Мала́йцы (малайск.: Melayu, ملايو) — этнічная група, прадстаўнікі якой размаўляюць на малайскай мове. Насяляе пераважна краіны Паўднёва-Усходняй Азіі (Малайзія, Інданезія, Сінгапур, Бруней, Какосавыя астравы, востраў Калядаў і інш.). Агульная колькасць (2015 г.) - 10 452 000 чал.[1] У больш шырокім сэнсе малайцамі таксама называюць усе народы, якія размаўляюць на малайскіх мовах малайска-палінезійскай галіны аўстранезійскіх моў (усяго 28 034 000 чал.[2]), а таксама прадстаўнікоў малой малайскай расы, што адносіцца да вялікай мангалоіднай расы.

Малайцы
(Melayu, ملايو)
Малайскае вяселле ў Сінгапуры
Агульная колькасць 10 452 000 (2015 г.)
Рэгіёны пражывання  Малайзія — 5835000 .

 Інданезія — 3083000.
 Сінгапур — 380000.
 Тайланд — 697000
 Бруней — 261902
Востраў Калядаў — 300
Какосавыя астравы — 588
 Шры-Ланка — 70000
 Аўстралія — 117000
 Емен — 56000

Мова малайская
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы мадурцы, малагасійцы, бетаві, балійцы, яванцы, бугі, Аранг-Лаўт, ібан, банджарцы

Гісторыя

правіць

Продкі малайцаў мігрыравалі ў Паўднёва-Усходнюю Азію з поўдня сучаснага Кітая ў сярэдзіне 4 тысячагоддзя да н. э. Маршрут міграцыі з'яўляецца спрэчным. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён адбываўся праз Індакітай. У такім разе паўвостраў Малака і востраў Суматра былі аднымі з першых, населеных малайскімі народамі. Аднак у апошнія гады пад уплывам археалогаў і генетыкаў вучоныя схіляюцца да думкі, што існаваў іншы шлях міграцыі праз Філіпіны і ўсходнія Зондскія астравы.

У сярэдзіне VII ст. н. э. на поўдні Суматры ўзнікла дзяржава Шрывіджая (Мелаю), дзе карысталіся пісьмовай мовай, якая лічыцца прамым продкам сучаснай малайскай мовы. Больш позняя гістарычная літаратура малайцаў паведамляла, што назва Мелаю паходзіць са старажытнай яванскай мовы і значыць імклівую раку на Суматры. Выказваецца таксама думка, што Мелаю паходзіць са старажытнай тамільскай мовы і значыць "жыхары гор" або "жыхары гарадоў". У індыйскай сярэднявечнай літаратуры рэгіён Мелая Двіпа атаясамліваўся з тэрыторыямі вакол Малакскага праліва. У якасці этноніма тэрмін "малайцы" пачаў ужывацца не раней за XV ст. у дачыненні да нашчадкаў перасяленцаў з Суматры і вострава Бангка на паўвостраў Малака, каб адрозніць іх як ад карэннага насельніцтва аслі, так і ад іншых іншаземцаў. У XVI - сярэдзіне XX стст. еўрапейцы выкарыстоўвалі тэрмін "малайцы" у дачыненні да розных аўстранезійскіх народаў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Паміж XII ст. і XV ст. адбывалася ісламізацыя малайскага насельніцтва. Пасля заняпаду дзяржавы Шрывіджая ў XIV ст. пануючую ролю ў рэгіёне адыгрываў Малакскі султанат. Ён з'яўляўся адным з галоўных цэнтраў распаўсюджвання іслама. Малайцы актыўна займаліся гандлем, перасяляліся на іншыя тэрыторыі. У XIV ст. імі была заснавана дзяржава Бруней на востраве Калімантан. Пасля захопу Малакі ў 1511 г. партугальцамі Бруней імкліва пашыраўся. У яго склад увайшлі многія астравы сучасных Малайзіі, Інданезіі і Філіпінаў. У 1578 г. у выніку вайны з Іспаніяй Бруней страціў Філіпіны. На паўвостраве Малака і астравах Бангка–Белітунг узнікла 7 асобных малайскіх дзяржаў.

