Шатландцы (саманазвы: Albannaich, Scots) — народ, карэнныя насельнікі Шатландыі. Акрамя таго, жывуць у іншых месцах: Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і г. д. Агульная колькасць у свеце — каля 18 млн чал.

Шатландцы
(Albannach, Scots)
Агульная колькасць каля 18 млн.
Рэгіёны пражывання  Шатландыя — 4 459 071 (2001 г.)[1]

 ЗША — 5 827 046 (2008 г.)
 Аўстралія — 1 501 204 (2006 г.)[2]
 Канада — 4 719 850[3]

Мова шатландская англійская, шатландская гэльская
Рэлігія пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы ірландцы, мэнцы

У наш час шатландцы размаўляюць на мовах рознага паходжання. Большасць карыстаецца англійскай мовай, якая лічыцца прадстаўніцай германскай групы індаеўрапейскай сям’і моў. Але шырокае распаўсюджанне англійскай мовы характэрна толькі для часу пасля 1707 года, калі яна стала асноўнай мовай дзяржаўнага і царкоўнага справаводства[4]. Меншасць (каля 60 тыс. чалавек) ужывае гэльскую мову кельцкай галіны індаеўрапейскіх моў, якая сфарміравалася на аснове ірландскіх сярэднявечных дыялектаў і ніколі не была адзінай асноўнай мовай усёй Шатландыі[5][6]. Такім чынам, шатландцы — адзін з нешматлікіх народаў Еўропы, вызначэнне паходжання якога па мове з’яўляецца складанай задачай.

Паходжанне

правіць

У традыцыйнай гістарыяграфіі першапачатковымі продкамі шатландцаў лічацца кельцкія плямёны брытаў і піктаў, якія да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. займалі адпаведна поўдзень і поўнач краіны. Брыты ўваходзілі ў склад Рымскай імперыі, але пікты не былі падпарадкаваны рымскімі легіянерамі.

У V ст. паўночны захад Шатландыі быў заваяваны кельтамі-скотамі (лац.: Scoti) з суседняй Ірландыі. Менавіта яны і далі сваё імя народу і краіне[7]. У 843 годзе кароль скотаў аб’яднаў каралеўства скотаў і піктаў у адну дзяржаву і такім чынам даў пачатак сучаснай Шатландыі.

На працягу далейшай гісторыі Шатландыя ўваходзіла ў склад розных дзяржаўных утварэнняў. Сюды перасяляліся выхадцы з суседняй Англіі і Скандынаўскага паўвострава[8]. Акрамя таго, самі шатландцы насялялі Паўночную Ірландыю, поўнач Англіі, эмігравалі ў розныя краіны свету і вярталіся зноў на радзіму. Таму лічыцца, што ў сваёй аснове шатландцы як народ маюць кельцкія карані, хаця адчулі моцны ўплыў германамоўных суседзяў.

Даследаванне ДНК сучасных шатландаў паказала значную разнастайнасць. Іх радавод па мужчынскай лініі ўзыходзіць не толькі да насельнікаў Брытанскіх астравоў і Скандынавіі, але таксама да бербераў (каля 1 %), ілірыйцаў, выхадцаў з Германіі і Заходняй Афрыкі, усяго да 100 груп рознаэтнічнага паходжання[9][10]. Вучоныя тлумачаць гэта ўскраінным становішчам Шатландыі. Сюды накіроўваліся па розных прычынах, у тым ліку ў гады нястач і бедстваў, але былі вымушаны затрымацца назаўсёды.

Этнаграфія

правіць
 
Шатландскі горац у ваенным уборы XVIII ст.

Этнаграфічна і нават моўна шатландцы падзяляюцца на некалькі супольнасцяў. Найбольш выразна гэта прасочваецца ў вылучэнні жыхароў паўднёвых і ўсходніх раўнін (англ.: Lawlanders) і горцаў (англ.: Highlanders) поўначы і захаду. У сваю чаргу, сярод раўнінных шатландцаў вылучаюцца насельнікі памежжа з Англіяй і ўсходняга ўзбярэжжа. Раўнінныя шатландцы складалі аснову падданых шатландскіх манархаў. У сярэднявеччы іх кланавая сістэма была ў значнай ступені разбурана феадальнымі адносінамі. Яны раней трапілі пад уплыў суседняй Англіі і перанялі англійскую мову. У XIX ст. на поўдні Шатландыі адбыўся працэс індустрыялізацыі, значная частка мясцовых насельнікаў была пісьменнай.

