Карэлія

суб'ект Расійскай Федэрацыі

Рэспубліка Карэлія або Карэлія (карэл.: Karjala, руск.: Карелия, Карьяла) — суб’ект Расійскай Федэрацыі.

Рэспубліка Карэлія
руск.: Республика Карелия
Герб[d] Сцяг
Герб[d] Сцяг
Краіна
Гімн Anthem of the Republic of Karelia[d]
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр
Дата ўтварэння 13 лістапада 1991
Кіраўнік Артур Алегавіч Парфенчыкаў[d]
Насельніцтва
  • 523 856 чал. (2024)
Плошча
  • 180 520 км²
Рэспубліка Карэлія на карце
Часавы пояс UTC+03:00
Код ISO 3166-2 RU-KR
Код аўтам. нумароў 10
Афіцыйны сайт (руск.)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Размешчана на паўночным захадзе Еўрапейскай часткі Расіі. На паўночным усходзе абмываецца Белым морам, на поўдні — Ладажскім і Анежскім азёрамі. На захадзе мяжуе з Фінляндыяй. Уваходзіць у склад Паўночна-Заходняй федэральнай акругі.

Плошча — 180 520 км². Насельніцтва — 614,6 тыс. чал. (2019 год)[1].

Сталіца — горад Петразаводск. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: 3 горада рэспубліканскага значэння (Петразаводск, Кастамукша і Сортавала) і 15 раёнаў[2].

Нацыянальны склад: рускія — 76,6 %, карэлы — 9,2 %, беларусы — 5,3 %, украінцы 2,7 %, фіны 2,0 %, вепсы 0,7 %. Карэльская і вепская мовы не з’яўляюцца дзяржаўнымі.

Рэгіянальная ўлада

правіць

Рэспубліка Карэлія валодае ўсёй паўнатой дзяржаўнай улады на сваёй тэрыторыі, акрамя тых паўнамоцтваў, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Расіі знаходзяцца ў падпарадкаванні федэральных органаў улады.

Вышэйшая кіруючая пасада рэспублікі — кіраўнік рэспублікі. Рэспубліка мае свой Заканадаўчы Сход, які складаецца з абраных на пяцігадовы тэрмін 36 дэпутатаў, і рэгіянальны Урад.

Геаграфія

правіць

Рэспубліка Карэлія мяжуе з чатырма абласцямі Расіі: Архангельскай (усход), Валагодскай (паўднёвы ўсход), Ленінградскай (поўдзень, паўднёвы захад) і Мурманскай (поўнач); на захадзе праходзіць дзяржаўная мяжа Расіі і Фінляндыі.

Традыцыйна тэрыторыя сучаснай рэспублікі падзялялася між трыма гістарычнымі рэгіёнамі: Белай Карэліяй (цэнтр і поўнач рэспублікі), Ладажскай Карэліяй (паўднёвы захад, ля ўзбярэжжа Ладажскага возера) і Алонецкай Карэліяй (поўдзень).

На тэрыторыі суб’екта працякае каля 27 000 рэк, найбольшыя з якіх: Водла (149 км), Кем (191), Коўда, Шуя, Суна і Выг. Акрамя гэтага, у рэспубліцы знаходзіцца каля 60 тыс. азёраў, якія ўключаюць у сябе Ладажскае і Анежскае азёры, адны з найбольшых азёраў Еўропы. Берагавая лінія тэрыторыі рэспублікі на Белым моры складае 630 км.

У рэспубліцы месцяцца чатыры нацыянальныя паркі Расіі: Вадлозерскі, Калевала, Паанаярві і Ладажскія шхеры. 148 тыс. км² або 85 % ад тэрыторыі рэспублікі складаюць землі дзяржаўнага ляснога фонду, агульны аб’ём лясных рэсурсаў налічвае прыблізна 807 млн м³, пры гэтым 375,2 млн з якіх складаюць іглічныя пароды драўніны.

У Рэспубліцы Карэлія вядома каля пяцідзесяці карысных выкапняў, якія размеркаваны па больш чым 400 радовішчах і руданосных пластах. Сярод найбольш выбітных карысных выкапняў адзначаецца наяўнасць жалезнае руды, алмазаў, ванадыю і малібдэну.

Карэлія размешчаная ў атлантычнай кантынентальнай кліматычнай зоне. Сярэдняя тэмпература студзеня — −8 °C, ліпеня — 16,4 °C, сярэднегадавая колькасць ападкаў налічвае 500—700 мм[3].

Гісторыя

правіць

Першае засяленне людзьмі сучаснага тыпу тэрыторыі цяперашняй Рэспублікі Карэлія датуецца VII—VI тыс. да н.э. Асноўнымі заняткамі людзей з’яўляліся паляванне і рыбалоўства.

