Аўстралія
Аўстра́лія (англ.: Australia), Аўстралі́йскі Саю́з (англ.: Commonwealth of Australia) — дзяржава ў Паўднёвым паўшар'і, якая займае мацярык Аўстралія, востраў Тасманія і некалькі іншых астравоў Індыйскага і Ціхага акіянаў[4]; з'яўляецца шостай па плошчы дзяржавай у свеце. На поўначы ад Аўстралійскага Саюза размешчаны Усходні Тымор, Інданезія і Папуа — Новая Гвінея, на паўночным усходзе — Вануату, Новая Каледонія і Саламонавы Астравы, на паўднёвым усходзе — Новая Зеландыя. Найкарацейшая адлегласць паміж галоўным востравам Папуа — Новай Гвінеі і мацерыковай часткай Аўстралійскага Саюза складае ўсяго 145 км[5], а адлегласць ад аўстралійскага вострава Боігу да Папуа — Новай Гвінеі — усяго 5 кіламетраў.
| |||||
Гімн: «Наперад, цудоўная Аўстралія» | |||||
Дата незалежнасці | Дамініён: 1 студзеня 1901 () Вэстмінстэрскі статут: 11 снежня 1931 (прыняты 9 верасня 1939) Аўстралійскі Указ: 3 сакавіка 1986 (ад Вялікабрытаніі) | ||||
Афіцыйная мова | Англійская[заўв 1] | ||||
Сталіца | Канбера | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Сідней, Мельбурн, Брысбен, Перт, Адэлаіда | ||||
Форма кіравання | Канстытуцыйная манархія | ||||
Кароль Генерал-губернатар Прэм’ер-міністр |
Карл III Пітэр Косгроўв Энтані Албаніз | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
6-я ў свеце 7 692 024 км² 1% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Перапіс (2016) • Шчыльнасць |
25 230 892[1] чал. (51-я) 23 401 892 чал. 3,3 чал./км² (236-я) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$1500,000 млрд[2] (13-ы) $59 655 (10-ы) | ||||
ІРЧП (2017) | ▬ 0,939[3] (вельмі высокі) (2-ы) | ||||
Валюта | Аўстралійскі долар (AUD) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .au | ||||
Код ISO (Alpha-2) | AU | ||||
Код ISO (Alpha-3) | AUS | ||||
Код МАК | AUS | ||||
Тэлефонны код | +61 | ||||
Часавыя паясы | +8 … +10 |
Аўстралія (Аўстралійскі Саюз) — федэратыўная, парламенцкая канстытуцыйная манархія. Глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам. Фактычная ўлада належыць парламенту і ўраду на чале з прэм'ер-міністрам. Адміністрацыйна падзяляецца на шэсць штатаў і дзве тэрыторыі, якія маюць свае парламенты і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю.
Насельніцтва на 11 снежня 2024 складае 27 127 087, большасць з якіх пражывае ў гарадах на ўсходнім узбярэжжы[6]. Для Аўстраліі характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,3 чал/кв.км.)
Аўстралія з'яўляецца адной з развітых краін, з'яўляючыся трынаццатай па памеры эканомікай у свеце, і мае шостае месца ў свеце паводле ВУП у разліку на душу насельніцтва. З другім па велічыні індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу Аўстралія займае высокае месца ў шматлікіх сферах, такіх як якасць жыцця, здароўе, адукацыя, эканамічная свабода, абарона грамадзянскіх свабод і палітычных правоў[7]. У Аўстраліі вельмі нізкі паказчык беднасці, а па ўзроўню сярэдняга даходу у 2013-2018 Аўстралія саступала толькі Швейцарыі.
Аўстралія з’яўляецца членам G20, АЭСР, СГА, АЦЭС, ААН, Садружнасці нацый, АНЗЮСа і Форума ціхаакіянскіх астравоў.
Паходжанне назвы
правіцьНазва ”Аўстралія” (англ.: Australia, [əˈstɹæɪljə, -liə] у аўстралійскай англійскай мове[8] паходзіць ад лац.: austrālis (”паўднёвы”). У гутарковым стылі дзеля пазначэння Аўстраліі ўжываецца слова Oz. Дзеля пазначэння прыметніка ”аўстралійскі” аўстралійцы ўжываюць слова Aussie ([ˈɒzi]).
Легенды пра Невядомую Паўднёвую зямлю (лац.: Terra Australis Incognita) - ”невядомай зямлі на поўдні” - усходзяць да часоў рымскай імперыі і былі звычайнай з’явай у сярэднявечнай геаграфіі, нягледзячы на тое, што не базаваліся на якіх-небудзь ведах аб самім кантыненце.
Самыя першыя задакументаваныя звесткі аб выкарыстанні ў англійскай мове слова «Australia» былі створаныя ў 1625 годзе ”Звесткі аб Аўстраліа-дэль-Эспірыту-Санту, якія запісаў майстар Халклайт” (англ.: A note of Australia del Espíritu Santo, written by Master Hakluyt). Іспанская назва Аўстраліа-дэль-Эспірыту-Санту (ісп.: Australia del Espíritu Santo), якое атрымаў не сам кантынент, а востраў у архіпелазе Новыя Гебрыды, было перакручана англічанінам да «Australia»[9].
Прыметнік «Australische» таксама выкарыстоўваўся галандскімі чыноўнікамі Батавіі (сучасная Джакарта) дзеля пазначэння ўсіх новаадкрытых паўднёвых земляў з 1638 года[10]. Слова «Australia» было выкарыстана ў перакладзенай на англійскую мову кнізе французскага пісьменніка Габрыеля Фуаньі ”Прыгоды Жака Садэра, яго падарожжа і адкрыццё Астральнай Зямлі”(фр.: Les Aventures de Jacques Sadeur dans la Découverte et le Voyage de la Terre Australe; 1676)[11]. У дачыненні да ўсёй паўднёвай часткі Ціхага Акіяна гэтае паняцце выкарыстоўвае Аляксандр Далрымпл, шатландскі географ, у сваёй кнізе ”Гістарычная калекцыя падарожжаў і адкрыццяў у паўднёвай частцы Ціхага Акіяна” (англ.: An Historical Collection of Voyages and Discoveries in the South Pacific Ocean; 1771). У канцы 18 стагоддзя паняцце выкарыстоўваецца батанікамі Джорджам Шоў і Джэймсам Эдвардам Смітам дзеля пазначэння аўстралійскага кантынента ў іх кнізе ”Заалогія і батаніка Новай Галандыі” (англ.: Zoology and Botany of New Holland; 1793)[12], а таксама на мапе 1799 года, якая належала Джэймсу Уілсану[13].
