Пуату
Пуату́ (фр.: Poitou) — гістарычная вобласць на захадзе Францыі, падзеленая на дэпартаменты Вандэя, Дзё-Сеўр і В'ена. Ландшафт раўнінны, на паўноч ад Ла-Рашэлі распасціраюцца балоты Пуату. Галоўны горад — Пуацье; іншыя гістарычныя цэнтры — Ньёр, Туар, Шатэльро.
У старажытнасці — племянная тэрыторыя галаў-піктонаў, затым — паўночная частка каралеўства Аквітаніі. З 778 года — уладанне графаў Пуацье з роду Рамнульфідаў, якія ў сярэдзіне XI стагоддзі ўспадкавалі трон усёй Аквітаніі.
Шлюб Элеаноры Аквітанскай з Генрыхам Плантагенетам прывёў да ўваходжання Пуату ў склад уладанняў англійскай кароны. Ужо напачатку XIII стагоддзя Іаан Беззямельны адмовіўся ад Пуату на карысць французскага караля, аднак падчас Стагадовай вайны вобласць на кароткі час (1360—1375 гады) вярнулася да англічан.
У XVI стагоддзі Пуату ў цэлым і Ла-Рашэль у асаблівасці сталі цытадэллю французскага пратэстантызму. Адмена Нанцкага эдыкта вымусіла гугенотаў пакінуць родныя месцы і перасяліцца ў Амерыку, дзе іх нашчадкі цяпер вядомыя як франка-акадцы і кечэны.
Пры Вялікай французскай рэвалюцыі Вандэя была наадварот апорай кансерватызму. Пратэстныя рухі супраць рэвалюцыі выліліся ў грандыёзны Вандэйскі мяцеж. У Новы час аграрнае Пуату па ініцыятыве цэнтральнага ўрада ўпрыгожылася рацыянальна распланаванымі гарадамі — такімі, як Рашфор і Ла-Рош-сюр-Ён.