Ватыкан
Ватыка́н (лац.: Status Civitatis Vaticanæ, італ.: Stato della Città del Vaticano) — незалежная дзяржава-горад (самая маленькая ў свеце), цэнтр Рымска-каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — Папы Рымскага. Знаходзіцца ў заходняй частцы Рыма. Тэрыторыя — 0,44 км². У экстратэратарыяльнай уласнасці Ватыкана знаходзяцца тры саборы (Санта-Марыя-Маджорэ, Латэранская базіліка і базіліка Святога Паўла за гарадскімі сценамі), Ватыканская абсерваторыя, шэраг палацаў і віл агульнай плошчай 0,7 км². Паблізу Рыма ў палацы Кастэль-Гандольфа знаходзіцца летняя загарадная рэзідэнцыя Папы Рымскага.
| |||||
Гімн: «Inno e Marcia Pontificale» | |||||
Дата незалежнасці | 11 лютага 1929[заўв 1] (ад Італіі) | ||||
Афіцыйная мова | лацінская, італьянская | ||||
Найбуйнейшыя гарады | - | ||||
Форма кіравання | эклезіяльная абсалютная выбарная тэакратыя | ||||
Папа Рымскі Камерленга Дэкан Калегіі кардыналаў |
Францыск Тарчызіа Бертонэ Анджэла Садана | ||||
Дзярж. рэлігія | Каталіцызм | ||||
Плошча • Усяго |
232-я ў свеце 0,44 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2011) • Шчыльнасць |
832[1] чал. (236-я) 1891 чал./км² | ||||
Валюта | еўра | ||||
Інтэрнэт-дамен | .va | ||||
Код ISO (Alpha-2) | VA | ||||
Код ISO (Alpha-3) | VAT | ||||
Тэлефонны код | +39 і +379[2] | ||||
Часавыя паясы | Цэнтральнаеўрапейскі час, UTC+1 і Europe/Vatican[d][3] |
Ватыкан, па сутнасці, не мае свайго сталага насельніцтва. На яго тэрыторыі пражывае Папа, кіраўнікі Рымскай курыі, службоўцы ватыканскіх устаноў, вайскоўцы Папскай швейцарскай гвардыі. Па дадзеных на 2004, у ватыканскіх установах працуе каля трох тысяч супрацоўнікаў, з якіх маюць рэлігійны сан 1300 чалавек. Ватыканскае грамадзянства носіць адміністрацыйны характар. У перыяд свайго знаходжання на службе ватыканскім супрацоўнікам падаецца падданства Святога Прастолу, а ў выпадках паездак за мяжу (за межы Італіі) выдаюцца службовыя або дыпламатычныя пашпарты Святога Прастолу. Афіцыйная мова — лацінская (у паўсядзённым жыцці на ёй амаль ніхто не гаворыць і яна выкарыстоўваецца выключна ў афіцыйных дакументах Ватыкана і падчас набажэнстваў). У дыпламатычнай перапісцы выкарыстоўваецца французская. Паўсядзённымі і гутарковымі па частаце ўжывання з’яўляюцца італьянская, іспанская, англійская, нямецкая і французская мовы. Грашовая адзінка — еўра. Папская дзяржава па дагаворы з урадам Італіі ў абмежаванай колькасці чаканіць таксама ўласную манету — ватыканскі еўра, прызначаны ў асноўным для нумізматаў.
Галоўнымі афіцыйнымі святамі з’яўляюцца — дзень абрання актуальнага Папы, Каляды і Вялікдзень.
Дыпламатычныя місіі замежных дзяржаў акрэдытуюцца пры Святым Прастоле, а не пры горадзе-дзяржаве Ватыкан. Замежныя пасольствы і прадстаўніцтвы, акрэдытаваныя пры Святым Прастоле, з прычыны малой тэрыторыі Ватыкана, размешчаны ў Рыме (уключаючы і пасольства Італіі, якое, такім чынам, знаходзіцца ў яе ўласнай сталіцы[4]).
Святы Прастол (не Ватыкан) з’яўляецца сталым назіральнікам пры ААН з 1964 года[5], супрацоўнічаючы з арганізацыяй з 1957 года[6]. У ліпені 2004 года правы місіі Святога Прастола пры ААН былі пашыраны[5]. Акрамя таго, са жніўня 2008 года Ватыкан пачаў супрацоўніцтва з Інтэрпалам на сталай аснове[7][8].