Назва «Australia» стала папулярнай пасля публікацыі ў 1814 годзе ”Падарожжа ў Terra Australis” капітана Мэцью Фліндэрса, які з’яўляецца першым чалавекам, які абплыў вакол Аўстралійскага кантынта. Пры яе падрыхтоўцы Фліндэрса пераканаў свайго патрона, Джозэфа Бэнкса, выкарыстоўваць паняцце Terra Australis, як найболей вядомае публіцы. Пры гэтым Фліндэрс пазначыў:
Калі б я дазволіў бы сабе замяніць існуючы тэрмін, то гэта было б пераўтварэнне назвы кантынента ў «Australia», бо яно і болей прыемнае дзеля вуха, і спалучаецца з імёнамі іншых вялікіх частак свету[14].
Арыгінальны тэкст (англ.)Had I permitted myself any innovation on the original term, it would have been to convert it to Australia; as being more agreeable to the ear, and an assimilation to the names of the other great portions of the earth.
Гэта адзінае ўжыванне слова «Australia» ў тэксце. Але ў Дадатку ІІІ кнігі Роберта Броўна ”Агульныя звесткі, геаграфічныя і сістэматычныя, аб батаніцы Тэра Аўстраліс” (англ.: General remarks, geographical and systematical, on the botany of Terra Australis; 1814) паўсюдна ўжываецца прыметнік «Australian»[15], і гэтая кнігі з’яўляецца першым задакументаваным выкарыстаннем дадзенага слова[16]. Нягледзячы на распаўсюджаную памылку, кніга не выканала вялікай ролі ў прыняцці слова «Australia» дзеля назвы кантынента - гэтая назва была прынята цягам наступных дзесяцігоддзяў пасля публікацыі кнігі[17]. Лаклан Макуоры выкарыстоўваў гэтае слова ў афіцыйных лістах у Англію, а 12 снежня 1817 года рэкамендаваў Міністэрству па справах калоній Брытанскай імперыі афіцыйна прыняць яго[18]. У 1824 годзе Брытанскае адміралцейства канчаткова зацвердзіла гэтую назву кантынента[19].
Прыродныя рэсурсы
правіцьАб прыродзе гл.: Мацярык Аўстралія
Зямельныя рэсурсы
правіцьНа Аўстралію прыпадае 5% сусветнага зямельнага фонду. Склад:
Ралля і лугі з пашамі складаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі Аўстраліі, агулам гэта 60,3%, што ў 1,5 разы вышэй за сярэднеміравы паказчык (37%). Які відаць, большую частку гэтай лічбы складаюць лугі і пашы (439 млн га), ралля складае 49 млн га. Такім чынам, на аднаго жыхара ў сярэднім прыпадае 1,74 га раллі (сярэднеміравы паказчык складае 0,25 га).
Фактары, што абмяжоўваюць земляробства:
- 55% зямель церпяць ад арыдызацыі;
- 6% зямель церпяць ад недахопу спажыўных рэчываў;
- 8% зямель маюць маламагутныя глебы;
- для 16% зямель характэрна празмернае ўвільгатненне.
Такім чынам, найбольш прыдатнымі землямі, дзе земляробства не мае лімітуючых фактараў, з'яўляюцца 15% зямельнага фонду Аўстраліі.
Водныя рэсурсы
правіцьПра рэкі і вадаёмы Аўстраліі гл.: Рака Мурэй, Рака Дарлінг, Возера Эйр
Аўстралія багатая на глыбінныя міжпластавыя воды, якія ўтвараюць артэзіянскія басейны. Апошнія займаюць каля 1/3 мацерыка, ці 2,5 млн км². Як правіла, яны займаюць прагіны старажытнага фундаменту, па ўскрайказх Заходняга плато і ў Цэнтральнай нізіне, і залягаюць на розных глыбінях: ад 100 м на перфыерыі да 2100 м у Цэнтральным басейне. Галоўныя з іх:
- Вялікі Аўстралійскі басейн (Вялікі басейн, Вялікі Артэзіянскі басейн). Займае поўнач і цэнтр Цэнтральнай нізіны. Плошча вадазбору 1750 тыс. км², глыбіня залягання вод 2100-0 м (крыніцы).
- Пустынны басейн. Гэта Вялікая Пясчаная пустыня, 388 тыс. км². Ваданосныя слаі залягаюць на 30-550 м.
- Басейн Мурэя. Гэта сярэдняе і ніжняе цячэнне ракі Мурэй. 282 тыс. км². Ваданосныя слаі залягаюць на 30-400 м.
- Басейн Юкла. У аднайменнай сінеклізе. 151 тыс. км². Ваданосныя слаі залягаюць на 90-610 м.
- Паўнона-Заходні басейн. Ваданосныя слаі залягаюць на 60-1220 м.
- Басейн Орд-Вікторыя. Паўднёвы раён заліва Жазеф-Банапарт. 31 тыс. км². Ваданосныя слаі залягаюць на 60-300 м.
Большасць артэзіянскіх басейнаў адносяцца да неўзнаўляльных крыніц, бо ўяўляюць сабою рэшткі воднага басейна мелавога перыяду. Вычарпанне калодзежаў пацвярджае гэта: штогод расход вады свідравін у Аўстраліі падае на 2-3%, таму артэзіянскае водазабеспяяэнне пашыраецца толькі ў Квінслендзе і Новым Паўднёвым Уэльсе, пераважна для абваднення пашаў. Усяго ў Аўстраліі больш за 200 тыс. артэзіянскіх свілдравін і калодзежаў глыбінёй ад некалькіх метраў да 2 кіламетраў.
