Шры-Ланка

астраўная краіна ў Паўднёвай Азіі
(Пасля перасылкі з Цэйлон)

Шры-Ланка з санскр.: Бласлаўлёная зямля (сінг.: ශ්රී ලංකා, тамільск.: இலங்கை) Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка (ДСРШЛ), дзяржава ў Паўднёвай Азіі, месціцца на востраве Шры-Ланка ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўскрайку паўвострава Індастан.

Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка
ශ්‍රී ලංකා ප්‍රජාතාන්ත්‍රික සමාජවාදී ජනරජය
இலங்கை ஜனநாயக சமத்துவ குடியரசு
Герб Шры-Ланкі
Сцяг Шры-Ланкі Герб Шры-Ланкі
Гімн: «Sri Lanka Matha»
Дата незалежнасці 4 лютага 1948 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйныя мовы сінгальская і тамільская
Сталіца Шры-Джаявардэнепура-Котэ (частку сталічных функцый выконвае г. Каломба)
Найбуйнейшы горад Каломба
Форма кіравання Рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Анура Кумара Дысанаяке
Раміл Вікрамасінгхе
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
119-я ў свеце
65 610 км²
1,9
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

22 409 381[1] чал. (58-я)
327 чал./км²  (43-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2018)
  • На душу насельніцтва

$298 310 млн
$13 847
ІРЧП (2018) 0,770[2] ()
Валюта Ланкійская рупія
Інтэрнэт-дамен .lk
Код ISO (Alpha-2) LK
Код ISO (Alpha-3) LKA
Код МАК SRI
Тэлефонны код +94
Часавыя паясы +5:30

Шры-Ланка — унітарная рэспубліка змешанага тыпу. Сталіца краіны дэ-факта — горад Каломба, дэ-юрэ (з 1985) — Шры-Джаявардэнепура-Котэ, фактычна паўднёва-заходні прыгарад Каломба. У Котэ размешчаныя парламент, вярхоўны суд і некаторыя міністэрствы, у Каломба знаходзяцца ўрад і рэзідэнцыя прэзідэнта. Шры-Ланка ўваходзіць у Садружнасць нацый, Рух недалучэння, стаіць ля вытокаў Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК).

Прырода вострава адметная выключнай разнастайнасцю рэльефу, цёплым вільготным мусонным кліматам, багатымі воднымі рэсурсамі, разнастайным раслінным і жывёльным светам, што спрыяе развіццю турызму.

Шры-Ланка мае даўнюю і багатую гісторыю, значная частка якой прайшла ў барацьбе паміж сінгальскімі і тамільскімі дзяржавамі. Стваралася будысцкая культурная спадчына (каноны, летапісы, храмы). Зручныя гавані рабілі востраў важным пунктам Марскога шаўковага шляху. З ХVI стагоддзя пачалося пранікненне на востраў еўрапейцаў: спачатку партугальцаў, потым нідэрландцаў. Пры гэтым цэнтральныя раёны вострава (Канды) захоўвалі самастойнасць. Толькі англічанам у пачатку ХІХ стагоддзя ўдалося падпарадкаваць усю Шры-Ланку. У 1948 краіна атрымала незалежнасць, у 1972 змяніла назву з Цэйлона на Шры-Ланку.

Насельніцтва шматнацыянальнае, хоць пераважаюць дзве этничныя групы: сінгалы і тамілы. Першыя складаюць тры чацвёртых насельніцтва краіны і вызнаюць будызм, другія з большага індуісты, а жывуць на поўначы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — «тыграў Таміл-Ілама» — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983—2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенным дзеянням урадавых сіл. Іншыя народы: абарыгенны народ веды, маўры (ларакала — нашчадкі арабаў і мясцовых мусульман), бюргеры (нашчаткі партугальцаў і нідэрландцаў), ланкійскія цыганы, кафіры (афрыканцы), кітайскія і малайскія мігранты[4]. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам «вядучае месца» і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.

Па ВУП на душу насельніцтва ў Паўднёвай Азіі Шры-Ланка саступае толькі Мальдывам. І толькі гэтыя дзве дзяржавы ў рэгіёне маюць высокі індэкс чалавечага развіцця.