У XVII - XIX стст. усе малайскія дзяржавы апынуліся ў каланіяльнай залежнасці ад Нідэрландаў і Вялікабрытаніі. У XIX ст. галандскія і брытанскія ўлады заключылі дагавор аб сферах уплыву, які прадвызначыў падзел малайскага народа на малайцаў Інданезіі і малайцаў Малайзіі. У 1888 г. Вялікабрытанія ўсталявала пратэктарат над Брунеям. У 1895 г. стварыла пратэктарат Федэратыўныя Малайскія Штаты. Акрамя таго, у склад яе валоданняў трапіла некалькі "нефедэраваных" зямель на паўвостраве Малака і Кра. Як галандскія, так і брытанскія каланіяльныя ўлады не знішчылі традыцыйныя формы кіравання. Малайская мова шырока выкарыстоўвалася імі ў адміністрацыі і адукацыі. Многія выхадцы з малайскіх сем'яў займалі пасады дробных каланіяльных чыноўнікаў і атрымоўвалі адукацыю па еўрапейскаму ўзору. З XIX ст. выдаваліся сродкі масавай інфармацыі на малайскай мове. Малайцы, што траплялі ў каланіяльную службу або наймаліся ў якасці салдат і рабочых, часцяком перасяляліся за межы свайго рэгіёна. Так узніклі малайскія абшчыны на Шры-Ланцы, поўдні Афрыкі, Емене, Какосавых астравах і г. д. Разам з гэтым, брытанскія плантатары прыцягвалі для працы рабочых з іншых краін, галоўным чынам з Кітая і Індыі, што прывяло да з'яўлення буйных іншаземных абшчын. Да сярэдзіны XX ст. колькасць кітайцаў у Сінгапуры і на поўначы Калімантана перавышала колькасць малайцаў.

З канца XIX - пачатку XX ст. сярод малайцаў шырыўся нацыянальны рух. У галандскіх калоніях ён быў звязаны з агульнаінданезійскім рухам за незалежнасць. У брытанскіх калоніях малайскі нацыяналізм меў ярка акрэсленыя этнічныя рысы і быў накіраваны як супраць каланіяльных уладаў, так і рабочых-мігрантаў. Важную ролю адыграла акупацыя малайскіх зямель японцамі падчас II Сусветнай вайны. Яна паказала слабасць каланізатараў і падштурхнула да самастойнай барацьбы супраць акупацыі. Асабліва пацярпела малайскае насельніцтва паўночнага Калімантана, дзе японскія акупанты знішчылі мясцовую інтэлектуальную эліту, а малайцы-сяляне пакутавалі ад нападаў кітайскіх партызан. Пасля II Сусветнай вайны канфлікт паміж кітайцамі і малайцамі Калімантана працягваўся некалькі дзесяцігоддзяў.

У 1945 г. была абвешчана незалежнасць Інданезіі. У выніку палітычных рэформ малайскія манархіі на тэрыторыі гэтай краіны былі ліквідаваны, а малайцы ператварыліся ў этнічную меншасць. У 1957 г. была абвешчана незалежнасць Малайзіі. З-за непаразумення паміж радыкальнымі нацыяналістамі і ісламістамі ўлада ў Малайзіі апынулася ў руках кансерватараў, якія захавалі федэратыўны характар дзяржавы і мясцовыя манархіі. У наш час Малайзія пазіцыянуе сябе як малайская дзяржава. Асаблівы статус малайскай мовы і культуры таксама вызначаны ў Брунеі. З 1948 г. існуе малайскі нацыянальны рух на поўдні Тайланда.

Культура

правіць

Гаспадарчыя заняткі

правіць
 
Праца на рысавых палетках, Сабах

Асноўнымі заняткамі малайцаў здаўна з'яўляюцца сельская гаспадарка і рыбалоўства. Малайскія сяляне вырошчваюць рыс, кукурузу, клубянёвыя культуры, цукровы трыснёг, перац, какосы, садавіну і гародніну. Асноўнай спажывецкай культурай з'яўляецца рыс. У мінулым былі распаўсюджаны як апрацоўка заліўных палеткаў з дапамогай буйвалаў, запрэжаных у адналемешны плуг, так і ручная апрацоўка зямлі матыкай. З XIX ст. на землях, населеных малайцамі, ствараліся буйныя плантацыйныя гаспадаркі, дзе вырошчвалі каўчукавыя дрэвы, алейную пальму, каву, чай і г. д. Аднак на плантацыі ў якасці рабочых часцей прыцягвалі іншаземцаў. Малайцы працавалі на іх часова. У нашы дні земляробства дастаткова інтэнсіфікавана, а плантацыйныя культуры вырошчваюць і ў дробных сялянскіх гаспадарках. Распаўсюджаныя свойскія жывёлы — буйвалы, козы, авечкі, куры, качкі.

Рыбалоўства — важны занятак для жыхароў марскога і рачных ўзбярэжжаў. Існуюць розныя спосабы лову, у тым ліку з дапамогай сетак, пастак, вудаў.