Паміж I ст. н.э. і канцом I тыс. н.э. у рэгіёне пачалася здабыча медзі, іншыя датыроўкі на I тыс. да н.э. адносяць вытворчасць жалеза і зачаткі земляробства і жывёлагадоўлі.

Устаноўлена, што ўжо ў I тыс. н.э. тэрыторыю сучаснай Карэліі насялялі фіна-ўгорскія плямёны, якія пазней леглі ў аснову карэльскага і вепскага этнасаў. Існуе гіпотэза, што карэлы сфарміраваліся на аснове абарыгенных плямёнаў поўдня Карэліі і паўднёвага ўсходу Фінляндыі, адкуль яны потым рассяліліся ў напрамку Белага мора і Заанежжа. У пачатку II тыс. н.э. частка карэлаў перасялілася да берагоў Батнічнага заліва і Белага мора, адначасна з гэтым на ўсход Карэліі (г.зв. Абанежжа) і на ўзбярэжжа Белага мора пранікла славянскае насельніцтва, якое спрыяла развіццю земляробства, вытворчасці солі і марскім промыслам. Існуюць гіпотэзы, якія ўзводзяць паходжанне карэльскага этнасу да кантактаў карэлы з іншымі фіна-ўгорскімі этнапляменнымі групамі, вессю і лоп’ю, у часе якога апошнія былі асіміляваны, а карэла магла ўспрыняць асаблівасці іх мовы і культуры. Іншыя гіпотэзы звязваюць паходжанне карэлаў з прыходам прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў у VI ст. н.э. на Карэльскі перашыек, дзе да гэтага пражывала лоп — этнапляменная група, якая пазней утварыла этнас саамаў. Меркавалася таксама ўзаемадзеянне весі і чудзі[4].

Найранейшыя меркаваныя згадкі карэлаў адносяць да працы Іардана VI ст. «Аб паходжанні і дзеяннях готаў», дзе ў спісе заваяваных Германарыхам народаў узгадваюцца Thiudos in Aunxis, што Ф. Браўнам трактавалася як «чудзь алонецкая».

Сярэднявечча

правіць

Упершыню згадана ў берасцяной грамаце 1065—1085 гадоў, дзе паведамляецца пра карэлу як аб’ект нападу літоўцаў[5].

З ХІ ст. тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Карэлія трапляе ў залежнасць ад усходніх славян, урэшце над большай часткай рэгіёна была ўсталявана ўлада Наўгародскай рэспублікі.

З XIII ст. Карэлія становіцца аб’ектам нападаў Швецыі, у выніку чаго апошняя атрымала значныя часткі карэльскіх земляў на поўдні сучаснай рэспублікі; з гэтага ж перыяду арэал карэльскага этнасу з прычыны дзяржаўнай прыналежнасці быў падзелены на пераважна праваслаўную і каталіцкую (пазней лютэранскую) часткі. У пачатку гэтага ж стагоддзя цэнтрам аўтаномнай наўгародскай Карэліі стала мястэчка Карэла (цяп. Прыазерск на паўночным захадзе Ленінградскай вобласці). У 1323 годзе Арэхаўскі мір падзяліў Карэльскі перашыек на заходнюю і ўсходнюю часткі, якія адышлі Швецыі і Ноўгараду адпаведна, пры гэтым да апошняга таксама адыходзілі карэльскія землі за поўнач ад усталяванай мяжы. Да гэтага ў 1314—1315 гг. у наўгародскай Карэліі адбываліся антынаўгародскія паўстанні, падчас якіх карэлы перабілі славянскіх жыхароў Карэлы і ўпусцілі ў горада шведаў. З 1333 года Арэхаў, які меў ролю ваеннай крэпасці наўгародцаў, разам з гарадамі Карэліі, а таксама суседняе Воцкай зямлі быў перададзены ў кіраванне літоўскаму князю Нарымонту, пасля чаго перададзеныя Нарымонту землі ўтварылі асобнае княства[6]. Тым не менш, праз два гады Нарымонт з’ехаў з Ноўгараду з прычыны ўласных палітычных амбіцый, пакінуўшы на пасадзе сына Аляксандра, у 1338 годзе адклікаў Аляксандра і нават адмовіўся аказаць падтрымку ў супраціве шведам. Намеснікі князя заставаліся ў Арэхаўскай крэпасці да 1348 года[7].

Расійскае кіраванне

правіць
 
Паўднёвы захад Карэліі ў складзе Швецыі паводле Сталбоўскага міру.

