Расліна дасягае да 60 см (у асноўным 40 см) вышынёй, насенне расце ў стручках, звычайна з двума насенінамі ў кожным. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны. Сцябло прамое, галінастае, чатырохграннае. Лісце складанае, з 2—8 парамі лісточкаў з маленькімі вусікамі. Кветкі дробныя, ружовыя, белыя, фіялетава-сінія, сабраны ў суквецці. Плод — боб, двухстворкавы, з адным гняздом, сплюшчаны. Насенне плоскае, лінзападобнае, афарбоўка ад жоўтага да чорнага (у культуры пераважаюць сарты зялёнай, чырвонай і карычневай афарбоўкі).
Сачавіца — святлалюбная расліна, таму яе мэтазгодна высаджваць на паўднёвых схілах. Добрымі папярэднікамі для яе з’яўляюцца кукуруза і бульба. Асноўная апрацоўка глебы заключаецца ў лушчэнні і зяблевым ворыве. Вясной поле скародзяць і ажыццяўляюць культывацыю. Пад асноўную апрацоўку можна дадаць суперфасфат (6—10 г на 1 м²). Кіслую глебу варта правапнаваць. Сачавіцу можна сеяць у раннія тэрміны, пры тэмпературы глебы +5-6 °C. Невялікіх замаразкаў яна не баіцца. Сеюць суцэльнымі радамі і закаткоўваюць. Як узыйшла, скародзяць. Ураджай збіраюць у некалькі прыёмаў, паколькі паспяванне адбываецца нераўнамерна.
Насенне сачавіцы змяшчае да 3 % тлушчаў, 35 % бялкоў і 4,5 % мінеральных рэчываў. У складзе ёсць таксама вітаміны групы B.
Культура таксама лічыцца каштоўным кормам для жывёлы, на корм ідуць зерне, мякіна, салома і зялёная маса. Сена па каштоўнасці не саступае сену з канюшыны.