрнізавана: быў узмоцнены кузаў, імабілайзер усталяваны ў стандартнай камплектацыі, былі ўдасканаленыя старцёр і модуль запальвання і іншае.
На аўтасалоне ў Пекіне ў 1996 годзе Škoda абвясціла аб заключэнні пагаднення аб зборцы Škoda Felicia і Škoda Felicia Combi ў Шыцзячжуані (правінцыя Хэбэй, КНР). Пачаць планавалася з першай партыі са 100 аўтамабіляў Škoda Felicia LX, якія адправілі ў Кітай у кантэйнерах у SKD-форме (напаўразабраныя). Аднак пасля першай сотні аўтамабіляў праект не быў працягнуты[1].
1994[8] | 1995[9] | 1996[10] | |
---|---|---|---|
Felicia | 10 602 | 189 358 | 238 958 |
Pickup | 15 116[заўв. 1] | 20 744 | |
|
У 1997 годзе пачалася вытворчасць VanPlus і Felicia Fun.
У 1998 годзе быў праведзены рэстайлінг. Пярэдняя частка была зроблена ў агульным стылі з мадэллю Octavia. Бамперы сталі больш масіўнымі і пафарбаванымі ў колер кузава. Акрамя таго, новыя бамперы зрабілі аўтамабіль крыху даўжэй (хэтчбек — на 28 мм і на 32 універсал). У салоне абнавілася цэнтральная кансоль, з’явіўся новы руль, палепшылася шумаізаляцыя. Гідраўзмацняльнік руля стаў уваходзіць у стандартнае абсталяванне для аўтамабіляў з рухавікамі 1,6 MPI і 1,9 D.
У 1998 годзе пачалася зборка машын у Сараеве (Боснія і Герцагавіна)[11].
У 2000 годзе скончана вытворчасць у Млада Болеславе, у 2001 годзе ў Квасінах[3].
Апошні хэтчбек быў выраблены 20 чэрвеня 2001 года. Было выраблена 915 853 хэтчбекі і 351 895 універсалаў[2].
1997[12] | 1998[12] | 1999[12] | 2000[12] | 2001[13] | |
---|---|---|---|---|---|
Felicia | 182 179 | 179 553 | 151 895 | 71 954 | 19 647 |
Felicia Combi | 77 797 | 68 889 | 45 527 | 26 081 | 5 467 |
Pickup | 32 132 | 27 847 | 17 182 | 17 743 | 3 981 |
Felicia Fun | 468 | 2 338 | 586 | 600 | — |
Felicia Vanplus | 850 | 2 405 | 1 306 | 440 | — |
Агляд
правіцьFelicia прапаноўвалася з двума базавымі тыпамі кузава: пяцідзверны хэтчбек і ўніверсал.
Хэтчбэк Felicia на 4 см даўжэй «Фаварыта» і ў параўнанні з папярэднікам прапаноўваў больш прасторы для экіпажа, лепшую эрганоміку і аб’ём багажніка большы на 21 літр.
Універсал меў арыгінальнае рашэнне: ад хэтчбэка ён адрозніваўся падоўжанай задняй навіссю 350 мм; сама ж задняя частка, багажныя дзверы і ліхтары пры гэтым былі такія ж самыя як і ў хэтчбека.
хэтчбек Felicia | універсал Felicia Combi | |
---|---|---|
Даўжыня, мм | 3855 | 4215 |
Шырыня, мм | 1635 | |
Вышыня, мм | 1415 | |
Колавая база, мм | 2450 | |
Дарожны прасвет, мм | 120 | |
Аб’ём багажніка, л | 272-967 | 447-1366 |
Аб’ём паліўнага бака, л | 42/47 |
Рухавікі
правіцьFelicia маглі абсталёўвацца як рухавікамі ўласнай распрацоўкі Škoda (1,3 л), так і рухавікамі Volkswagen (1,6; 1,9 л).
