Аранг-лаўт (малайск.: Orang Laut, літаральна "людзі мора") — аўстранезійскі народ на поўдні паўвострава Малака, поўначы Суматры, астравах Рыау і Сінгапур. З-за вандроўнага ладу жыцця ў лодках іх часцяком клічуць марскімі цыганамі або марскімі качэўнікамі. Агульная колькасць (2000 г.) - каля 6 600 чал.

Аранг-лаўт
(Orang Laut)
Фота пачатку XX ст.
Агульная колькасць каля 6600
Рэгіёны пражывання  Інданезія,  Малайзія,  Сінгапур  
Мова ланконг, дуана, секак
Рэлігія іслам, анімізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы малайцы, мокен

Гісторыя

правіць
 
Рассяленне марскіх качэўнікаў на паўднёвым усходзе Азіі.
     Аранг-Лаўт     Мокен     Баджа

Упершыню аранг-лаўт былі апісаны кітайскімі вандроўнікамі ў XIV ст. У малайскай гістарычнай традыцыі з'яўленне аранг-лаўт адносяць да часоў існавання дзяржавы Шрывіджая. У XX ст. высоўвалася гіпотэза аб паходжанні аранг-лаўт, баджа і мокен ад старажытных аўстралоідаў, але яна не знайшла падтрымкі і была аспрэчана генетыкамі. Мяркуецца, што аранг-лаўт паходзяць ад розных груп аўстранезійцаў, што насялялі Малакскі праліў. Па мове і культуры яны блізкія да малайцаў.

У XVI - XVII стст. сярод аранг-лаўт вылучыўся пласт дробных феадалаў. Так, правадыр аранг-лаўт Сінгапура меў тытул "раджа краіны праліваў". У XVIII ст. аранг-лаўт знаходзіліся пад патранажам султанаў Джохар-Бару. Розныя плямёны спецыялізаваліся на пэўных занятках, служылі грабцамі, перавозілі грузы, займаліся рамяством, пірацтвам і г. д.

У XX ст. са з'яўленнем незалежных дзяржаў Інданезія, Малайзія і Сінгапур аранг-лаўт апынуліся ў розных умовах існавання. Улады Сінгапура і Інданезіі праводзілі наўмысную палітыку асіміляцыі. У выніку аранг-лаўт Сінгапура практычна зліліся з малайскай абшчынай. Рэформы ў Інданезіі спрыялі разбурэнню традыцыйных сацыяльных сувязяў. У Малайзіі асіміляцыя аранг-лаўт адбывалася праз шлюбы з малайцамі і зменамі ладу жыцця.

Асаблівасці культуры

правіць
 
Вёска аранг-лаўт у Рыау

Аранг-лаўт падзяляюцца на "плямёны" suku, што насяляюць пэўны рэгіён узбярэжжа. Усяго вядома 29 такіх груп, але многія з іх у нашы дні не існуюць. Усе аранг-лаўт займаліся рыбалоўствам і здабычай водарасцяў, але ў suku магла быць пэўная спецыялізацыя, якая вызначала адносіны з суседнімі народамі. У XVII - XIX стст. многія suku займаліся пірацтвам.

Традыцыйна аранг-лаўт жывуць у драўляных лодках каля 1,7 м у шырыню і 6 - 7,5 м у даўжыню, якія будуюць самі. У лодках абавязкова маецца падстрэшак. Звычайна адна лодка ўмяшчае ўсю нуклеарную сям'ю, але вялікія сем'і маюць некалькі лодак. Сем'і аб'ядноўваюцца ў сваяцкія групы, што перамяшчаюцца ўздоўж берага. Адносіны паміж сваякамі ўключаюць абавязковую ўзаемадапамогу. Прадстаўнікі іншых народаў часцяком жэняцца на жанчынах аранг-лаўт, каб у якасці сваякоў карыстацца іх падтрымкай. У XVI - XVIII стст, калі гандаль, пірацтва і служба пэўнаму манарху прыносілі значныя прыбыткі, вылучыўся пласт правадыроў, што ўваходзілі ў сваяцкія адносіны з прывілігіраванымі сем'ямі іншых народаў, бралі гучныя тытулы і эксплуатавалі суайчыннікаў.

Другі тып паселішчаў, здаўна вядомы аранг-лаўт, — вёскі на па́лях. Яны выкарыстоўваліся для доўгатэрміновага пражывання. У нашы дні большасць аранг-лаўт жывуць у прыбярэжных вёсках, часцяком разам з малайцамі, таму актыўна пераймаюць іх традыцыі.

Фальклор аранг-лаўт вядомы гістарычнымі паданнямі, а таксама песнямі. Сумесныя спевы садзейнічаюць гуртаванню абшчыны, а таксама сацыялізацыі маладых чальцоў.

Рэлігія

правіць

Аранг-лаўт захоўваюць многія анімістычныя вераванні. Для сваякоў важным застаецца культ продкаў, сумесныя наведванні могілак і ахвярапрынашэнні продкам. Але большасцьь вернікаў адносяць сябе да мусулман-сунітаў.

Гл. таксама

правіць

Спасылкі

правіць
  NODES
Done 1
Story 1