Горцы размаўлялі на гэльскай мове, доўгі час захоўвалі кланавую сістэму і нават свайго кіраўніка, рэзідэнцыя якога знаходзілася на Гебрыдскіх астравах. Ён падпарадкоўваўся то шатландскім, то нарвежскім каралям. Гэлы падтрымлівалі шчыльныя зносіны з Ірландыяй і грэбавалі раўніннымі суседзямі. На іх слаба паўплывала феадальная саслоўная сістэма і ўлада царквы. Пасля стварэння Вялікабрытаніі гэльская арыстакратыя ўяўляла сабою моцную апазіцыйную сілу[11]. У 17451746 гг. адбылося апошняе ўзброенае выступленне горных шатландцаў, пасля чаго брытанскія ўлады адмянілі судовыя паўнамоцтвы арыстакратаў, а іх землі перадалі ў кіраванне часовай урадавай камісіі. Забараняліся нацыянальная вопратка і шатландская дуда. Да 1766 года абмяжоўвалася ўжыванне гэльскай мовы[12]. У XIX ст. з будаўніцтвам сучасных шляхоў зносін культура горцаў зведала значныя трансфармацыі.

На Аркнейскіх астравах жывуць аркадыянцы (англ.: Orcadians). Аркадыянцы паходзяць ад перасяленцаў з Нарвегіі, якія з’явіліся на астравах у VIII — IX стст. У 1468 годзе Аркнейскія астравы былі афіцыйна далучаны да Шатландыі, хаця ўплыў шатландскай культуры ясна прасочваўся ўжо ў XIV ст. Аднак да канца XIX ст. простыя астравіцяне размаўлялі на мясцовай бяспісьменнай гаворцы норн скандынаўскага паходжання. Асобныя словы захаваліся ў мове мясцовых жыхароў[13][14]. Аркнейцы традыцыйна падтрымлівалі шчыльныя зносіны са скандынаўскімі краінамі, займаліся жывёлагадоўляй, марской здабычай і нават пірацтвам.

Традыцыйная культура

правіць

Заняткі

правіць

Да XIX стагоддзя Шатландыя заставалася пераважна аграрнай краінай. Галоўным напрамкам сельскай гаспадаркі была мяса-малочная жывёлагадоўля. Да распаўсюджвання карняплодаў і камбікорму практыкаваўся адгон жывёлы на летнія горныя пашы. Таксама папулярнай была авечкагадоўля[15]. Земляробства адыгрывала важную ролю на поўдні і ўсходзе Шатландыі. Вырошчвалі пшаніцу, авёс, ячмень, буракі, бульбу. У горных раёнах палеткі складаюць толькі 8 % ад усёй зямлі, таму земляробства цалкам не магло забяспечыць нават заможныя сем’і. Значную частку насельніцтва складалі крофтэры, якія былі вымушаны шукаць працу ў іншых месцах, вельмі часта за межамі Шатландыі. Толькі ў XVIII стагоддзі з’явіліся фермерскія гаспадаркі, накіраваныя на задавальненне рынкавых запатрабаванняў[16]. На марскім узбярэжжы і азёрах здаўна займаліся рыбалоўствам, хаця ў большасці рэгіёнаў Шатландыі яно лічылася не надта прэстыжнай справай.

Шатландцы заўсёды былі вядомы як добрыя рамеснікі. Найбольш распаўсюджаныя рамёствы — апрацоўка авечай воўны, выраб тканін і мэблі, ганчарства, пляценне кошыкаў[17]. Прадзіва з льна і воўны рабілі жанчыны ў хатніх умовах, пасля чаго перадавалі яго для вырабу тканіны прафесійным майстрам. Характэрна, што шатландскія ткачы не жылі ў адным месцы, а вандравалі разам з прыладамі працы па ўсёй краіне. У горных раёнах быў папулярны падоўжаны калаўрот. З яго дапамогай можна было прасці падчас вандровак. Найбольш даступным відам тканіны быў цвід з заблытанай авечай воўны. З яе рабілі пледы, коўдры, некаторыя часткі вопраткі. Была вядома напаўваўняная тканіна драгет. Звычайна яна мела сіні колер і яркія падоўжныя палосы. Такую тканіну ўжывалі для вопраткі[18]. Многія рамёствы існуюць у Шатландыі і ў наш час.