Рухавікі Škoda 135 і 136: з алюмініевымі блокам і галоўкай цыліндраў, з ніжнім размяшчэннем размеркавальнага вала са штангавым прывадам клапанаў, ланцужным прывадам ГРМ. Акрамя карбюратара (ліцэнзійны карбюратар Pierburg) маглі абсталёўвацца ўпырскам паліва. Напачатку яны не адрозніваліся ад тых, што ставіліся на Favorit: мелі цэнтральны ўпырск Bosch Monomotronic, характарыстыкі былі такія самыя. Пасля таго, як набыў моц стандарт выкідаў Еўра-2, у 1996 годзе рухавікі былі мадэрнізаваныя і атрымалі сістэму размеркаванага ўпырску Siemens Simos P2. Замест цэнтральнай фарсункі цяпер у кожнага цыліндра была свая. Гэтае змяненне запатрабавала таксама рэканструкцыі ўпускнога калектара і іншых дапрацовак. Магутнасць заставалася ранейшай — 40 і 50 кВт, але павялічыўся круцільны момант, які яшчэ і дасягаўся на больш нізкіх абаротах, а менавіта 99 Н·м пры 2500 аб/хв (на версіі 135i) і 106 Н·м пры 2600 аб/хв (на версіі 136i). У такім выглядзе рухавікі выпускаліся да заканчэння вытворчасці Felicia[14].
Рухавікі Volkswagen вядомыя па мадэлях Golf III і Polo III: бензінавы 1,6-літровы рухавік магутнасцю 75 к.с. і 1,9-літровы атмасферны дызель магутнасцю 64 к.с.
Усе версіі Felicia былі абсталяваны каталітычным нейтралізатарам.
-
1,3 BMM
-
1,3 MPI
-
1,6 MPI
-
1,9 D
Рухавік | Тып | Сілкаванне | Дыяметр цыліндра × Ход поршня | Ст. сціску | Магутнасць | Макс. круцільны момант | 0-100 км/г | Макс. хуткасць |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Бензінавыя[15] | ||||||||
Š 781.135 | Р4 1,3 л (1289 см³) | карбюратар | 75,5 мм × 72 мм | 8,8:1 | 58 к.с. (43 кВт) пры 5000 аб/хв | 94 Н·м пры 3000 аб/хв | 15 с | 145 км/г |
Š 781.135 B | Р4 1,3 л (1289 см³) | аднакропкавы ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,5:1 | 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв | 94 Н·м пры 3250 аб/хв | 18 с | 151 км/г |
Š 781.136 B | Р4 1,3 л (1289 см³) | аднакропкавы ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,5:1 | 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв | 100 Н·м пры 3750 аб/хв | 16 с | 155 км/г |
Š 781.135 M | Р4 1,3 л (1289 см³) | размеркаваны ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,0:1 | 54 к.с. (40 кВт) пры 4500 аб/хв | 99 Н·м пры 2500 аб/хв | 15,5 с | 155 км/г |
Š 781.136 M | Р4 1,3 л (1289 см³) | размеркаваны ўпырск | 75 мм × 72 мм | 9,7:1 | 68 к.с. (50 кВт) пры 5000 аб/хв | 106 Н·м пры 2600 аб/хв | 13,5 с | 162 км/г |
AEE 1.6 MPI | Р4 1,6 л (1598 см³) | размеркаваны ўпырск | 76 мм × 86,9 мм | 9,8:1 | 75 к.с. (55 кВт) пры 4500 аб/хв | 135 Н·м пры 3500 аб/хв | 12 с | 170 км/г |
Дызельны | ||||||||
AEF 1.9 D | Р4 1,9 л (1896 см³) | упырск | 79 мм × 95,5 мм | 22,5:1 | 64 к.с. (47 кВт) пры 4300 аб/хв | 124 Н·м пры 2500 аб/хв | 16,5 с | 156 км/г |
Шасі
правіцьНезалежна ад версіі рухавіка аўтамабілі абсталёўваліся 5-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Перадатачныя лікі: I — 3,31; II — 1,92; III — 1,27; IV — 0,93; V — 0,72; задні ход — 2,92; галоўная перадача — 4,16. Прывад на пярэднія колы.