У 1478 годзе тэрыторыя Ноўгарада скараецца Масквой, у выніку чаго наступныя тэрытарыяльныя пераўтварэнні ў Карэліі вырашаліся дзякуючы расійска-шведскім знешнепалітычным зносінам. У 1500 годзе ўпершыню згадваецца Карэльскі павет (займаў Карэльскі перашыек і паўночнае Прыладажжа) у складзе Воцкай пяціны Наўгародскай зямлі, аднак пад канец 1530 — напачатку 1550 гг. гадоў маскоўскі ўрад правёў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу (вядомую як «губная»), падчас якой Арэшкаўскі, Ладажскі і Карэльскі паветы склалі Карэльскую палову Водскай пяціны, усходнія карэльскія землі (г.зв. заанескія пагосты) увайшлі ў склад заанескай паловы Абанескай пяціны[8].

Цягам Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (1598—1613) Швецыя заваёўвае Карэлію і суседнюю Інгерманландыю, пры гэтым складзены 27 лютага 1617 года Сталбоўскі мір захаваў паўднёвы захад Карэліі за Швецыяй, якія склалі асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку краіны — Карэльскае герцагства. Рэлігійная палітыка ўраду Швецыі, якая стала прычынай ганенняў на праваслаўнае карэльскае насельніцтва рэгіёна, заклала пачатак масавага перасялення карэлаў у Расію і, у прыватнасці, стала прычынай узнікнення этнагрупы, вядомай як цвярскія карэлы. У сваю чаргу, шведскую Карэлію займалі фінскія перасяленцы з суседняга гістарычнага рэгіёна Сава, што стала прычынай складання субэтнічнай групы фінаў, вядомай як фінскія карэлы. Расійскія землі Карэліі ў 1708 годзе ўвайшлі ў склад Інгерманландскай губерні, якая кіравалася з Санкт-Пецярбурга; з 1710 года губерня пераназвана ў Санкт-Пецярбургскую.

Па Ніштацкім мірным дагаворы 1721 года тэрыторыя Карэліі была падзелена паміж Расіяй і Швецыяй — большая частка сучаснай рэспублікі была далучана да Расійскай імперыі[9].

4 верасня 1776 года было ўтворана Наўгародскае намесніцтва, праз чатыры гады ўтворанае Валагодскае намесніцтва, між якімі і была размеркавана тэрыторыя расійскай Карэліі.

У 1781 годзе Аланецкая вобласць Наўгародскага намесніцтва (поўдзень рэспублікі) была перададзена Санкт-Пецярбургскай губерні, праз чатыры гады яна была падвышана да статусу самастойнага намесніцтва, але ў 1796 годзе гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была скасавана. 21 верасня 1801 года была ўтворана Аланецкая губерня, якая ахоплівала поўдзень сучаснай рэспублікі, астатнія тэрыторыі, як і дагэтуль, уключала ўтвораная Архангельская губерня, якая да гэтага перыядычна мяняла статус і да 1784 года падпарадкоўвалася Волагдзе (гл. вышэй). У 1802 годзе адміністрацыйным цэнтрам Аланецкай губерні стаў горад Петразаводск, заснаваны як заводскі пасёлак у 1703 годзе.

Распад Расійскай імперыі

правіць
 
Першапачатковы сцяг Паўночнакарэльскай дзяржавы.
 
Другі сцяг Паўночнакарэльскай дзяржавы.

Пачынаючы з распаду Расійскай імперыі пасля рэвалюцыі 1917 года ў рэгіёне ўзнікае шэраг нацыянальных арганізацый, якія канкуравалі з агульнарасійскімі палітычнымі арганізацыямі і ставілі на мэце стварэнне ўласных палітычных утварэнняў на тэрыторыі Карэліі. Некаторыя нацыянальныя арганізацыі разгортвалі сваю дзейнасць раней: так, у 1905 годзе быў заснаваны Саюз беламорскіх карэлаў, які імкнуўся да пашырэння выкарыстання фінскай мовы ў грамадскім жыцці і абвяшчаў блізкасць фінскага і карэльскага этнасаў. У 1911 годзе дзейнасць арганізацыі была забаронена, але ў 1917 годзе ў фінскім Тамперэ падобную дзейнасць таксама арганізавала Карэльскае асветніцкае таварыства.

3 сакавіка 1917 года ў Петразаводску быў сабраны часовы камітэт грамадскай бяспекі з прадстаўнікоў гарадскай думы, духавенства, інтэлігенцыі і рабочых горада. Неўзабаве ўдзельнікі камітэту дабіліся вызначанай лібералізацыі (скарачэнне працоўнага дня, павышэнне заработнай платы) і атрымалі некаторыя мясцовыя паўнамоцтвы. Падобныя камітэты ствараліся таксама ў суседніх Пудажы і Павянцы.

