Acta diurna

перыядычныя выданні ў Старажытным Рыме

Acta diurna (літаральны пераклад з лац. «Штодзённыя падзеі», таксама «Штодзённыя падзеі рымскага народа» лац.: Acta diurna populi Romani; таксама лац.: Acta publica — публічныя акты, дакументы) — афіцыйна зацверджаная публікацыя паведамленняў, якая практыкавалася ў Старажытным Рыме з часоў Цэзара і стала прататыпам сучасных перыядычных выданняў. Пліты з напісанымі на іх паведамленнямі штодзённа выстаўляліся ў людных месцах — такіх, як Рымскі форум.

Гісторыя

правіць

Закладанне такога штодзённага выдання, паводле Светонія, належыць Гаю Юлію Цэзару, у год яго першага консульства, гэта значыць 59 да н. э. Выдаванне для публікі сенацкіх актаў, ці ведамасцей, куды ўваходзілі зробленыя сенату прапановы, спрэчкі па іх, данясенні палкаводцаў і намеснікаў, пасланні кіраўнікоў замежных дзяржаў, рашэнні і адказы сената, было спынена яшчэ пры Аўгусце, але абнародаванне хронікі штодзённага рымскага жыцця працягвалася надалей і спынілася, верагодна, толькі з перанясеннем сталіцы ў Канстанцінопаль у 330 годзе. Апошняе ўпамінанне выдання, якое дайшло да нас, датуецца часам кіравання імператара Проба ў апошняй чвэрці III стагоддзя.

Acta diurna адрозніваліся ад Аналаў (якія былі спынены ў 133 г. да н. э.) тым, што ў апошніх фіксаваліся толькі значныя і найбольш важныя падзеі, тады як у першых былі запісаныя падзеі з меншай значнасцю.

Сапраўдных фрагментаў не захавалася, але з існуючых даволі шматлікіх адсылак да Acta diurna рымскага народа вынікае, што ў іх змяшчаліся: падзеі ў жыцці вядомых у дзяржаве асоб, а у час імперыі — і ўсіх асоб, якія належалі да імператарскага сямейства (іх нараджэнне, грамадскія і дзяржаўныя дзеянни, смерць, пахаванне і дата т. п.). Таксама тут публікаваліся дзяржаўныя справы: імператарскія загады, сенацкія пастановы і спрэчкі (калі абнародаванне іх было дапушчальнае), распараджэнні органаў улады. Змяшчаліся судовыя працэсы і ўвогуле хроніка гарадскога рымскага жыцця, а таксама цікавыя выпадкі рознага кшталту: пабудова, пераробка ці разбурэнне публічных будынкаў, падзеі ў жыцці знатных фамілій, пажары, незвычайныя з’явы прыроды і гарадскія плёткі.

Гэты орган старажытнарымскага жыцця не мог карыстацца поўнай свабодай у перыяд імперыі. Ён быў пад непасрэдным уплывам урада, таму нярэдка служыў яго палітычным мэтам, але разам з тым змяшчаў багата вестак, таму меў папулярнасць не толькі ў Рыме, але і ў правінцыях. З Тацыта вядома, што абвінаваўца знакамітага сваёй апазіцыяй Нерону сенатара і філосафа Тразеі Пэта, між іншым, казаў: «Штодзённая рымская газета чытаецца ў правінцыях і ў войсках з вялікім запалам, каб ведаць, чаго Тразея не зрабіў».

Літаратура

правіць
  NODES