Веліж
Веліж (руск.: Велиж) — горад у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Веліжскага раёна і Веліжскага гарадскога паселішча Смаленскай вобласці. Насельніцтва 7326 чалавек (2010). Заснаваны ў 1536 годзе.
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||
Геаграфія
правіцьРазмешчаны на рацэ Заходняя Дзвіна, за 134 км ад Смаленска на трасах Р133 Смаленск — Невель і Р131 Веліж — Сенькава, 93[2] км ад чыгуначнай станцыі Рудня. Адлегласць ад Віцебска па аўтадарозе Р112 — 87 км.
Агульная працягласць вуліц Веліжа складае 54,85 км, з іх 24,45 км — з асфальтабетонным пакрыццём. На вялікім баку горада 27 кварталаў, 51 вуліца ці завулак. На малым баку — 21 квартал, 28 вуліц і завулкаў[3].
Назва
правіцьНазва Веліж (Вялі́ж) паходзіць ад назвы рэчкі Вялі́жкі, ля ўпадзення якой у Дзвіну паселішча знаходзіцца.
Першапачатковая форма гэтага гідроніма — Вялі́жа. На гэта паказвае назва ракі Буліжа, што цячэ недалёка ад Вяліжы (прыток дзвінскай ракі Касплі, што ў Дзвіну ўцякае ніжэй за ўпадзенне Вяліжы). У абодвух гэтых гідронімаў карані пашыраныя пашыральнікам тыпу -iž-, як у літоўскіх гідронімах тыпу Gabižis, Gumyža[4][5].
Пашыральнік -ž- выкарыстоўваецца ў літоўскім слова- і назваўтварэнні, утвараючы вытворныя формы (varlė «жаба» — varlėža «жабка»)[6].
Гідранімічны корань Vel- на Верхнім Падзвінні таксама ў балцкіх назвах возера Веліста, ракі Веляса (Vel- + -st-, -s-). Балцкія гідранімічныя адпаведнікі — літоўскія Veliuona, Velionė, Vel-upys, Vėlys, латышскія Vel-upīte, Vellezers[7].
Гісторыя
правіцьУ складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай
правіцьУпершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы Быхаўца»: у 1-й палове XV стагоддзя горад падпарадкоўваўся ўладзе вялікага князя Вітаўта, які прызначыў намеснікам у Веліжы пінскага князя Юрыя Носа. Горад з’яўляўся цэнтрам аднайменнай воласці. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—1503 гадоў адышоў да Масквы. У 1522 годзе віцебскі намеснік спрабаваў яго адваяваць. У 1536 годзе паводле загаду маскоўскіх улад тут пабудаваны замак з 9 вежамі. Рускія летапісцы пацвярджаюць факт пабудовы наступнай фразай:
…а прежде в том месте Литовский город бывал. |
Гэты год лічыцца афіцыйнай датай заснавання.
У Інфлянцкую вайну (1558—1583) 6 жніўня 1580 года войскі канцлера Я. Замойскага ўзялі замак і горад «чрез подане добровольное». Паводле Ям-Запольскага перамір’я 1582 года зноў у складзе Вялікага Княства Літоўскага. 20 сакавіка 1585 года горад атрымаў магдэбургскае права, меў герб: у блакітным полі залаты крыж, пад якім знаходзіўся аголены меч. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у 1655 годзе захоплены расійскімі войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 года застаўся ў складзе Расіі, у 1678 годзе вернуты Вялікаму Княству Літоўскаму. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі.
У складзе Расійскай імперыі
правіцьГорад быў уключаны спачатку ў склад Пскоўскай, затым у Полацкай губерні Віцебскай правінцыі, а з 1802 года ў складзе Віцебскай губерні, цэнтр Веліжскага павета.
21 верасня 1781 года Кацярына II даравала гораду новы герб.
У 1799 годзе ў горадзе было 689 дамоў, 7 уніяцкіх цэркваў (3 каменныя, 4 драўляныя), 2 мураваныя касцёлы, 3 млыны, народнае вучылішча.
У 1860 годзе ў горадзе былі 1322 дамы, з іх 17 мураваныя; 10 цэркваў, з іх 3 драўляныя.
У кастрычніку 1861 года пажар знішчыў большую частку горада. У 1871 годзе было 11 цэркваў, 9 сінагог, 1 касцёл. У 1886 годзе праваслаўных — 12103 чалавекі, каталікоў — 234, іудзеяў — 5070 (пры агульнай колькасці жыхароў — 17405).
У 1891 годзе ў горадзе было 2033 драўляныя і 154 мураваныя дамы, 67 прамысловых прадпрыемстваў (1279 рабочых). Агульная колькасць насельніцтва — 18367 чалавек. Вакол горада было 4 прадмесці — Усвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае[8].