Пад канец сакавіка 1918 года, падчас савецка-фінскай вайны, фінскія войскі занялі паўночны ўсход Карэліі. Пры дапамозе войска было арганізавана мясцовае карэльскае самакіраванне. 21 ліпеня 1919 года быў створаны Часовы ўрад Беламорскай Карэліі на чале з С. Ціханавым, які неўзабаве, кіруючыся палітыкай самавызначэння, нададзенай савецкімі ўладамі, аб’явіў незалежнасць краіны, якая пазней стала вядомая як Паўночнакарэльская дзяржава[10]. У маі 1920 года ўрад Карэліі быў прызнаны Фінляндыяй. 18 чысла часткі РСЧА без бою ўвайшлі ў сяло Ухта, дзе размяшчаўся ўрад Карэліі, пасля чаго ўрад краіны эвакуіраваўся ў суседняе сяло Вакнавалак, адкуль перабралося ў Фінляндыю. Паралельна з гэтым урадам, з 15 мая 1918 года ў Аланецкай губерні існаваў г.зв. Алонецкі ўрад, які ў кастрычніку 1920 года быў далучаны да Карэльскага аб’яднанага ўрада.

Акрамя гэтага, фінскія войскі паралельна з дзейнасцю карэльскіх нацыянальных арганізацый праводзілі экспедыцыі на ўсход Карэліі з мэтай будучага аб’яднання з Карэліяй. 7 сакавіка 1918 года ўрад Фінляндыі ў рамках савецка-фінскай вайны 19181920 гг. выказаў прэтэнзіі на сучасную Карэлію[11]. 21 сакавіка гэтага ж года была арганізавана экспедыцыя фінскага войска праз поўнач Карэліі, якая скончылася далучэннем да Фінляндыі наваколляў вёсак Рэбалы і Порасазера, з красавіка па верасень 1919 года ў выніку паспяховага наступу Фінляндыі пад яе кантроль быў узяты поўдзень сучаснай тэрыторыі рэспублікі, Алонецкая Карэлія. У ліпені 1920 года расійская армія выбіла фінскае войска практычна з усёй Карэліі, пакінуўшы пад кантролем Фінляндыі толькі памежныя з Фінляндыяй Порасазера і Рэбалы, 14 кастрычніка гэтага ж года пасля чатырохмесяцовых перамоў Фінляндыя згодна з Тартускім мірам адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзій, у выніку чаго фінска-расійская мяжа ў Карэліі набыла дарэвалюцыйны выгляд[12].

Улетку 1921 года, будучы незадаволенымі нацыянальнай палітыкай Савецкай Расіі і ўмовамі Тартускага міру, фінскія актывісты на чале з Я. Такіненам узнялі партызанскі рух г.зв. карэльскіх лясных партызанаў (фінск.: karjalan metsäsissit), які да восені гэтага ж года кантраляваў значную частку Белай Карэліі (паўночныя рэгіёны края)[13]. У сярэдзіне кастрычніка быў створаны Часовы карэльскі камітэт і абвешчаная мабілізацыя, 6 лістапада адбылося ўварванне ўзброеных добраахвотнікаў з боку Фінляндыі, якія да снежня гэтага ж года занялі захад сучаснай рэспублікі. Тым не менш, баявыя дзеі і падтрымка карэльскіх паўстанцаў скончылася 21 сакавіка 1922 года падпісаннем савецка-фінскага пагаднення па забеспячэнні недатыкальнасці савецка-фінскай мяжы. Прыкладна 30 тыс. уцекачоў з Карэліі сышлі ў Фінляндыю.

Савецкі час

правіць

8 чэрвеня 1920 года УЦВК прыняў дэкрэт аб стварэнні з населеных карэламі мясцовасцяў Архангельскай і Аланецкай губерняў аўтаномнай вобласці — Карэльскай працоўнай камуны. 25 ліпеня 1923 года Карэльская працоўная камуна была пераўтворана ў Карэльскую АССР.

У час індустрыялізацыі ў Карэліі з’явіліся новыя галіны прамысловасці: цэлюлозна-папяровая, мэблевая, горназдабыўная, энергетычная. Аднак поспехі ў развіцці прамысловасці былі дасягнуты ў асноўным шляхам экстэнсіўнага ўключэння ў гаспадарчы абарот сыравінных рэсурсаў і недастатковага фінансавання сацыяльнай інфраструктуры. Значную ролю адыгрываў «лагерны сектар эканомікі». Тут узніклі адны з першых у краіне лагераў. Рукамі зняволеных былў пабудаваны Беламорска-Балтыйскі канал і інш. аб’екты. Прымусовая калектывізацыя 1929—1933 гадоў прывяла да спаду сельскагаспадарчай вытворчасці

Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гадоў Карэльская АССР была пераўтворана 31 сакавіка 1940 года ў Карэла-Фінскую ССР. Статус саюзнай рэспублікі захоўваўся да 1956 года, калі Карэлія зноў стала аўтаномнай рэспублікай у складзе РСФСР.