Падвеска спераду — незалежная, тыпу МсPherson, з ніжнімі трохкутнымі рычагамі. У параўнанні з «Фаварытам» вугал развалу пярэдніх колаў змяніўся на адмоўны. Задняя падвеска — паўзалежная, з пругкай папярочнай бэлькай, падоўжнымі рычагамі, спружынамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці.
Пасля таго, як у маторны шэраг дадалі цяжэйшыя рухавікі Фальксвагена 1.6 MPI і асабліва дызельны 1.9 D, у Felicia паўстала праблема трываласці кузава, таму Škoda стала ўсталёўваць распорку ў маторным адсеку для павелічэння жорсткасці на кручэнне. Гэтыя версіі таксама атрымалі пярэдні стабілізатар папярочнай устойлівасці[3].
Тармазы: з узмацняльнікам, спераду — дыскавыя, ззаду — барабанныя.
Камплектацыі
правіцьАд пачатку выпуску аўтамабіль прапаноўваўся ў двух варыянтах камплектацый: стандартнай LX і палепшанай GLX, якая адрознівалася наяўнасцю тахометра на прыборнай панэлі (у базавай камплектацыі на яго месцы быў гадзіннік), супрацьтуманнымі фарамі, велюравай абіўкай сядзенняў, кнопкай дыстанцыйнага адчынення багажных дзвярэй і падзеленымі заднімі сядзеннямі. Акрамя гэтага, Felicia магла быць абсталявана электрычным рэгуляваннем люстэркаў, цэнтральным блакаваннем замкоў, электрападаграваннем сядзенняў, кандыцыянерам, ABS, падушкамі бяспекі[16]. Камплектацыі LXi і GLXi мелі больш магутны рухавік.
Толькі на машыны з рухавіком VW 1,6 маглі адначасова ўсталёўвацца і гідраўзмацняльнік руля і кандыцыянер. Версія з рухавіком VW 1,9 D мела ўзмацняльнік у стандартнай камплектацыі, але ў яе не магло быць кандыцыянера. Для мадыфікацый з рухавіком Шкода 1,3 магчыма было выбраць толькі адну з гэтых опцый[3].
Пасля рэстайлінгу 1998 года прайс-ліст быў уключаў версіі LX, LX special і GLX.
Спецыяльныя серыі
правіцьЗа час выпуску быў створаны шэраг спецыяльных серый. Іх асноўным адрозненнем былі розныя варыяцыі дадатковага абсталявання, а часам і каляровае афармленне экстэр’ера ці інтэр’ера. Вонкава адзначаліся налепкамі на кузаве[17].
-
Atlanta
-
Color Line
-
Excellent
-
Family
-
Magic
-
Magic 2
-
Mystery
-
Safe Line
-
Sole
-
Special edition
«Atlanta» на базе камплектацыі LX была прысвечана Летнім Алімпійскім гульням 1996 года, што праходзілі ў Атланце (ЗША). Гэты варыянт быў даступны ў кузавах хэтчбэк і ўніверсал выключна ў зялёным, белым або чырвоным колеры. Усе машыны мелі рухавік 1,3 BMM (50 кВт). У абсталяванне ўваходзілі 14-цалёвыя лёгкасплаўныя дыскі, аўтамагнітола Blaupunkt, падушка бяспекі кіроўцы, тахометр з лічбавым гадзіннікам, цэнтральны тунэль і іншыя элементы. Акрамя таго, пакупнік атрымліваў падарункі з сімволікай Алімпійскіх гульняў і Škoda[17].
«Color Line» таксама была заснаваная на камплектацыі LX, пры гэтым асноўная ўвага надавалася цікавейшаму каляроваму афармленню. Напрыклад, першая серыя Color Line прапаноўвала афарбоўку кузава ў жоўты колер Fun або сіні Laguna. Ручкі дзвярэй і вонкавыя люстэркі таксама афарбоўваліся ў колер аўтамабіля. Абіўка ўнутры была жоўтай, сіняй ці нават камбінацыяй жоўтага, сіняга, чырвонага і зялёнага. Да базавага абсталявання дадаліся чатырохспіцавы руль, падзеленае задняе сядзенне, супрацьтуманныя фары[17].
