Архідныя, Ятрышнікавыя[1] (Orchidaceae) — самае вялікае сямейства аднадольных раслін.
Шматгадовыя травяністыя расліны, наземныя (з карэнішчамі або падземнымі клубнямі) і эпіфіты. Лісце суцэльнае, у эпіфітных форм і сапратрофаў рэдукаванае да лускавінак. Кветкі няправільныя, у коласападобных ці гронкападобных суквеццях часам даўжынёю да 2-3 м, радзей адзіночныя. Калякветнік яркі, пахучы, вычварнай формы, падвоены. Ніжнія пялёсткі (т.зв. губа) складанай будовы, звычайна выступаюць з кветкі і ўтвараюць «пасадачную пляцоўку» для насякомых-апыляльнікаў. У многіх архідных магчыма самаапыленне. Характэрная асаблівасць — зрастанне тычынкі са слупком з утварэннем калонкі. Плод — каробачка. Ад апылення да выспявання насення і пладоў праходзіць да двух і болей гадоў. У некаторых відаў насенне прарастае толькі пасля пападання ў іх грыбоў, што ўтвараюць эндатрофную мікарызу
Сямейства аб’ядноўвае 600—700 родаў, больш за 20 тыс. відаў (паводле інш. звестак, каля 800 родаў, 35 тыс. відаў).
Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей і пустынь. Найбольш разнастайныя і шматлікія ў тропіках і субтропіках Амерыкі і Паўднёвай Азіі. На тэрыторыі Кітая растуць больш за 1600 відаў архідэй[2]. На Беларусі 36 відаў з родаў броўнік (Herminium), венерын чаравічак (Cypripedium), гайнік (Epipactis), гняздоўнік (Neottia), ладдзян (Corallorhiza), неатыянта (Neottianthe), пальчатакарэннік (Dactylorhiza), тайнік (Listera), чараўнік (Platanthera), ядрушка (Gymnadenia), ятрышнік (Orchis) і інш.
Лекавыя, харчовыя, дэкаратыўныя расліны. Плады ванілі выкарыстоўваюць у харчовай прамысловасці, з высушаных карэнішчаў ятрышнікаў і некаторых іншых відаў атрымліваюць лекавы сродак — салеп (англ.) (бел.. У культуру архідныя ўведзены больш за 1 тыс. гадоў назад у Кітаі. У Еўропе паявіліся на мяжы XVI—XVII ст., у пач. ХХ ст. распрацаваны спосаб іх вырошчвання ў аранжарэях з насення, заражанага грыбам-сімбіёнтам.