Дарослыя самцы адрозніваюцца вялікай грывай і важаць 150—200 кг, часам да 240 кг, пры даўжыні цела без хваста 1,6—2,2 м, хвост — 90—110 см, вышыня ў холцы 90—110 см. Маса самак 90—150 кг, у асобных выпадках до 160 кг.
Ільвы жывуць у сямейных групах, так званых прайдах. Прайд складаецца з аднаго самца, некалькіх дарослых самак і ільвянят абодвух палоў. Самкі займаюцца паляваннем для прайда, а самец — аховай тэрыторыі. Маладыя самцы выганяюцца з прайда, нярэдка аб'ядноўваюцца з іншымі самцамі-адзіночкамі для супольнага палявання.
Ільвы жывуць у стэпах і саванах, палююць на жывёл сярэдняга памеру, у першую чаргу, на капытных. Яны падкрадваюцца да ахвяры на невялікую адлегласць, пасля чаго імкліва кідаюцца на яе.
Існуе больш за дзесятак падвідаў ільвоў, якія адрозніваюцца паводле памераў, формы грывы і інш. Усе падвіды, акрамя аднаго, жывуць у Афрыцы на поўдзень ад Сахары.
Індыйскі (азіяцкі) падвід ільва мае менш густую грыву, як бы прылізаную, больш прыземістае цела, што стварае ўражанне аб яго меншых памерах у параўнанні з афрыканскім.
У гістарычны час ільвы жылі як на крайнім поўдні Афрыкі, гэтак і па ўсёй поўначы кантынента, а таксама па ўсёй Пярэдняй Азіі, даходзячы да Індыі, дзе займалі паўпустынныя раўніны ў паўночнай частцы краіны, і Балканскага паўвострава ў Еўропе. На еўрапейскім кантыненце ільвы былі вынішчаны да 100 н. э., а ў іншых частках былога арэалу — да канца ХІХ ст. У Іране некалькі ільвоў захавалася да 1942; у Індыі іх колькасць скарацілася прыкладна да 25, і засталіся яны там толькі ў Гірскім лесе, аднак былі ўзяты пад ахову, і з 1940-х гг. іх папуляция істотна павялічылася.
Ільва называюць «Царом звяроў». Традыцыйны сімвал магутнасці, які ўвасабляе сілу сонца і агню. У геральдыцы леў сімволізуе каралеўскую годнасць і высакароднасць.
Выявы ільва змешчана на многіх гербах, у тым ліку — трох гарадоў Беларусі: Ліды, Слоніма і Гарадка.