Кліматычныя рэсурсы
правіцьАўстралія — самая гарачая частка ўсёй сушы паўднёвага паўшар'я. На поўначы клімат субэкватарыяльны, мусонны, гарачы, у цэнтральнай частцы — трапічны пустынны, на паўднёвым захадзе — субтрапічны з перавагай зімовых ападкаў. На ўсходнім узбярэжжы — трапічны, марскі, гарачы з летнім максімумам ападкаў. На востраве Тасманія — умераны марскі тып клімату. Сярэднія тэмпературы студзеня — ад +20 да +30 (+35, +37 °C сярэдняя дзённая тэмпература ў перыяд са снежня па сакавік, максімальна штогод рэгіструемая тэмпература — +42, +45), ліпеня — ад +12 да +20 °C (мінімальная штогод рэгіструемая тэмпература вагаецца ад +3 да +5 °C). Колькасць ападкаў памяншаецца з усходу на захад ад 1500 мм да 250—300 мм ў год.
Клімат Аўстраліі знаходзіцца пад значным уздзеяннем акіянічных плыняў, у тым ліку, Эль-Ніньё з-за якога назіраюцца перыядычныя засухі, і сезоннае паніжэння ціску, якое прыводзіць да фарміравання цыклонаў у паўночнай частцы Аўстраліі[20].
У пояс умеранага клімату ўваходзяць толькі цэнтральная і паўднёвая часткі вострава Тасманія. Гэты востраў у значнай ступені адчувае ўплыў навакольных водных прастораў, і клімат яго адрозніваецца ўмерана цёплай зімой і халаднаватым летам. Сярэдняя тэмпература студзеня тут 14-17 градусаў, чэрвеня — 8 градусаў. Пераважны напрамак вятроў — заходні. Сярэднегадавая колькасць ападкаў у заходняй частцы вострава — 2500 мм, а колькасць дажджлівых дзён — 259. Ва ўсходняй частцы клімат некалькі менш вільготны. У зімовы час часам выпадае снег, але ён доўга не захоўваецца. Багатыя ападкі спрыяюць развіццю расліннасці, і асабліва траў, якія вегетуюць круглы год. На вечназялёных сакавітых натуральных і палепшаных падсяваннем кармавых траў лугах круглы год пасуцца статкі буйной рагатай жывёлы і авечак.
Устойлівасць экалагічных сістэм
правіцьКаля 61% тэрыторый Аўстраліі - слабапарушаныя. Але гэта ў асноўным малаабжытыя і малапрыдатныя для гаспадарчай дзейнасці цэнтральныя раёны. Часткова парушанымі з'яўляюцца 27% (у асноўным усход і крайні паўднёвы захад), парушанымі - 12%. Апошняя група зямель, закранутых дэградацыяй праз атнрапагенныя працэсы, 101 млн га: 83 млн га церпяць ад празмернага выпасу скаціны, 12 млн га - ад абезлясення, 8 млн га - з-за празмернай разаранасці. У працэнтных адносінах гэта 19% лугоў і пашаў, 8% лясоў і 16% раллі Аўстраліі.
Жывая прырода
правіцьХаця пераважную частку Аўстраліі займаюць паўпустыні і пустыні, тут ёсць разнастайныя ландшафты ад лугоў, аналагічных альпійскім, да трапічных лясоў. З-за вялікага ўзросту кантынента, вялікай разнастайнасці надвор’я ў розных раёнах і доўгай геаграфічнай ізаляцыі, біятопа Аўстраліі вельмі багатая і ўнікальная. Флора і фаўна Аўстраліі сумарна ўключае каля 12 тысяч відаў, з іх каля 9 тысяч — эндэмікі[21]. Сярод кветкавых раслін эндэмікаў 85%, з млекакормячых — 84%, з птушак — 45%, з прыбярэжных рыб — 89%[22]. Многім экалагічным рэгіёнам Аўстраліі і іх флоры і фаўне пагражае чалавечая дзейнасць і інтрадукцыя відаў раслін і жывёл.
Гісторыя
правіцьАўстралія да прыбыцця еўрапейцаў (да 1606 года)
правіцьПродкі аўстралійскіх абарыгенаў з’явіліся ў Аўстраліі каля 40-60 тысяч гадоў назад (паводле іншых звестак, каля 70 тыс. гадоў назад)[23][24]. Людзі прыбывалі ў Аўстралію з Паўднёва-Усходняй Азіі сухапутным мастом, што ўзнік у ледавіковую эпоху, ў той час, калі Новая Гвінея і Тасманія былі часткай аўстралійскага кантынета. На гэтым шляху яны перасякалі нешырокія пралівы, што рабіла іх, бадай, першымі ў гісторыі марскімі падарожнікамі[25].
Абарыгены займаліся паляваннем і збіральніцвам, рабілі каменныя прылады, мелі анімістычную веру. Найболей раннія чалавечыя рэшткі, знойдзеныя на беразе колішняга возера Мунга на паўднёвым усходзе штата Паўднёвы Уэльс[26], з’яўляюцца аднымі з найболей старажытных прыкладаў крэмацыі, якія толькі знойдзены на Зямлі. Гэта сведчыць на ранняе існаванне рэлігійных рытуалаў сярод аўстралійскіх абарыгенаў[27].
Мастацтва абарыгенаў лічыцца адным з найстарэйшых традыцыйных мастацтваў у свеце[28]. Яго ўзрост ацэньваюць у 30 000 гадоў, і яго можна сустрэць амаль па ўсёй тэрыторыі Аўстраліі (у прыватнасць, на Улуру і ў Нацыянальным парку Какаду)[29][30]. З пункту гледжання ўзросту і колькасці малюнкаў, наскальны жывапіс Аўстраліі супастаўляльны з пячорамі Ласка і Альтаміра ў Еўропе[31][32].
Даследванне Аўстраліі і каланіяльны перыяд (1606 - 1900)
правіцьНекаторыя аўтары спрабавалі даказаць, што еўрапейцы наведалі Аўстралію яшчэ ў 16 стагоддзі. І хоць тэорыі візіту еўрапейцаў да 17 стагоддзя працягваюць выклікаць шмат, яны, як правіла, лічацца спрэчнымі і недастаткова абгрунтаванымі.
