Бурундзі
Буру́ндзі (фр.: Burundi, рундзі: Burundi), Рэспу́бліка Буру́ндзі (фр.: République du Burundi, рундзі: Republika y'u Burundi) — дзяржава размешчаная ў цэнтральнай частцы Усходняй Афрыкі ў раёне Вялікіх Азёр. Не мае выхаду да мора. Тэрыторыя — 27,8 тыс. км² — за Бурундзі меншыя па плошчы толькі чатыры краіны мацерыковай Афрыкі. Насельніцтва — 11,8 млн чал. (2020). Мяжуе з Руандай на поўначы, з Танзаніяй на ўсходзе і паўднёвым усходзе, з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга на захадзе; на паўднёвым усходзе абмываецца возерам Танганьіка. Клімат — субэкватарыяльны.
| |||||
Дэвіз: «Unité, Travail, Progrès Ubumwe, Ibikorwa, Iterambere (Адзінства, праца, прагрэс)» | |||||
Гімн: «Burundi bwacu (Любімая Бурундзі)» | |||||
Дата незалежнасці | 1 ліпеня 1962 (ад Бельгіі) | ||||
Афіцыйная мова | рундзі і французская | ||||
Сталіца | Гітэга | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Бужумбура, Гітэга | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Эварыст Ндаішыміе Тэранс Сінунгуруза Джэрвэйс Руф’ікіры | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
145-я ў свеце 27 830 км² 7,8% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2020) • Шчыльнасць |
11 865 821[1] чал. (77-я) 426 чал./км² (20-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2020) • На душу насельніцтва |
$8,5 млрд. дал.[1] $724 | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2020) • На душу насельніцтва |
$3,7 млрд дал. $312 | ||||
ІРЧП (2018) | 0.423 (нізкі)[2] (185-ы) | ||||
Валюта | Бурундзійскі франк | ||||
Інтэрнэт-дамен | .bi | ||||
Код ISO (Alpha-2) | BI | ||||
Код ISO (Alpha-3) | BDI | ||||
Код МАК | BDI | ||||
Тэлефонны код | +257 | ||||
Часавыя паясы | +2 |
Разам з Руандай і яшчэ трыма краінамі (Лесота, Эсваціні і Батсвана) Бурундзі з’яўляюцца рэдкім у Афрыцы выпадкам тэрытарыяльнага спадкаемства аўтэнтычнай дзяржавы — каралеўства Бурундзі. У пачатку ХХ стагоддзя Бурундзі ўваходзіла ў склад германскіх калоній (пад назвай Урундзі), а пасля Першай сусветнай вайны была падмандатнай тэрыторыяй Бельгіі. Незалежнасць атрымала ў 1962 годзе адначасова з Руандай. У 1966 перайшла да рэспубліканскай формы кіравання. З таго часу перажыла шэраг пераваротаў і этнічных канфлікаў, у тым ліку дзве грамадзянскія вайны і два генацыды (самы жорсткі ў 1993) ды падаўленне пратэстаў з наступнай ізаляцыяй краіны ў 2015.
Бурундзі — прэзідэнцкая рэспубліка з аўтарытарнай формай кіравання. Цягам апошніх 15 гадоў (2005—2020) краінай кіраваў П’ер Нкурунзіза, што праявіў сябе класічным дыктатарам, калі ў 2015 задушыў спробу дзяржаўнага перавароту і масавыя пратэсты, ідучы на трэці тэрмін. У 2020 годзе Нкурунзіза нечакана памёр, што вывела Бурундзі ў топ сусветных навін, бо прэзідэнт быў covid-дысідэнтам.
Сталіцамі сённяшняй Бурундзі лічацца два гарады: ад колішняй сталіцы Бужумбуры (больш за 1 млн жыхароў) адміністрацыйныя функцыі перайшлі да горада Гітэга (каля 50 тыс. жыхароў), куды цягам 2019—2022 маюць перабрацца ўсе галіны ўлады. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (1 ліпеня 1962). Дзяржаўныя мовы — французская, кірундзі і англійская.
Адрозніваецца незвычайна высокай шчыльнасцю насельніцтва. У этнічным складзе насельніцтва пераважаюць хуту (85 %), другі значны народ — тутсі. Узровень урбанізацыі вельмі нізкі — станам на 2019 у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва.
