Хі́ндзі (саманазва: हिन्दी, трансл. hindī) — адна з моў Індыі, на якой гавораць у большасці паўночных і цэнтральных рэгіёнаў краіны, адносіцца да цэнтральнай зоны індаарыйскай групы індаіранскае галіны індаеўрапейскай моўнай сям’і. З 1965 — адна з афіцыйных моў Індыі, таксама мае афіцыйны статус у радзе штатаў поўначы і цэнтра Індыі. Па колькасці носьбітаў (каля 480 млн чал.) займае пятае месца ў свеце пасля арабскай, кітайскай, англійскай і іспанскай моў. На хіндзі створана багатая літаратура.

Хіндзі
Саманазва हिन्दी
Краіны Індыя, Фіджы, Маўрыкій, дыяспара
Рэгіёны Індастан
Афіцыйны статус  Індыя
Арганізацыя, якая рэгулюе Цэнтральны дырэктарат хіндзі[1]
Агульная колькасць носьбітаў
  • 341 000 000 чал. (2019)
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Індаіранская галіна
Індаарыйская група
Цэнтральная зона
Хіндустані
Кхарыболі
Хіндзі
Пісьменнасць дэванагары
Моўныя коды
ДАСТ 7.75–97 хин 770
ISO 639-1 hi
ISO 639-2 hin
ISO 639-3 hin
WALS hin
Ethnologue hin
Linguasphere 59-AAF-qf
ABS ASCL 5203
IETF hi
Glottolog hind1269
Вікіпедыя на гэтай мове
Хіндзі (кхарыболі) у вузкім сэнсе (гл. далей)
Распаўсюджанне варыянтаў і гаворак хіндзі (т.зв. пояс хіндзі)

Класіфікацыя

правіць

У найбольш вузкім разуменні хіндзі прадстаўляе сабою адну з літаратурных норм дыялекту кхарыболі мовы хіндустані, адрозніваючыся ад іншай нормы — урду — большай колькасцю санскрытызмаў і адначасова значна меншай колькасцю араба-персідскіх лексем (якія, зрэшты, часам выдаляліся штучна), а таксама выкарыстаннем традыцыйнага індыйскага пісьма дэванагары. Акрамя таго, хіндзі і ўрду маюць рад дробных адрозненняў у фанетыцы і марфалогіі, але наогул усе адрозненні між дзвюма літаратурнымі нормамі не перашкаджаюць узаемаразуменню носьбітаў дзвюх літаратурных моў на размоўным узроўні.

Больш шырокае азначэнне хіндзі (т.зв. пояс хіндзі) уключае ў сябе вялікую колькасць ідыёмаў паўночнай Індыі індаарыйскага паходжання, якія часта традыцыйна класіфікуюцца як дыялекты хіндзі, але структурна могуць уяўляць сабой асобныя мовы (напрыклад, раджастхані, біхары, чхатысгархі і пад.). Усе гэтыя ідыёмы, у тым ліку ўласна дыялект кхарыболі, утвараюць дыялектны кантынуум, ідыёмы якога дзеляцца на дзве групы — усходні і заходні хіндзі. Некаторыя ідыёмы ў складзе пояса хіндзі распаўсюджаныя, у прыватнасці, на астравах Маўрыкій і Фіджы, дзе пражываюць значныя індыйскія супольнасці нашчадкаў рабочых мігрантаў перыяду ХІХ ст., дыялекты гэтых рэгіёнаў маюць уласную літаратурную норму.

Дыялект кхарыболіberu (на якім заснаваныя як літаратурная хіндзі, так і літаратурная урду) ўваходзіць у кластар заходняга хіндзі, зыходзячы з пашыранага азначэння, і з’яўляецца варыянтам мовы хіндустані, якая адносіцца да т.зв. пояса хіндзі[2].

Гісторыя

правіць

Утварэнне

правіць

Сучасны дыялект кхарыболіberu, як і ўсе сучасныя індаарыйскія мовы і дыялекты, аб’яднаныя пад тэрмінам новаіндыйскія мовы, паходзяць ад дыялектаў апабхраншаberu, якія распаліся прыблізна на мяжы першага і другога тысячагоддзяў н.э.

