Антылопы
Антылопы — група жывёл атрада парнакапытных сямейства пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў.
Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўночнай Амерыцы. Выдзяляецца 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылопы (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа. Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы, орыксы, аддакс. У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн.
Вышыня ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай.
Спосаб жыцця стадны. Кормяцца травяністай расліннасцю. радзей лісцем дрэў. Нараджаюць 1—3 цялят.
Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі. Многія занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).