Бурундзі адносіцца да ліку найменш развітых краін свету. ВУП на душу насельніцтва (нават разлічаны па ППЗ) не перавышае 1000 даляраў. Каля 90 % эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Часам здараецца, што жыхары бедных аграрных краін задаволены сваім жыццём, але гэта не пра Бурундзі: у 2018 краіна заняла апошняе месца ў сусветным рэйтынгу шчасця.[4]
Грашовая адзінка — бурундзійскі франк (каля 3000 бурундз. фр. за 1 дол. ЗША ў верасні 2020)[5]. Бурундзі з’яўляецца членам Афрыканскага Саюза. У 2009 увайшла ў склад Усходне-Афрыканскай Супольнасці, што ўзмацніла сувязі з суседзямі[6].
Геаграфія
правіцьСтановішча Бурундзі ва ўсходняй, найбольш прыўзнятай, частцы Афрыкі абумоўлівае пласкагорны характар рэльефу з сярэднімі вышынямі 1000—2000 метраў і значнымі іх перападамі. Самы нізкі пункт — урэз вады возера Танганьіка (773 м), найвышэйшы — 2684 м, усяго за 20 кіламетраў на ўсход, — гара Хеха ў хрыбце Бурундзі. Перапады вышынь, а разам і высокая сейсмічнасць, абавязаны праходжанню праз тэрыторыю краіны заходняй галіны Усходне-Афрыканскагіх разломаў.
Клімат Бурундзі пераходны ад экватарыяльнага (на паўночным захадзе) да субэкватарыяльнага, з двума сезонамі дажджоў: у верасні-лістападзе і лютым-маі — гэтак званыя зенітальныя дажджы, і двума сухімі сезонамі між імі. Сярэдняя колькасць ападкаў складае ад 1300 да 1600 мм. Тэмпературы не празмерна высокія дзякуючы значнай вышыні над узроўнем мора.
Нягледзячы на гідраграфічную дамінанту возера Танганьіка, што разлеглася ў рыфтавай даліне на паўднёва-ўсходняй мяжы, большая частка тэрыторыі Бурундзі адносіцца да басейна возера Вікторыя. Галоўная рака краіны — Рувубу, што пачынаецца на поўдні, цячэ на паўночны ўсход і ў рэшце рэшт далучаецца да Кагеры — прызнанага вытоку Ніла. Такім чынам, Бурундзі можа з гонарам назваць сябе калыскай вялікай афрыканскай ракі. Прынамсі, многія географы лічаць даўжыню Ніла ад вытока Руверонзы — прытока Рувубы.
Большая частка тэрыторыі Бурундзі занята саванамі з тыпова афрыканскімі флорай і фаўнай. У вобласці экватарыяльна клімату на паўночным захадзе захаваліся вільготныя лясы. Аднак завысокі антрапагенны ціск пакідае мала шанцаў слаўным насельнікам саван і гілей, як і самім гілеям. Каб захаваць хоць нейкія некранутыя ўчасткі прыроды, ў 1982 былі створаны нацыянальныя паркі Кібіра (ахоўваюцца экватарыяльныя лясы) і Рувубу (саванавая і прырэчная фаўна: нільскія кракадзілы, бегемоты, буйвалы, вадзяныя казлы.
Гісторыя
правіцьКарэннымі насельнікамі бурундзійскіх земляў лічацца тва — прадстаўнікі негрыльскай малой расы, адна з галін пігмеяў. На працягу апошніх 500 гадоў тэрыторыю Бурундзі засялілі народы земляробаў хуту і пастухоў тутсі, што лёгка скарылі тва. У ХVII-XIX стагоддзях існавала незалежнае каралеўства Бурундзі, дзе нешматлікія тутсі дамінавалі над хуту; тва займалі самую нізкую прыступку ў іерархіі. На чале дзяржавы стаяў мвамі (літаральна ўладар), якому падпарадкоўвалася племянная арыстакратыя. Каралеўства ад пачатку існавання значна пашырыла свае межы.
У канцы ХІХ стагоддзя на землі вакол Вялікіх азёр паквапілася Германія. Спачатку каланіяльныя інтарэсы Германскай імперыі прадстаўляла Германская Усходне-Афрыканская кампанія, аднак ужо ў 1891 пры непасрэдным удзеле Берліна была створана калонія Германская Усходняя Афрыка, куды ўвайшлі Руанда, Урундзі (тады Бурундзі вымаўлялі менавіта так) і Танганьіка (мацерыковая частка Танзаніі). Неўзабаве, пасля паразы ў Першай сусветнай вайне, Руанда і Урундзі адышлі да Бельгіі. У 1919—1946 дзве будучыя незалежныя дзяржавы юрыдычна былі падмандатнай тэрыторыяй Бельгіі пад назвай Руанда-Урундзі, з 1946 і да заваёвы незалежнасці — падапечнай тэрыторый ААН Руанда-Урундзі пад кіраваннем усё той жа Бельгіі. 1 ліпеня 1962 на палітычнай карце свету паўстала каралеўства Бурундзі.
