Рамаяна
Рамаяна (санскр.: रामायण, Rāmāyaṇa IAST «вандраванне Рамы») — старажытнаіндыйскі эпас на санскрыце, аўтарам якога ў традыцыі індуізму прынята лічыць мудраца Валмікі. З'яўляецца адным з найважнейшых свяшчэнных тэкстаў індуізму канону смрыці.
Артыкул паводле тэматыкі |
Рыг · Яджур · Сама · Атхарва |
Айтарэя · Брыхадараньяка · Іша · Тайтцірыя · Чхандог'я · Кена · Мундака · Мандук'я · Катха · Прашна · Шветашватара |
Бхагавата · Брахмавайварта · Ваю · Вішну · Маркандэя · Нарада · Падма |
Смрыці · Шруці · Бхагавад-гіта · Агамы · Панчаратра · Тантры · Кавача · Сутры · Стотры · Дгарма-шастры · Дзіўя-прабандха · Тэварам · Чайтанья-чарытамрыта · Рамачарытаманаса · Ёга-Васіштха |
Згодна з традыцыяй індуізму, дзеянне «Рамаяны» адбываецца ў эпоху Трэта-юга, каля 1,2 млн. гадоў таму. Навукоўцамі «Рамаяна» датуецца IV стагоддзем да н. э. У ёй апавядаецца гісторыя сёмай аватары Вішну Рамы, чыю жонку Сіту выкрадае Равана - цар-ракшаса Ланкі. У эпасе асвятляюцца тэмы чалавечага існавання і паняцце дхармы. Таксама як і «Махабхарата», «Рамаяна» — гэта не проста звычайная гісторыя. У ёй утрымліваюцца вучэнні старажытных індыйскіх мудрацоў, якія прадстаўлены пасродкам алегарычнага апавядання ў спалучэнні з філасофіяй і бхакці. Персанажы Рамы, Сіты, Лакшманы, Бхарата, Ханумана і Раваны з'яўляюцца неад'емнымі элементамі культурнай свядомасці Індыі.
«Рамаяна» складаецца з 24000 вершаў (480002 слоў — каля адной чвэрці тэксту «Махабхараты», што ў чатыры разы больш «Іліяды»), якія размеркаваны на сем кніг і 500 песень, званых «канд». Вершы «Рамаяны» складзеныя ў метры з трыццаці двух складоў, які завецца ануштубх.
Эпас пабудаваны зусім адметна — ён пераносіць чытачоў у свет казачны, фантастычны. Тут адбіліся падзеі таго перыяду ў гісторыі Індыі, калі арыйцы рухаліся на поўдзень краіны, заваёўваючы Дэкан. У паэме знайшла адлюстраванне барацьба белай і чорнай рас, бо арыйцы — белыя, а спрадвек насялялі Індыю дравіды — народ зусім іншага расавага тыпу.
Галоўны герой «Рамаяны» — Рама. Сюжэт паэмы наступны. Рама, старэйшы сын цара, жыў шчасліва са сваёй жонкай Сітай. Інтрыгі мачахі вымушаюць яго разам з Сітаю збегчы з дому. Жывучы ў лесе, Рама пакрыўдзіў лясную пачвару, якая паскардзілася свайму брату — магутнаму ўладару вострава Ланкі (Цэйлона) дзесяцігаловаму цмоку Равану. Раван крадзе Сіту і пераносіць яе на Цэйлон. Тут ён спакушае жанчыну багаццем, раскошаю, магічнымі ведамі, але Сіта застаецца вернай жонкай. Пасля шматлікіх прыгодаў Рама са сваім войскам, якое ўключае жывёл — малпаў ды мядзведзяў,— перапраўляецца на Цэйлон і перамагае Равана. Праўда, Сіту Рама падазрае ў нявернасці. Але бог Агні, які знаходзіцца ў Індыі літаральна ў кожным памяшканні і таму ведае ўсё, пераконвае героя ў чысціні яго жонкі. Пераможца Рама разам з Сітаю вяртаюцца на радзіму, дзе героя тут жа аб'яўляюць царом. Але ён працягвае пакутаваць ад рэўнасці. Сіта вымушана сысці ў лес, дзе нараджае двух хлопчыкаў-блізнят. Калі сыны падрастаюць, Сіта прыводзіць іх у сталіцу. Рама пазнае падобных да яго сыноў і тым не менш зноў патрабуе ад Сіты доказаў сваёй чысціні і вернасці. Сіта звяртаецца як да сведкі да Маці-Зямлі і просіць забраць яе ў свае нетры. Зямля раскрываецца і паглынае Сіту, адначасова даказаўшы яе вернасць, паколькі адгукнулася на просьбу жанчыны. Толькі пасля смерці, у іншасвеце, злучаюцца нарэшце муж ды жонка.
Такім чынам, сюжэт паэмы трагічны. Дамінуючы матыў, які будзе неаднаразова сустракацца ў сусветнай літаратуры,— немагчымаснь для блізкіх людзей жыць разам — часта гэта абумоўлена характарамі і псіхалагічнымі асаблівасцямі саміх закаханых.
У «Рамаяне» шмат пабочных ліній, устаўных эпізодаў. Многія з іх, ды і ў цэлым сюжэт, пазнаюцца ў народных казках. Паэма вельмі лірычная. У ёй часта сустракаюцца маналогі герояў, у якіх яны выказваюць свае пачуцці. Асабліва вядомы маналог Рамы, калі ён вяртаецца ў лясны будан, дзе жыве з жонкай, і не знаходзіць там яе (яе выкраў Раван). Рама бегае па лесе, шукае, кліча, плача, пытае пра каханую ў розных стыхій прыроды, звяртаецца да рэк і гор, да ветру і сонца. Тут мы можна заўважыць пераемнасць лірычнай традыцыі ў блізкіх па духу, па культуры індаеўрапейскіх народаў.
Стыль «Рамаяны» незвычайны. Ён характарызуецца перш за ўсё дэталізаванымі і надзвычай маляўнічымі апісаннямі, сярод якіх важнейшае месца належыць апісанням прыроды. Увага да краявідаў, да кліматычных праяў, да сувязі паміж рознымі прыроднымі з'явамі, жывёламі і чалавекам — важнейшая рыса паэмы. Упершыню ў «Рамаяне», а потым па яе ўзору ва ўсёй эпічнай індыйскай паэзіі дадзены разгорнутыя апісанні пор года.
Паэма ўражвае сваімі эстэтычнымі вартасцям. Велізарнае значэнне надаецца «Рамаяне», ў Індыі, а таксама ў краінах т.зв. індыйскага круга культуры — Непале, Інданезіі, Пакістане, на Цэйлоне, у народаў Індакітая. Увесь народны тэатр тут заснаваны на матывах з «Рамаяны». Паэты, драматургі не перастаюць інтэрпрэтаваць яе сюжэт. Героям эпасу прысвечаны творы жывапісу, скульптуры, музыкі. Рама — ідэал мужчыны, Сіта — жанчыны, на іх прыкладах выхоўваюць дзяцей. Адно з важнейшых святаў Індыі — Дывалі, або асенняе Свята Агню, адзначаецца як памяць таго дня, калі вялікі і непераможны Рама вярнуўся ў родную краіну, а потым кіраваў у ёй мудра і справядліва.
Літаратура
правіць- Шамякіна Т. Літаратура Старажытнай Індыі // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 208—213. — ISBN 978-985-02-0925-2.