У мінулым пераважала жытло ў выглядзе доўгіх хацін, складзеных з камянёў[19]. Жылыя і гаспадарчыя пакоі размяшчаліся адзін за другім. Яны накрываліся крукападобным саламяным дахам. У старых гэльскіх пабудовах адкрытая печ знаходзілася ў цэнтры галоўнай залы. Але з канца XVIII ст. рабіліся прыфрантонныя печы. Галоўны ўваход вёў у кухню. У жыхароў раўнін — у вузкі калідор, адкуль адчыняліся дзверы ў пакоі, а лесвіца вяла на гарышча. Часцяком перагародкай паміж пакоямі былі высокія драўляныя шафы.

Такі тып паселішча, як вёска, у шатландцаў амаль не вядомы. Большасць насельніцтва жыве ў малых і вялікіх гарадах. У сельскай мясцовасці, асабліва ў гарах, распаўсюджаны хутары.

 
Хагіс

У Шатландыі прынята нарыхтоўваць прадукты пра запас. З гэтай мэтай з малака выраблялі масла і сыр, мяса салілі або сушылі, рыбу салілі, сушылі, вэндзілі. Беднякі ўзімку спажывалі шмат салёных селядцоў, якія нарыхтоўвалі ў бочкі і развозілі з ўзбярэжжа і астравоў па ўсёй краіне[20].

Збожжа часцяком малолі ўручную на каменных жорнах. Грубую муку дадавалі ў супы і заціркі. З астатняй пяклі праснакі. У мінулым нават існавалі спецыяльныя печы для выпечкі хлеба, у якіх цеста клалі на распаленыя камяні або металічную рашотку. У святочныя дні ўжо гатовыя праснакі мазалі маслам, яйкамі, дадавалі цукар і зноў запякалі. Зранку гатавалі вадкую аўсяную кашу порыдж, якая пазней набыла папулярнасць сярод усіх брытанцаў.

Нацыянальнай стравай з’яўляецца хагіс. Гэта авечыя або каровіныя трыбухі, звараныя з аўсянай мукой, цыбуляй і спецыямі[21].

Свежая садавіна і гародніна раней амаль не ўжывалася. Затое ў традыцыйнай кухні шатландцаў шмат розных відаў супоў і зацірак. Вядомы суп з рыбных галоў, запраўлены малаком. Да XIX ст. малако лічылася найбольш распаўсюджаным напоем, пакуль яго не выціснуў чай. На ўвесь свет вядомы шатландскі віскі скотч.

Вопратка

правіць

Большасць элементаў нацыянальнай шатландскай вопраткі была страчана ў XVIII ст., часткова з-за пранікнення агульнаеўрапейскай моды. Адмоўную ролю адыграла таксама ўрадавая забарона гэльскай вопраткі ў 17461778 гг.

Традыцыйная жаночая вопратка адышла ў нябыт. Яе апісанні захаваліся толькі дзякуючы запісам вандроўнікаў. Вядома, што шатландскія жанчыны апраналі доўгія спадніцы, сабраныя на таліі. У гарах для іх пашыву выкарыстоўваліся клятчастыя напаўваўняныя тканіны, на поўдні і на ўсходзе — паласатыя. На святы таксама апраналі белую ваўняную кофту с пышнымі рукавамі. Гэльскія жанчыны насілі яе навыпуск, гараджанкі запраўлялі ў спадніцу, а зверху чаплялі гарсэт. На плечы і шыю накідвалі клятчастую хустку або плед. На грудзях плед замацоўваўся вялікай срэбранай брошкай. Замужнія жанчыны пакрывалі галаву хусткамі ці каптурамі. Незамужнія жанчыны павязвалі ленты, запляталі косы[22][23].

У сярэднявеччы асноўным элементам мужчынскай вопраткі была доўгая ільняная кашуля да каленяў. У шыі і таліі рабіліся зборкі. Штаны канчаткова сталі карыстацца попытам толькі ў XVIII ст. Ільняныя кашулі звычайнай даўжыні і клятчастыя мужчынскія пледы захаваліся ва ўсіх частках краіны. Гэлы таксама апраналі клятчастыя кілты, прычым расфарбоўка пледа і кілта ў кожнага клана была свая[24][25]. Горцы таксама паверх пледа накідвалі скураныя курткі.