На базе камплектацыі LX таксама былі выпушчаныя версіі «Family», абсталяваная дадатковымі месцамі для захоўвання і функцыямі бяспекі, і «Mystery», у якую былі дададзены некаторыя элементы з больш высокага абсталявання GLX і спецыяльныя аксэсуары. Напрыклад, рэгуляваныя па вышыні пярэднія сядзенні, храміраваная выхлапная труба, цэнтральны замок з дыстанцыйным кіраваннем і сігналізацыяй ці электрапрывад пярэдніх шыбаў і вонкавых люстэркаў. Аўтамабілі серыі Mystery былі афарбаваны выключна ў зялёны металік Майскі або фіялетавы колер Esprit[17].
Версія «Safe Line» пашырала абсталяванне LX франтальнымі і бакавымі падушкамі бяспекі, сігналізацыяй аб непрышпіленых рамянях бяспекі кіроўцы, ABS або вушамі ў багажным аддзяленні. У дадатак да функцый бяспекі ў абсталяванне дададзены, напрыклад, пярэднія супрацьтуманныя фары, задняя падзеленая канапа, цэнтральны замок з дыстанцыйным кіраваннем і сігналізацыяй. Аўтамабілі гэтай серыі фарбаваліся ў чырвоны пастэльны колер Rallye[17].
Спартыўны варыянт «Sport Line» спалучаў абсталяванне LX з рухавікамі са шматкропкавым упырскам MPI (1,3 і 1,6). Апроч спецыфічнай абіўкі салона, ён атрымаў, напрыклад, скураны пакет, тахометр, электрапрывад пярэдняга шклапад’ёмніка, падушку бяспекі кіроўцы, прыцемненае шкло бакавых вокнаў, лабавае шкло з зялёнай паласой у верхняй частцы, 14-цалёвыя алюмініевыя дыскі, храміраваны наканечнік выхлапной трубы. Кузаў мог быць афарбаваны ў чырвоны колер Rallye або ў чорны Магічны з перламутравым эфектам[17].
Выпуск люксавай серыі «Laurin & Klement» быў прымеркаваны да святкавання 100-годдзя кампаніі Шкода. Гэтая серыя выпускалася ў абедзвюх версіях кузава: хэтчбек абсталёўваўся 1,3-літровым рухавіком магутнасцю 50 кВт, а ўніверсал атрымаў 1,6-літровы рухавік 55 кВт[18]. Заснаваная на камплектацыі GLX, яна мела ABS, падушкі бяспекі вадзіцеля і пасажыра, цэнтральны замок з сігналізацыяй, 14-цалёвыя лёгкасплаўныя дыскі, люк на даху, абітыя скурай сядзенні і дзвярныя панэлі, абаграванне пярэдніх сядзенняў, люстэркі задняга віду з электрычным прывадам, радыё з картай бяспекі і бартавым камп’ютарам. З іншага боку, не было электрапрываду вокнаў — механізмы адкрывання заставаліся ручнымі[19]. Бамперы і люстэркі задняга віду былі афарбаваныя ў колер аўтамабіля. Combi пастаўляўся з багажнікам на даху. Зроблена ўсяго 3806 машын гэтай версіі (1477 хэтчбекаў і 2329 універсалаў)[20].
Сярод іншых спецыяльных серый, якія прапаноўваліся чэшскім пакупнікам, былі таксама версіі «Country», «Excellent», «Magic», «Magic 2», «Pacific», «Space Line», «Trumf» і «X-Line». Выпускі «Safe», «Conte», «Friend», «Special», «Sole», «Sound» і «Sport Line» пастаўляліся ў Германію і Аўстрыю. Для польскага рынку прапаноўвалася версія «Active», якая дапаўняла камплектацыю GLX падушкамі бяспекі кіроўцы і пасажыра і электрычным прывадам апускання шкла пярэдніх вокнаў. У Польшчы таксама прадаваліся «Color Line», «Family», «Gemini», «Klif», «Lato», «Milena», «Perfekt», «Saga», «Samba», «Tango», «Tango 2», «Trend» і «Twist». У Вялікабрытанію імпартаваліся выпускі «Bohemia», «Moravia», «Classic», «LXi Plus», «Popular», «Laurin & Klement», «Magic» і «Pacific». Пакупнікі з Францыі і Нідэрландаў атрымалі Felicia выпускаў «Arcane», «Bergamote», «Grand Air», «Mangas», «Morzine», «Tipi», «Yellix». Італьянцам была даступная «Fun Line»[17].