 
Мяжа максімальнага прасоўвання фінскай арміі ў час вайны 1941—1944. На карце таксама паказаны межы да і пасля Савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны значная частка тэрыторыі Карэліі была акупавана фінскімі войскамі. Звыш 100 тыс. жыхароў Карэліі ваявалі ў Савецкай Арміі і партызанскіх атрадах. 21 чэрвеня 1944 года войскі Карэльскага фронту перайшлі ў наступ і 28 чэрвеня вызвалілі Петразаводск. У канцы ліпеня савецкія войскі выйшлі да дзяржаўнай мяжы СССР з Фінляндыяй.

Да 1950 года народная гаспадарка рэспублікі была адноўлена, дасягнуўшы па асноўных паказчыках даваеннага ўзроўню. Пастаўкі драўніны з Карэліі адыгралі важную ролю ў аднаўленні разбураных гарадоў і вёсак Еўрапейскай часткі краіны. З сярэдзіны 1960-х гадоў быў узяты курс на пераважнае развіццё галін, якія мелі агульнасаюзнае значэнне — цэлюлозна-папяровай, горназдабыўнай, машынабудавання і металаапрацоўкі. Прамысловыя гіганты выпускалі прадукцыю, якая не толькі ў вялікай частцы пакрывала патрэбнасці ўнутранага рынку краіны, але і экспартавалася, папаўняючы валютныя запасы Савецкага Саюза.

Аднак ужо, у 1970-80-х гады для Карэліі, як і для Саюза ў цэлым, было характэрна паступовае зніжэнне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага росту, і ўзмацненні крызісных з’яў, выкліканых вычарпаннем экстэнсіўных крыніц развіцця і магчымасцяў адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.[14].

У складзе Расійскай Федэрацыі

правіць

9 жніўня 1990 года, ва умовах нарастаючага сістэмнага крызісу ў СССР, Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі. 13 лістапада 1991 года па распадзе СССР тэрыторыя Карэльскай АССР была пераўтворана ў Рэспубліку Карэлія. 31 сакавіка 1992 года дэлегацыя рэспублікі падпісала федэратыўны дагавор. Канстытуцыя Карэліі была прынята 28 лістапада гэтага ж года. Пазней, у 1993, 2001 і 2006 гг. прымаліся новыя папраўкі ў канстытуцыю, у выніку якіх у рэспубліцы была зацверджана пасада кіраўніка рэспублікі, а яе Заканадаўчы Сход скарочаны да адной палаты. 16 лютага 1993 года зацверджаны цяперашні афіцыйны сцяг рэспублікі, 6 красавіка і 28 верасня гэтага ж года адпаведна прыняты гімн і герб.

Насельніцтва

правіць

Паводле перапісу насельніцтва Расіі ў 2010 годзе, насельніцтва Рэспублікі Карэлія склала 643 548 чал.[15], ацэнка Дзяржаўнага камітэта статыстыкі Расіі на 2014 год падае лічбу ў 634 402 чал.[16] На ўзор большае часткі суб’ектаў Расіі, назіраецца тэндэнцыя да спаду колькасці насельніцтва ў параўнанні з паказчыкамі папярэдніх гадоў. Ніжэй прыведзеная статыстыка змены паказчыкаў насельніцтва ў рэспубліцы пачынаючы з 1970 года:

Колькасць насельніцтва
(тыс. чал.)
Нараджэнняў Смерцяў Натуральны прырост Агульны каэфіцыент нараджальнасці
(тыс.)
Агульны каэфіцыент смяротнасці
(тыс.)
Натуральны прырост
(тыс.)
Фертыльнасць
1970 714 11 346 5 333 6 013 15,9 7,5 8,4
1975 723 12 748 6 086 6 662 17,6 8,4 9,2
1980 741 12 275 7 374 4 901 16,6 10,0 6,6
1985 770 13 201 8 205 4 996 17,1 10,7 6,5
1990 792 10 553 8 072 2 481 13,3 10,2 3,1 1,87
1991 790 8 982 8 305 677 11,4 10,5 0,9 1,62
1992 788 7 969 9 834 -1 865 10,1 12,5 -2,4 1,46
1993 782 7 003 11 817 -4 814 9,0 15,1 -6,2 1,30
1994 774 6 800 13 325 -6 525 8,8 17,2 -8,4 1,26
1995 767 6 729 12 845 -6 116 8,8 16,7 -8,0 1,24
1996 760 6 461 11 192 -4 731 8,5 14,7 -6,2 1,19
1997 753 6 230 10 306 -4 076 8,3 13,7 -5,4 1,15
1998 747 6 382 10 285 -3 903 8,5 13,8 -5,2 1,18
1999 740 6 054 11 612 -5 558 8,2 15,7 -7,5 1,12
2000 732 6 374 12 083 -5 709 8,7 16,5 -7,8 1,18
2001 725 6 833 12 597 -5 764 9,4 17,4 -7,9 1,25
2002 717 7 247 13 435 -6 188 10,1 18,7 -8,6 1,33
2003 707 7 290 14 141 -6 851 10,3 20,0 -9,7 1,32
2004 696 7 320 13 092 -5 772 10,5 18,8 -8,3 1,31
2005 686 6 952 12 649 -5 697 10,1 18,4 -8,3 1,24
2006 676 6 938 11 716 -4 778 10,3 17,3 -7,1 1,22
2007 667 7 319 11 007 -3 688 11,0 16,5 -5,5 1,28
2008 659 7 682 11 134 -3 452 11,7 16,9 -5,2 1,35
2009 651 7 884 10 599 -2 715 12,1 16,3 -4,2 1,58
2010 644 7 821 10 471 -2 650 12,1 16,2 -4,1 1,58
2011 641 7 711 9 479 -1 768 12,0 14,7 -2,7 1,60
2012 640 7 980 9 761 -1 781 12,5 15,3 -2,8 1,71
2013 636 7 603 9 354 -1 751 12,0 14,7 -2,7 1,66