Гісторыя
правіцьУ антычнасці тэрыторыя Ватыкана (лац.: ager vaticanus) не была заселена, бо ў Старажытным Рыме гэта месца лічылася святым. У 326 годзе, пасля прыходу хрысціянства, над меркаванай грабніцай святога Пятра была ўзведзена базіліка Канстанціна і з тых часоў гэта месца стала засяляцца.
Гістарычна цяперашні Ватыкан стаў спадчыннікам Папскай дзяржавы, якая была ўтворана ў сярэдзіне VIII стагоддзя і пазней ахапіла значную частку Апенінскага паўвострава.
У 756 франкскі кароль Піпін Кароткі (бацька Карла Вялікага) у выніку супрацьборства з лангабардамі і візантыйцамі падарыў Папе Стэфану II (III) Рым і некалькі правінцый у цэнтральнай Італіі, што склала гістарычнае ядро Папскай дзяржавы, так званай «спадчыны Св. Пятра». Ватыкан на сённяшні дзень з'яўляецца самым старым дзяржаўным утварэннем. Інстытуты яго дзяржаўна-царкоўнай улады наўпрост ўзыходзяць да Рымскай імперыі. Папская дзяржава спыніла сваё існаванне 20 верасня 1870, калі войскі караля Віктора Эмануіла падчас завяршэння аб'яднання краіны ўвайшлі ў «вечны горад» і абвясцілі яго сталіцай Італіі. Папа катэгарычна не пагадзіўся з гвалтоўным захопам Рыма і не прызнаў яго анексію. Паўстала «рымскае пытанне».
Пасля працяглага перыяду непаразумення паміж урадам Італіі і Святым Прастолам бакі пайшлі на ўрэгуляванне адносін. 11 лютага 1929 былі падпісаныя т.зв. Латэранскія пагадненні (Канкардат), паводле якіх прызнаваўся суверэнітэт ватыканскай дзяржавы. У 1984 Італія і Ватыкан падпісалі новы Канкардат. У адрозненне ад папярэдняга, паводле яго каталіцызм афіцыйна аб'яўляўся дзяржаўнай рэлігіяй, новы канкардат надае італьянцам фармальна поўную волю выбару рэлігіі.
Геаграфія
правіцьКлімат Ватыкана такі ж як у Рыме, умераны міжземнаморскі клімат з лагоднай дажджлівай зімой з верасня да сярэдзіны мая і гарачае сухое лета з мая па жнівень. Ёсць некаторыя мясцовыя асаблівасці, частыя туманы і раса, якія выкліканых вялікімі памерамі базілікі Святога Пятра, вышынёй на якой яна размяшчаецца і вялікімі памерамі брукаванай плошчы.
Ватыкан з'яўляецца самай маленькай дзяржавай у свеце, маючы плошчу толькі каля 44 гектараў. У ліпені 2007 года Ватыкан пагадзіўся стаць першай вугляродна-нейтральнай дзяржавай. Яны плануюць зрабіць гэта за кошт кампенсацыі выкідаў вуглякіслага газу[9].
Тэрыторыя
правіцьНазва «Ватыкан» з'явілася яшчэ да прыняцця хрысціянства ў Старажытным Рыме і паходзіць ад назвы ўзгорка[10]. Менавіта на гэтай тэрыторыі месцяцца Базіліка Святога Пятра, Апостальскі палац, Сіксцінская капэла і музеі, якія былі пабудаваныя разам з іншымі будынкамі. Гэты раён быў часткай Рыму да 1929 года, калі быў аддзелены ад горада. Ватыкан размяшчаецца на заходнім беразе Тыбра.
Паводле Латэранскага дагавора, некаторыя будынкі Святога Прастола, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Італіі, у першую чаргу гэта папскі палац Кастэль-Гандольфа і іншыя базілікі, атрымалі экстэрытарыяльны статус, аналагічны статусу замежных пасольстваў[11]. Гэты статус атрымалі і іншыя структуры і будынкі Ватыкана, якія аказаліся раскіданымі па ўсім Рыму і Італіі. Кастэль Гандольфа і іншыя базілікі патрулююцца ўнутранымі паліцэйскімі агентамі дзяржавы Ватыкан, а не італьянскай паліцыі. Плошча Святога Пятра паводле звычая ахоўваецца сумесна.