Мадыфікацыі
правіцьFelicia VanPlus
правіцьНа базе ўніверсала быў пабудаваны фургон Felicia VanPlus. Заднія бакавыя дзверы не мелі шкла, а зверху для павелічэння аб’ёму быў усталяваны пластыкавы дах-калпак. Аб’ём грузавога адсеку складаў 2,2 куб. м., а грузападымальнасць — 450 кг[21]. VanPlus быў прызначаны для кліентаў, якім трэба было перавозіць грувасткія, але лёгкія грузы[3].
Было выраблена 5160 фургонаў Felicia VanPlus[2].
Pickup
правіцьУ жніўні 1995 года быў прадстаўлены двухмесны Pickup (пазыцыянаваўся як асобная мадэль, без імя Felicia ў назве).
Грузападымальнасць складае 530 кг. Грузавая пляцоўка даўжынёй 1,5 м і шырынёй каля 1,37 м мае карысную плошчу 2,02 м² — гэтага дастаткова для размяшчэння адной еўрапалеты. Бакавіны сталёвыя, з падвойнымі сценкамі (вышыня борта 495 мм). Каб зафіксаваць груз, маюцца чатыры кропкі мацавання.
Мадэль прапаноўвалася з адкрытым кузавам альбо пластыкавай надбудовай, у апошнім выпадку — з заднімі двухстворкавымі дзвярыма. Каўпак дадаваў пікапу каля 30 кг вагі, такім чынам у такога варыянта грузападымальнасць 500 кг, маса без нагрузкі складала 1025 кг. Аб’ём грузавога адсека з пластыкавай надбудовай даходзіць да 2,41 куб. м.
Вырабляўся на заводах у Квасінах і Врхлабі з 1995 па 2001 год[3]. Выраблена 124 589 пікапаў[2].
Volkswagen Caddy (Typ 9U)
правіцьНа некаторых рынках Volkswagen прапаноўваў шкодаўскі пікап пад маркай Volkswagen Caddy. Знешне адрозніваўся рашоткай радыятара, эмблемай «Volkswagen» і дыскамі колаў ад мадэлі Volkswagen Polo III (6N). Абсталёўвалася толькі рухавікамі Фальксвагена: бензінавым 1.6 MPI і дызельным 1.9 D.
Было выраблена 18 592 аўтамабілі пад гэтай маркай[2].
Felicia Fun
правіцьНа Франкфурцкім аўтасалоне 1993 года Škoda паказала яркі пляжны пікап на базе мадэлі Favorit. Аналагічная версія на базе мадэлі Felicia была паказана на Жэнеўскім аўтасалоне 1996 года, а ў канцы 1997 года першыя машыны «Феліцыя Фан» паступілі ў продаж. Гэтая мадыфікацыя найперш прызначалася для экспарта ў краіны Паўднёвай Еўропы, але разам з тым, каля чвэрці вырабленых аўтамабіляў было прададзена ў Вялікабрытаніі.
Перагародка паміж кабінай і грузавой пляцоўкай раскладалася, утвараючы другі шэраг сядзенняў. Перагародка паварочваецца ўгару і назад і мацуецца да пары фіксатараў на арках задніх колаў. Затым адкідваецца падушка задняга сядзення, якое абсталявана трохкропкавымі інерцыйнымі рамянямі бяспекі і падгалоўнікамі. У двухмесцавым варыянце даўжыня грузавой пляцоўкі складае 1430 мм, пры адкінутых задніх сядзеннях скарачаецца да 960 мм[22].