З 1966 года, пасля звяржэння манархіі і ўсталявання ў краіне аднапартыйнай і аўтарытарнай рэспубліканскай формы кіравання, адзначаецца вельмі нестабільнае палітычнае становішча, якое з цягам часу пагаршалася шэрагам узброеных канфліктаў на этнічнай глебе. У 1970-я і 1990-я Бурундзі перажыла дзве грамадзянскія вайны і два генацыды. Узброеная барацьба за ўладу ў Бурундзі этнічных груп хуту і тутсі (адпаведна 85 % і 14 % насельніцтва) максімальна абвастрылася ў 1993 годзе і выклікала шматгадовы палітычны і эканамічны крызіс у краіне, абрынуўшы яе да ліку найбяднейшых у свеце. 6 красавіка 1994 года прэзідэнт Бурундзі Сіпрыен Нтар’яміра разам з руандыйскім калегам загінуў у авіякатастрофе, што стала падставай для генацыду тутсі ў Руандзе і далейшай эскалацыі канфлікту ў Бурундзі.
У ліпені 1996 года да ўлады ў Бурундзі ізноў прыйшлі ваенныя на чале з маёрам П. Буёя (тутсі), які ўжо займаў пост прэзідэнта (1987—1993). Распачатыя ў чэрвені 1998 міжбурундзійскія перамовы пры пасрэдніцтве былога прэзідэнта Танзаніі Д. Ньерэрэ, а затым былога прэзідэнта ПАР Н. Мандэлы завяршыліся падпісаннем у Арушэ «Дамовы аб міры і нацыянальным прымірэнні» (28 жніўня 2000). У адпаведнасці з дасягнутымі дамоўленасцямі ў 2001 у Бурундзі пачаўся пераходны перыяд, які завяршыўся ў жніўні 2005 пасля паспяхова праведзеных рэферэндуму па прыняцці новай канстытуцыі і выбараў ва ўладныя структуры ўсіх узроўняў. 7 верасня 2006 падпісана «Дамова аб поўным спыненні агню» паміж урадам і апошнім апазіцыйным узброеным рухам Бурундзі — «Фронтам нацыянальнага вызвалення» (ФНЛ).
31 снежня 2006 года была завершаная дзейнасць адкрытай у чэрвені 2004 года Місіі ААН у Бурундзі (ОНЮБ), якая была замененая на «Аб’яднаныя прадстаўніцтвы ААН у Бурундзі» (БІНЮБ). Аднак цяпер краіну чакала выпрабаванне аўтарытарызмам. У 2015 годзе Бурундзі ахапіў чарговы палітычны крызіс, калі прэзідэнт П’ер Нкурунзіза пайшоў на трэці тэрмін. У выніку задушэння пратэстаў незадаволенай палітычным працэсам апазіцыі загінула каля 1700 чалавек, больш за 350 000 адправілася ў выгнанне.[7]
Дзяржаўны лад
правіцьУ 1992 была прынята першая дэмакратычная Канстытуцыя. У 1998 былі прыняты некаторыя змены — пашырана колькасць месцаў у параменце, уведзены пасады віцэ-прэзідэнтаў. На рэферэндуме 2005 была прынята новая Канстытуцыя, згодна з якой Бурундзі з’яўляецца дэмакратычнай прэзідэнцкай рэспублікай са шматпартыйнай сістэмай. У краіне зарэгістравана каля двух дзясяткаў палітычных партый. Таксама Канстытуцыя замацоўвае этнічны і гендарны баланс пры размеркаванні пасадаў ва ўрадзе: 60 % — хуту, 40 % — тутсі; 30 % ад агульнага ліку пасадаў — жанчыны.
Урад складаецца з 19 міністраў і 7 віцэ-міністраў. Заканадаўчая ўлада належыць парламенту, які складаецца з Нацыянальнага сходу (ніжняя палата — 123 дэпутаты, старшыня — Геласе Нбаберабе (з 2020)) і Сената (верхняя палата — 43 дэпутатаў, старшыня — Рывер’ен Ндзікурыё).
