Радзіма
Радзіма, айчына, бацькаўшчына — гісторыка-культуралагічнае і філасофскае паняцце — край, месца нараджэння, тэрыторыя, з якой гістарычна і культурна атаясняе сябе чалавек або група асоб, частка насельніцтва або этнас, гістарычная тэрыторыя пэўнага народу. Палітычнае, сацыяльнае і культурнае асяроддзе, у якім жыве народ. Этнакультурная супольнасць. Паняцце часта мае эмацыянальны падтэкст, выклікае асаблівыя, магчыма, сакральныя пачуцці. Як сацыяльная з’ява ахоплівае ўсе бакі грамадскага жыцця — мову, культуру, духоўныя каштоўнасці, грамадскі лад, традыцыі і звычаі.
Блізкія да паняцця выразы «родная краіна», «родная старонка», «родная зямля». У гісторыі беларускай грамадскай думкі паняцце прайшло шматвяковую эвалюцыю. У крыніцах — летапісах, дакументах, мастацкіх творах — перадавалася словамі-выразамі «зямля», «атчына», «атчызна», часам «материзна». У працэсе фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў змест пашыраўся і паглыбляўся як увасабленне агульнадзяржаўных, агульнаграмадскіх інтарэсаў, напрыклад «панство отчызны нашое» ў акце Віленскага сейма 1514 года. Шырока ўжываліся як сінанімічныя паняцці «панство», «гаспадарства», «Княства».
У практыцы феадальнага грамадства ідэя радзімы найчасцей атаяснялася з ідэяй дзяржавы і народа ў саслоўным разуменні — «народ-шляхта». У эпоху Адраджэння пашыраецца дэмакратычная канцэпцыя, заснаваная на разуменні раўнапраўя людзей розных станаў, нацыянальнай і канфесійнай належнасці, на ідэі служэння чалавека радзіме.
Францыска Скарыны дае ідэал справядлівага арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, «дабра паспалітага», «людзей простых, паспалітых», адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Патрыятычную па сутнасці народна-дэмакратычную ідэю бацькаўшчыны ён выказаў у прадмове да адной з кніг Бібліі: «тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Такая самая традыцыя прасочваецца ў творчасці і дзейнасці Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Філона Кміты-Чарнабыльскага, Льва Сапегі, Фёдара Еўлашоўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, Магілёўскай хронікі і іншых.
Паглыбленне і ўзбагачэнне паняцця прыпадае на канец XVIII — пачатак XX ст. — эпоху нацыянальнай кансалідацыі, змагання спаланізаванай мясцовай арыстакратыі за вызваленне з-пад каланіяльнага ціску Расійскай імперыі. У новай беларускай літаратуры (у «Песні беларускіх жаўнераў», творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Канстанціна Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Альгерда Абуховіча, Каруся Каганца, нарадавольцаў групы «Гоман», пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыятычныя імкненні, абуджэнне нацыянальнай свядомасці народа. Цэласны змест паняцце «радзіма» набывае на этапе нацыянальнай барацьбы, якая ўрэшце прычынілася абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі і як вынік Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мэта нацыянальнай радзімы кансалідавала літаратурныя, культурна-асветныя, партыйныя аб’яднанні, плыні і рухі, стала ідэяй беларускага адраджэнскага руху.
У вершах «Спадчына» Янка Купала пісаў:
«Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай
…
Завецца ж спадчына мая
ўсяго Старонкай Роднаю»
У публіцыстыцы Янкі Купалы развіты скарынаўскі ідэал радзімы — справядлівай маці ўсіх людзей краіны незалежна ад іх нацыянальнасці і веравызнання: «У вольнай, незалежнай Беларускай дзяржаве не павінна быць „ні эліна, ні юдэя“. Усе роўныя перад дзяржаўнай уладай, усе роўныя перад правам і законам, усе вольна развіваюць сваю нацыянальную культуру і самабытнасць і кіруючыся ў сваёй грамадзянскай працы дабрабытам агульнай Бацькаўшчыны-Беларусі» (Купала Я. Незалежная дзяржава і яе народы // Беларусь. 1919, 29 ліст.).
Ідэя радзімы адыграла вялікую ролю ў нацыянальным змаганні беларусаў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы; у барацьбе з нацысцкімі захопнікамі ў гады Другой сусветнай вайны; служыла і служыць духоўным стымулам незалежнасці і суверэнітэту Беларусі.
Літаратура
правіць- Бацькаўшчына // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. — ISBN 985-11-0108-7
- Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя / Н.Л. Бахановіч, М.П. Варабей, A. В. Трафімчык ; навук. рэд. I.В. Саверчанка ; НАН Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т літаратуразнаўства імя Янкі Купалы. - Мінск : Беларуская навука, 2023.