Выбар колеру быў абмежаваны трыма адценнямі жоўтага — ад ярка-цытрынавага да гарчычнага, прычым аздабленне салона, руль, колавыя дыскі і цыферблаты прыбораў былі аднаго колеру з кузавам[23]. Фірмовы знак гэтай мадэлі — жаба, выява якой была намалявана на стойках кузава і сядзеннях.
Да 2000 года было выраблена 3992 машыны версіі Fun[2].
MTX Cabrio
правіцьЧэшская кампанія MTX вырабляла кабрыялет на базе Škoda Felicia. За пярэднімі сядзеннямі для павышэння жорсткасці кузава ўсталёўвалася дуга бяспекі.
Выпускаўся ў 1997—2000 гадах, усяго зроблена каля 30 машын[24].
Laureta
правіцьУ 1998—2001 гадах фірмай Laureta Auto чэшскага прадпрымальніка і аўтагоншчыка Яраслава Елінэка (Jaroslav Jelínek) выпускаліся аўтамабілі, якія прадстаўлялі сабой пікап Škoda Felicia з падоўжанай на 60 сантыметраў колавай базай і спецыяльнай надбудовай.
Елінэк закупляў большую частку дэталяў у Шкоды, аднак яна не падтрымала праект і не дазволіла выкарыстоўваць сваю марку на аўтамабілях. У выніку ўсе машыны неслі ўласныя лагатыпы, а таксама мелі ўласны VIN, які пачынаўся з «TN9». Каркасы зварваліся на спецыялізаванай фірме ва Угерске-Градзіштэ, там жа прасаваліся падоўжаныя бакавіны кузава і часткі падлогі. Катафарэзная апрацоўка кузава ажыццяўлялася на заводзе Avia ў Празе. Канчатковая зборка адбывалася ў майстэрні Елінэка ў Млада Болеславе.
Усяго вырабілі амаль 200 пікапаў з надбудовай, каля чатырох дзясяткаў катафалкаў і дваццаць пяць машын хуткай дапамогі[25].
У спорце
правіцьУ 1995 годзе з’явілася ралійная Škoda Felicia Kit Car. Стандартным застаўся каркас кузава, дах, капот і шыбы. Для магчымасці ўсталявання буйнейшых і шырэйшых колаў з’явіліся крылы з шырокімі аркамі, але ўвогуле габарыты былі практычна ідэнтычныя серыйнай Felicia. У салоне быў усталяваны каркас бяспекі, спераду былі гоначныя сядзенні. Задніх сядзенняў не было для зніжэння вагі. Прыборная панэль была стандартная, але самі прыборы замянілі на спецыялізаваныя гоначныя.
Акрамя праверанага рухавіка 1,3 л (136 к.с.), які быў вядомы яшчэ па мадэлі Favorit, таксама быў амалагаваны матор аб’ёмам 1,5 л (156 к.с.). Гэты рухавік атрымаў каваныя поршні і каленчаты вал, шматкропкавы ўпырск паліва OBR, фарсункі Bosch, дроселі Jenswey, свечкі запальвання Champion, а таксама выкарыстоўваліся адмысловыя спартыўныя каталітычныя нейтралізатары, якія не змяншалі магутнасць. Дзякуючы інтэграцыі з Volkswagen Group, Škoda атрымала чатырохцыліндравы рухавік аб’ёмам 1,6 літра са шматкропкавым упырскам. Volkswagen ніколі не выкарыстоўваў гэты агрэгат для гонак і амаль уся распрацоўка праходзіла пад кіраўніцтвам чэшскай каманды. Дапрацаваны матор атрымаў каваныя поршні, шатуны і каленчатыя валы. Магутнасць склала 128 кВт (174 к. с.).
Таксама былі ўсталяваныя спартыўныя тармазы (дыскавыя на ўсе колах) і амартызатары, а таксама самаблакаваны дыферэнцыял. Задняя вось была ўзмоцнена, пры гэтым яна была зроблена не на базе падвескі хэтчбека, а на аснове версіі Pickup.