Этымалогія

правіць

Паводле «Махавамсы» ў старажытныя часы востраў насіў назву Тамбапані, што ў перакладзе азначае «медна-чырвоныя рукі» або «медна-чырвоная зямля», так яго назваў легендарны кароль Віджая, бо ў яго паплечнікаў рукі былі чырвоныя ад мясцовай глебы[5][6]. Хіндуісцкія творы, такія як «Рамаяна», называлі востраў Ланка (у перакладзе проста «востраў»). Старажытным грэкам гэтая зямля была вядома пад назвай Тапрабана (ст.-грэч. Ταπροβανᾶ або Ταπροβανῆ)[7] ад Тамбапані. У Сярэднявеччы арабы і персы называлі востраў Сарандзіб[8]. Партугальцы ў 1505 далі яму назву Ceilão[9], адкуль пайшло шырокавядомае англійскае Цэйлон[10]. У 1972 краіна змяніла назву на Шры-Ланку (у перакладзе — «блаславёная зямля»), але тапонім «Цэйлон» неафіцыйна ўжываецца і сёння (з чым актыўна змагаюцца ланкійскія ўлады).

Геаграфія

правіць

Геаграфічнае становішча

правіць

Шры-Ланка займае аднайменны востраў, другі па памерах у Індыйскім акіяне. Плошча Шры-Ланкі — 65 тыс. кв. км. Працягласць берагавой лініі — 1585 км. Марская дзвесцемільная эканамічная зона краіны ўсямёра большая за яе тэрыторыю. Прыбярэжныя воды багатыя на прадуктыўныя экасістэмы: каралавыя рыфы, марскія травы эстуарыяў і інш.

Ад паўвострава Індастан Шры-Ланку аддзяляюць Манарскі заліў і Полкскі праліў. На поўначы — паўвостраў Джафна. Так званы Адамаў мост — ланцужок выспаў на водмелі ў Полкскім праліве — калісьці злучаў Шры-Ланку з мацерыком так, што па ім можна было перайсці пешшу, але, па дадзеных летапісаў, быў разбураны землятрусам разам з узнятым ім штормам каля 1481 г. Пралівы паміж выспачкамі «моста» вельмі мелкаводныя і не прыдатныя для навігацыі.

Рэльеф

правіць
 
Рэльеф Шры-Ланкі
 
Цэнтральнае плато

Востраў Шры-Ланка знаходзіцца на Індыйскай літасфернай пліце, што яшчэ нядаўна лічылася часткай Інда-Аўстралійскай пліты. Рэльеф вострава надзвычай разнастайны. Па ўсім перыметры Шры-Ланка аблямавана прыбярэжнымі нізінамі з пляжамі.

Большую частку краіны займаюць узгорыстыя раўніны. Цэнтральна-паўднёвую частку вострава займае складзенае гранітамі і гнейсамі Цэнтральнае плато вышынёй да 2,5 км, вышыні пераважна ў 1000—2000 метраў. Найбольшая вышыня — гара Підуруталагала (2524 м.)[4]. Крыху ніжэй за яе вядомы сваёй канічнай формай пік Адама (2243 м).

Клімат

правіць

Клімат субэкватарыяльны, на поўдні экватарыяльны. Мусоны доўжацца з кастрычніка па сакавік паўночна-ўсходні і з чэрвеня па кастрычнік паўднёва-заходні. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад з 1300—2000 мм. да 2500—3000 мм. Сярэднямесячная тэмпература каля 27 °C, у гарах 23—25 °C, на горным курорце Нувара-Элія (2000 м. над узроўнем мора) сярэднегадавая тэмпература 15 °C[4].

Прыродныя рэсурсы

правіць

Карысныя выкапні: каштоўныя і паўкаштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты); графіт, вапнякі, фасфарыты; будаўнічыя матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты); на паўночным і паўднёвым усходзе ўзбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі ( ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый)[4]. У Манарскім заліве разведаны невялікія запасы нафты, распачатая здабыча.