Першымі з еўрапейцаў пабывалі ў Аўстраліі галандскія мараплаўцы Вілем Янсзан (1606) і Абель Тасман (1642). Для вывучэння новага кантынента — Новай Галандыі — Англія арганізавала шэраг экспедыцый (Уільяма Дампіра 1699, і Дж. Кука, 1770). Патрэба англійскай буржуазіі ў новых рынках, а таксама страта паўночнаамерыканскіх калоній вымусілі англійскі ўрад звярнуць увагу на Аўстралію. У 1788 англійскі капітан Артур Філіп, які прыбыў ў раён сіднэйскай бухты на чале 11 караблёў са зняволенымі на борце, заснаваў першае паселішча. Тэрыторыя была абвешчаная англійскай. Такім чынам распачалося ўзмоцненае засяленне Аўстраліі высланымі. Адміністрацыя калоніі і ваенныя чыны захоплівалі лепшыя землі Паўднёва-Усходняй Аўстраліі, а тубыльцы, якія па ўзроўню свайго развіцця не маглі быць выкарыстаны ў якасці аб'екта эксплуатацыі, выцясняліся ў пустыні і фізічна нішчыліся. У пачатку ХІХ стагоддзя працэс вывучэння і асваення Аўстраліі ажывіўся. Англійскі мараплавец Мэцью Фліндэрс ў 1801 - 1803 гадах працягу дзвюх экспедыцый абышоў Аўстралію з усіх бакоў. Ён прапанаваў новую назву гэтай зямлі - Аўстралія.
Адкрыццё велізарных паш і развіццё авечкагадоўлі выклікалі прыток англійскага капіталу. Землі раздаваліся пераважна тым, хто меў значны капітал, г.зн. ўкаранялася буйное землеўладанне. Развіццё авечкагадоўлі выклікала вялікую патрэбу ў працоўнай сіле і ажывіла іміграцыю ў Аўстралію. Адкрыццё залатых радовішчаў у 1851 годзе справакавала сапраўдны іміграцыйны бум: калі ў 1851 г. у Аўстраліі было 438 тыс. чал., то 1861 ў выніку залатой ліхаманкі — ўжо 1168 тыс. У 1-й палове ХІХ ст. Аўстралія пастаўляла на сусветны рынак толькі воўну і скуру. З з'яўленнем рэфрыжэратарнага транспарту ў 2-й палове ХІХ ст. Аўстралія пачала вывозіць шмат мяса і масла, што стымулявала развіццё жывёлагадоўлі.
Самастойнасць і незалежнасць
правіцьУ канцы ХІХ стагоддзя пасяленцы аўстралійскіх калоній запатрабавалі ўтварэння з асобных частак, якія карысталіся аўтаноміяй, адзінай федэрацыі. Англія падтрымала гэтую ідэю, спадзеючыся выкарыстоўваць яе ў сваіх імперыялістычных інтарэсах у раёне Ціхага акіяна. 1 студзеня 1901 г. уступіў у сілу акт англійскага парламента аб стварэнні Аўстралійскага Саюза. Федэрацыя ў складзе 6 штатаў, былых калоній, атрымала статус дамініёна. Быў створаны федэральны ўрад на чале з генерал-губернатарам. Аўстралійскі Саюз становіцца партнёрам Англіі па эксплуатацыі калоній. У 1906 калоніяй Аўстралійскага Саюза стала паўднёва-ўсходняя частка Новай Гвінеі, а пасля першай сусветнай вайны Аўстралія атрымлівае ад Лігі Нацый мандат на кіраванне былой нямецкай калоніяй у паўночна-ўсходняй частцы Новай Гвінеі. Новая Гвінея заставалася аўстралійскай калоніяй да 1975.
Працоўны рух зарадзіўся ў Аўстралійскім Саюзе ў 2-й палове ХІХ ст. У 1890-х гг паўстала лейбарысцкая партыя, якая карысталася значным уплывам і ў 1904 сфармавала ўрад. У 1911-12, у процівагу умераным лейбарыстам, ствараюцца рэвалюцыйныя рабочыя арганізацыі. Адным з іх арганізатараў быў рускі рэвалюцыянер Арцём. У 1920 была заснавана Кампартыя Аўстраліі. Вялікія забастоўкі адбыліся ў 1919-21, 1927, а таксама ў гады Сусветнага эканамічнага крызісу 1929-33.
У 1931 паводле Вестмінстэрскага Статута Аўстралія атрымала самастойнасць ад метраполіі.
Падчас Другой сусветнай вайны Аўстралія уваходзіла у антыфашысцкую кааліцыю дзяржаў. Аўстралія атрымала аўтаномію ад Вялікабрытаніі ва ўнутраных справах і знешніх адносінах у 1942. Урад Аўстралійскага Саюза выступіў у ролі актыўнага саюзніка Англіі і ЗША ў іх дзеяннях у Азіі. Войскі Аўстралійскага Саюза прынялі ўдзел у вайне ў Малаі, у карэйскай вайне 1950-53 гг.. У 1951 Аўстралія разам з Новай Зеландыяй заключыла дамову з ЗША аб ўзаемнай дапамозе (АНЗЮС). Урад Аўстралійскага Саюза пагадзіўся на выпрабаванне брытанскай атамнай і вадароднай зброі на тэрыторыі краіны.
У 1967 тубыльцам былі прадастаўлены ўсе грамадзянскія правы. У 1986 Аўстралійскі Акт, ратыфікаваны аўстралійскім і брытанскім парламентам, пазбавіў Велікабрытанію апошніх магчымасцяў умяшальнітва ў заканатворчасць і справы Аўстраліі. Пасля перамогі на выбарах у 1993 прэм'ер-міністр Пол Кітынг пацвердзіў сваё жаданне бачыць Аўстралію рэспублікай да 2000 года. У 1999 на рэферэндуме была падтрымана ідэя пераходу ад канстытуцыйнай манархіі да рэспублікі. Аднак прайшло ўжо 20 гадоў, а форма праўлення ў Аўстраліі дагэтуль не змянілася: гэта звялана з асабістай папулярнасцю каралевы Лізаветы ІІ сярод аўстралійцаў.