Традыцыйныя рамёствы — выраб керамікі, апрацоўка металаў і драўніны, ткацтва, пляценне. Асаблівым попытам карысталася прадукцыя малайскіх ювеліраў і збройнікаў. Малайскія крысы высока цаніліся на астравах Інданезіі, Філіпінах, Індакітаі і на поўдні Кітая. Жыхары Малакі лічыліся слыннымі ткачамі, выраблялі шаўковыя і папяровыя тканіны. Ткацтва з'яўлялася мужчынскім заняткам. Пляценнем займаліся жанчыны.

Мараплаўства

правіць
 
Будаўніцтва карабля

Падобна да многіх іншых аўстранезійскіх народаў, малайцы здаўна займаліся мараплаўствам.

Традыцыі суднабудавання не губляюцца і ў нашы дні, а наогул бяруць пачатак у глыбокай старажытнасці. Традыцыйныя марскія судны падзяляюцца на шмат відаў. Нароўні з малымі рыбацкімі суднамі, малайцы будуюць вялікія ветразнікі пініс або пераху, што выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў. Традыцыйныя караблі робяць з некалькіх відаў каштоўнай драўніны. Суднабудаўнікі аб'яднаны ў вытворчыя групы на чале са старэйшым майстрам. Ён непасрэдна адказвае за працу, вызначае, каго з рабочых уключаць у групу. Драўляныя судны робяць па замове. Канчатковая аплата даецца замоўцам толькі за гатовае судна.

Галоўнай мэтай малайскіх мараплаўцаў быў гандаль, аднак яны таксама засноўвалі новыя пасяленні, займаліся пірацтвам. Асноўнымі месцамі наведвання з'яўляліся шматлікія астравы Малайскага архіпелага, на поўначы — Чампа і паўднёвы Кітай, на захадзе малайскія караблі дасягалі Індыі і Персіі. Плаванні залежалі ад сезонных вятроўмусонаў. Вяршыні гарыстых астравоў служылі надзейнымі арыентырамі. Малайцы карысталіся компасам, чыталі карту зорнага неба.

Караблі рэдка плавалі паасобку. Звычайна малайскія гандляры арганізоўвалі флатыліі. Гандаль з Кітаем, Індыяй і Малукскімі астравамі даваў вялізарныя прыбыткі, але таксама патрабаваў значных капіталаўкладанняў. Часцяком арганізатарамі гандлёвых флатылій выступалі манархі і буйныя дзяржаўныя дзеячы. Гандляры, капітаны суднаў, марскія рабочыя і грабцы лічыліся прадстаўнікамі розных сацыяльных катэгорый, таму па-рознаму апраналіся, мелі асобныя месцы на судне. У той жа час марскія вандроўкі давалі магчымасць падвысіць свой сацыяльны статус. Так, многія капітаны пачыналі сваю кар'еру з матросаў, ператвараліся ў гандляроў і нават прыдворных дарадцаў.

Найбольш распаўсюджаны тып сельскага паселішча — кампунг, які складаецца з некалькіх дворагаспадарак, акружаных садамі або какосавымі гаямі, пабудаваных на ўзвышшах уздоўж дарог, рэк, на берагах мора. Традыцыйныя каркасныя хаціны ставяцца на па́лі. Паселішчы рыбакоў часцяком будуюць адразу на вадзе. Хаціны ў іх злучаны масткамі на палях. Акрамя таго, з перыяду сярэднявечча малайцы будуюць гарады. У мінулым яны засноўваліся ў вусці буйных рэк куа́ла. У перыяд Шрывіджаі і Малакскага султаната на адным беразе засноўваўся палац і паселішча рамеснікаў, на другім — порт і ваеннае ўмацаванне. З распаўсюджаннем іслама цэнтрамі гарадоў сталі галоўная мячэць і навакольныя рэлігійныя і свецкія будынкі[3]. У XIX - XX ст. з'явіліся так званыя новыя вёскі — рабочыя паселішчы пры руднях і плантацыях, што мелі рэгулярную планіроўку.

Традыцыйная сельская і гарадская жылая пабудова — румах[4]. Яна ставіцца на па́лі. Да жыллёвай часткі вядзе лесвіца. Паверх на па́лях каркасны, падзяляецца на некалькі пакояў. Дах мае чатыры нахілы. Галоўны будаўнічы матэрыял — драўніна. Румах узводзіцца без цвікоў, пры жаданні хутка разбіраецца і перавозіцца ў іншае месца.

Вопратка

правіць

Асноўная народная вопратка малайцаў — саронг, які ў жанчын і мужчын адрозніваецца толькі колерам. Жанчыны аддаюць перавагу яркім пярэстым тканінам, а мужчыны — клецістым або паласатым. Жанчыны таксама апранаюць па-над саронгам доўгую кофту кебая. Яна можа дасягаць каленаў. Галаву і плечы па мусульманскаму звычаю пакрываюць хусткай. Мужчыны носяць кашулю прамога крою баджа, на галаве — аксамітавы капялюшык сангкок або хустку.