Сярэдневякоўе

правіць

Мова хіндзі прайшла доўгі шлях развіцця, які дзеліцца на некалькі этапаў, якія адбіліся на фанетычным і граматычным ладзе мовы, а таксама на яе лексіцы:

  1. Ранні перыяд (з X да XII стст.), падчас якога ў Паўночнай Індыі валадарылі князі-індусы.
  2. Ранні сярэдні перыяд (з XII да XVI стст.), або перыяд кіравання цюрак.
  3. Позні сярэдні перыяд (з XVI да XIX стст.), або перыяд кіравання Вялікіх Маголаў, у сярэдзіне якога пачалося заваяванне Індыі еўрапейцамі.
  4. Сучасны перыяд, які падзяляецца на два падперыяды:
  • з пачатку XIX ст. да атрымання Індыяй незалежнасці ў 1947 г.;
  • з моманту атрымання і дагэтуль.

Сучасная літаратурная мова хіндзі як размоўная мова зарадзілася ў гістарычнай вобласці Куруberu, у раёне ДэліМератха (Мірута). Гэтая мова атрымала назву каўраві, г.зн. мова рэгіёна Куру. Знаходзячыся на стыку некалькіх моў хіндзі, каўраві ўвабрала ў сябе элементы такіх моў, як браджberu, бангару, панджабі. Стаўшы мовай бытавых зносін вялікага і палітычна важнага арэала, каўраві атрымала сучасна вядомы тэрмін — кхарыболі, г.зн. «унармаваная», або «правільная гаворка».

Персіянізацыя

правіць

З XI ст. у Індыю пачалі пранікаць заваёўнікі-мусульмане, якія заснавалі ў XIII стагоддзі Дэлійскі султанат. Іслам стаў дзяржаўнай рэлігіяй, а персідская мова, якая была роднай (але не этнічнай) мовай дынастыі — афіцыйнай мовай султаната. Сярод мусульманскіх кіраўнікоў і мусульманскай знаці былі вельмі адукаваныя людзі, якія стваралі розныя літаратурныя творы не толькі на персідскай мове, але і на мясцовай мове кхарыболі. Найбольш значным паэтам таго часу быў Амір Хасроў (1253—1325), які назваў мясцовую мову тэрмінам хіндаві, г.зн. мовай людзей, якія жывуць на ўсход ад Інда. На санскрыце назва гэтай ракі гучала як Сіндху, што ў выніку фанетычных змяненняў ператварылася ў слова «хінду». Гэтым словам сталі называць мясцовасць, што ляжыць на ўсход ад ракі Інд, а затым — і ўсю тэрыторыю Індыі. Само слова з цягам часу стала вымаўляцца як [хінд]. Праз некаторы час на канцы слова з’явіўся доўгі галосны, з-за чаго слова набыло рэалізацыю як хіндзі, г.зн. Індыя. Мясцовая мова, на якой размаўлялі ў Дэлі і ваколіцах, атрымала назву «забан-э-хіндзі», г.зн. «мова Індыі». Урэшце слова забан перастала ўжывацца, і мову пачалі называць проста хіндзі.

У пачатку сярэдняга перыяду развіцця сучаснай літаратурнай мовы хіндзі пачынае складвацца своеасаблівая гаворка, якая ўяўляе сабой пэўную сумесь хіндзі/кхарыболі і персідскай лексікі. З’яўленне гэтай гаворкі было звязана з сінтэзам індускай і мусульманскай культур. Захоўваючы асноўны слоўнікавы запас і граматычны лад кхарыболі, новая гаворка прыкметна папоўніла свой слоўнік за кошт як адмысловай персідскай лексікі, так і лексікі, якая адлюстроўвала бытавыя і рэлігійныя рэаліі мусульманскай дзяржавы. Гэтая гаворка спачатку называлася, як і мясцовая мова, — хіндаві.

З цягам часу хіндаві пачынае распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны Індыі, чаму спрыяла палітыка мусульманскіх уладароў, якія пашыралі сферу свайго ўплыву. З другога боку распаўсюджанне хіндаві звязана з агульнаіндыйскім рухам бхакці (рухам «адданых Богу»), прапаведнікі якога, побач з мясцовымі мовамі выкарыстоўвалі і хіндаві. Персіянізаваная форма хіндаві паступова засвойвалася як прыбышамі, так і мясцовымі мусульманамі, г.зн. індыйцамі, што прынялі іслам.

