Рака
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Рака́ — прыродны паверхневы водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы, часамі заліваючы рачную даліну, і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору.
Агульныя ўяўленні
правіцьРака можа быць пастаянная і перасыхаючая. Пачаткам ракі можа мець быць ручай, возера, балота ці ледавік — гэта выток ракі. Падчас цячэння дадаецца вада з атмасферных ападкаў і падземных крыніц. Рэкі ўпадаюць у іншыя рэкі, азёры ці моры. Рэкі, якія ўпадаюць у іншыя рэкі, называюцца прытокамі. Галоўная рака разам з прытокамі ўтварае рачную сістэму.
Рачная даліна
правіцьПа характары плыні ракі бываюць раўнінныя і горныя. Раўнінныя рэкі маюць шырокія даліны, невялікае падзенне, малыя ўхілы і павольны рух.
У рэчышчы ракі сустракаюцца глыбокія і дробныя ўчасткі. Плыткія ўчасткі называюцца перакатамі, на іх хуткасць плыні павялічваецца. Найбольш глыбокія ўчасткі рэчышча паміж двума перакатамі называюцца плёсамі, на гэтых участках хуткасць плыні больш павольная.
Фарватар — лінія, якая злучае найбольш глыбокія месцы ўздоўж рэчышча. У некаторых месцах рэчышча на паверхню могуць выходзіць цяжкія для эрозіі крышталічныя пароды (граніты , крышталічныя сланцы), у такіх месцах на рацэ ўтвараюцца хуткія месцы — парогі, вадаспады, каскады — і хуткасць плыні ракі рэзка павялічваецца. Самы высокі вадаспад на Зямлі — Анхель (1054 м) у Паўднёвай Амерыцы на рацэ Чурун. У Расіі — Ілля Мурамец — на востраве Ітуруп (Курыльскія астравы), Ківач — у Карэліі. Самыя магутныя вадаспады — Вікторыя на рацэ Замбезі ў Афрыцы і Ніягарскі на рацэ Ніягара ў Паўночнай Амерыцы.
Цячэнне ракі дзеліцца на тры часткі: верхняе (пачатковае ці горнае), сярэдняе і ніжняе (якое выдзяляецца наймацнейшай бакавой эрозіяй). Вусце ракі можа мець трохкутную форму (дэльты).
Вада рэк пастаянна рухаецца і знаходзіцца ва ўзаемадзеянні з самім рэчышчам. З аднаго боку вада уздзейнічае на рэчышча, змяняе яго абрыс, глыбіні, г другога — змяняецца структура плыні пад уплывам формы і памераў рэчышча. Рознабаковыя змяненні марфалагічнай будовы рэчышча пад уздзеяннем цякучай вады аб’ядноўваюць назвай рэчышчавага працэсу. Рэчышчавы працэс цесна звязаны з эрозіяй на вадазборы, пераносам і пераразмеркаваннем (размвам, намывам) наносаў, і ажыццяўляецца воднай плынню. У сувязі з гэтым галоўнымі фактарамі змянення рэчышча з’яўляецца водны рэжым і сцёк наносаў. А гэтыя працэсы, ў сваю чаргу, звязаныя з фізіка-геаграфічнымі асаблівасцямі вадазбору і гідраўлічнымі ўласцівасцямі плыні. У выніку рэчышчавых працэсаў адбываецца фарміраванне сучаснага алювію. Характэрнай асаблівасцю пераносу наносаў ракой з’яўляецца чаргаванне ў прасторы і часу размыву і намыву адрэзкаў рэчышча і поймы. Характэрнай асаблівасцю сучасных рэк у плане з’яўляецца іх звілістасць. Фарміраванне звілін звязана як з гідраўлічнымі асаблівасцямі плыні, так і з лакальнымі і выпадковымі прычынамі (неаднолькавая ўстойлівасць горных пародаў, інш.). На выгіне берага частка струменяў плыні ўздзейнічае на ніжні па цячэнні адрэзак увагнутага берага і размывае яго, павялічвае выгін. Наносы, якія ўтварыліся ў выніку размыву, пераносяцца адхіляючымі ад яго струменямі вады да супрацілеглага берагу і адкладаюцца некалькі ніжэй па цячэнню і ад выгіба. Такім чынам, ўзнікае меандр — звіліна рэчышча, якая носіць назву па назве ракі Меандр у Малой Азіі з тыповымі формамі рэльефа пры меандраванні.