 
Рыс з мясам і гароднінай

Народныя кулінарныя традыцыі малайцаў фарміраваліся як на мясцовай глебе, так і пад уплывам кітайскай, індыйскай, у меншай ступені — еўрапейскай кухняў. Малайцы ядуць, седзячы на цыноўках. Асноўнай ежай з'яўляецца рыс, які вараць у вадзе наступным чынам: даводзяць да хуткага кіпення, а потым стамляюць на павольным агні. Звараныя такім чынам рысавыя зярняты не склейваюцца. Гатовы рыс перакладаюць у бамбукавы ці парцалянавы посуд і ставяць на цыноўкі. Вакол посуду з рысам раскладаюць талеркі або какосавыя шкарлупіны з падлівамі і іншымі стравамі. Усе стравы падаюць адразу. Ядуць рукамі, пры гэтым талерку з падлівай трымаюць у правай руцэ.

Вострыя падлівы самбал — важны элемент народнай кухні. Іх гатуюць з гародніны з дабаўленнем чырвонага перца. У самбал можа класціся вараная рыба, кавалкі мяса. Вельмі папулярны розныя гатункі квашанай рыбы пекасам. Рыбу таксама ядуць смажанай, запечанай на агні, вяленай. З мяса гатуюць супы кары і сота. Малайцы ўжываюць пшанічны або рысавы хлеб році і кукурузны хлеб апам, пальмавы і какосавы алей, лапшу, салаты, салодкія прысмакі кіюх-міюх і г. д. Распаўсюджаныя алкагольныя напоі — какосавы арак і лёгкае пальмавае віно. Малайцы жуюць бетэль.

Грамадства

правіць

Асновай традыцыйнага грамадства з'яўляецца малая нуклеарная сям'я, адносіны ў якой рэгулююцца шарыятам, звычаёвым і дзяржаўным правам. У большасці выпадкаў сем'і манагамныя, хаця іслам дазваляе палігінію. У мінулым дзяўчыны выходзілі замуж у 12 - 14 гадоў. Хлопцы жаніліся пасля 16, часцяком у сталым узросце. Жаніх быў абавязаны выплаціць грошы бацькам нявесты на арганізацыю вяселля, выкуп за нявесту і пасаг самой нявесце. Маёмасць мужа і жонкі разглядалася як адрозная. Разводы не лічыліся парушэннем традыцый. Разведзеныя жанчыны зноў маглі ўступаць у шлюб, хаця ў гэтым разе вяселле не арганізоўвалася, паміж мужам і жонкай складаўся шлюбны кантракт. Пасля нараджэння дзіцяці жанчына 40 дзён лічылася нячыстай, пасля чаго павінна была прайсці абрад ачышчэння. Бацька шаптаў нованароджанаму імя святога, каб гэта быў першы гук, пачуты ў жыцці.

Да канца XIX ст. большасць малайцаў належала да асабіста свабодных абшчыннікаў. Абшчына была суседскай і аб'ядноўвала жыхароў аднаго кампунга. Кампунг не быў вялікім, у ім жыло каля 20 сем'яў. На чале стаяў стараста. Сельская абшчына арандавала ворыўную зямлю ў султана і размяркоўвала яе паміж чальцамі. Гарадскія абшчыны аб'ядноўваліся па прафесійнай прыкмеце і таксама выплочвалі супольныя падаткі.

Найлепей традыцыйная форма малайскага грамадства захавалася ў Брунеі.

Фальклор

правіць

Малайскі вусны фальклор адрозніваецца значным багаццем пабытовых і чарадзейных казак. Героямі пабытовых казак звычайна выступаюць жывёлы. Вылучаюцца цыклы казачных апавяданняў пра духаў серыта ханту. З XIV ст. вядуцца запісы фальклора хікаят. Музычная традыцыя шчыльна пераплецена з вуснай, паколькі традыцыйныя музыканты акампануюць спевакам. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструментыбарабаны, уд, флейта, скрыпка і інш. Песні звычайна рыфмаваныя. Вылучаецца некалькі тэматычных відаў песень, кожны з якіх адрозніваецца асаблівасцямі выканання, у тым ліку песні, прысвечаныя прыдворным цырымоніям, каханню, марскім вандроўкам і расстанням.

Рэлігія

правіць

Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Захоўваюцца некаторыя анімістычныя вераванні ў злых і добрых духаў.

Зноскі

Гл. таксама

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
  NODES
Done 1