На мяжы ранняга і позняга перыяду развіцця паэзія на хіндаві (кхарыболі) перамяшчаецца на поўнач Паўднёвай Індыі, што звязана з заваявальнымі паходамі мусульманскіх уладароў у Дэкане. Тут хіндаві (кхарыболі) атрымлівае далейшае развіццё, пашыраючы свой слоўнік за кошт арабскай і персідскай лексікі. Пры гэтым хіндаві пачынае сістэматычна пісацца арабскім пісьмом. У адрозненне ад паўночнага хіндаві (кхарыболі), які выкарыстоўваў старажытны індыйскі алфавіт дэванагары, гэтая мова з яе арабскай графікай атрымала назву дакхіні («паўднёвая мова»). З цягам часу дакхіні становіцца прызнанай мовай зносін і асноўнай літаратурнай мовай паўночных раёнаў Дэкана.

Хіндаві працягвае развівацца і ў Паўночнай Індыі, асабліва пры двары Вялікіх Маголаў. Ён увабраў у сябе дастатковую колькасць арабскай і персідскай лексікі, якая стала неаддзельнай часткай яго слоўніка. Пры гэтым творы ствараліся з выкарыстаннем абедзвюх графік — дэванагары і арабскай.

Падчас заваявальных паходаў у Дэкан у XVII ст. хіндаві зноў пранікае на поўдзень. Каб адрозніваць гэту «прышлую» мову і мясцовую мову дакхіні, хіндаві пачалі называць «забан-э-урду-э-муала», г. зв. мовай «шахскага лагера». Праз пэўны час гэтая мова атрымала скарочаную назву — урду. Паўночны хіндаві, або ўрду, па шматлікіх чынніках выцесніў дакхіні і стаў адзінай літаратурнай мовай Дэкана. Паколькі паўночны хіндаві (урду) і дакхіні былі літаратурнымі нормамі аднаго дыялекту, пераход у літаратурнай творчасці з адной мовы на другую не ўяўляў асаблівай цяжкасці. Таму праз нязначны прамежак часу пасля заваявання Дэкана там з’явіліся паэты, якія стваралі творы на паўночным хіндаві (урду).

Такім чынам, на змену персідскай мове, якая адышла на другі план, прыйшла ўласна індыйская мова ў дзвюх пісьмовых формах. К канцу XVIII ст. персіанізаваная форма хіндзі, г.зн. урду, становіцца адзінай мовай зносін індыйскіх мусульман Паўночнай Індыі (акрамя Бенгаліі) і займае месца другой афіцыйнай мовы Магольскай імперыі. Англічане, якія к сярэдзіне XVIII ст. трывала замацаваліся ў Індыі, пачалі ў гэты час праводзіць сваю моўную палітыку, скасавалі ў 1835 годзе афіцыйны статус персідскай мовы ў адміністрацыі Ост-Індскай кампаніі, перайшоўшы на выкарыстанне хіндзі/урду і англійскай. Распад імперыі Вялікіх маголаў і ўмацаванне пазіцый брытанцаў паклалі пачатак сучаснаму перыяду развіцця літаратурнай мовы хіндзі. Імкнучыся заручыцца падтрымкай не толькі мусульманскай, але і індускай супольнасці, брытанцы, побач з урду, пачалі ўсялякім чынам заахвочваць і хіндзі. Да таго ж, яны лічылі, што хіндзі больш падыходзіць для прапаганды ў Індыі хрысціянскага вучэння.

Пачатак сучаснага перыяду ў станаўленні літаратурнай мовы хіндзі звычайна звязваюць з дзейнасцю хрысціянскага каледжа ў форце Уільяма ў Калкаце (Калькуце), якая к пачатку XIX стагоддзя стала палітычным і эканамічным цэнтрам брытанскай экспансіі ў Індыі. Іменна там было створана некалькі твораў (у абедзвюх графіках), з якіх найбольш вядомымі з’яўляюцца «Прэмсагар» («Акіян кахання») Лалу джы Лала (1803 г.) і «Багх о бахар» («Сад і вясна») Мір Амана (1802 г.). Паслядоўна слова «хіндзі» для абазначэння сучаснай літаратурнай мовы пачалі ўжываць брытанцы, пра што сведчаць назвы розных работ, якія з’явіліся ў пачатку XIX стагоддзя.