-
Краявід з ратушы
-
Касцёл Спачыну Найсв. Панны Марыі
-
Набярэжная і касцёл Спачыну
-
Царква Св. Ільі
-
Ільінская царква з боку Дзвіны
-
Царква Узнясення Св. Крыжа
-
Царква Узнясення з боку Дзвіны
-
Сабор Святога Духа
Веліжская справа
правіцьВеліжская справа — судовы працэс у 1821—1835 гадах па ілжывым абвінавачванні групы яўрэяў у рытуальным забойстве 3-гадовага хлопчыка. З-за недахопу доказаў справа ў Віцебскім губернскім судзе была спынена, але ў 1825 годзе па настаянні ўлад адноўлена. На падставе лжэсведчанняў былі арыштаваны 42 чалавекі. У 1835 годзе па рашэнні Дзяржаўнага савета справу спынілі, абвінавачаныя былі апраўданыя, ілжэсведкі сасланы ў Сібір. Галоўную ролю ў выкрыцці нагавору адыграў М. С. Мардвінаў, старшыня дэпартамента грамадзянскіх і духоўных спраў Дзяржаўнага савета. Пад уражаннем Веліжскай справы М. Ю. Лермантаў напісаў п’есу «Іспанцы».
У складзе РСФСР
правіцьЗ 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Веліж меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебскую губерню са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў губерню часткай РСФСР.
19 лютага 1920 года Віцебскі губрэўкам абвясціў аб зняцці ваеннага становішча. 28 студзеня 1921 года быў зацверджаны народна-гаспадарчы план: будаўніцтва лесазавода і чыгуначнага моста праз Дзвіну. У 1921—1922 гадах пачалі працаваць 3 спіртзаводы, маслабойны завод і лесазавод. Праведзена электрыфікацыя. Была створана міліцыя (400 чалавек). Паводле актаў за перыяд 1928—1938 гадоў, у Веліжы было расстраляна 468 чалавек з 3500 рэпрэсаваных, у тым ліку наркам земляробства БССР І. З. Зіноўеў.
У 1941 годзе горад акупаваны германскімі войскамі, моцна разбураны. 20 верасня 1943 года часці 4 ударнай арміі вызвалілі горад[9]. Па звестках надзвычайнай камісіі ад 5 жніўня 1944 года, 19391 веліжанін прапаў без вестак, былі расстраляныя, павешаныя, закатаваныя, жыўцом спаленыя і замардаваныя голадам. 2059 чалавек былі выгнаныя ў рабства. За перыяд з 1941 па 1945 год у войска былі прызваны 15686 веліжан, 11272 з іх не вярнуліся з фронту. У канцы студзеня 1942 года нацысцкія захопнікі па-зверску знішчылі Веліжскае гета, у якім жыўцом згарэлі больш за 2 тысячы яўрэяў.
Насельніцтва
правіць
|
Эканоміка
правіць- Веліжскі лясгас
- Веліжская друкарня
- «Веліжмэбля»
- ААТ «ВЕЛІЖЛЁН»
- «Веліжагратранс»
- Веліжскае ДРБУ[29]
Адукацыя і культура
правіць- 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы
- 2 установы дадатковай адукацыі
- Дом дзіцячай творчасці і спартыўная школа
- 5 муніцыпальных дзіцячых садоў і 1 праваслаўны
- прафесійнае вучылішча
- дзіцячая школа мастацтваў
- Дом вольнага часу, дзіцячая і дарослая бібліятэкі
- 3 аўтаклубы[30].
Веліжскі гісторыка-краязнаўчы музей
правіцьДаваенны музей знаходзіўся ў будынку ратушы. Сучасны створаны ў 1986 годзе. Грамадскую раду па яго стварэнні ўзначаліў М. Ф. Карпоўскі. Музей знаходзіцца на плошчы Дзяржынскага ў аднапавярховым будынку ХІХ стагоддзя (належаў А. М. Кісялёву). Мае наступныя раздзелы:
- Мастацка-этнаграфічны
- Археалагічны
- Гістарычны
- Ваенны
Дырэктар — Качуліна Ліна Аляксандраўна.
Транспарт
правіцьРэгулярнымі аўтобуснымі маршрутамі злучаны з Віцебскам, Смаленскам, Санкт-Пецярбургам.
Чыгунка адсутнічае, бліжэйшая станцыя Рудня — за 93 кіламетры ад горада.