Тым не менш, як і многія афрыканскія краіны, Бурундзі аказалася ў закладніках аўтарытарызму. Абраны ў жніўні 2005 прэзідэнтам П’ер Нкурунзіза стаяў на чале дзяржавы на працягу 15 гадоў да сваёй смерці ў чэрвені 2020. У палітычным жыцці з таго самага 2005 года дамінуе прапрэзідэнцкая партыя «Нацыянальны савет у абарону дэмакратыі — Сілы ў абарону дэмакратыі» (СНДД/ФДД), прадстаўнікі якой займаюць большасць урадавых крэслаў, ім належаць вышэйшыя пасады ў ключавых міністэрствах — знешніх зносін і міжнароднага супрацоўніцтва, унутраных спраў і грамадскай бяспекі, юстыцыі і фінансаў; а таксама большасць месцаў у парламенце, урадзе і органах мясцовага самакіравання. Іншадумства пераследуецца: так Жэрве Руфьікіры, старшыня Сената ў 2005—2015, вымушаны быў пакінуць пасаду, а затым краіну, пасля таго, як выступіў супраць замаху П’ера Нкурунзізы на трэці тэрмін.[8]
Найбольш уплывовыя апазіцыйныя партыі — Партыя за нацыянальны прагрэс (УПРОНА), якая прадстаўляе ў асноўным інтарэсы народнасці тутсі; Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі (ФРОДНБУ) — адпаведна хуту. Інтарэсы радыкальна настроенай часткі тутсі адлюстроўвае Партыя нацыянальнага адраджэння (ПАРЕНА). Маецца таксама звыш дзясятка невялікіх партый, якія ў палітычным плане ў асноўным асацыююцца з УПРОНА і ФРОДНБУ.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
правіцьБурундзі падзяляецца на 18 правінцый[9], у складзе якіх 117 камун падзяляюцца на 2638 collines. У перакладзе з дзяржаўнай французскай collines азначае «ўзгорак». Дарэчы, у рускай версіі Вікіпедыі так і скалькавана: «2638 холмов», аднак мы лічым мэтазгодным пакінуць найменне самай дробнай адзінкі без перакладу.
У 2000 годзе сталічныя правінцыя Бужумбура падзялілася на дзве правінцыі — Бужумбура-Мэры і Бужумбура-Рураль, што азначае Бужумбура гарадская і сельская адпаведна. У 2015 з дзвюх камун Бужумбуры-Рураль і трох камун правінцыі Буруры ўзнікла апошняя, 18-я правінцыя — Румонгэ.
Насельніцтва
правіцьУ 1950-м у Бурундзі жылі 2,5 млн чалавек, у 2020 — амаль 12 млн. Гэта азначае, што натуральны прырост насельніцтва Бурундзі такі ж высокі (2,85 % у 2020), як і паўсюль у Трапічнай Афрыцы.[10] На адну бурундзійку прыходзіцца ў сярэднім 5,3 дзяцей. Не дзіва, што асобы да 15 гадоў складаюць 44 % насельніцтва — гэта ўтрая-ўчацвёра вышэй за еўрапейскія паказчыкі, а сярэднестатыстычнаму жыхару краіны няма і 18 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця апошнім часам узрасла да амаль 67 гадоў, таму каэфіцыент смяротнасці ў Бурундзі адзін з самых нізкіх у свеце (усяго 6 ‰).
У этнічным складзе насельніцтва пераважаюць хуту (85 %), другі значны народ — тутсі, распаўсюджаны таксама тва. Дзяржаўныя мовы — французская і кірундзі (або проста рундзі, мова групы нігер-конга). У 2014 трэцяй дзяржаўнай мовай стала англійская.[11]
Больш за 80 % насельніцтва вызнаюць хрысціянства (у асноўным каталіцтва, 15-25 % — пратэстанты розных дэнамінацый), ад 2 да 5 % — мусульмане-суніты (пражываюць пераважна ў гарадах), астатнія бурундзійцы трымаюцца мясцовых традыцыйных вераванняў.
Край адрозніваецца незвычайна высокай шчыльнасцю насельніцтва (больш за 400 чалавек на км²), у Афрыцы паказчык вышэй толькі ў суседняй Руандзе і на некаторых астравах. Жыхары размеркаваны па краіне даволі раўнамерна, але найбольш густа заселеныя поўнач і ўзбярэжжа возера Танганьіка. Узровень урбанізацыі вельмі нізкі — станам на 2019 у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва. Прычым, як гэта часта бывае ў краінах, што развіваюцца, роля сталічнай агламерацыі гіпертрафавана: у Бужумбуры і ваколіцах жыве больш за мільён чалавек — ледзьве не ўсё гарадское насельніцтва Бурундзі. Наданне сталічных функцый гораду Гітэга — старая сталіца і другі па велічыні (41 тыс.жыхароў) населены пункт краіны — мусіць прывесці да яго паскоранага росту.
Каля 32 % насельніцтва Бурундзі непісьменныя, і гэта пры тым што за пачатковы адрэзак ХХІ стагоддзя непісьменнасць значна скарацілася. Меней за 60 % дзяцей наведваюць пачатковую школу.
