Бу́ры ву́галь — гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю.

Брыкет бурага вугалю — пячное паліва

Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі.

Да бурага вугалю адносяць вуглі з вышэйшай цеплынёй гарэння рабочай масы бяспопельнага вугалю меней за 23,88 МДж (5700 ккал/кг).

Для бурага вугалю характэрна высокая гіграскапічнасць і кіслотнасць, мае 64-78 % вугляроду, 5-6 % вадароду, 15-30 % кіслароду, 40-65 % лятучых рэчываў. Шчыльнасць 1200—1500 кг/м³.

Буры вугаль выкарыстоўваецца як энергетычнае і бытавое паліва, сыравіна для хімічнай прамысловасці і вырабу вадкага паліва.

Як энергетычнае паліва буры вугаль мэтазгодна выкарыстоўваць каля месц здабычы, бо ён мае малую цеплыню згарання, і транспартаваць яго на вялікія адлегласці нявыгадна.

Здабыча лігніту адкрытым спосабам, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Германія, 2019.

Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Галоўныя басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі.

Здабыча бурага вугалю ў млн тон:

1970 1980 1990 2000 2001
1. Германія 369,300 388,000 356,500 167,700 175,400
2. Расія 127,000 141,000 137,300 86,400 83,200
3. ЗША 5,400 42,300 82,600 83,500 80,500
4. Аўстралія 24,200 32,900 46,000 65,000 67,800
5. Грэцыя 8,100 23,200 51,700 63,300 67,000
6. Польшча 32,800 36,900 67,600 61,300 59,500
7. Турцыя 4,400 15,000 43,800 63,000 57,200
8. Чэхія 67,000 87,000 71,000 50,100 50,700
9. Кітай 13,000 22,000 38,000 40,000 47,000
10. Югаславія 26,000 43,000 60,000 35,500 35,500
11. Румынія 14,100 27,100 33,500 17,900 29,800
12. Паўночная Карэя 5,700 10,000 10,000 26,000 26,500
Агулам 804,000 1.028,000 1.214,000 877,400 894,800

На Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне, у асноўным на тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Вядомы Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы. Агульныя геалагічныя запасы — больш за 1 млрд т, разведаныя — больш за 150 млн т. Якасць іх невысокая, распрацоўка пакуль не вядзецца, але гаспадарчае выкарыстанне (напрыклад, для вытворчасці вугальна-тарфяных брыкетаў) магчымае нават у блізкай перспектыве. На базе Жыткавіцкага радовішча бурага вугалю — адклады Паўночнае (23,5 млн т) і Найдзінскае (23,1 млн т) — магчыма будаўніцтва кар’ера гадавой магутнасцю 2 млн т. Якасць вугалю адпавядае вугалю Прыдняпроўскага вугальнага басейна (Украіна): вільготнасць 56—60 %, выхад лятучых рэчываў 39—60 %, цеплата згарання ў сярэднім 1640 ккал/кг. Яго галоўныя запасы ляжаць на глыбіні да 45 м, магутнасць пласта дасягае 16 м. Здабычу лепш весці адкрытым метадам. Вывучаецца магчымасць падземнай газіфікацыі.

Гл. таксама

правіць
  NODES