Акварыум
Аква́рыум (ад лац.: aquarium — вадаём) — пасудзіна, у якой трымаюць і разводзяць акварыумных рыб, водных жывёл і расліны. Бываюць рознай канструкцыі, формы і памераў (суцэльна шкляныя або з металічным каркасам і шклянымі сценкамі, часам з арганічнага шкла; сферычныя , прамавугольныя, са скошанай пярэдняй сценкай, якія звычайна падвешваюць на сцяне, і інш.). Мая адпаведны аб’ём (у залежнасці ад відаў і памераў жывёл) і ўмовы існавання (грунт, расліны, святло- і цепларэгулявальная апаратура, аэратары і інш.). У якасці грунту выкарыстоўваюць прамыты рачны пясок.
У акварыуме трымаюць расліны, якія плаваюць на паверхні ці ў тоўшчы вады, і тыя, што ўкараняюцца ў грунце (вядома каля 70 відаў, у т.л. сальвінія, эладэя, вадзяная салата, валіснерыя, крыптакарына і інш.). З мясцовай флоры Беларусі могуць быць выкарыстаны харавыя водарасці, раскі, рагаліснік, стрэлкаліст, балотнікі , палушнік азёрны, рычыя плаваючая і інш. водныя расліны.
Таксама акварыумам называюць спецыяльную навуковую ўстанову, якая вывучае і дэманструе прадстаўнікоў марской і прэснаводнай фаўны і флоры. Існуюць у многіх краінах свету. Буйныя акварыумы ў заапарках Масквы, Таліна, Ташкента, Рыгі. Акварыум для марскіх жывёл звычайна размяшчаюць на беразе мора (першыя створаны ў Севастопалі ў 1871, у Неапалі ў 1872), некаторыя з іх называюцца акіянарыум.
Літаратура
правіць- Акварыум // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Акварыум