Сады
правіцьНа тэрыторыі Ватыкана знаходзяцца Сады Ватыкана (па-італьянску: Giardini Vaticani)[12], на долю якіх прыпадае больш за палову тэрыторыі дзяржавы. Сад, створаны ў эпоху Адраджэння і эпоху барока, ўпрыгожаны фантанамі і скульптурамі.
Сады займаюць каля 23 га і займаюць большасць Ватыканскага ўзгорка. Вышыня самай высокая кропкі складае 60 метраў над узроўнем мора. Каменныя сцены звязваюць вобласць на поўначы, поўдні і захадзе.
Сады ўзыходзяць да Сярэднявечча, калі вінаграднікі і фруктовыя сады былі распаўсюджаны на поўначы Папскага Апостальскага палаца[13]. У 1279 годзе Папа Мікалай III перанёс сваю рэзідэнцыю назад у Ватыкан з Латэранскага палаца і абгарадзіў гэтую тэрыторыю сценамі[14]. Ён спланаваў і Ватыканскі сад.
Дзяржаўны лад
правіцьЗ пункта погляду дзяржаўнага ладу Ватыкан — абсалютная тэакратыя. Глава дзяржавы — Папа Рымскі. У выпадку яго адсутнасці або смерці бягучымі справамі Ватыкана кіруе камерленга Святой Рымскай царквы, выконваючы роля месцаназіральніка ў папярэдні выбарам новага Паты перыяд. Папе належыць вярхоўная заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. У яго кампетэнцыю ўваходзіць прэзентацыя Ватыкана ў міжнародных адносінах, заключэнне, ратыфікацыя і дэнансацыя міжнародных дагавораў і канкардатаў, прыём дыпламатычных прадстаўнікоў і прызначэнне прадстаўнікоў Ватыкана ў іншых краінах. Папа абіраецца пажыццёва калегіяй кардыналаў. Абранне здзяйсняецца на канклаве (лац. «пад ключом») з ліку кардыналаў шляхам таемнага галасавання большасцю не меней 2/3 галасоў.
Сусветны (або Ватыканскі) сабор склікаецца перыядычна раз у некалькі дзесяткаў гадоў для абмеркавання найболей важных царкоўных праблем. Апошні сабор склікаўся ў 1962—1965 (21 Сусветны або Ватыканскі сабор).
Урад
правіцьГлавой выканаўчай улады з'яўляецца Дзяржаўны сакратар.
Ватыканам кіруе адміністрацыйны орган — прызначаная Святым Прастолам Папская Камісія, на чале з губернатарам (камісія прызначаецца на 5-гадовы тэрмін). Галоўным адміністрацыйным органам Святога прастола (Практычнае кіраўніцтва рэлігійнай, палітычнай і гаспадарчай дзейнасцю) з'яўляецца Рымская курыя. Паводле Апасталічных канстытуцый «Regimini Ecclesiae Universae»' (1968 год) і «Pastor Bonus» (1988 год) адміністрацыя каталіцкай царквы і Ватыкана складаецца з некалькіх ведамстваў. Выкананнем рашэнняў Папы і каардынацыяй дзейнасці рымскай курыі займаецца Дзяржаўны сакратарыят. Яго главе — Дзяржаўнаму сакратару — паданы ўсе паўнамоцтвы ў вобласці свецкага суверэнітэту; фактычна ён выконвае абавязкі прэм'ер-міністра. З 2006 года дзяржаўны сакратар — кардынал Тарчызіа Бертонэ.
Вышэйшыя кансультатыўныя органы — Сусветны сабор, калегія кардыналаў і біскупскі сінод.
Калегія кардыналаў — дарадчы орган пры Папе — збіраецца для абмеркавання найболей важных царкоўных спраў і для выбараў Паты. Падчас абрання пантыфіка ў калегіі (канклаве) могуць удзельнічаць толькі кардыналы маладзей 80 гадоў, прызначаныя Папам пажыццёва. Так, з цяперашніх 189 кардыналаў 174 прызначаныя Янам Паўлам. Каля 1/3 кардыналаў уваходзяць у склад Рымскай курыі (урад Ватыкана), дзе засяроджанае практычнае кіраўніцтва рэлігійнай, палітычнай і эканамічнай дзейнасцю Ватыкана. У склад Рымскай курыі ўваходзяць Дзяржаўны сакратарыят, 9 кангрэгацый (духоўныя ведамствы), 3 трыбунала, 12 папскіх рад і камісій, інш. ведамствы.