Звілістасць даліны ракі называюць араграфічнай, а рэчышча — гідраграфічнай звілістасцю. Калі гэтыя дзве звілістасці супадаюць, рака паўтарае выгіны сваёй даліны. Пры няпоўным супадзенні схілы даліны часткова абмяжоўваюць меандраванне рэчышча. У прыродзе часцей за ўс1 назіраецца поўнае іх несупадзенне. Такая рака меандруе па шырокім дне даліны і ўтварае шырокую рачную пойму. Больш за ўсё размываюцца берагі і дно на загнутых участках рэчышча — плёсах, дзе назіраецца найбольшая глыбіня. Пры пераходзе ад верхняга да ніжняга плёсу фарміруецца перакат. У выпуклага берага, супрацілеглага ўвагнутаму, дзе адкладаюцца наносы, фармуецца верхні побачань. Ніжэй верхняга плёсу знаходзіцца ніжні побачань. Паміж верхнім і ніжнім плёсамі ляжыць седлавіна перакату. Найбольш глыбокая частка пераката называецца карытам. Па сваёй будове перакат асіметрычны: верхні яго схіл палогі, ніжні — больш круты, ўтвараючы падвалле з боку ніжняй плёсавай лагчыны. Верхняя плёсавая лагчына можа павольна і плаўна пераходзіць у ніжнюю плёсавую лагчыну. Такі перакат называецца нармальным, альбо добрым перакатам. У тым выпадку, калі плёчавыя лагчыны здвінуты адносна адзін аднаго, лінія найбольшых глыбіняў не перакаце скрыўлена і пераход для судоў на вялікіх рэках цяжкі, перакат называецца зрушаным, альбо дрэнным.
Размеркаванне глыбіняў у рэчышчы цесна звязана з яго планавым абрысам. Гэтая залежнасць носіць назву правіл («законаў») Фарга. Сутнасць іх заключаецца ў наступным:
- Самая глыбокая частка плёсу і самая мелкаводная частка перакату зрушаны адносна кропак найбольшай і найменшай крывізны ўніз па цячэнні прыблізна на адну чвэрць даўжыні сістэмы «плёс+ перакат».
- Плаўнай змене крывізны рэчышча адпавядае плаўная змена глыбіняў. Усякая рэзкая змена крывізны вызывае рэзкую змену глыбіняў.
- Чым большая крывізна, тым большая глыбіня.
- З павялічэннем даўжыні крывой згіба да некаторай велічыні глыбіні пры дадзенай крывізне спачатку павялічваецца, а затым памяншаецца. Для кожнага ўчастка ракі існуе некаторае сярэдняе значэнне даўжыні крывой, пры якой глыбіні становяцца найбольшымі.
Гэта правіла Фарга парушаецца, у асаблівасці, калі рэчышча праходзіць па розных грунтах. Размыў і адкладанне наносаў і змена фомы рэчышча пад уздзеяннем цякучай вады называецца рэчышчавымі дэфармацыямі, якія падзяляюцца на незваротныя (аднанакіраваныя) і зваротныя (цыклічныя).
Устойлівасць рэчышча ў асноўным залежыць ад хуткасці цячэння, грунтоў, якія складаюць рэчышча, нераўнамернасць ваганняў расходаў вады, а таксама ад лядовага рэжыму.
Басейн ракі
правіцьАб’ём вады, змешчаны ў рэках, складае 1200 км³, або 0,0001 % ад агульнага аб’ёму вады на Зямлі. Рака мае выток і вусце. Выток ракі — месца, дзе рака набывае пэўныя абрысы і назіраецца яе плынь. Аднак выток ракі і пачатак ракі — дваякія паняцці. Рака можа пачынацца ад зліцця двух рэк (напрыклад, рэкі Бія і Катунь пры зліцці ўтвараюць раку Об) або выцякаць з возера (рака Шоша). Вусце — месца ўпадзення ракі ў прыёмны басейн: мора, возера ці іншую, больш буйную, раку.
Рака са сваімі прытокамі складае рачную сістэму, якая складаецца з галоўнай ракі і прытокаў рознага парадку. Рэкі, якія ўпадаюць ў галоўную раку, называюцца прытокамі першага парадку, іх прытокі — прытокамі другога парадку і г.д. Плошча сушы, з якой рака збірае ваду, называюць басейнам ракі. Басейн галоўнай ракі ўключае басейны ўсіх яе прытокаў і ахоплівае плошча сушы, занятую рачной сістэмай.