Палітыка
правіцьУнутраная палітыка
правіцьАўстралія (Аўстралійскі Саюз) — федэратыўная, парламенцкая канстытуцыйная манархія. Глава дзяржавы — каралева Вялікабрытаніі, прадстаўленая генерал-губернатарам (з 28 сакавіка 2014 г. — Пітэр Косгроўв). Акрамя генерал-губернатара, каралева прызначае губернатараў для кожнага штата і адміністратараў для тэрыторый. Усе гэтыя чыноўнікі практычна не ўплываюць на мясцовую палітыку.
Вышэйшы заканадаўчы орган — Парламент Аўстраліі, які складаецца з Сената і Палаты прадстаўнікоў. Галоўную ролю ў ажыццяўленні заканадаўчых функцый мае Палата прадстаўнікоў, 150 дэпутатаў якой абіраюцца ўсеагульным таемным галасаваннем тэрмінам на 3 гады.
У сучаснай палітычнай сістэме Аўстраліі за ўладу змагаюцца дзве сілы: левацэнтрысцкая Аўстралійская лейбарысцкая партыя і так званая Кааліцыя, што складаецца з Ліберальнай партыі і Нацыянальнай партыі, паводле аўстралійскіх мерак, правацэнтрысцкіх. На апошніх парламенцкіх выбарах у ліпені 2016 г. перамогу атрымала Кааліцыя, якая сфармавала ўрад.
Выканаўчую ўладу здзяйсняе ўрад, прызначаны з ліку парламентарыяў, на чале з прэм'ер-міністрам, лідарам партыі, якая перамагла на выбарах. Цікава, што аўстралійскія прэм'еры нярэдка змяняюцца на працягу аднаго парламенцкага цыклу — так бягучы прэм'ер Скот Морысан у жніўні 2018 змяніў на пасадзе Малкальма Тэрнбула.
Найважнейшыя судовыя рашэнні прымае Высокі суд Аўстраліі. Свой федэральны суд маецца ў кожным штаце.
Знешняя палітыка
правіцьЦягам апошніх дзесяцігоддзяў вернымі сябрамі і партнёрамі Аўстраліі застаюцца ЗША і Новая Зеландыя, з якімі Аўстралія звязана дамовай АНЗЮС. У пачатку ХХІ стагоддзя важнасць набыў і азіяцкі дыпламатычны вектар: Аўстралія ладзіць стасункі з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН) і Усходняй Азіі, што сталі яе найважнейшымі эканамічнымі партнёрамі. Таксама Аўстралія будуе адносіны з геаграфічнымі суседзямі па частцы свету, Акіяніі, — праз Форум ціхаакіянскіх астравоў. Аўстралія аказвае істотную дапамогу краінам, якія развіваюцца, у тым ліку, дзяржавам паўднёвай часткі Ціхага акіяна (каля 700 млн. аўстр. дол. у год).
Беларуска-аўстралійскія адносіны
правіцьАдносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстраліяй ўстаноўлены ў 1992 годзе (Нота ад 9 студзеня 1992 г. «[Пагадненне аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Аўстраліяй]»).
18 красавіка 2012 г. Пасол Рэспублікі Беларусь у Інданезіі і па сумяшчальніцтве ў Аўстраліі Уладзімір Лапата-Загорскі ўручыў даверчыя граматы Генерал-губернатару Аўстралійскага Саюза Квенцін Брайс.
26 чэрвеня 2013 г. адбыўся візіт намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Валянціна Рыбакова ў Аўстралію, а таксама шэраг сустрэч з прадстаўнікамі парламента Аўстраліі. 17 кастрычніка 2016 далейшае развіццё двухбаковых адносін абмеркавалі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і пасол Аўстраліі ў Расіі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) Пітар Цеш.[33]
Адміністрацыйны падзел
правіцьТэрыторыя – каля 7,7 млн. км2. Адміністрацыйна падзяляецца на шэсць штатаў – Новы Паўднёвы Уэльс, Вікторыя, Квінслэнд, Паўднёвая Аўстралія, Заходняя Аўстралія, Тасманія і дзве тэрыторыі – Паўночная і Аўстралійская сталічная, якія маюць свае парламенты (аднапалатны ў тэрыторыях і Квінслэндзе, двухпалатны ў астатніх штатах) і ўрады і карыстаюцца значнай самастойнасцю. Кожны штат мае свайго прэм'ера, кожная тэрыторыя — галоўнага міністра ( У прынцыпе, тэрыторыі карыстаюцца тымі ж самастойнасцямі, што і штаты, за выняткам таго, што Федэральны парламент можа перайначыць ці адмяніць законы, прыянятыя парламентамі тэрыторый.
У 1915 урад Аўстраліі выкупіў у штата Новы Паўднёвы Уэльс тэрыторыю Джэрвіс-Бэй, дзе былі размешчаны сталічны гандлёвы порт і ваенна-марская база. Джэрвіс Бэй — трэцяя тэрыторыя мацерыковай Аўстраліі. Таксама Аўстраліі належыць мноства астравоў і архіпелагаў у Ціхім і Індыйскім акіянах, аб'яднаных у сем заморскіх тэрыторый: Востраў Херд і Астравы Мак-Доналд, Астравы Ашмор і Карцье, астравы Каралавага мора, Востраў Раства, Какосавыя астравы, Востраў Норфалк. Тры першыя адзінкі не маюць сталага насельніцтва. Раней Востраў Нарфолк карыстаўся большай аўтаноміяй, аднак у 2015 ён быў ураўнаны ў правах з іншымі тэрыторыямі. Дыскусійным застаецца статус сёмай, Антарктычнай тэрыторыі — Аўстралія мае найзайздроснейшы антарктычны апетыт, прэтэндуючы на 40 % плошчы ледзянога мацерыка.