На востраве сто тры ракі, найдаўжэйшая — Махавелі (330 км[4]), басейн якой займае пятую частку Шры-Ланкі. Рэкі Цэнтральнага плато багатыя на вадаспады: усяго налічваецца пяцьдзясят адзін вадаспад вышэйшы за 10 м. Рэкорд вышыні належыць вадаспаду Бамбараканда (241 м).

Флора і фаўна

правіць

Раслінны свет — вільготныя экватарыяльныя лясы з разнастайным відавым складам (панданусы, пальмы і інш.). Каля 7000 га займаюць мангравыя лясы. Жывёльны свет вельмі багаты, што ўвогуле не надта характэрна для астравоў: дзікія буйвалы, сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы, алені замбар, мядзведзь-губач, шмат відаў малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках вядуцца кракадзілы[4]. Дванаццаць нацыянальных паркаў (сярод іх Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла[4]), тры запаведнікі і пяцьдзясят адна рэзервацыя займаюць 14 % тэрыторыі вострава.

Гісторыя

правіць

Дакаланіяльная гісторыя

правіць

Рэшткам найдаўнейшых знойдзеных археолагамі паселішчаў не меней як 125 000 гадоў.

Найстаражытнейшымі насельнікамі Шры-Ланкі былі продкі ведаў, якія адносіліся да веда-аўстралоіднай расы.

Сінгалы прыбылі на востраў каля VI ст. з паўночнай Індыі на чале з, як лічыцца паводле паданняў, Віджаям. Першай сінгальскай дзяржавай стала Тамбапані. У III—XIII стагоддзях на востраве існавалі буйныя сінгальскія каралеўствы са сталіцамі спачатку ў Анурадхапуры, а пасля ў Паланаруве.

У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. Іх поспеху садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон. Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяло да паступовага заняпаду Анурадхапуры. У 1017 г. н. э. Чола спустошылі Анурадхапуру і далучылі Шры-Ланку да сваёй імперыі. У 10281029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з-пад іх улады. Сінгальскі князь Вікрамабаху I захапіў у 1070 г. горад Паланарува і зрабіў яго сваёй сталіцай. Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (11231186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (12151236 гг.) быў родам з Калінгі ва Ўсходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленым стане ў адносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Пандзі. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі.

Каланіяльная гісторыя

правіць

У 1505 г. Шры-Ланку ўпершыню наведалі партугальцы. Да кан. XVI ст. яны здолелі падначаліць Ар’ясакарварці і ўзбярэжныя тэрыторыі, населеныя сінгаламі. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі сінгальскіх дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке (сучасны горад Авісавела). У XVII ст. уладары Канды ў барацьбе з Партугаліяй заручыліся падтрымкай Нідэрландаў. З дапамогай сінгалаў нідэрландцы захапілі ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжы. У 1656 г. Нідэрланды самастойна адабралі ў партугальцаў Каломба, а ў 1658 г. — Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне. Яны шукалі падтрымкі ў Францыі і Вялікабрытаніі.

У 1785 г. Нідэрланды былі заняты войскамі рэвалюцыйнай Францыі, што дазволіла Брытанскай Ост-Індскай кампаніі акупаваць галандскія ўладанні на востраве. У 1798 г. была створана асобная брытанская цывільная адміністрацыя для кіравання калоніяй з цэнтрам у Каломба; у выніку войн 18031805 і 1815 гг. была падначалена дзяржава з цэнтрам у Канды. Новыя ўлады праводзілі даволі складаную палітыку рэфармавання: адмянілі рабства, увялі брытанскую судовую сістэму, пабудавалі сетку дарог і стварылі буйныя камерцыйныя плантацыі. Асабліва паспяховым стаў вопыт вырошчвання ў горнай мясцовасці чаю, які ператварыўся ў галоўную экспартную культуру ў канцы XIX ст. Для працы на плантацыях увозіліся рабочыя-тамілы з Індыі, што спрыяла павелічэнню тамільскай абшчыны. Пры генерал-губернатары існавалі Выканаўчы і Заканадаўчы саветы, але мясцовае насельніцтва ў іх амаль не было прадстаўлена.