Сучасны перыяд развіцця хіндзі характарызуецца ўмацаваннем яго персіянізаванай формы — урду. У 1837 годзе ўрду быў прызнаны мовай судовых устаноў, г.зн фактычна стаў афіцыйнай мовай, выцесніўшы канчаткова персідскую мову. У той час хіндзі з пісьмом дэванагары не быў гатовы стаць афіцыйнай мовай, бо ў краіне да 1859 года панавала мусульманская адміністрацыя імперыі Вялікіх маголаў, і ўся спецыялізаваная тэрміналогія запазычвалася з арабскай і персідскай моў.

Навейшая гісторыя

правіць
 
Афіцыйныя мовы ў індыйскіх штатах. Чырвоны колер — хіндзі, сіні — англійская мова, аранжавы — іншыя рэгіянальныя мовы

Інтэнсіўнае развіццё хіндзі пачынаецца пасля дасягнення Індыяй незалежнасці ў другой палавіне XX ст. Канстытуцыя Індыі (1950 г.) абвяшчае хіндзі з пісьмом дэванагары адной з дзяржаўных моў Індыйскага Саюза. Літаратурная мова ўрду, у сваю чаргу, нягледзячы на атрыманне афіцыйнага статусу ў некаторых штатах, імкліва страчвае свой уплыў, аднак становіцца дзяржаўнай і міжнацыянальнай мовай суседняга Пакістана — дзяржавы, якая ўзнікла ў выніку мусульманскага сепаратысцкага руху, у якой у якасці мовы міжэтнічнай камунікацыі была прынята параўнальна нейтральная (г.зн. не звязаная з якім-небудзь асобным этнасам Пакістана) урду.

У XX ст. сучасная літаратурная мова хіндзі становіцца прадметам выкладання і навучання ў Індыі. Першае аддзяленне хіндзі было адкрыта ў 1919 годзе ў Калькуце. Першапачатковая палітыка Індыі падразумявала пад сабою паступовую замену англійскай мовы на хіндзі, супраць чаго, тым не менш, выступілі паўднёвыя дравідыйскія штаты, якія бачылі ў англійскай мове мову, якая не з’яўляецца нацыянальнай мовай якога-небудзь этнаса Індыі. Літаратурная хіндзі з’яўляецца афіцыйнай мовай дзелавых зносін усіх дзесяці хіндзімоўных штатаў Індыі, а таксама адной з дзвюх моў Індыі (разам з англійскай), якія маюць афіцыйны статус на федэральным узроўні.

Агульныя рысы

правіць

Агульны характар мовы збліжаецца з іншымі новаіндыйскімі мовамі. У фанетыцы адрозная яе рыса — знікненне цэлага рада фінальных зычных і галосных, у марфалогіі — падзенне сінтэтычнага скланення і спражэння. Хіндзі — мова з вельмі выразнымі аналітычнымі рысамі. Ад васьмі склонаў санскрыту ў хіндзі засталіся толькі прамы і ўскосны (тым не менш, хіндзі, як і іншыя новаіндыйскія мовы нельга разглядаць як мовы, што непасрэдна паходзяць ад санскрыту). Хіндзі мае двучленную іменную катэгорыю роду — мужчынскі і жаночы.

Узоры лексем

правіць
  • प्यार (pyār) — каханне
  • नमस्ते (namastē) — добры дзень! / да пабачэння!
  • नमस्कार (namaskār) — вітаю!
  • हाँ (hām̐) (альбо jī hām̐, hām̐ jī) — так, але
  • नहीं (nahīṁ) (альбо jī nahīṁ, nahīṁ jī) — не
  • धन्यवाद, शुक्रिया (dhanyavād, śukriyā) — дзякуй
  • आप कैसे हैं (āp kaisē haiṁ) — як маецеся?
  • तुम कैसे हो (tum kaisē hō) — як маешся?
  • ठीक ठाक हूँ (ṭhīk ṭhāk hūṁ) — добра.

Гл. таксама

правіць

Зноскі

правіць
  1. Central Hindi Directorate. About Us Архівавана 4 мая 2012. (англ.)
  2. Keith Brown. Hindustani // Encyclopedia of Language and Linguistics. — 2 ed. — Elsevier, 2005. — ISBN 0-08-044299-4.

Літаратура

правіць
  • Зограф Г. А. Хинди // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: «Советская энциклопедия», 1990. — С. 572—573.
  • Зограф Г. А., Оранская Т. И. Хинди язык // Языки мира: Новые индоарийские языки. — М.: Academia, 2011. — С. 47—105. — ISBN 5-87444-216-2.

Спасылкі

правіць

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
на хіндзі


  NODES