Тра́ктар[1][2] (англ.: tractor ад лац.: traho цягну) — самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад[1].

Трактар
Калёсны трактар з паравым рухавіком (ЗША)
Трактар «Фардзон-Пуцілавец» (СССР)
Першы гусенічны трактар СССР «Коммунар»
Колавы трактар МТЗ-80.

Будова

правіць

Складаецца з каркаса, які служыць апорай трактара, рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі, механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя прылады, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншчальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.).

На сельскагаспадарчыя трактары ўсталёўваюць механічныя каробкі перадач з колькасцю перадач да 32, пераважна з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастатычнымі і гідрамеханічнымі перадачамі. Для паніжаных тэхналагічных скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншчальнікам.

Сучасныя колавыя трактары пераважна маюць прывад на ўсе чатыры колы і абсталяваны блакіроўкай дыферэнцыяла. У большасці трактароў заднія колы большыя за пярэднія: пярэднія колы меншага памеру палягчаюць манеўраванне ў полі, а вялікія заднія шыны паляпшаюць праходнасць трактара і лепш размяркоўваюць счэпную вагу[3]. Колавыя трактары маюць прасцейшую канструкцыю, але маюць горшую праходнасць. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, але іх недахопамі з’яўляюцца вялікая маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу.

Класіфікацыя

правіць

Бываюць колавыя і гусенічныя; сельскагаспадарчыя (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спецыяльныя — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і іншыя), прамысловыя (тралёвачныя, дарожна-будаўнічыя), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).

Сельскагаспадарчыя трактары агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі сельскагаспадарчых культур. Універсальна-прапашныя — для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных трактароў — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў або гусеніц, дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны.

У краінах СНД трактары падзяляюцца на 10 класаў, паводле цягавага намагання: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (2 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН).

Вытворчасць

правіць

Першыя колавыя трактары з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830-я гады ў Вялікабрытаніі і Францыі, з рухавікамі ўнутранага згарання — у 1901 годзе у ЗША, гусенічныя — у 1912 годзе ў ЗША. Як галіна прамысловасці трактарабудаванне існуе з 1917 года, калі на заводах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў. У лік найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць «Нью-Холанд», «Джон Дзір», «Масі Фергюсан», «Дойц», «Ландзіні», «Кейс». У Беларусі трактары выпускае Мінскі трактарны завод, які ў 1950 годзе пачаў вырабляць гусенічныя і тралёвачныя, а з 1953 года колавыя сельскагаспадарчыя трактары «Беларус»[1][4].

Крыніцы

правіць
  1. а б в БелЭн 2002.
  2. ТСБЛМ 2016.
  3. Carina Mollner. Die Superpower der Acker-Giganten (ням.). Auto Motor und Sport (13 студзеня 2024). Праверана 15 лютага 2024.
  4. Трактарабудаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).

Літаратура

правіць
  • Кандрацьеў В. М., Мялешка М. Р. Тра́ктар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 500—501. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Тра́ктар // Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / уклад.: І. Л. Капылоў [і інш.] ; пад рэд. І. Л. Капылова. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016. — С. 823. — 968 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-11-0937-7.
  • Тра́ктар // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 505. — 663 с.
  • Тра́ктор / Барский И. Б. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 137—141. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Тра́ктор // Большая политехническая энциклопедия (руск.) / Авт.-сост. В. Д. Рязанцев. — М.: Мир и образование, 2011. — С. 551. — 704 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-5-94666-621-3.
  • Тра́ктор // Сельскохозяйственный энциклопедический словарь (руск.) / Редкол.: В. К. Месяц (гл. ред.) и др. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 544—545. — 565 с. — 100 000 экз.
  • Мартиненко В. П. Тра́ктор // // Українська радянська енциклопедія : у 12 т. / гол. ред. М. П. Бажан; редкол.: О. К. Антонов та ін. — 2-ге вид. — К. : Головна редакція УРЕ, 1984. — Т. 11, кн. 1 : Стодола — Фітогеографія. — С. 319. — 606, [2] с., [22] арк. іл. : іл., портр., карти с. (укр.)
  NODES
os 1