У другой палове XIX — пачатку XX стст. з’явіўся сінгальскі нацыяналістычны рух, які арыентаваўся не толькі на этнічныя і дзяржаўныя, але і рэлігійныя каштоўнасці. Тамільскія палітычныя арганізацыі ўзніклі пазней, адрозніваліся радыкалізмам і падтрымлівалі шчыльныя сувязі з Індыяй. Рух за незалежнасць суправаджаўся канфліктамі паміж сінгаламі, таміламі і мусульманамі-маўрамі. Брытанскія ўлады былі вымушаны ісці на саступкі. У пачатку XX стагоддзя яны пашырылі мясцовае самакіраванне, увялі Канстытуцыю і права на усеагульнае галасаванне. 4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. Канчаткова брытанцы пакінулі Шры-Ланку ў 1957 г.

Пасля набыцця незалежнасці

правіць

Пасляваенны перыяд характарызаваўся канкурэнтнай барацьбой паміж сінгальскімі і тамільскімі палітычнымі арганізацыямі. У 1956 г. большасць галасоў атрымала кааліцыя сінгальскіх нацыяналістычных партый на чале з Саламонам Дыясам Бандаранаіке (1899—1959 гг.). Ён заняў пост прэм’ер-міністра і пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на дасягненне самастойнасці ад Вялікабрытаніі і ўшчамленне правоў тамілаў. Дзяржаўнай мовай замест англійскай была абвешчана сінгальская. 22 мая — 27 мая адбыліся пагромы тамілаў з боку сінгальскага насельніцтва. Гэта было першае масавае гвалтоўнае этнічнае сутыкненне пасля XVIII ст. 26 верасня 1959 г. Саламон Дыяс Бандаранаіке быў застрэлены будысцкім манахам. У 1960 г. кабінет міністраў узначаліла яго ўдава Сірымава Дыяс Бандаранаіке (19162000 гг.). Яна адрознівалася харызматычнасцю і арыентавалася на падтрымку сацыялістычных партый. У выніку 22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.

Сацыялістычныя рэформы не прынеслі плёну. У 1980 г. С. Д. Бандаранаіке была абвінавачана ў злоўжываннях і згубіла магчымасць удзельнічаць у палітыцы. У 1978 г. парламент зацвердзіў новую Канстытуцыю. Шры-Ланка стала прэзідэнцкай краінай. Тамільская мова атрымала афіцыйны статус на частцы яе тэрыторыі. У ліпені 1983 г. баевікі з «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама» забілі трынаццаць салдат, што стала пачаткам шматгадовай кровапралітнай грамадзянскай вайны паміж таміламі і сінгаламі. Яна скончылася толькі ў 2009 г. дзякуючы рашучым дзеянням арміі і ўрада на чале з прэзідэнтам Махіндам Раджапаксам (нар. у 1945 г.).

Шры Ланка сур’ёзна пацярпела ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Загінула каля сарака тысяч чалавек, сотні тысяч засталіся без прытулку, інфраструктура ўсходняга і паўднёвага ўзбярэжжа была практычна разбураная. Шры Ланка звярнулася па дапамогу да міжнароднай супольнасці. Яна была аказана, у тым ліку з боку Рэспублікі Беларусь.

Палітыка

правіць

Дзяржаўны лад

правіць

Паводле дзеючай Канстытуцыі 1978 года, Шры-Ланка — унітарная рэспубліка, на чале якой стаіць прэзідэнт, што абіраецца прамым і таемным галасаваннем тэрмінам на шэсць гадоў. Прэзідэнт узначальвае вышэйшую выканаўчую ўладу і з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў кабінета, вызначае склад Вярхоўнага суда. На выбарах якія адбыліся 18 лістапада 2005 года прэзідэнтам быў абраны Махінда Раджапаксэ, якога 9 студзеня 2015 змяніў Майтрыпала Сірысена, прадстаўнік Партыі свабоды Шры-Ланкі (ПСШЛ).

Аднапалатны парламент (225 месцаў) абіраецца тэрмінам на шэсць гадоў. Пост прэм’ер-міністра з лістапада 2006 па жнівень 2015 года займаў Ратнасыры Вікрэманаякэ (ПВШЛ). 17 жніўня 2015 новым прэм’ерам стаў Раміл Вікрамасінгхэ, прадстаўнік Аб’яднанай нацыянальнай партыі (АНП). Міністр замежных спраў — Мангала Самаравіра (ПСШЛ).