Традыцыйныя спартыўныя гульні:

Сацыяльная арганізацыя

правіць

Характэрнай з’явай Шатландыі доўгі час было захаванне кланавай сістэмы грамадства. Нават у раўніннай частцы краіны жыхары аднаго паселішча звычайна належалі да аднаго рода і мелі адно прозвішча. Сама сістэма прозвішчаў фарміравалася з кланавых імён продкаў і мела прыстаўку Мак (Mac, Mc — літаральна «сын»), радзей О' (O'  — літаральна «унук»). Само слова «клан» (Clann) таксама паходзіць ад старажытных кельтаў, продкаў сучасных шатландцаў, і значыць «род, нашчадкі»[26]. Да канца XVIII ст. кланавая сістэма асабліва добра захоўвалася ў горнай Шатландыі і на Гебрыдскіх астравах.

Кожны клан меў пэўную геаграфічную тэрыторыю, цэнтрам якой быў замак або іншае ўмацаванне. Старшыні кланаў набывалі ўладу па спадчыне, былі суддзямі, размяркоўвалі зямлю, арганізоўвалі абарону і супольную працу. У склад буйных кланаў таксама ўваходзілі септы, малыя кланы і сем’і, што лічыліся аддалена звязанымі з іншымі родзічамі.

Да прыняцця спецыяльнага закона 1939 года былі шырока распаўсюджаны фармальныя шлюбы, якія рабіліся па заяве пары. У некаторых месцах вяселле суправаджалася нецаркоўным рытуалам заручынаў над камянямі або кавадлам. Захоўваліся шматлікія іншыя вясельныя звычаі і забавы[27]. Жанчыны мелі роўныя правы з мужчынамі на спадчыну. Толькі ў XIX ст. з’явілася агульнаеўрапейская традыцыя браць прозвішча мужа.

Фальклор

правіць

Шатландцы славяцца сваімі гістарычнымі баладамі. Асабліва вядомы цыкл памежных балад пра барацьбу з іншаземнымі піратамі і англічанамі. Балады выконваюць народныя казачнікі і спевакі барды, прычым традыцыя бардаўскіх спеваў жыве і ў нашы дні.

Найбольш папулярны музычны інструмент — дуда[28].

Традыцыйныя танцы рыл[29] і флінг[30] парныя. Вядомы ваенны сольны танец мячоў[31], які выконваецца вакол двух скрыжаваных мячоў.

Шатландцы на беларускіх землях

правіць

На беларускіх землях шатландскія наёмнікі былі вядомы з XIV ст.[32]

Беларускі гісторык і нумізмат Валянцін Навумавіч Рабцэвіч паведамляў пра шатландцаў у Вялікім Княстве Літоўскім наступнае[33]:

Пачынаючы з другой паловы XVI ст., актавыя крыніцы Польшчы і ВКЛ часта згадваюць шатландцаў (шкотаў, шотаў), якія выступалі ў двух цалкам непадобных абліччах — як мірныя дробязныя гандляры і як прафесійныя ваенныя наёмнікі. Петркоўскі сейм 1563 года ў ліку купцоў-чужынцаў згадвае «шкотаў» і забараняе тым з іх, хто не мае сталага месца жыхарства, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Скарга на шкоду, якую прычыняюць канкурэнцыяй шатландцы мясцоваму гандлю, утрымоўваецца ў канстытуцыі Петркоўскага сейма 1567 года. «Вандроўным шотам» у 1594 годзе было забаронена гандляваць па-за межамі ярмарак…
Продак М. Ю. Лермантава «шкоцкі немец» Георг Лермант, які загінуў пад Смаленскам у канцы 1633 або ў пачатку 1634 года ў званні ротмістра маскоўскага рэйтарскага палка, пачынаў ваенную службу на Беларусі. У 1613 годзе ён апынуўся ў складзе польска-літоўскага гарнізона, абложанага ў крэпасці Белай (зараз раённы цэнтр Смаленскай вобласці), і разам з атрадам суайчыннікаў перайшоў на бок маскоўскага войска…

З другой чвэрці XVII ст. лік шатландцаў-чужынцаў, якія пакідалі радзіму, рэзка ўзрастае. Гэтая з’ява знаходзіць тлумачэнне ў пэўных падзеях англа-шатландскай гісторыі.

