Клімат (грэч. Κλίμα, літар. нахіл) — шматгадовы рэжым надвор’я, які вызначаецца геаграфічнымі ўмовамі ў тым ці іншым рэгіёне.

Клімат з’яўляецца вынікам фізічных (кліматаўтваральных) працэсаў, якія адбываюцца ў атмасферы і на зямной паверхні (такіх як прыток, ператварэнне і аддача і перанос цеплавой, кінетычнай і іншых форм энергіі, выпарэнне, кандэнсацыя і перанос вільгаці і г.д.) і знаходзяцца пад уплывам геаграфічных фактараў.

Паняцце

правіць

Паводле А. Гумбальта (1831), пад кліматам разумеецца сукупнасць метэаралагічных з’яў, якія вызначаюць фізічныя і біялагічныя працэсы, уключаючы чалавека. У канцы ХІХ стагоддзя А. І. Ваейкаў вызначаў клімат як сукупнасць з’яў і працэсаў ў атмасферы, ці сукупнасць тыпаў надвор’я безадносна да біялагічных аб’ектаў. Пазней многія вучоныя сталі вызначаць клімат як сярэдні шматгадовы стан атмасферы, або сярэдняе надвор’е. Так, на пачатку ХХ стагоддзя У. Кёпен адзначаў: «Надвор’е мяняецца, а клімат застаецца». Інакш кажучы, клімат — гэта сярэдняе надвор’е ў дадзеных геаграфічных умовах. Такое вызначэнне клімату сустракаецца да гэтай пары.

А. Х. Шкляр разглядаў клімат як лакальную асаблівасць метэаралагічных умоў за шматлетні перыяд, характэрных для дадзенага геаграфічнага ландшафта. У такім разуменні лакальны клімат з’яўляецца адной з фізіка-геаграфічных характарыстык мясцовасці і выступае важнейшым кампанентам прыроднага ландшафту.

У глабальным маштабе ўжываецца паняцце кліматычная сістэма або глабальны клімат. Гэтым падкрэсліваецца, што клімат фарміруецца пад уздзеяннем усіх прыродных кампанентаў і іх элементаў. Паводле А. С. Моніна пад глабальным кліматам разумеецца статыстычны ансамбль розных тыпаў надвор’я, якія фарміруюцца ва ўзаемадзеючай сістэме атмасфера — акіян — суша — крыасфера — біясфера на працягу кліматычнай эпохі даўжынёю ў 30—40 гадоў. Адрозненні ж паміж кліматамі двух кліматычных эпох лічацца змяненнямі клімату. Лакальны клімат з’яўляецца прыватным праяўленнем глабальнага клімату. У геаграфіі глабальны клімат трэба разглядаць як сістэму лакальных кліматаў, якія з’яўляюцца галоўнай прычынай разнастайнасці прыродных умоў і ландшафтаў.

Фактары кліматаўтварэння

правіць

Клімат фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння кліматаўтваральных працэсаў — цеплаабарота, вільгацеабарота і атмасфернай цыркуляцыі. Гэта тры вялікія працэсы, якія вызначаюць кліматаўтварэнне і стан кліматычнай сістэмы на Зямлі.

Пад цеплаабаротам разумеецца паступленне і пераўтварэнне сонечнай радыяцыі ў атмасферы і на зямной паверхні. Разнастайныя працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў атмасферы і ствараюць розныя тыпы надвор’я, працякаюць за кошт праменнай энергіі, якая паступае на Зямлю ад Сонца.

Акрамя цеплаабарота паміж зямной паверхняй і атмасферай працякае бесперапынны рух вады, або вільгацеабарот. Ён складаецца з працэсаў выпарэння, пераноса вадзяной пары паветранымі масамі, кандэнсацыі яго ў атмасферы, выпадзення ападкаў і сцёку. У вільгацеабароце ўдзельнічае сонечная энергія. Так, на выпарэнне затрачваецца вялікая колькасць цяпла, якое знаходзіцца ў атмасферы ў скрытай форме. У працэсе кандэнсацыі скрытае цяпло параўтварэння вылучаецца ў атмасферу і ўдзельнічае ў фарміраванні цеплавога рэжыма і клімата Зямлі.

Цепла- і вільгацеабарот паміж акіянамі, кантынентамі і атмасферай ажыццяўляецца за кошт агульнай цыркуляцыі атмасферы, пад якой разумеецца сістэма буйнамаштабных паветраных цячэнняў на Зямлі. Асноўнымі складаючымі агульнай цыркуляцыі атмасферы з’яўляюцца розныя тыпы паветраных мас, атмасферныя франты, цыклоны і антыцыклоны. У той жа час, узнікненне цыркуляцыйных плыняў паветраных мас вызначаецца нераўнамерным размеркаваннем атмасфернага ціску, прычынай якога з’яўляецца нераўнамернае размеркаванне цяпла. Гэта сведчыць аб тым, што агульная цыркуляцыя атмасферы ўдзельнічае ў цепла- і вільгацеабароце і ўсе гэтыя тры кліматаўтваральныя працэсы ўзаемазвязаныя і ўзаемадзейнічаюць узгоднена.

Аднак, узаемадзеянне кліматаўтваральных працэсў адбываецца па-рознаму ў залежнасці ад геаграфічных фактараў клімату. Усю іх разнастайнасць можна звесці да некалькіх груп:

Акрамя таго, на сучасны клімат вялікі ўплыў аказвае гаспадарчая дзейнасць чалавека, або антрапагенны фактар. Уздзеянне чалавека на клімат выклікае вялікую заклапочанасць у грамадстве. Па віне чалавека змяняецца газавы склад атмасферы, выкідваецца вялікая колькасць цяпла, пылу, парніковых газаў, знішчаецца расліннасць і жывёльны свет. Асушэнне і арашэнне, будаўніцтва вадасховішчаў таксама ўплывае на клімат.

Кліматычныя паясы

правіць

Пад уздзеяннем геаграфічных фактараў глабальны клімат мадэфіцыруецца (распадаецца) на кліматычныя паясы і асобныя тыпы лакальных кліматаў, якія выступаюць характарыстыкай ландшафта. Іх фарміраванне залежыць ад тэмпературных умоў, пераважных паветраных мас і вятроў.

Уплыў клімату і змяненняў клімату на прыродныя і антрапагенныя сістэмы

правіць
 
Анімацыя сезонных змен, асабліва снежнага покрыва на працягу года

Атмасферныя працэсы ўздзейнічаюць на людзей і на ўсялякую гаспадарчую дзейнасць.

У выніку антрапагеннага ўздзеяння на асобныя элементы кліматычнай сістэмы акрэсліўся працэс пацяплення глабальнага клімату. Так, за апошнія 100 гадоў у выніку ўзмацнення парніковага эфекту атмасферы сярэдняя глабальная тэмпература Зямлі ўзрасла на 0,6 °C. Разаграванне атмасферы спарадзіла планетарны працэс апустыньвання Зямлі. Звышгукавая авіяцыя і касмічныя караблі, ядзерныя выпрабаванні разбураюць азонавы слой — ахоўны шчыт біясферы. Антрапагенныя змяненні хімічнага складу атмасфернага паветра абвастрылі праблему кіслотных дажджоў, якія разбураюць прыродныя сувязі і парушаюць устойлівасць развіцця не толькі кліматычнай, але і прыроднай сістэмы, што адмоўна ўплывае на грамадскую жыццядзейнасць.

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць
  • Каўрыга П. А. Клімат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.
  • Клі́мат // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 391. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  NODES
os 1