Дэнье
Дэнье (фр.: denier[1]) — французская сярэднявечная разменная манета, якая была ў абарачэнні ва ўсёй Заходняй Еўропе з часоў Меравінгаў. Дэнье (новы дэнарый) упершыню чаканіўся Піпінам Кароткім (752—768).
Чаканена ў перайманне рымскім дэнарыям. 12 дэнье складалі падліковую адзінку солід (соль, су). Самай дробнай манетай быў абол = 1/2 дэнье.
Пры Карле Вялікім (768—814) з аднаго фунта чыстага срэбра чаканілі 240 дэнарыяў вагой 1,3 г. У 781 годзе па ўказанні Карла Вялікага пачалі чаканіць дэнарый з каралінгскага фунта (408 грам). З каралінгскага фунта чыстага срэбра чаканілі 240 манет вагой каля 1,7 г (сапраўдная вага вагалася ад 1,44 да 1,79 г, дыяметр манет 18-21 мм). Пасля смерці Карла Вялікага кошт і вага дэнье пастаянна змяняліся.
Пры Капетынгах (987—1328) манета чаканілася не толькі каралямі, але і многімі феадаламі. Дэнье Гуга Капета (987—996) чаканіўся са срэбра 416,6 пробы вагой 1,2—1,3 г. Самым вядомым і распаўсюджаным быў парыжскі дэнье, чаканены пры Філіпе II Аўгусце (1180—1223). З парыжскай маркі срэбра (244,75 грам) 416,6 пробы чаканілі 200 манет вагой 1,22 грама (0,509 грам срэбра). Дэнье стаў білоннай манетай.
У XII—XIII стагоддзях чаканіліся з прычыны існавання ў Францыі дзвюх розных манетных сістэм, заснаваных на парыжскім і турскім ліўрах, ім адпавядалі парыжскі і турскі дэнье. З турскай маркі (233,6 грам) чаканілі 192 манеты вагой 1,16 г (0,365 грам срэбра). Калі ў XIII ст. з’явіўся грош турскі, а затым грош парыжскі, то 12 дэнье раўняліся 1 грошу.
У XIII ст. дэнье быў стандартнай сярэбранай манетай Заходняй Еўропы, а англійская сярэднявечны сярэбраны пені з’яўляецца фактычна разнавіднасцю дэнье. З цягам часу дэнье моцна абясцэніўся. Пры Філіпе I у 1103 г. манета ўтрымоўвала 1/3 медзі, а пры Людовіку VI (1108—1137) — палову медзі.
Чаканілі таксама манету двайны дэнье, у XIV стагоддзі з’явілася манета вартасцю 3 дэнье — ліярд.
У XVI стагоддзі выпушчаны першыя медныя манеты дэнье і двайны дэнье. Медны дэнье важыў крыху больш за 1,5 г (дыяметр 18 мм), двайны дэнье — звыш 3 г (дыяметр 20 мм). Намінал быў пазначаны на рэверсе: DENIER TOVRNOIS, DOVBLE TOVRNOIS. Медны дэнье на той момант стаў самай дробнай манетай Францыі. У другой палове XVII стагоддзя з медзі пачалі чаканіць таксама ліярд (= 3 дэнье) і манету 4 дэнье.
У гады Сямігадовай вайны (1756-63) медны дэнье быў выпушчаны ў апошні раз — на гэты раз у герцагстве Браўншвейг-Люнебург у 1758 годзе: гэта была манета для выплаты жалавання французскім войскам.
У XVIII ст. выпускаліся медныя ліярды наміналам у 4 дэнье, або 1/12 су.
Крыніцы
правіць- ↑ Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999. — Т. 1 : А—Л. — 1999. — С. . — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4., С.478