З 1945 года пачалося будаўніцтва вузкакалейкі. У 1947 яна пачала функцыянаваць. Належала Веліжскаму леспрамгасу. Мела агульную працягласць 78 км, асноўная магістраль да Мяздрэні — 38 км. Станцыі: Веліж, Паланея, Люкаўцы, Галоддзе. Працавала 128 чалавек. У 1995 годзе спыніла сваё існаванне. Захаваліся рэйкавыя ўчасткі да Галадні — 30 км, таксама 6-я галіна — 7 км.
У 1888 годзе ў Веліжы працавалі дзве параходныя кампаніі, а першыя параходы з’явіліся на год раней. У 1890 г. было перавезена 147 тыс. м³ грузаў. Рэгулярныя рэйсы з Віцебскам пачаліся ў 1891 годзе. У 1990-я рачная гаспадарка прыйшла ў заняпад.
Грамадскі транспарт, акрамя таксі, адсутнічае.
Вядомыя асобы
правіць- Андрэй Ануфрыевіч Бембель, беларускі скульптар
- Майсей Залманавіч Бераў, беларускі кінадакументаліст
- Юрка Віцьбіч, беларускі грамадскі дзеяч
- Антон Васілевіч Дубіна, дзяржаўны дзеяч БССР
- Канстанцін Васілевіч Забароўскі, Герой Савецкага Саюза
- Міхаіл Аркадзевіч Керзін, беларускі-расійскі мастак (працаваў у 1918-23 гг.)
- Макс Захаравіч Пенсон, савецкі яўрэйскі фотамастак
- Дзмітрый Філімонавіч Прышчэпаў, старшыня Веліжскага павятовага рэўкама
- Уладзімір Якаўлевіч Хрусталёў, беларускі мастак (працаваў у 1919-22 гг.)
- Валянцін Міхайлавіч Цярэнцьеў, беларускі вучоны ў галіне фізіялогіі раслін
Галерэя
правіць-
Гарадскі архіў і адміністрацыя
-
Плошча Ф. Э. Дзяржынскага
-
Гарадскі ЗАГС
-
Веліжскае аддзяленне МНС
-
Праваслаўны храм
-
Дзвіна ў Веліжы
Крыніцы
правіць- ↑ а б https://rosstat.gov.ru/storage/mediabank/Сhisl_MO_01-01-2024.xlsx — Росстат, 2024.
- ↑ Географический энциклопедический словарь (Географические названия). — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 95.
- ↑ Сайт Веліжа (руск.) Архівавана 27 лютага 2005.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 101, 127.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 169.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 391.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 370.
- ↑ Вяліж // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — С. 143.
- ↑ Гісторыя назваў вуліц Веліжа Архівавана 11 ліпеня 2017. (руск.)
- ↑ а б в г д е ё ж з і к http://www.MojGorod.ru/smolensk_obl/velizh/index.html
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus_pop_39_3.php
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus59_reg2.php — Демоскоп Weekly.
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus70_reg2.php — Демоскоп Weekly.
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus79_reg2.php — Демоскоп Weekly.
- ↑ http://demoscope.ru/weekly/ssp/rus89_reg2.php
- ↑ http://www.perepis2002.ru/ct/doc/1_TOM_01_04.xls
- ↑ http://www.gks.ru/bgd/regl/b08_14t/IssWWW.exe/Stg/z/13.htm
- ↑ http://www.gks.ru/bgd/regl/B09_109/IssWWW.exe/Stg/d01/tabl-21-09.xls
- ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2012/bul_dr/mun_obr2012.rar
- ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2013 года. Таблица 33. Численность населения городских округов, муниципальных районов, городских и сельских поселений, городских населённых пунктов, сельских населённых пунктов — Росстат, 2013. — 528 с.
- ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2014/bul_dr/mun_obr2014.rar
- ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2015/bul_dr/mun_obr2015.rar
- ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2016/bul_dr/mun_obr2016.rar — 2018.
- ↑ Численность населения Российской Федерации по муниципальным образованиям на 1 января 2017 года — М.: Росстат, 2017.
- ↑ Оценка численности постоянного населения Смоленской области на 1 января 2018 года
- ↑ http://www.gks.ru/free_doc/doc_2019/bul_dr/mun_obr2019.rar
- ↑ https://rosstat.gov.ru/storage/mediabank/CcG8qBhP/mun_obr2020.rar
- ↑ https://rosstat.gov.ru/storage/mediabank/tab-5_VPN-2020.xlsx
- ↑ Сайт Веліжа Архівавана 24 красавіка 2012. (руск.)
- ↑ Агульныя звесткі пра Веліж Архівавана 24 красавіка 2012. (руск.)
Літаратура
правіць- Грынявецкі В. Веліж // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 400. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 67. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).