Англіча́не (англ.: English) — еўрапейскі народ, асноўнае насельніцтва Англіі. У Вялікабрытаніі складаюць этнічную большасць — 49 003 000 чалавек (2022 г.)[1]. Англічане таксама жывуць у іншых краінах Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі і Акіяніі. Болей дакладнае вызначэнне колькасці зацяжарана з-за таго, што ў Вялікабрытаніі многія англічане аддаюць перавагу тоеснасці «брытанцы», а ў замежных краінах да англічан адносяць або нашчадкаў выхадцаў з Вялікабрытаніі, якія не заўсёды маюць англійскае паходжанне, або нават людзей, якія стала размаўляюць на англійскай мове.

Англічане
(англ.: English)
Агульная колькасць 49 003 000
Рэгіёны пражывання  Вялікабрытанія
Мова англійская мова
Рэлігія хрысціянства
Блізкія этнічныя групы фрызы, немцы, галандцы

Родная мова — англійская, адна з найбольш распаўсюджаных моў свету.

Гісторыя

правіць

Англійскі народ склаўся ў выніку змешвання і працяглай асіміляцыі разнастайных этнічных элементаў. Аднымі з найстаражытнейшых жыхароў Брытанскіх астравоў былі кельцкія плямёны (брыты і інш.), якія пасяліліся тут каля сярэдзіны I тыс. да н.э. У V—VI стст. н.э. на астравы перасяліліся з мацерыка германскія плямёны — англы, саксы, юты. Яны часткова асімілявалі кельтаў і адціснулі іх у горы Шатландыі, Уэльса і Корнуала. Народнасць англасаксаў, якая склалася ў VII—X стст. на аснове германскіх і кельцкіх плямёнаў, падверглася значнаму ўплыву скандынаваў (данаў, нарвежцаў), якія заваявалі ў VIII—IX стст. некаторыя раёны Англіі. Найбольш важная падзея ў этнічнай гісторыі англічан — Нармандскае заваяванне Англіі 1066 г. Пануючае становішча ў краіне занялі франка-нармандскія бароны; французская мова стала афіцыйнай мовай, хоць народ працягваў гаварыць на сваёй англасаксонскай мове. Паступова (да XIII—XIV стст.) англасаксы і нарманы зліліся ў адзіную англійскую нацыянальную агульнасць. У XVI ст. складаецца агульнаанглійская гутарковая і літаратурная мова. Англійская буржуазная рэвалюцыя XVII стагоддзя завяршыла галоўным чынам працэс фарміравання англійскай нацыі. У XVII—XIX стст. шматлікія англічане перасяліліся ў захопленыя Англіяй калоніі і сталі адным з галоўных кампанентаў у фарміраванні шэрагу нацый — амерыканцаў ЗША, англаканадцаў, аўстралійцаў, новазеландцаў.

90 % англічан жыве ў гарадах. Сем'і нуклеарныя; шмат бяздзетных пар. Насельніцтва засяроджана ў сямі найбуйнейшых канурбацыях, найбуйнейшая з якіх — Вялікі Лондан (каля 7 млн чалавек). Планіроўка гарадоў часцей за ўсё — радыяльная, у цэнтры — плошча і сабор. Вельмі характэрны гатычныя саборы.

Сельскія паселішчы бываюць двух тыпаў — вёскі на ўсходзе і хутары або фермы на захадзе. Дахі хат звычайна высокія, двухсхільныя, стромкія, з чарапіцы або шыферу. Дамы — каркасныя, з каменя, галькі, вапняковых пліт, пазнейшы тып хат — з цэглы.

Характэрна малапавярховае будаўніцтва, вертыкальнае размяшчэнне кватэр (на двух паверхах).

У англійскай архітэктуры XVII—XVIII стагоддзяў прыкметны галандскі ўплыў. Да гэтага часу, у сілу закаранелага кансерватызму англічан, вельмі доўга трымалася готыка.

Адзежа

правіць

Нацыянальны англійскі касцюм склаўся ў XIX стагоддзі. Для яго характэрны строгасць і прастата ліній, мяккія і спакойныя тоны. Тып англійскага касцюма паўплываў на фарміраванне агульнаеўрапейскага мужчынскага касцюма. Цяпер папулярна спартыўная адзежа. Захоўваюцца сярэднявечныя элементы ў адзежы ў суддзяў, гвардзейцаў, студэнтаў, парламентарыяў.

Традыцыйная ежа — мясная (ростбіф, біфштэкс, бекон, рыбныя стравы). Таксама папулярныя пудынгі (яны могуць быць з розных прадуктаў) і аўсянка.

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць
  NODES
Done 1