Вясёлка — атмасферная аптычная і метэаралагічная з’ява, якая назіраецца звычайна пасля дажджу або перад ім. Яна выглядае як дуга або акружнасць, складзеная з колераў спектра. Вясёлка, выкліканая сонечнымі прамянямі, заўсёды з’яўляецца ў раздзеле неба прама насупраць сонца. Вясёлкі могуць быць поўнымі коламі; тым не менш, назіральнік бачыць толькі дугу, сфармаваную з асветленых кропель над зямлёй, па цэнтры на лініі ад сонца да вока назіральніка.

Вясёлка над Гродна, Беларусь

У адзіночнай вясёлцы колеры ў дузе размешчаны з чырвонага ў знешняй частцы да фіялетавага ва ўнутранай. Гэта выклікана тым, што святло пераламляецца пры ўваходзе ў кроплю вады, а затым адлюстроўваецца ўнутры на задняй частцы кроплі і зноў пераламляецца пры выхадзе з яе. У падвойнай вясёлцы другая дуга бачная звонку першаснай дугі, і парадак яе колеру мяняецца месцамі — з чырвоным на ўнутраным баку дугі і фіялетавым звонку. Калі Сонца падымаецца вышэй 42 градусаў над гарызонтам, акружнасць магчымага з’яўлення вясёлкі аказваецца ніжэй узроўню зямлі, і назіральнік, які знаходзіцца на яе паверхні, убачыць вясёлку не можа.

Фізіка вясёлкі

правіць
 

Вясёлка ўзнікае з-за таго, што сонечнае святло праламляецца і адлюстроўваецца кропелькамі вады (дажджу ці туману), якія знаходзяцца ў атмасферы. Гэтыя кропелькі па-рознаму адхіляюць святло розных колераў: паказчык пераламлення вады для даўгахвалевага (чырвонага) святла меншы, чым для караткахвалевага (фіялетавага), таму слабей за ўсё адхіляецца чырвонае святло — на 137° 30', а мацней за ўсё фіялетавае — на 139° 20'. У выніку белы свет раскладаецца ў спектр (адбываецца дысперсія святла). Назіральнік, які стаіць спінай да крыніцы святла, бачыць рознакаляровае свячэнне, якое зыходзіць з прасторы па канцэнтрычных акружнасцях (дугах).

Часцей за ўсё назіраецца першасная вясёлка, пры якой з святлом адбываецца адно ўнутранае адлюстраванне. Ход прамянёў паказаны на малюнку справа уверсе. У першаснай вясёлцы чырвоны колер знаходзіцца звонку дугі, яе вуглавы радыус складае 40-42°.

Часам можна ўбачыць яшчэ адну, менш яркую вясёлку вакол першай. Гэта другасная вясёлка, якая ўтворана святлом, адлюстраваным у кроплях два разы. У другаснай вясёлцы «перавернуты» парадак колераў — звонку знаходзіцца фіялетавы, а ўнутры чырвоны. Вуглавы радыус другаснай вясёлкі 50-53°. Неба паміж дзвюма вясёлкамі звычайна прыкметна больш цёмнае, гэтую вобласць называюць паласой Аляксандра.

З’яўленне вясёлкі трэцяга парадку ў натуральных умовах здараецца надзвычай рэдка, аднак у лабараторных умовах магчыма атрымліваць вясёлкі значна больш высокіх парадкаў.

Святло першаснай вясёлкі палярызаванае на 96 % ўздоўж напрамку дугі, другаснай вясёлкі — на 90 %.


Цікавыя факты

правіць
  • У Беларусі выдаецца часопіс «Вясёлка», які дапамагае выхоўваць дзяцей[1].
  1. Вясёлка. Часопіс для дзяцей
  NODES