Эканоміка
правіцьБурундзі — аграрная краіна са слабаразвітай эканомікай, знаходзіцца ў ліку найменш развітых дзяржаў свету. Акрамя агульных для самага беднага рэгіёна свету праблем, яшчэ бяднейшай Бурундзі робяць адсутнасць выхаду да мора і значных прыродных рэсурсаў. Па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва па ППЗ (2020) займае месца ад 185 па 190 (у залежнасці ад колькасці класіфікаваных краін у рэйтынгу), канкуруючы за апошні радок з ЦАР.[12] Чатыры пятых насельніцва краіны жывуць за рысай беднасці. Паступленне валюты залежыць ад умоваў надвор’я і сусветных цэнаў на каву і чай. Каля 40 % нацыянальнага прыбытку прыходзіцца на замежную дапамогу.
Амаль 90 % працаздольнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, якая складае каля 40 % ВУП і дзе вырабляецца каля 40 % экспарту.[13], пры тым, што большая частка сектару адносіцца да нетаварнай сельскай гаспадаркі. Асноўнымі культурамі з’яўляюцца: кава, чай, цукровы трыснёг, бананы, рыс, бавоўна, кукуруза. На возеры Танганьіка развіта рыбалоўства. Хуткі рост насельніцтва і адсутнасць адэкватнай зямельнай палітыкі прыводзяць да пастаяннага недахопу прадуктаў харчавання.
Прамысловасць развіта слаба, яе доля ў структуры ВУП складае каля 15 %, пераважае здабыўная галіна. З апрацоўчай маюцца заводы па вытворчасці сельгасінвентара, будматэрыялаў, а таксама дрэваапрацоўчы, мылаварны, шкляны, тэкстыльны і піваварны камбінаты.
Галоўнымі артыкуламі імпарту з’яўляюцца прадукты харчавання, аўтамабілі, нафтапрадукты і папера; экспартуюцца золата (43 % экспарту ў 2018), кава (у 2000-х яна давала 80 % валютных паступленняў), чай, цукар, руды каляровых металаў (волава, вальфрам ды цырконій), дрэва. Экспартная выручка складае 50 % ад выдаткаў на імпарт.
Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі з’яўляюцца краіны субрэгіёна, з далёкага замежжа — Бельгія, Францыя, Германія, Кітай, Саудаўская Аравія, Індыя. У 2010-х галоўным імпарцёрам для тавараў Бурундзі сталі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія скупляюць усё золата.
Працягласць шашэйных і грунтавых дарог складае парадку 6 тыс. км. Суднаходства здзяйсняецца ў асноўным па возера Танганьіка і рэках яго басейна. Праз порт Бужумбуры на Танганьіцы ажыццяўляецца асноўная частка знешняга гандлю — тавары плывуць у танзанійскі азёрны порт Кігома, адкуль на чыгунцы трапляюць да акіяна. У Бужумбуры маецца аэрапорт міжнароднага класа — адзіны на ўсю краіну з асфальтавай УПП. Самы папулярны кірунак — Кігалі, сталіца суседняй Руанды. Асноўнымі авіяперавозчыкамі з’яўляюцца замежныя «Эфіопія эрлайнс», «Кенія эрвейс» і інш. Чыгуначная сетка адсутнічае. Ёсць план на далёкую перспектыву: злучыць чыгункай Бужумбуры з Кігалі і Кампалай з далейшым выхадам на Кенію.
Зноскі
- ↑ а б Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 студзеня 2018. Праверана 2 верасня 2020.
- ↑ http://hdr.undp.org/en/content/2019-human-development-index-ranking
- ↑ https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/africa
- ↑ https://www.theguardian.com/world/2018/mar/14/finland-happiest-country-world-un-report
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2020. Праверана 2 верасня 2020.
- ↑ https://www.eac.int/
- ↑ https://www.hrw.org/report/2018/05/18/we-will-beat-you-correct-you/abuses-ahead-burundis-constitutional-referendum
- ↑ https://www.economist.com/middle-east-and-africa/2016/04/21/sliding-towards-anarchy
- ↑ http://www.statoids.com/ubi.html
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/by.html Архівавана 9 снежня 2016.
- ↑ https://web.archive.org/web/20151117024558/http://www.iwacu-burundi.org/blogs/english/english-is-now-official-language-of-burundi/
- ↑ https://data.worldbank.org/indicator/NY.GDP.PCAP.PP.CD?most_recent_value_desc=true
- ↑ https://atlas.cid.harvard.edu/explore?country=17&product=undefined&year=2018&productClass=HS&_target=Product&partner=undefined&startYear=undefined