У Шры-Ланцы ў цяперашні час дзейнічае каля сарака розных палітычных партый, палітызаваных грамадскіх і прафсаюзных рухаў. Вядучае месца займаюць Партыя свабоды Шры-Ланкі (ПСШЛ), Аб’яднаная нацыянальная партыя (АНП), НФВ (Народны фронт вызвалення), якія прадстаўляюць інтарэсы розных пластоў у асноўным сінгальскага насельніцтва. На працягу апошніх сарака гадоў, фактычна змяняючы адна другую, краінай кіравалі ПСШЛ і АНП. У жніўні 2015 адбыліся чарговыя парламенцкія выбары, на якіх АНП атрымала перамогу і ўзначаліла кааліцыю парламенцкай большасці.

Адміністрацыйны падзел

правіць

Шры-Ланка — унітарная дзяржава. Востраў дзеліцца на дзевяць правінцый, якія ў сваю чаргу падзеленыя на дваццаць пяць раёнаў.

Знешняя палітыка

правіць

Шры-Ланка — член Садружнасці нацый з 1948 года, «Плана Каломба» — з 1950 года, ААН — з 1955 года, Руху недалучэння — з 1961 года, Паўднёва-Азіяцкай арганізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК) з 1985 і шмат якіх іншых міжнародных арганізацый. Шры-Ланка выступае за ўмацаванне ролі ААН як універсальнай інструмента ўрэгулявання міжнародных адносін, за колькаснае пашырэнне складу Рады Бяспекі, улічваючы геаграфічны фактар і справядлівае прадстаўніцтва дзяржаў як развітых, так і ў стадыі развіцця.

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка ўсталяваны 20 лістапада 2000 г.

Насельніцтва

правіць
 
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

З насельніцтвам у 22,5 млн чалавек Шры-Ланка з’яўляецца адным з самых населеных астравоў свету, у Індыйскім акіяне крыху саступаючы Мадагаскару (25 млн). А вось па гушчыні насельніцтва Шры-Ланка (330 чал/кв.км) пераўзыхозіць Мадагаскар у дзевяць разоў і ў гэтым паказчыку падобная да Японіі. Для краіны, як і для ўсёй сучаснай Паўднёвай Азіі, характэрны запаволены станоўчы прырост насельніцтва (0,76 % у 2017) з перавагай дзяцей і маладых асоб у працаздольным узросце. Нараджальнасць усё яшчэ значна пераўзыходзіць смяротнасць, але на адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,1 дзіцяці (2017)[11].

 
Веды, дарослы і малеча

З насельніцтва Шры Ланкі (2012) каля 74,8 % складаюць сінгалы, што адносяцца да індаеўрапейскіх народаў. 18 % — тамілы, якія належаць да дравідыйскай моўнай сям’і і маюць больш цёмны колер скуры. Тамілы насяляюць паўночны і ўсходні берагі вострава. Яны дзеляцца на ланкійскіх тамілаў, што жылі тут спрадвеку, і індыйскіх, якія былі завезеныя англічанамі з Індыі для работ на плантацыях. 9,2 % складаюць маўры — нашчадкі мясцовых жыхароў ды арабаў, што пачалі сяліцца па берагах вострава з VIII ст. Ёсць таксама некалькі тысяч ведаў — спрадвечных жыхароў Паўднёвай Азіі аўстралоіднай расы, бюргеры — нашчадкаў партугальцаў, галандцаў і англічан, малайцы.

Дзяржаўная мова — сінгальская. На ёй размаўляюць сінгалы, меншая частка маўраў, веды. Тамільская мова мае афіцыйны характар у акругах, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. Таксама тамільская мова родная для большай часткі маўраў. Бюргеры размаўляюць на крэольскай партугальскай мове. Шырока распаўсюджана англійская мова, што выступае сродкам міжнацыянальных зносін.