Насельніцтва
правіцьЛетам 2018 года інфармацыйнае агенства АВС паведаміла, што насельніцтва Аўстраліі дасягнула 25 млн.чал. У адрозненні ад большасці развітых краін свету, для Аўстраліі характэрны дадатны натуральны прырост, які ў 2018 склаў 4,7 на 1000 чалавек. Прыкладна такое ж значэнне і міграцыйнага прыросту дае агульны тэмп росту насельніцтва ў 1 % штогод. Тым не менш, і ў Аўстраліі назіраецца старэнне насельніцтва: доля дзяцей і падлеткаў да 15 гадоў складае 17,75 %, ўзрост сярэдняга аўстралійца — 38,8 гадоў. Для Аўстраліі характэрны адзін з найвышэйшых у свеце паказчыкаў працягласці жыцця (82,2 гады).[34]
Гісторыя абумовіла перавагу імігрантаў і іх нашчадкаў над карэнным насельніцтвам — у асноўным гаворка ідзе аб перасяленцах з Вялікабрытаніі і Ірландыі, а таксама імігрантах з іншых еўрапейскіх краін. У канцы ХХ - пач. ХХІ стагоддзя ў патоку мігрантаў асаблівую магутнасць набыла азіяцкая плынь, большая частка мігрантаў цяпер прыязджае з Кітая, Філіпін, Індыі. Па-за межамі Аўстраліі нарадзілася 26 % яе сённяшніх жыхароў, прычым у Вялікабрытаніі — усяго 3,9 %. Паводле перапісу 2016 года 5,6 % жыхароў Аўстраліі маюць кітайскае паходжанне, 2,8 % — індыйскае.[35] Таксама ў Аўстраліі пражывае каля 80 тыс. рускіх, больш за 40 тыс. украінцаў, больш за 20 тыс. армян, больш за 40 тыс. латышоў, літоўцаў і эстонцаў.
Абарыгены з'явіліся ў Аўстраліі 60 тыс. гадоў таму і напярэдадні прыбыцця Джэймса Кука стракатай групай плямёнаў — каля 250 моваў! — засялялі ўвесь кантынент. У наш час абарыгены захавалі традыцыйны лад жыцця ў Паўночнай тэрыторыі, аднак усё большая іх колькасць жыве ў гарадах. Перапіс 2016 налічыў каля 650 тыс. карэнных жыхароў, або 2,8 %, і гэта амаль удвая больш, чым на пачатку ХХІ ст.. Справа ў тым, што раней абарыгены падвяргаліся дыскрымінацыі і адносіцца да карэннай супольнасці часта было невыгадна ў плане пошуку працы або магчымасцяў адукацыі.
Па дадзеных перапісу 2016 года, англійская мова з'яўляецца адзінай гутарковай мовай для амаль 72,7% насельніцтва. Наступнымі найбольш распаўсюджанымі мовамі, на якіх размаўляюць дома, з'яўляюцца дзве формы кітайскай: мандарын (2,5 %) і кантонская (1,2%), арабская (1,4 %), в'етнамская (1,2%) і італьянская (1,2%). Значная частка мігрантаў першага і другога пакалення двухмоўная.
Аўстралія — секулярызаваная краіна, аднак рэлігія ў грамадстве тут мае немалое значэнне, падчас перапісу 2016 толькі 30 % аўстралійцаў заявілі аб сваёй абыякавасці да рэлігіі. 55 % жыхароў краіны — хрысціяне (дзве пятых — каталікі, тры пятых — пратэстанты, у тым ліку англікане); па 2,5 % складаюць мусульмане і будысты, яшчэ 2 % — індуісты.
Аўстралія адносіцца да ліку найбольш слабазаселеных краін свету, па паказчыку шчыльнасці насельніцтва (3,3 чал/кв.км.) апярэджваючы толькі Манголію і Намібію. У адпаведнасці з картай выпадзення ападкаў найгусцей заселеныя ўсходняе ўзбярэжжа, а таксама паўднёва-ўсходні і паўднёва-заходні куткі кантынента. Аўстралія — вельмі ўрбанізаваная нацыя — удзельная вага гарадскога насельніцтва тут дасягае 86 %. Найбуйныя гарады: Сідней (5,1 млн. чал.), Мельбурн (4,9 млн. чал.), Брысбен (2,4 млн. чал.), Перт (2 млн. чал.), Адэлаіда (1,33 млн. чал.), Канбера (410 тыс. чал.).[36] Для ўсіх вялікіх гарадоў характэрны рост насельніцтва ў асноўным за кошт міграцыйнага складніка. А хутчэй за ўсіх растуць Мельбурн і Брысбен.
Эканоміка
правіцьАўстралія – высокаразвітая індустрыяльна-аграрная краіна з рынкавай эканомікай. Эканамічнае развіццё характарызуецца стабільнасцю і ўстойлівасцю. Ключавая роля ў эканоміцы належыць горназдабыўной і сельскагаспадарчай галінам, у значнай ступені арыентаваным на знешнія рынкі: пры долі 3,6 і 5 % у ВУП на іх прыпадае большая палова экспарту. На працягу першых двух дзесяцігоддзяў ХХІ ст. Аўстралія дэманстравала няўхільны эканамічны рост (каля 3,3 % у год) і нават адзначылася як адзіная развітая краіна, што не пацярпела ад Сусветнага крызісу 2008-2009. Аднак у 2018 год Аўстралія ўступіла з рызыкай атрымаць адмоўныя паказчыкі, выкліканай рэзкім падзеннем сусветных коштаў на асноўныя экспартныя тавары.
Грашовая адзінка – аўстралійскі долар (1 аўстр. дол. = 0,71 дол.ЗША.)[37]. ВУП складае каля 2000 млрд. аўстр. дал. (1500 млрд дол. ЗША), узровень інфляцыі – каля 1-2 %, беспрацоўе – каля 5,6 %.[34] Аўстралійская Фондавая біржа — дзявятая ў свеце.
Горназдабыўная прамысловасць абапіраецца на запасы разнастайных карысных выкапняў: вугаль, прыродны газ, уранавыя, жалезныя, поліметалічныя руды, баксіты, свінец, медзь, каштоўныя металы, алмазы і т.п.; і мае вядучую ролю ў фарміраванні экспарту краіны. Па здабычы баксітаў і алмазаў Аўстралія першая ў свеце. Апрацоўчая прамысловасць скіравана на ўнутраны рынак. Галоўныя галіны апрацоўчай прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка, харчовая, хімічная і нафтаперапрацоўчая, чорная і каляровая металургія, выдавецка-паліграфічная. Машынабудаўнічы сектар моцна пацярпеў у 2010-х: у 2016-2017 былі закрыты аўстралійскія заводы Форда, Таёты і мясцовай маркі Холдэн.[38] У энергетыцы асноўная роля належыць вугалю, на якім працуюць цеплавыя электрастанцыі. Хутка развіваецца сонечная і ветравая энергетыка. Аўстралія — адзіны населены мацярык, дзе няма АЭС.