У складзе Дзяржаўнага сакратарыята дзейнічаюць, у прыватнасці, секцыі па агульных пытаннях (унутраным справам) і па сувязях з дзяржавамі (замежным справам).
Іншыя органы каталіцкай царквы і Ватыкана: дзевяць кангрэгацый, ці дыкастэрый (міністэрстваў); 11 папскіх камісій; бюро; Апостальская бібліятэка і іншыя ўстановы. Юрыдычныя інстанцыі — Вышэйшы царкоўны суд, Вышэйшы трыбунал Апостальскага суда і мясцовы трыбунал. Парадак падтрымлівае папская гвардыя, якая складаецца са швейцарскіх гвардзейцаў.
Знешняя палітыка
правіцьСвяты Прастол падтрымлівае дыпламатычныя адносіны з 178 дзяржавамі. Роля Ватыкана ў міжнароднай палітыцы, яго ўплыў у свеце грунтуюцца на вялізнай колькасці вызнаўцаў-каталікоў — 1 млрд.100 тыс. чал. Правадыром яго палітыкі з'яўляецца каталіцкае духавенства (1,9 млн манахаў і каля 0,5 млн святароў), каля 2 тыс. манаскіх ордэнаў, найболей буйнымі з якіх з'яўляюцца ордэна езуітаў (26 тыс.), францысканцаў (45 тыс.), салезіянцаў, капуцынаў, бенедыктынцаў, дамініканцаў.
Ватыкан дзейнічае таксама праз т. зв. свецкія каталіцкія арганізацыі: прафсаюзныя, культурныя, моладзевыя, жаночыя і інш. Значная колькасць з гэтых арганізацый уваходзяць у канферэнцыю міжнародных каталіцкіх арганізацый, праца якіх каардынуецца Дзяржаўным сакратарыятам Ватыкана. Пад пэўным уплывам Ватыкана находзяцца клерыкальныя палітычныя партыі ў розных краінах свету.
У апошні час роля, якую гуляе Ватыкан у міжнародных адносінах стала значней, асабліва на фоне росту ліку глабальных праблем, якія закранаюць інтарэсы ўсяго чалавецтва. Гэтаму шмат у чым спрыяў Ян Павел II, усталяваныя ім асабістыя кантакты са шматлікімі значнымі дзяржаўнымі дзеячамі. Ён з прыкметным палітычным рэзанансам рабіў рэгулярныя паездкі па свеце — падлічана, што Ян Павел II за гады свайго пантыфікату падчас падарожжаў праехаў агульную адлегласць роўную чатыром адлегласцям ад Зямлі да Месяца.
Кіраўніцтва Ватыкана ўдзельнічае ў рашэнні ключавых міжнародных праблем, уключаючы ліквідацыю зброі масавага знішчэння, урэгуляванне рэгіянальных канфліктаў, ахове навакольнага асяроддзя. У цэнтры ўвагі Ватыкана — праблемы свету, які развіваецца (адсталасць, бедната, голад і галеча, беспрацоўе). Таму не выпадкова, што большасць сваіх паездак Ян Павел II здзейсніў у Азію, Афрыку і Лацінскую Амерыку. Ватыкан унёс значны ўклад у пачатак і паступальнае развіццё агульнаеўрапейскага працэсу. Ён выяўляе значную цікавасць да блізкаўсходняга мірнага працэсу, да пытання аб статусе Іерусаліма, а таксама да ўрэгулявання сітуацыі ў Іраку і ў іншых канфліктных зонах планеты.
Дэмаграфія
правіцьПрактычна ўсё насельніцтва Ватыкана — падданныя Святога Прастола, бо падданства Ватыкана не існуе, якія маюць пашпарт і з'яўляюцца прыслужнікамі Каталіцкай Царквы.
На 2005 года з 557 падданых Святога Прастола 58 — кардыналы, 293 чалавекі маюць статус духавенства і з'яўляюцца чальцамі папскіх прадстаўніцтваў, 62 — іншыя прадстаўнікі духавенства, 101 — члены швейцарскай гвардыі, а астатнія 43 — цывільныя. У 1983 годзе ў Ватыкане не зарэгістравана ніводнага навароджаннага. Нябольш за палову, 246 грамадзян, захавалі сваё першае грамадзянства. Грамадзянства Ватыкана не пераходзіць у спадчыну і не можа быць набыта з прычыны нараджэння ў горадзе. Яно можа быць атрымана толькі ў выніку служэння Святому Прастолу і скасавана з прычыны спынення працоўнай дзейнасці ў Ватыкане.