Felicia Kit Car выехала на трасы ў 1995 годзе, але на міжнароднай арэне ў машыны была кароткая кар’ера. Ужо ў 1997 годзе завадская каманда замяніла аўтамабіль на Škoda Octavia Kit Car. Далей Felicia Kit Car выкарыстоўвалі толькі прыватныя каманды. Усяго было пабудавана 48 аўтамабіляў Felicia Kit Car.
Таксама ў Чэхіі праводзіўся монакубак кальцавых гонак сярод пікапаў Matador Škoda Pickup Free Style. Аўтамабілі падрыхтавала кампанія Autospektrum 2000 s.r.o. з Марыянске-Лазне . У гонках удзельнічалі 25 машын. Аўтамабілі мелі рухавік Škoda аб’ёмам 1490 см³ (дыяметр цыліндра і ход поршня — 78 мм, ст. сціску — 11,9, карбюратар LEKR, магутнасць — 94 кВт / 128 к.с. пры 6500 аб/хв, круцільны момант — 140 Нм пры 5500 аб/хв). Каробка перадач — шасціступеньчатая. Вага — 780 кг. Максімальная хуткасць — 205 км/г і разгон да 100 км/г за 9 с[26].
У Беларусі
правіцьБольшая частка продажаў прыйшлася на машыны з чэшскім 1,3 літровым карбюратарным рухавіком[27].
У 1996 годзе разглядалася магчымасць вытворчасці аўтамабіляў Škoda Felicia і Škoda Felicia Combi на Дзяржынскім заводзе «Аграмаш»[28][29].
Зноскі
правіць- ↑ а б Erik Van Ingen Schenau. Skoda assembly in Hebei province (англ.). chinacarhistory.com (2 кастрычніка 2021). Праверана 26 снежня 2022.
- ↑ а б в г д е Poslední Škoda Felicia byla vyrobena před 15 lety (чэшск.). auto.cz (20 чэрвеня 2016). Праверана 3 верасня 2017.
- ↑ а б в г д е Škoda Felicia: Průvodce českou klasikou (чэшск.). auto.cz (24 кастрычніка 2022). Праверана 25 кастрычніка 2022.
- ↑ а б Co by bylo, kdyby Škodu nepřevzal Volkswagen? Felicia mohla být sedan (чэшск.). denik.cz (23 ліпеня 2017). Праверана 16 верасня 2022.
- ↑ а б Novodobá Felicia má 25 rokov (чэшск.). autozurnal.com (15 кастрычніка 2019). Праверана 16 верасня 2022.
- ↑ Před 25 lety se začala vyrábět Škoda Felicia. První výsledek spolupráce s VW (чэшск.). auto.cz (17 кастрычніка 2019). Праверана 17 кастрычніка 2019.
- ↑ Historia 1995 | Volkswagen Poznań (польск.). volkswagen-poznan.pl. Праверана 21 сакавіка 2023.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1994 Annual Report (англ.)(недаступная спасылка). Volkswagen AG. Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2019. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1995 Annual Report (англ.)(недаступная спасылка). Volkswagen AG. Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2019. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ VOLKSWAGEN AG 1996 Annual Report (англ.)(недаступная спасылка). Volkswagen AG. Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2019. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ VW to To Reopen Plant Near Sarajevo (англ.). apnews.com (21 красавіка 1998). Праверана 26 снежня 2022.
- ↑ а б в г ŠkodaAuto Annual Report 2000 (англ.). Škoda Auto. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ ŠkodaAuto Annual Report 2001 (англ.). Škoda Auto. Праверана 15 лютага 2021.
- ↑ Legendární hliníkový motor Škoda (2. část): Dostal se až do Fabie! (чэшск.). auto.cz (20 чэрвеня 2021). Праверана 26 чэрвеня 2021.
- ↑ Škoda Felicia - Dane techniczne . auto-data.net/pl. Праверана 2 верасня 2017.
- ↑ Felicia — новый чешский фаворит(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1995. — № 9 (101). — С. 10.
- ↑ а б в г д е ё Akční výbavy Škody Felicia: Od bezpečnosti po sport, v hlavní roli výbava (чэшск.). auto.cz (19 снежня 2022). Праверана 24 снежня 2022.
