Пафлагонія
Пафлагонія (стар.-грэч.: Παφλαγονία) — старажытная гістарычная вобласць на поўначы Малой Азіі.
Геаграфія
правіцьГамер у апісанні энетаў, першасных насельнікаў Пафлагоніі, кажа, што яны — «племя народаў, якія жывуць у Кіторы, Сесамі, каля ракі Парфенія, Кромны, Эгіяла, гары Эрыфін»[1]. Страбон вызначаў усходнюю мяжу Пафлагоніі ракою Галіс, адкуль пачыналася Кападокія. На поўдні мяжа праходзіла з Фрыгіяй, на захадзе — з Віфініяй. На поўначы Пафлагонія межавала з Чорным морам[2]. Такім чынам, гэта вобласць займала частку тэрыторыі сучасных паўднёвага Прычарнамор’я і горнай Анатоліі.
Гісторыя
правіцьПаводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, назва Пафлагоніі паходзіць ад імя Пафлагона, унука Лікаона. Гамер у «Іліядзе» ўзгадвае, што элінскаму насельніцтву Пафлагоніі папярэднічалі энеты, якія на чале са сваім мужным правадыром Пілеменам падтрымалі траянцаў у вайне з ахейцамі.
У VII ст. да н. э. Пафлагонія была каланізавана элінамі-іанійцамі. Найбольш багатай калоніяй лічыўся горад Сіноп. Герадот узгадваў пафлаганійцаў як саюзнікаў або падданых персаў ў вайне з Грэцыяй[3]. Але пасля грэка-персідскіх войн Пафлагонія фактычна стала незалежнай. У III ст. да н. э. гэта вобласць была ўключана ў склад Пантыйскай дзяржавы, а ў I ст. н. э. у склад Рымскай імперыі.
У еўрапейскіх геаграфічных сачыненнях назва Пафлагоніі традыцыйна выкарыстоўвалася да пачатку XX ст.