Згодна з перапісам насельніцтва гэтага ж года, этнічны склад насельніцтва Карэліі размяркоўваўся наступным чынам: рускія — 82,2 %; карэлы — 7,4 %, таксама прысутнічалі беларусы (3,8 %), украінцы (2 %), фіны (1,4 %) і вепсы (0,5 %), доля іншых этнічных груп у сукупнасці складала не больш за 0,5 %. 25 880 чалавек не аднеслі сябе да будзь-якой нацыянальнасці[15]. З часу першага перапісу насельніцтва ў СССР у Карэліі прасочваецца наступная дынаміка змены этнічнага складу насельніцтва:

Нацыянальнасць 1926 1939 1959 1970 1979 1989 2002 2010
Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля Колькасць Доля
рускія 153 967 57,2 % 296 529 63,2 % 412 773 62,7 % 486 198 68,1 % 522 230 71,3 % 581 571 73,6 % 548 941 76,6 % 507 654 82,2 %
карэлы 100 781 37,4 % 108 571 23,2 % 85 473 13,0 % 84 180 11,8 % 81 274 11,1 % 78 928 10,0 % 65 651 9,2 % 45 570 7,4 %
беларусы 555 0,2 % 4 263 0,9 % 71 900 10,9 % 66 410 9,3 % 59 394 8,1 % 55 530 7,0 % 37 681 5,3 % 23 345 3,8 %
украінцы 708 0,3 % 21 112 4,5 % 23 569 3,6 % 27 440 3,8 % 23 765 3,2 % 28 242 3,6 % 19 248 2,7 % 12 677 2,0 %
фіны 2 544 0,9 % 8 322 1,8 % 27 829 4,2 % 22 174 3,1 % 20 099 2,7 % 18 420 2,3 % 14 156 2,0 % 8 577 1,4 %
вепсы 8 587 3,2 % 9 392 2,0 % 7 179 1,1 % 6 323 0,9 % 5 864 0,8 % 5 954 0,8 % 4 870 0,7 % 3 423 0,5 %
іншыя 2 194 0,8 % 20 709 4,4 % 29 869 4,5 % 20 726 2,9 % 19 565 2,7 % 21 505 2,7 % 25 734 3,6 % 16 422 2,7 %

На цяперашні час у Рэспубліцы Карэлія афіцыйны статус мае руская мова, мовы фіна-ўгорскага насельніцтва рэспублікі не маюць падобнага статусу з прычыны карыстання ў пісьмовасці гэтых моў лацінскага алфавіта, што, зыходзячы з заканадаўства Расійскай Федэрацыі, не надае гэтым мовам мажлівасці атрымання афіцыйнага статусу ў рэспубліцы Расіі. Тым не менш, 17 сакавіка 2004 года ў Рэспубліцы Карэлія прыняты закон «Аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскай, вепскай і фінскай моў у Рэспубліцы Карэлія», які вызначае пакет мераў па выкарыстанні і захаванні карэльскай, фінскай і вепскай моў у рэспубліцы. З канца 1980-х гг. прадпрымаліся іншыя спробы заканадаўчага замацавання статусу фіна-ўгорскіх моў рэспублікі, падобныя намаганні ставіліся таксама ў 1998 і 2000 гг.[17] З 1940 года да 1980-х гадоў у Карэліі афіцыйны статус мела таксама фінская мова поруч з расійскай. Карэльская мова падзяляецца на тры адрозныя дыялекты, лівікаўскі, людзікаўскі і ўласнакарэльскі, пры гэтым з прычыны іх параўнальна высокага разыходжання кожны з трох дыялектаў мае ўласную літаратурную мову, наддыялектная літаратурная мова адсутнічае (аднак у 1930-х гг. прадпрымаліся няўдачныя спробы стварэння падобнай нормы); кожны дыялект мае замацаваны правапіс і выкарыстоўваецца ў друкаваных выданнях.