- ↑ Škoda Felicia Combi 1.6 Laurin&Klement (чэшск.). auta5p.eu. Праверана 2 верасня 2018.
- ↑ ŠKODA FELICIA JE PRVNÍ MODEL AUTOMOBILKY, KTERÝ DOSTAL LUXUSNÍ VERZI LAURIN & KLEMENT (чэшск.). griptv.cz (24 ліпеня 2017). Праверана 2 верасня 2018.
- ↑ Nejluxusnější Škoda Felicia je dnes velká rarita. O její výbavě se dřív mohlo jen snít (чэшск.). autorevue.cz (26 чэрвеня 2021). Праверана 6 ліпеня 2021.
- ↑ Felicia для мелких торговцев(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 4 (120). — С. 5.
- ↑ Frivolity with serious intent(англ.) // Commercial Motor : часопіс. — 1998. — № 4783 (23–29 July). — С. 15.
- ↑ ШКОДА-ФЕЛИЦИЯ ФАН(руск.) // За рулём : часопіс. — 1998. — № 11. — С. 64.
- ↑ MTX Cabrio (чэшск.). auta5p.eu. Праверана 30 сакавіка 2018.
- ↑ Nejdelší Felicia vznikala tři roky. Logo Škoda ovšem používat nesměla (чэшск.). denik.cz (12 сакавіка 2020). Праверана 28 жніўня 2022.
- ↑ Škoda Pickup Free Style (чэшск.). auta5p.eu. Праверана 26 кастрычніка 2022.
- ↑ Чья простота лучше? (руск.)(недаступная спасылка). abw.by (26 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2023. Праверана 31 жніўня 2017.
- ↑ Белорусская Skoda?(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 15 (130). — С. 2.
- ↑ Сделано в Беларуси. Машиностроение и металлургия: «директорские заводы», Ford и упущенные инвесторы (руск.)(недаступная спасылка). ej.by (14 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2021. Праверана 26 чэрвеня 2021.
Літаратура
правіць- Favorit сошел. Делайте ставки на Skoda Fеliсiа!(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1994. — № 21 (89). — С. 7.
- Felicia — новый чешский фаворит(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1995. — № 9 (101). — С. 10–11.
- "Фелиция" — дитя приватизации(руск.) // За рулём : часопіс. — 1995. — № 6. — С. 16–17.
- «Народный вагон» по-чешски(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1996. — № 15 (130). — С. 20–21.
- В фавориты выходит "Фелиция"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1996. — № 7. — С. 65–67.
- Skoda Cube Van 1.9D(англ.) // Commercial Motor : часопіс. — 1997. — № 4731 (17–23 July). — С. 36–37.
- VW Caddy Pickup(англ.) // Commercial Motor : часопіс. — 1997. — № 4750 (27 Nov.–3 Dec.). — С. 22–23.
- Octavia и Felicia в новых одеждах(руск.) // Авторевю : часопіс. — 1998. — № 7 (170). — С. 13–14.
- Окно в Европу(руск.) // Клаксон : газета. — 2000. — № 23 (223). — С. 55–57.
- Поквакал — и в кузов(руск.) // За рулём : часопіс. — 2019. — № 11. — С. 90–93.
Спасылкі
правіць- Ford Fiesta, Nissan Micra, Skoda Felicia и VW Polo: Подарок для любимой (руск.). autocentre.ua (19 лютага 2007). Праверана 2 верасня 2017.
- Skoda PickUp: Млада-Болеславский коммерсант (руск.). autocentre.ua (31 снежня 2009). Праверана 2 верасня 2017.
- Dwie dekady koncernowej Skody Felicia (польск.). motofakty.pl (17 верасня 2014). Праверана 2 верасня 2017.
- Škoda Felicia Kit Car a její historie. Znáte nejúspěšnější závodní předokolku z Boleslavi? (чэшск.). auto.cz (20 лістапада 2021). Праверана 21 лістапада 2021.
- Škoda Felicia: Průvodce českou klasikou (чэшск.). auto.cz (24 кастрычніка 2022). Праверана 25 кастрычніка 2022.
Гл. таксама
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Škoda Felicia