Артыкул 9 Латэранскага пагаднення 1929 года паміж Ватыканам і Італіяй паведамляе, што калі асоба перастае быць грамадзянінам Ватыкана і не мае грамадзянства любой іншай краіны, яму даецца італьянскае грамадзянства. Этнічна, большасць з іх з'яўляюцца італьянцы, з-за выключэннем членаў швейцарскай гвардыі. Да «дзённага» насельніцтва Ватыкана адносяцца таксама каля 3 тысяч працуючых там італьянцаў, але якія жывуць па-за межамі Ватыкана. У 2005 годзе ў Ватыкане было зарэгістравана 111 шлюбаў.
Эканоміка
правіцьВатыкан мае тры асноўных крыніцы прыбыткаў: Інстытут рэлігійных спраў (Opere di Religione, ІОR — фактычна, ватыканскі банк, бюджэт якога складае штогод некалькі млрд. долараў ЗША), ахвяраванні вызнаўцоў і фінансавая і эканамічная дзейнасць уласных прадпрыемстваў (у папскай загараднай рэзідэнцыі, напрыклад, наладжана вытворчасць шырокай гамы малочных прадуктаў пад маркай «Фаторыя Пантыфічыя»).
Святы Пасад здзяйсняе шырокую прадпрымальніцкую дзейнасць, у т.л. фінансавую. Валодае значнай нерухомасцю ў Еўропе, Лацінскай Амерыцы, супрацоўнічае з міжнароднымі банкамі і манаполіямі. Каля 3/4 капіталаў Ватыкана ўкладзена ў Італіі. Толькі ў Італіі яму належыць 482 тыс. га апрацоўваемых плошчаў, уключаючы некалькі тысяч гектараў у раёне Рыма. Значная частка нерухомасці «вечнага горада» таксама належыць Ватыкану праз шэраг страхавых кампаній.
Групы паломнікаў, якія прыбываюць у Ватыкан з розных краін свету і турысты ўносяць свой ўклад (т.зв. «грош св. Пятра») у бюджэт Святога Прастола. Штогод яго сума ў сярэднім складае каля 90 млн долараў ЗША.
Транспарт
правіцьВатыкан мае даволі добра развітую транспартную сетку з улікам сваіх памераў, якія складаюцца ў асноўным з плошчы і тратуара. У краіне, якая мае 1,05 кіламетраў у даўжыню і 0,85 кіламетраў у шырыню[15], яна мае невялікую транспартную сістэму, без аэрапортаў або шашы. У Ватыкане размяшчаецца геліпорт і чыгуначная станцыя, якая належыць да італьянскай чыгуначнай сеткі і цягнецца па тэрыторыі Ватыкана ўсяго 300 метраў[16].
Папа Ян XXIII быў першым Папам, як пачаў выкарыстоўваць гэтую чыгунку. Ян Павел II таксама выкарыстоўваў яе, але і даволі рэдка. Чыгунка ў асноўным выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў. Ватыкан не мае аэрапортаў, з'яўляючыся такім чынам адной з нешматлікіх незалежных дзяржаў у свеце без аэрапорта. Абслугоўваюць Ватыкан аэрапорты Рыма: аэрапорт імя Леанарда да Вінчы—Ф'юмічына і ў меншай ступені, аэрапорт Чампіна — яны служаць у якасці адпраўной кропкі для міжнародных візітаў Папы[16].
Культура
правіцьВатыкан з'яўляецца домам для некаторых з самых вядомых твораў мастацтва ў свеце. Базіліка Святога Пятра, якую паслядоўна будавалі такія архітэктары як Даната Брамантэ, Мікеланджэла, Джакама дэла Порта, Карла Мадэрна і Джавані Ларэнца Берніні з'яўляецца вядомым творам архітэктуры эпохі Адраджэння. Сіксцінская капэла знакаміта сваімі фрэскамі, якія ўключаюць у сябе творы П’етра Перуджына, Даменіка Гірландая і Сандра Бацічэлі, а таксама вядомая праца Мікеланджэла Страшэнны суд на столі капэлі. Сярод вядомых мастакоў, якія ўпрыгожвалі інтэр'еры Ватыкана варта адзначыць таксама Рафаэля і Фра Беата Анджэліка.
