Веспрэм
Ве́спрэм (венг.: Veszprém, ням.: Weißbrunn) — адзін з найстарэйшых гарадоў Венгрыі, адміністрацыйны цэнтр медзье Веспрэм. Насельніцтва 61 721 чал. (2011).
Горад
Веспрэм
Veszprém
| ||||||||||||||||||||||||||||
Геаграфія і транспарт
правіцьГорад размешчаны па абодва бакі ад ракі Шэд прыкладна за 110 км на паўднёвы захад ад Будапешта і ў 15 кіламетрах ад узбярэжжа возера Балатан. Веспрэм звязаны аўтамабільнымі магістралямі з Будапештам, Секешфехерварам, Дзьёрам і навакольнымі гарадамі. Праз горад праходзіць чыгунка Секешфехервар — Веспрэм — Сомбатхей. Час у дарозе на цягніку да Будапешта — каля 2 гадзін.
Гісторыя
правіцьВеспрэм — адзін з найстаражытных гарадоў Венгрыі. Ён быў заснаваны ў часы кіравання караля Іштвана Святога, аднак паводле паведамленняў летапісца князя Белы III на скале, дзе была пабудавана Веспрэмская крэпасць, ужо быў замак, калі венгры прыйшлі ў гэты рэгіён. Верагодна гэта было ўмацаванне франкаў, узведзенае ў эпоху Карла Вялікага. Веспрэм стаў адной з першых біскупскіх кафедраў Венгрыі, кафедра заснавана ў 1009 годзе. Веспрэмскім біскупам здаўна належаў прывілей каранаваць венгерскіх каралеў, з-за чаго Веспрэм называлі «горадам каралеў». З рук біскупаў веспрэмскага атрымалі карону ўсе каралевы Венгрыі, пачынаючы з Гізелы, жонкі Іштвана Святога, да Цыты Бурбон-Пармскай, апошняй каралевы Венгрыі, жонкі Карла I Габсбурга. У 1001 годзе ў горадзе быў пабудаваны сабор Святога Міхаіла, які пазней неаднаразова быў перабудаваны.
Да XIII стагоддзя Веспрэмская крэпасць ператварылася ў добра ўмацаваную цвярдыню на стромкім і скалістым узгорку з магутнымі сценамі. У 1241 годзе мангольскае войска не змагло яе ўзяць і адступіла ад горада. У 1552 годзе Веспрэм быў захоплены туркамі, аднак яны былі хутка выгнаны, дзякуючы чаму ў горадзе захавалася больш сярэднявечных помнікаў, чым у многіх іншых венгерскіх гарадах.
Рост горада прывёў да таго, што ён заняў вялікую тэрыторыю, пашырыўшыся на навакольныя ўзгоркі. Лічыцца, што ўзгоркаў, на якіх размешчаны горад, сем — Крапасны, Іерусалімскі, Пастуховы, Могілкавы, Чэрхат, Кальварыя і Бенедыкцінскі.
У 1706 годзе сцены крэпасці былі разбураны аўстрыйскімі салдатамі.
Славутасці
правіцьГалоўныя славутасці Веспрэма засяроджаны на крапасным узгорку, у найбольш старажытнай частцы горада. Сярод іх:
- Біскупскі палац — знаходзіцца ў цэнтры Старога горада на плошчы Св. Тройцы. Пабудаваны ў стылі барока ў канцы 70-х гадоў XVIII стагоддзя.
- Сабор Св. Міхаіла. Першы сабор на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1001 годзе ў раманскім стылі, пазней шмат разоў перабудоўваўся. Цяперашні выгляд сабор прыняў пасля чарговай перабудовы ў 1910 годзе. Ад першапачатковага старажытнага храма захаваліся толькі алтар і крыпта. З паўночнага боку да сабора прылягаюць рэшткі старажытнай капліцы Св. Георгія IX стагоддзя.
- Капліца Гізелы. Невялікая, вельмі старажытная капліца размешчана паміж Біскупскім палацам і суседнім Домам рэктара. Нягледзячы на тое, што няма ніякіх дакладных крыніц пра сувязь капліцы з імем знакамітай каралевы, не выклікае сумневаў тое, што яна была створана ў ранні перыяд кіравання Арпадаў, хутчэй за ўсё ў XI стагоддзі.
- Помнік Іштвану і Гізеле. Помнік усталяваны ў 1938 годзе ў незвычайным месцы, над абрывам краспаснога ўзгорка. Ад помніка адкрываецца цудоўны краявід на наваколлі.
- Кляштар піяраў. Пабудаваны ў XVIII стагоддзі ордэнам піяраў.
- Брама Герояў. Пабудавана ў 1936 на месцы сярэднявечнай брамы. Архітэктура брамы неараманская, нягледзячы на сучаснае паходжанне, брама добра ўпісалася ў ансамбль старадаўніх будынкаў вакол яе.
- Пажарная вежа. Вежа пабудавана ў XV стагоддзі, як вартаўнічая. У 1810 годзе моцна пацярпела ад землетрасення. Першапачаткова было вырашана яе разабраць, аднак затым яна была перабудавана ў пажарную каланчу і яшчэ доўга служыла ў гэтай якасці.
- Ансамбль плошчы Овараш тэр. Плошча Овараш тэр, размешчаная ля падножжа крапаснога ўзгорка, акружана прыгожымі барочнымі асабнякамі, сярод якіх вылучаюцца ратуша і дом сямейства Поза.
- Тэатр Пецёфі. Будынак тэатра ў прыгожым парку побач з крапасным узгоркам пабудаваны ў 1908 годзе ў стылі мадэрн. Названы ў гонар вялікага венгерскага паэта Шандара Пецёфі, якому ўсталяваны помнік каля ўваходу ў тэатр.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары
правіць- Леапольд Сямёнавіч Аўэр — скрыпач, педагог
Галерэя
правіць-
Сабор Св. Міхаіла
-
Пажарная вежа
-
Брама герояў
-
Плошча Овараш тэр
-
Помнік Іштвану і Гізеле
-
Плошча Св. Тройцы
Гарады-пабрацімы
правіцьЗноскі
Літаратура
правіць- Венгрия. Путеводитель. Вокруг света, 2007 г. ISBN 978-5-98652-117-6
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Веспрэм
- Афіцыйны сайт горада (англ.)
- Веспрэм на сайце funiq.hu (руск.)