Сельская гаспадарка з'яўляецца адной з ключавых галін эканомікі Аўстраліі. Няглездячы на постіндустрыяльны характар эканомікі, у аграрным сектары з сумежнымі галінамі ствараецца 12 % ВУПу Аўстраліі, а іх прадукцыя займае другое месца ў экспарце краіны (пасля прадукцыі здабыўной прамысловасці). Вядучае месца ў сельскай гаспадарцы займае жывёлагадоўля. Аўстралія – найбуйнейшы ў свеце вытворца і пастаўшчык высакаякаснай воўны, а таксама адзін з асноўных экспарцёраў мясамалочных прадуктаў, пшаніцы, цукру.
Развіваецца турызм, у 2015 Аўстралію наведала 7,4 млн замежнікаў. Аднак яшчэ больш падарожнічаць па Зялёным кантыненце любяць самі аўстралійцы — 73 % турысцкіх паслуг прыходзіцца на ўнутраны рынак. У транспартных перавозках найважнейшая роля належыць аўтамабільнаму транспарту. Аўстралія мае сетку сучасных аўтадарог, гусцейшую ва ўсходніх раёнах. Практычна кожная сям'я мае некалькі аўтамабіляў. Вываз карысных выкапняў да экспартных партоў ажыццяўляецца чыгункамі. Таксама грузавымі і пасажырскімі чыгуначнымі перавозкамі злучаныя паміж сабой найбуйнейшыя гарады. У Аўстраліі каля 300 аэрапортаў. Знешнія пасажырскія сувязі — праца выключна паветранага транспарту, а вось марскі транспарт адказны за вываз экспартнай прадукцыі.
У 2016 Аўстралія экспартавала прадукцыі на чвэрць трыльёна долараў і мела дадатны гандлёвы баланс (+ 10 млрд). Больш за палову аўстралійскага экспарту тавараў прыходзіцца на прадукцыю здабыўной прамысловасці (асноўныя артыкулы: вугаль, жалезная руда, звадкаваны газ і золата). Яшчэ каля 20 % экспарту — справа аграрнага сектара (пшаніца, віно, ялавічына, ячмень). Варта адзначыць, што сумарная доля ў экспарце традыцыйных урана, баксітаў і воўны сёння не перавышае 5 %. Асноўныя пакупнікі аўстралійскай прадукцыі: Кітай (32 %), Японія, Паўднёвая Карэя.[39]. У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне і транспартныя сродкі, нафтапрадукты, тавары шырокага спажывання, хімічныя тавары, медыкаменты. Асноўныя пастаўшчыкі: Кітай, ЗША, Японія. Аб'ёмы двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Аўстраліяй ў апошнія 5 гадоў вагаліся ад 10 да 35 мільёнаў даляраў ЗША. Пік гандлю прыходзіўся на 2011 - 2012 гг. Аснову беларускага экспарту ў Аўстралію складаюць калійныя угнаенні (83 %), шкловалакно, мэблю; аўстралійскага ў Беларусь — медыцынскія тавары, віно і садавіна, воўна.[40]
Культура
правіцьАўстралійскія абарыгены вядомыя самымі старажытнымі ў свеце ўзорамі наскальнага мастацтва, найдаўнейшым з якіх больш за 60 000 гадоў, распаўсюджанымі па ўсім кантыненце.
Нацыянальнае свята – Дзень Аўстраліі (26 студзеня). У гэты дзень у 1788 было заснавана першае еўрапейскае паселішча. Пачынаючы з гэтага года аўстралійская культура знаходзіцца пад моцным уплывам англа-кельцкай заходняй культуры. Асаблівасць аўстралійскай культуры сярод іншых вестэрнізаваных культур надаюць прырода кантынента і абарыгенныя культуры. З сярэдзіны 20 стагоддзя на аўстралійскую культуру ўзмацніўся ўплыў амерыканскай поп-культуры, у прыватнасці праз кіно і тэлебачанне. Іншыя культурныя запазычанні ідуць з суседніх азіяцкіх краін і ў выніку маштабнай іміграцыі з не-англамоўных краін.
Шырока развітыя сродкі масавай інфармацыі. Аўстралія займае адно з вядучых месцаў у свеце па колькасці перыядычных выданняў на душу насельніцтва.
Адукацыя
правіцьУ краіне існуе абавязковая адукацыя для дзяцей ад 6 да 15 гадоў. Дзейнічаюць 39 універсітэтаў, 35 каледжаў, а таксама 4 інстытуты. Агульная колькасць студэнтаў ВНУ – звыш 700 тыс.чал. (з іх замежных студэнтаў – 174 тыс. чал.).
Узброеныя сілы
правіцьВаенныя расходы Аўстраліі з'яўляюцца дванаццатымі па памеры ў свеце. Узброеныя сілы – каля 65 тыс.чал., уключаючы рэзервістаў. Фармуюцца на кантрактнай аснове.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Дэ-факта, юрыдычнага статуту не мае.
Крыніцы
правіць- ↑ http://www.abs.gov.au/ausstats/abs@.nsf/94713ad445ff1425ca25682000192af2/1647509ef7e25faaca2568a900154b63?OpenDocument
- ↑ https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=70&pr.y=7&sy=2018&ey=2018&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=193%2C946%2C122%2C137%2C124%2C546%2C156%2C181%2C423%2C138%2C935%2C196%2C128%2C142%2C939%2C182%2C172%2C359%2C132%2C135%2C134%2C576%2C174%2C936%2C532%2C961%2C176%2C184%2C178%2C144%2C436%2C146%2C136%2C528%2C158%2C112%2C542%2C111%2C941&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
- ↑ Human Development Index and its components Архівавана 21 лістапада 2010.
- ↑ Rosenberg, Matt. The New Fifth Ocean — The World's Newest Ocean — The Southern Ocean . About.com: Geography (20 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 5 красавіка 2010.