Бібліятэка Ватыкана і калекцыі музеяў Ватыкана маюць высокае гістарычнае, навуковае і культурнае значэнне. У 1984 годзе Ватыкан быў дададзены ЮНЕСКА ў спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны, гэта толькі адзіны такі выпадак, калі ў спіс патрапіла цэлая дзяржава[17]. Акрамя таго, гэта адзінае месца на сённяшні дзень зарэгістраванае ЮНЕСКА як цэнтр засяроджвання культурных каштоўнасцей.
Пры Ватыкане дзейнічаюць Папская акадэмія навук (створаная ў 1603), якая падпарадкоўваецца непасрэдна Папе і мае сваёй мэтай садзейнічаць даследаванням у вобласці фізікі, матэматыкі і прыродазнаўства, а таксама Папская акадэмія сацыяльных навук. Папскія акадэмікі прызначаюцца Папам з ліку вядомых навукоўцаў у вобласці матэматычных і прыродазнаўчых навук (Папская акадэмія навук — 78 членаў, Папская акадэмія сацыяльных навук — 40 членаў).
Ватыкан выдае сотні газет і часопісаў у розных краінах. Афіцыёз Ватыкана — штодзённая газета «Асерваторэ рамана» (тыр. каля 50 тыс. экз.). У Святога Прастола маецца сваё агенцтва друку — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Радыё Ватыкана вядзе свае перадачы на 41 мовах, у т.л. і на беларускай мове (гл.Радыё Ватыкана, беларуская служба) на большасць краін свету, у т.л. і на краіны СНД. Пры Ватыкане маецца «Ватыканскі тэлевізійны цэнтр» («Тэлепачэ»). З 1996 Ватыкан падключаны да сеткі Інтэрнэт.
Гл. таксама
правіцьЗаўвагі
правіць- ↑ Паводле Латэранскага пагаднення.
Крыніцы
правіць- ↑ Vatican City. CIA — The World Factbook (англ.)
- ↑ а б https://www.itu.int/dms_pub/itu-t/opb/sp/T-SP-E.164D-11-2011-PDF-E.pdf
- ↑ а б в https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/europe
- ↑ Адрес пасольствы Ватыкана ў Італіі
- ↑ а б Lenta.ru: В мире: Ватикан получил статус наблюдателя ООН без права голоса Архівавана 6 верасня 2011.
- ↑ http://www.holyseemission.org/short_history.html Архівавана 16 мая 2007.
- ↑ List of Member States
- ↑ http://www.interpol.int/Public/Icpo/Members/dates.pdf Архівавана 24 ліпеня 2011.
- ↑ «The Vatican to go carbon neutral». United Press International.
- ↑ Vatican (search). Online Dictionary.
- ↑ Treaty between the Holy See and Italy Архівавана 13 жніўня 2011.. vaticanstate.va
- ↑ «Map of Vatican City». www.saintpetersbasilica.org.
- ↑ «Al Pellegrino Cattolico: The Vatican Gardens» Архівавана 27 мая 2012.. 2008 Al Pellegrino Cattolico s.r.l. Via di Porta Angelica 81\83 (S.Pietro) I- 00193 Roma, Italy.
- ↑ «Official Vatican City State Website: A Visit to the Vatican Gardens» Архівавана 18 студзеня 2013.. 2007-08 Uffici di Presidenza S.C.V.
- ↑ «Holy See — State of the Vatican City». Vatican Papal Conclave.
- ↑ а б Vatican City State Railway Vatican City State Railway «Railways of the World». Sinfin.net.
- ↑ «Vatican City — UNESCO World Heritage Centre». whc.unesco.org.
Спасылкі
правіцьВатыкан на Вікісховішчы |
- Афіцыйны сайт Святога Прастола Архівавана 6 лютага 2015. — на нямецкай, англійскай, іспанскай, французскай, італьянскай, партугальскай мовах і латыні
- Афіцыйны сайт дзяржавы Ватыкана — на італьянскай, англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай мовах
- Сайт пра Ватыкан Архівавана 21 лютага 2012. — гісторыя, культура славутасці Ватыкана
- Горад — дзяржава Ватыкан Архівавана 24 лютага 2013. — артыкул пра Ватыкан, яго гісторыі і славутасцях
- Артыкулы пра Ватыкан Архівавана 9 лютага 2015. — сайт пра Бенедыкта XVI