У рэлігійным дачыненні паводле звестак на 2012 год 27 % ад насельніцтва Рэспублікі Карэлія аднесла сябе да вернікаў расійскага праваслаўя, яшчэ 44 % ад насельніцтва рэспублікі аднесла сябе да вернікаў без указання канкрэтнага вызнання, 2 % указалі сваю прыналежнасць да хрысціянскай канфесіі без указання пэўнае плыні[18]. З часоў уваходжання тэрыторый сучаснай Карэліі ва ўплыў усходніх славян у рэгіёне здаўна мае трывалыя пазіцыі праваслаўе, дзякуючы палітычным кантактам з Швецыяй і міграцыі фінскага насельніцтва прыкметную доля складалі вернікі каталіцкага і, пазней, лютэранскага спавядання. У рэспубліцы дзейнічае некаторая колькасць лютэранскіх парафій.

Культура

правіць
 
Архітэктурны ансамбль Кіжы

Карэлія здаўна славіцца высокім узроўнем народнай мастацкай культуры. Сусветным прызнаннем карыстаюцца самабытныя іконы старажытных майстроў гэтага краю і ўнікальныя помнікі драўлянага дойлідства, напрыклад — Кіжскі ансамбль.

У 1830-х фінскім фалькларыстам Э.Лённротам у Паўночнай Карэліі былі запісаны карэльскіянародныя эпічныя песні, пакладзеныя ім у аснову знакамітага эпасу «Калевала».

У ходзе культурных пераўтварэнняў савецкага часу ў Карэліі сфарміравалася нацыянальная інтэлігенцыя, узніклі і атрымалі развіццё навука, прафесійныя літаратура і мастацтва[14].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

правіць

У склад Рэспублікі Карэлія ўваходзіць 18 муніцыпальных утварэнняў: 3 горада рэспубліканскага значэння (Петразаводск, Сартавала, Кастамукша) і 15 раёнаў (Беламорскі, Калевальскі, Кемскі, Кандапожскі, Лоўхскі, Мядзвеж’ягорскі, Муязерскі, Аланецкі, Піткярантскі, Прыанежскі, Пражынскі, Пудожскі, Сягежскі, Суаярвскі)[2].

Эканоміка

правіць

Сукупны рэгіянальны прадукт Рэспублікі Карэлія паводле звестак на 2007 год складаў 109,5 млрд расійскіх рублёў (151 210 рублёў на аднаго жыхара) — гэта менш за агульнарасійскі паказчык у 198 817 рублёў[19]. У 2010 годзе сукупны рэгіянальны прадукт рэспублікі налічваў 127 733,8 млн расійскіх рублёў.

У прамысловых галінах Карэліі пераважаюць лясны і дрэваапрацоўчы сектары эканомікі. Нарыхтоўка лесу ажыццяўляецца вялікай колькасцю адносна малых прадпрыемстваў, у той час як цэлюлозна-папяровая вытворчасць, галоўным чынам, засяроджана на пяці буйных прадпрыемствах рэспублікі, якія вырабляюць прыблізна чвэрць ад агульнай вытворчасці паперы ў Расіі. Аб’ём продажаў сярод трох найбуйнейшых кампаній цэлюлозна-папяровае галіны Карэліі ў 2001 годзе складаў 328,8 млн долараў[3]. Здабыўчая дзейнасць паводле звестак на 2007 год складала 30 % ад усяго аб’ёму прамысловай вытворчасці рэспублікі. У Карэліі месцяцца 53 адпаведных прадпрыемствы, на якіх занята 10 тыс. чалавек[20]. Апрацоўчая вытворчасць ад агульнага аб’ёму вытворчасці ў 2007 годзе складала 56,4 %, з якіх 23,6 % прыпадалі на цэлюлозна-папяровую галіну, 7,9 % — на галіны металаздабычы і металаапрацоўкі, 7,1 % — на галіны дрэваапрацоўкі, 5,8 % — на вытворчасць харчовых тавараў, 3,9 % — на машынабудаванне; вытворчасць і размеркаванне электраэнергіі, газу і вады складала 13,6 % ад вытворчасці рэгіёна.