Этнічнаму складу ў асноўным адпавядае і рэлігійная прыналежнасць: будызм вызнаюць каля 70 % (у асноўным сінгалы), індуізм — больш за 17 % (галоўным чынам тамілы). Іслам вызнаюць прыкладна 8 % (у асноўным гэта маўры). Бюргеры гістарычна прыхільнікі хрысціянства, шмат хрысціян і сярод іншых народаў.

Востраў заселены даволі раўнамерна, але найбольш шчыльна на захадзе, асабліва густа заселены раён сталічнай агламерацыі. Большасць насельніцтва сельская — Шры-Ланка адносіцца да самых слабаўрбанізаваных краін свету (усяго 18 % у 2018 годзе[12]). Найбуйнейшыя гарады — Каломба (600 000), Кадувела (250 000), Махарагама (200 000), Гале, Трынкамалі, Джафна, Канды.

Эканоміка

правіць

У часы брытанскага панавання Шры-Ланка стала вядучым сусветным вытворцам карыцы, натуральнага каўчуку, асноўным таварам вострава стаў чай. За гады незалежнасці Шры-Ланка з аграрнай краіны з плантацыйнай гаспадаркай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную дзяржаву (прамысловасць дае каля 30,5 % ВУП)[13]. І сёння па ВУП на душу насельніцтва Шры-Ланка апярэджвае Індыю, Пакістан і ў Паўднёвай Азіі саступае толькі Мальдывам. Значную частку ВУП ствараюць грашовыя пераводы ланкійскіх гастарбайтараў з краін Персідскага заліва.

У цэлым эканамічная палітыка ўрада, заснаваная на рыначых прынцыпах, стварае досыць спрыяльныя ўмовы для развіцця краіны. Асноўнымі задачамі ўрада ў галіне эканомікі застаюцца стабілізацыя фінансавага становішча, рэалізацыя праграмы прыватызацыі стратных дзяржпрадпрыемстваў, прыцягненне замежных інвестыцый, ажыццяўленне ключавых сацыяльных праграм. З 2016 краіна выконвае праграму МВФ, што можа забяспечыць эканамічны рост, захоўваючы макраэканамічную стабільнасць.

Негатыўнае ўздзеянне на эканоміку краіны ў 1983—2009 аказвала грамадзянская вайна. Падчас этнічнага канфлікту амаль 10 % тэрыторыі краіны апынуліся выведзенымі з гаспадарчага абарачэння; выдаткі ўрада на ваенныя патрэбы складалі да 25 % дзяржаўнага бюджэту. Магутны ўдар па эканоміцы краіны нанесла цунамі 26 снежня 2004 года, выкліканае землятрусам паблізу вострава Суматра. Лік загінулых у Шры-Ланцы наблізіўся да 40 тысяч чалавек, эканамічны ўрон склаў 1,3 млрд долараў ЗША. Была нанесеная сур’ёзная шкода жыллю і рыбалоўству, а таксама турыстычнай індустрыі (120—130 млн долараў ЗША). Да галоўных праблем Шры-Ланкі адносяцца традыцыйна вялікі дзяржаўны доўг, які склаў 75 млрд долараў ЗША (79,4 % ВУП), а таксама раздзьмутыя рэгіянальныя і сацыяльныя бюджэты. Дэфіцыт дзяржбюджэту складае каля 8 % ВУП.

 
Праца на чайнай плантацыі

Здабыўная прамысловасць Шры-Ланкі базуецца на здабычы графіту, каштоўных камянёў, руд рэдкіх металаў. Вядучыя галіны апрацоўчай прамысловасці — швейная (гатовае адзенне) і харчовая (цукар, гарбата). У сельскай гаспадарцы асноўнымі культурамі з’яўляюцца рыс і чай, першы — на ўнутраны, другі — на знешні рынак. Шры-Ланка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па вытворчасці і экспарту чаю. Таксама ў экспартных мэтах вырошчваюцца цукровы трыснёг, гевея, кава. Пасля сканчэння грамадзянскай вайны (2009) імклівы рост дэманструе турыстычны сектар. Шры-Ланка становіцца важным фінансавым і тэлекамунікацыйным рэгіянальным цэнтрам. У 2017 урад паставіў задачу ператварыць востраў да 2025 года ў высокатэхналагічны экспартаарыентаваны вузел у Індыйскім акіяне.

