Белі
Бе́лі — паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.
Белі | |
---|---|
МКХ-10 | N89.8 |
МКБ-10-КМ | N89.8 |
МКХ-9 | 623.5 |
MeSH | D007973 |
Класіфікацыя
правіцьАдрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі.
Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекцыйныя хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў.
Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вялікіх залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне.
Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру. Узнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй.
Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў.
Трубныя белі утвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).