Пасля заключэння ў 1603 годзе ўніі паміж Англіяй і Шатландыяй англійскі ўрад пачаў ганенні на прэсвітарыянскую царкву Шатландыі. Ганенні прынялі асабліва шырокі размах пры Карле I (16251649 гг.), яны вымушалі шматлікіх шатландцаў пакідаць радзіму. Адным з месцаў, найбольш прывабных для выгнаннікаў, стала Рэч Паспалітая, і ў прыватнасці ВКЛ, дзе Радзівілы, магутныя магнаты свайго часу, спавядалі блізкі да прэсвітарыянства кальвінізм і старанна ўкаранялі яго ў сваіх валоданнях. Толькі на Беларусі кальвінісцкія храмы і школы меліся ў Брэсцкім ваяводстве, Віцебску, Лідскім павеце, Ашмянскім земстве, Наваградку, Мінску, Капылю, Койданаве, Слуцку, Шклове і ў шэрагу іншых месцаў.

У рэестры купцоў Пінска, складзеным у 1620-я гг., пералічаны чатыры шатландцы: «Стамляла Олешкович, шот, Пётр Шимкович, шот, Олешко Охремович, шот, Луцъя Литвинович, шот». У гэтым славянскім гучанні імёнаў няма нічога дзіўнага: згаданы вышэй Георг Лермант у рускіх крыніцах «перахрышчаны» у Юрыя Андрэева; у… справе Віленскага суда 1629 года адзін з шатландцаў на пратакольнай польскай мове мянуецца Мордэнам, а ў наступным, складзеным на беларускай мове, — ужо «Мардэновічам».

Да 1630-х гг. адносіцца з’яўленне шатландскіх рамеснікаў і гандляроў у Слуцку. Яны заснавалі тут прэсвітарыянскую абшчыну і, як аднадушна адзначаюць згаданыя крыніцы, значна ажывілі мясцовы гандаль, вывозілі тавары ў Расію, Польшчу, Германію і Галандыю.

У першай чвэрці XVII ст. шатландцы трывала замацаваліся ў Вільні. Запіс Віленскага мяшчанскага суда ад 26 мая 1619 года паказвае, што адна з хат недалёка ад кальвінісцкага збора належала нейкаму «доктару шкоту»…

Зноскі

правіць
  1. Analysis of Ethnicity in the 2001 Census - Summary Report
  2. Australians overall claim more than 250 ancestries, speak 400 languages at home: Census
  3. Population by selected ethnic origins, by province and territory (2006 Census) (Canada)
  4. Scotland. Accents and Dialects of Scotland
  5. Scottish Gaelic (Gàidhlig)
  6. J. Derrick McClure, The origins of Scotland’s tongues Архівавана 24 верасня 2008.
  7. Scottish history
  8. HISTORY OF SCOTLAND
  9. Study reveals 'extraordinary' DNA of people in Scotland
  10. Scottish people’s DNA study could 'rewrite nation’s history'
  11. John D. Keyser, THE STORY OF THE SCOTTISH HIGHLANDERS! Архівавана 2 чэрвеня 2013.
  12. HISTORY OF SCOTLAND
  13. The Orcadians — the people of Orkney(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 ліпеня 2006. Праверана 9 ліпеня 2013.
  14. Norn — the Language of Orkney(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2005. Праверана 9 ліпеня 2013.
  15. Scottish Farming Heritage Архівавана 2 мая 2013.
  16. Farmers Архівавана 6 мая 2013.
  17. Traditional Scottish Craft Архівавана 2 ліпеня 2013.
  18. Weavers Архівавана 17 чэрвеня 2013.
  19. Blackhouses Архівавана 3 ліпеня 2013.
  20. Walking through Scotland’s history
  21. Stephanie Butler, Ode to a Haggis: The History of Scotland’s National Dish
  22. Women’s Dress
  23. Traditional Scottish Clothes for Women
  24. The Evolution of the Kilt — Scottish Highlands, 1100—1600 CE Архівавана 3 ліпеня 2013.
  25. 17th and 18th Century Scottish Costume
  26. The Clans of Scotland
  27. Scottish Wedding Traditions
  28. Bagpipes
  29. Reels
  30. Festival Fling
  31. The Sword Dance (Ghillie Callum)
  32. Вяч. Насевіч, ПАКАЛЕННЕ ПЯТАЕ: АЛЬГЕРД І КЕЙСТУТ (1340-ыя — 1360-ыя гады) Архівавана 4 сакавіка 2016.
  33. Рябцевич В. Н., Нумизматика Беларуси. — Мн.: Полымя, 1995. С. 188—191
  NODES
Done 1
eth 2
Story 7