Асноўнымі экспартнымі партнёрамі рэспублікі ў 2001 годзе з’яўляліся Фінляндыя (32 % ад агульнага аб’ёму экспарту), Германія і Нідэрланды (па 7 %) і Вялікабрытанія (6 %)[3]. Сярод экспартных тавараў галоўнае месца займалі лесаматэрыялы (звыш 50 % экспарту), жалезарудны пэлет (13-15 %), папера і кардон (6-9 %), а таксама піламатэрыялы (5-7 %). Прыкметнае значэнне маюць эканамічныя інвестыцыі з боку Фінляндыі[3].

Транспарт

правіць

У Карэліі адзначаецца даволі шырокая сетка транспартнай інфраструктуры.

Праз усю тэрыторыю Карэліі праходзіць Кіраўская чыгунка, якая злучае рэспубліку з суседняй Мурманскай вобласцю і бліжэйшым Санкт-Пецярбургам, а таксама Масквой і Фінляндыяй. Чыгунка таксама праходзіць праз адміністрацыйны цэнтр рэспублікі горада Петразаводск.

Водныя камунікацыі аб’ядноўваюць тэрыторыю Карэліі з Баранцавым, Балтыйскім, Чорным і Каспійскім марамі дзякуючы сістэме рэк, азёраў і водных каналаў. Існуе сетка аўтамабільнай камунікацыі, з іншымі рэгіёнамі Расіі і Фінляндыяй існуе авіяцыйнае паведамленне.

Вядомыя асобы

правіць

Гл. таксама

правіць

Крыніцы

правіць
  1. БРЭ. Карелия (руск.)
  2. а б Реестр административно-территориального устройства Республики Карелия (руск.)
  3. а б в г Republic of Karelia // Russia: All Regions Trade & Investment Guide. — CTEC Publishing LLC, 2003.
  4. С. Кочкуркина. Прибалтийско-финские народы России. — М., 2003.
  5. А. Б. Варенов. Карельские древности в Новгороде. Опыт топографирования // Новгород и Новгородская Земля. История и археология. — № 11/97.
  6. Кочкуркина С. И. Археологические памятники Корелы в V-XV вв. — Л.: Наука, 1981. — 158 с.
  7. А. Белы. Нарымонт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
  8. История Карелии с древнейших времен до наших дней / науч. ред. Н. А. Кораблев и др. — Петрозаводск: Периодика, 2001. — 944 с. — ISBN 5-88170-049-X.
  9. Никифоров Л. А. Внешняя политика России в последние годы Северной войны. Ништадский мир. — М., 1959.
  10. Дубровская Е. Ю. Судьбы приграничья в „Рассказах о Гражданской войне в Карелии“ / Составитель О. П. Илюха. — Межкультурные взаимодействия в полиэтничном пространстве пограничного региона: Сборник материалов международной научной конференции. — Петрозаводск: КарНЦ РАН, 2005. — С. 102-105.
  11. Похлёбкин В. В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах. — Вып. II. Войны и мирные договоры. Кн.3: Европа в 1-й половине XX в. Справочник. — М., 1999. — С. 140.
  12. 3 // League of Nations Treaty Series. — С. 6-79.
  13. Niinistö, Jussi. Heimosotien historia. — SKS, 2005. — С. 239.
  14. а б Республика Карелия. Историческая справка (руск.)
  15. а б Усерасійскі перапіс насельніцтва-2010. Том 1. Колькасць і размяшчэнне насельніцтва (руск.)(недаступная спасылка). Дзяржаўны камітэт статыстыкі Расійскай Федэрацыі. (23 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2016. Праверана 26 жніўня 2014.
  16. Гл. звесткі Архівавана 8 красавіка 2014. на партале Дзяржаўнага камітэта статыстыкі Расійскай Федэрацыі.
  17. Наталья Антонова.. Карельский, вепсский и финский языки получили государственную поддержку в Республике Карелия (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны партал органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Карэлія. (20 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 3 студзеня 2015. Праверана 26 жніўня 2014.
  18. Республика Карелия (руск.). Арена. Атлас религий и национальностей России (20 жніўня 2014).
  19. Валовой региональный продукт на душу населения, рублей (руск.)(недаступная спасылка). Федэральная служба дзяржаўнае статыстыкі Расійскай Федэрацыі (20 жніўня 2014). Архівавана з першакрыніцы 24 лютага 2021. Праверана 26 жніўня 2014.
  20. Горнопромышленный комплекс республики подвел итоги работы за полугодие (руск.). Афіцыйны партал органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Карэлія. (20 жніўня 2014).

Літаратура

правіць
  • Мулло И. М. Памятники истории и культуры Карелии. — Петрозаводск: Карелия, 1984. — 240 с.
  • Пашков А. М. Гербы и флаги Карелии. — Петрозаводск: Карэко, 1994. — 351 с.
  • Писцовые книги Новгородской земли / сост. Баранов К. В. — М.: «Древнехранилище», «Археографический центр», 1999. — Т. 1.

Спасылкі

правіць
  NODES