Абарот знешняга гандлю ў 2016 склаў 41,4 млрд долараў ЗША. Аб’ём экспарту павялічыўся да 18 млрд дол., а імпарту да 23 млрд долараў ЗША.[14] Дэфіцыт знешнегандлёвага сальда перавысіў 5 млрд долараў ЗША. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў — гатовае адзенне, гарбата, каўчук (паслуг — турызм); імпарту — машыны і абсталяванне, нафта, тэкстыль, пшаніца, цукар, угнаенні, лекі. Галоўныя гандлёвыя партнёры — ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Індыя, Сінгапур і інш. Прэферэнцыяльны гандлёвы статус з краінамі ЕС дазваляе бязмытна ўвозіць шмат якія ланкійскія тавары на еўрапейскі рынак. Гандлёвы абарот з Беларуссю у 2012—2016 гг. зменшыўся з 46 да 21 млн долараў[15].

Адукацыя

правіць

Па ўзроўні адукацыі (пісьменнасць насельніцтва — 90 % паводле даных 2000 года) Шры Ланка займае адно з вядучых месцаў у Азіі. Навучанне ў дзяржаўных школах бясплатнае, маецца вялікая сетка платных школ. Лік студэнтаў у ВНУ перавышае 25 тыс. чалавек. Галоўныя ВНУ — універсітэты ў гарадах Каломба, Канды, Матара.

Сродкі масавай інфармацыі

правіць

У краіне існуе шэсць асноўных газетна-выдавецкіх аб’яднанняў, якія выпускаюць каля пяцідзесяці газет і часопісаў на трох мовах — англійскай, сінгальскай і тамільскай. Штодзённы тыраж усіх газет дасягае 300 тыс. Найбуйнейшыя з іх: «Дэйлі ньюз», «Абсэрвер», «Айленд». Дзяржаўная радыёвяшчальная карпарацыя — «Sri Lanka Broadcasting Corporation» —вядзе перадачы на трох мовах, ахопліваючы вяшчаннем усю краіну. Тэлебачанне прадстаўлена дзвюма дзяржаўнымі праграмамі і чатырма каналамі, перыядычна дублююцца навіны BBC, CNN.

Культурная спадчына

правіць

Гл.Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА на Шры-Ланцы

 
Сігірыя («ільвіная крэпасць») — абаронча-храмавы комплекс

Да аб’ектаў Сустветнай спадчыны аднесены шэсць архітэктурна-гістарычных (крэпасць Сірыгія, Старажытны горад Паланарува і інш.) і два прыродныя аб’екты.

Пік Адама (2243 м.) — святыня трох рэлігій: будызму (паводле паданняў Буда дакрануйся гары нагой падчас наведвання вострава), ісламу («след» на гары належыць Адаму) і індуізму (бо Буда прызнаны чалавечым увасабленнем Вішну).

Нацыянальнае свята: Дзень незалежнасці — 4 лютага. Таксама ў краіне адзначаюць будысцкія, мусульманскія і хрысціянскія святы[16].


Гл. таксама

правіць

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  2. http://www.hdr.undp.org/en/2018-update
  3. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  4. а б в г д е ё Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. С. 463.
  5. Nanda Pethiyagoda Wanasundera. Sri Lanka
  6. John M. Senaveratna. The story of the Sinhalese from the most ancient times up to the end of "the Mahavansa" or Great dynasty — Asian Educational Services, 1997. — P. 11.
  7. Abeydeera, Ananda. In Search of Taprobane: the Western discovery and mapping of Ceylon
  8. Sri Lanka — The Pearl of the Orient
  9. Rajasingham, K. T. Sri Lanka: The untold story Asia Times.
  10. Zubair, Lareef. Etymologies of Lanka, Serendib, Taprobane and Ceylon
  11. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  12. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  13. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  14. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=128&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&_target=Partner&year=2016
  15. http://india.mfa.gov.by/ru/srilanka_bilateral/ Архівавана 4 верасня 2018.
  16. Bank Holidays

Спасылкі

правіць
  NODES