Жыве на дробных астравах Новай Зеландыі. Даўжыня дасягае 76 см. Маса цела самцоў каля 1 кг, самак — каля 0,5 кг. Расце да 50 гадоў, агульная працягласць жыцця — 100 гадоў. Палавой спеласці дасягаюць ва ўзросце 15-20 гадоў. Вядзе пераважна начны спосаб жыцця. Знешнім выглядам і спосабам жыцця нагадвае буйных ігуан. Як і ў многіх яшчарак, у гатэрыі добра развітае «трэцяе» (або цемянное) вока, якое ў сучасных вышэйшых пазваночных ператварылася ў шышкападобную залозу — эпіфіз. Даказана, што гатэрыя з дапамогай гэтага органа, размешчанага на цемені, здольная адрозніваць узровень асветленасці. Лічыцца, што гэтая асаблівасць дазваляе гатэрыі выбраць становішча цела для аптымальнага яго прагрэву сонцам.
Гатэрыя з'яўляецца выміраючым рэліктавым відам і падлягае ахове. Уключана ў Чырвоны спіс МСАП.
- ↑ Напісанне Гатэрыя, Туатара ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.5. Мн., 1997, С.88