Мянту́з звыча́йны, мянёк (Lota lota) — адзіная прэснаводная рыба сямейства трасковых атраду траскападобных. Народныя назвы: мень, мянёк, калека[1].
Даўжыня да 1,7 м, маса да 32 кг (у Беларусі да 5 кг). Цела падоўжанае, акруглае, звужанае да хваста, ўкрытае вельмі дробнай цыклоіднай[1] луской. Спіна зеленаватая або аліўкава-зялёная з чорна-бурымі плямамі і палосамі. Галава шырокая, прыплюснутая. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік, 2 вусікі — ля ноздраў. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя.
Драпежнік. Корміцца дробнай рыбай, ракападобнымі, лічынкамі насякомых.
Палавой спеласці дасягае на 3—4-м годзе жыцця. Нераст адбываецца ў снежні—лютым на неглыбокіх месцах вадаёмаў з пясчаным або камяністым дном і хуткім цячэннем. Развіццё ікры цягнецца да вясны[1].
Прамысловае значэнне ў Беларусі мае ў Браслаўскіх і Нарачанскіх азёрах. Водзіцца ў Сарачанскай групе азёр.
Мяса белае, шчыльнае, без дробных костак, смачнае, дыетычнае (19 % бялку, 0,6 % тлушчу). Далікатэсам лічыцца вялікая тлустая пячонка ментуза (51—67 % тлушчу, багатага вітамінамі A і D), у некаторых краінах яе ядуць сырой. Мянтуз асабліва папулярны ў фінскай нацыянальнай кухні, дзе далікатэсам лічыцца і ікра ментуза. Вельмі смачныя юшка з ментуза, смажаны, заліўны мянтуз, пірагі з начынкай з мянтуза. Увогуле, мянтуза можна гатаваць як траску[2].
- ↑ а б в Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т.3 / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 3. — 599 с. — 10 000 экз.
- ↑ Белы А. Мянтуз // Праект «Наша ежа»