- ↑ Аўстралія
- ↑ Population clock (англ.). Australian Bureau of Statistics website. Commonwealth of Australia. — The population estimate shown is automatically calculated daily at 00:00 UTC and is based on data obtained from the population clock on the date shown in the citation. Архівавана з першакрыніцы 25 лістапада 2012. Праверана 8 кастрычніка 2012.
- ↑ Australia: World Audit Democracy Profile . WorldAudit.org. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 5 студзеня 2008.
- ↑ Australian pronunciations: Macquarie Dictionary, Fourth Edition (2005). Melbourne, The Macquarie Library Pty Ltd. ISBN 1-876429-14-3.
- ↑ Purchas, vol. iv, pp. 1422—32, 1625. This appears to be variation of the original Spanish «Austrialia» [sic]. [1] A copy at the Library of Congress can be read online [2].
- ↑ Scott, Ernest (2004) [1914]. The Life of Captain Matthew Flinders. Kessinger Publishing. p. 299. ISBN 978-1-4191-6948-9.
- ↑ Sidney J. Baker, The Australian Language, second edition, 1966.
- ↑ Ferguson, John Alexander (1975). Bibliography of Australia: 1784—1830. Vol. 1 (reprint ed.). National Library of Australia. p. 77. ISBN 0-642-99044-1.
- ↑ Estensen, Miriam (2002). The Life of Matthew Flinders. Allen & Unwin. p. 354. ISBN 1-74114-152-4.
- ↑ Flinders, Matthew (1814). A Voyage to Terra Australis. G. and W. Nicol.
- ↑ Bennett, J. J., рэд. (1866—68). "General remarks, geographical and systematical, on the botany of Terra Australis". The Miscellaneous Botanical Works of Robert Brown, Esq., D.C.L., F.R.S. Vol. 2. pp. 1–89.
{{cite book}}
: Праверце значэнне даты ў:|year=
(даведка) - ↑ Mabberley, David (1985). Jupiter botanicus: Robert Brown of the British Museum. British Museum (Natural History). ISBN 3-7682-1408-7.
- ↑ Estensen, p. 450.
- ↑ Weekend Australian, 30—31 December 2000, p. 16.
- ↑ Department of Immigration and Citizenship (2007). Life in Australia (PDF). Commonwealth of Australia. p. 11. ISBN 978-1-921446-30-6. Архівавана з арыгінала (PDF) 17 кастрычніка 2009. Праверана 2010-03-30.
- ↑ No more drought: it's a «permanent dry»; Australia's epic drought: The situation is grim Архівавана 16 мая 2008.
- ↑ Эндемики Австралии Архівавана 22 мая 2007.
- ↑ About Biodiversity(недаступная спасылка). Department of the Environment and Heritage. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2005. Праверана 01-04-2008.
- ↑ Peter Hiscock (2008). Archaeology of Ancient Australia. Routledge: London. ISBN 0-415-33811-5.
- ↑ John Mulvaney and Johan Kamminga (1999). Prehistory of Australia. Allen and Unwin, Sydney. ISBN 1 864489502.
- ↑ Ron Laidlaw «Aboriginal Society before European settlement» in Tim Gurry (ed) (1984) The European Occupation. Heinemann Educational Australia, Richmond. p. 40. ISBN 0 85859 2509.
- ↑ Bowler JM, Johnston H, Olley JM, Prescott JR, Roberts RG, Shawcross W, Spooner NA. (2003). "New ages for human occupation and climatic change at Lake Mungo, Australia". Nature. 421 (6925): 837–40. doi:10.1038/nature01383. ISSN 0028-0836. PMID 1259451.
{{cite journal}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка) - ↑ Bowler, J. M. 1971. Pleistocene salinities and climatic change: Evidence from lakes and lunettes in southeastern Australia. In: Mulvaney, D. J. and Golson, J. (eds), Aboriginal Man and Environment in Australia. Canberra: Australian National University Press, pp. 47—65.
- ↑ The Indigenous Collection(недаступная спасылка). The Ian Potter Centre: NGV Australia. National Gallery of Victoria. Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2010. Праверана 6 снежня 2010.
- ↑ Environment.gov.au . Environment.gov.au (8 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ Environment.gov.au . Environment.gov.au (8 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ Indigenous art(недаступная спасылка). Australian Culture and Recreation Portal. Australia Government. Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 26 верасня 2010.
- ↑ Australia. Australianmuseum.net.au . Australianmuseum.net.au (1 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2012. Праверана 14 ліпеня 2011.
- ↑ https://www.sb.by/articles/belarus-i-avstraliya-khotyat-razvivat-dvustoronnie-otnosheniya.html
- ↑ а б https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/as.html Архівавана 11 лістапада 2020.
- ↑ https://web.archive.org/web/20170820120544/http://www.abs.gov.au/ausstats/abs@.nsf/Lookup/by+Subject/2071.0~2016~Main+Features~Cultural+Diversity+Article~20
- ↑ http://www.abs.gov.au/ausstats/abs@.nsf/latestProducts/3218.0Media%20Release12016-17?OpenDocument Архівавана 25 красавіка 2018.
- ↑ https://www.banki.ru/products/currency/aud/
- ↑ https://www.abc.net.au/news/2017-10-03/toyota-car-production-ends-altona-after-50-years-manufacturing/9007624
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=14&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&_target=Partner&year=2016
- ↑ https://export.by/australia Архівавана 15 красавіка 2021.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — 480 с. іл.
- Гардзіенка Н. Беларусы ў Аўстраліі: Да гісторыі дыяспары. Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 468 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: кн. 3).
- Галай И.П., Жучкевич В.А., Рылюк Г.Я. Физическая география материков и океанов. Ч.2. - Мн.: Университетское, 1988.
- Притула Т.Ю., Ерёмина В.А., Спрялин А.Н. Физическая география материков и океанов. - М.: ВЛАДОС, 2003.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Аўстралія
- Урад Аўстраліі (англ.)
- Фатаграфіі Аўстраліі (англ.)
- Дэпартамент іміграцыі і грамадзянства (англ.)
- Міністэрства замежных спраў і гандлю — інфармацыя пра краіну Архівавана 10 студзеня 2005. (англ.)
- Нацыянальная бібліятэка Аўстраліі (англ.)
- Нацыянальны музей Аўстраліі (англ.)
- Пасольства Аўстраліі ў Маскве (руск.)