Лінія, што падзяляе суседнія рачныя басейны, завецца водападзелам. Добра выяўленыя водападзелы ў гарах, дзе яны праходзяць па грэбнях хрыбтоў, на раўнінах водападзелы знаходзяцца на плоскіх міжрэччах (плакорах) . Галоўны водападзел Зямлі аддзяляе дзве пакатасці на паверхні планеты — сцёк рэк, якія ўпадаюць у Ціхаакіянска-Індыйскі басейн (47 %), ад сцёку рэк, якія ўпадаюць у Атлантычны і Паўночны Ледавіты акіяны (53 %).
Характарыстыкі ракі
правіцьКожная рака характарызуецца даўжынёй, шырынёй, глыбінёй, плошчай басейна, падзеннем (перавышэнне вытока над вусцем, у см) і ўхіламі (адносіны падзення ракі да даўжыні ракі, у см/км), хуткасцямі плыні, расходам вады (колькасць вады, якая праходзіць па рэчышчы ў адзінку часу, у м³/с), цвёрдым сцёкам (наносамі) і хімічным складам.
Хуткасны рэжым рэк
правіцьАдной з асаблівасцей турбулентнага руху вады з’яўляюцца выпадковыя ваганні хуткасці, якія назіраюцца ў рэк ва ўсіх кропках па іх глыбіні і шырыні. Бесперапынны характар змены напрамку і велічыні хуткасці ў кожнай кропцы турбулентнай плыні носіць назву пульсацый хуткасці. Але за адпаведны прамежак часу пры бесперапынным вымярэнні яе імгненных значэнняў можна вызначыць сярэднюю хуткасць. Пульсацыйны характар руху вады ў рацэ абумоўлівае бесперапынны абмен масамі вады па ўсёй глыбіні воднай плыні. Гэты працэс называецца турбулентным перамешваннем. Пры гэтым вада плыні неаднародная і ўтрымлівае ў сабе элементарныя масы вады з рознай тэмпературай, мінералізацыяй, рознай колькасцю наносаў і г.д. У выніку турбулентнага перамешвання адбываецца працэс перанос гэтых мас з месцаў, дзе іх больш, у месцы, дзе іх менш.
З характэрыстыкамі турбулентнага руху выцякае, што імгненная хуткасць у кожнай кропцы бесперапынна пульсуе. Гэта значыць, што яна мяняецца з цягам часу па напрамку і велічыні вакол некаторага сярэдняга значэння. Калі праводзіць вымярэнне хуткасці дастаткова доўга (некалькі хвілін), то можна атрымаць асераднёную хуткасць у дадзенай кропцы. У гідралогіі практычна карыстаюцца асераднённай хуткасцю, якую атрымліваюць пры гідраметрычных назіраннях.
Звычайна хуткасць ля дна мінімальная (нулявая) і павялічваецца спачатку вельмі хутка, а затым з некаторай глыбіні назіраецца параўнальна раўнамернае размеркаванне хуткасцей. Найбольшая хуткасць назіраецца ў паверхні вады. Аднак пры ветры і ледаставу яна тармазіцца.
Часцінкі вады, якія сутыкаюцца з дном, змочваюць яго і нерухомыя. У дадзеным выпадку можна сведчыць аб нулявым значэнні хуткасці вады непасрэдна у дна. Аднак гідраметрычныя вымярэнні «прыдоннай хуткасці» сведчаць аб тым, што яе велічыня рэдка бывае менш за ½ паверхневай, і звычайна звыш ⅔.
Супраціўленне руху вады, звязанае з трэннем аб дно рэчышча і берагі, памяншае хуткасць. Практычна найбольшая хуткасць назіраецца на глыбіні 0,2, сярэдняя — прыблізна 0,6 глыбіні ад паверхні вады.
Ледзяное покрыва надае дадатковае трэнне паверхневага слою вады аб лёд, хуткасці цячэння памяншаюцца, размеркаванне іх па вертыкалі мяняецца: найбольшая хуткасць размяшчаецца глыбей, чым пры адкрытым рэчышчы.
Лядовы рэжым рэк
правіцьЛядовы рэжым рэк уяўляе сабой сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і разбурэння лядовых утварэнняў на рацэ, якія заканамерна паўтараюцца штогод. У лядовым рэжыме выдзяляеццца тры фазы: замярзання, ледастаў і крыгалом.
Фаза замярзання
правіцьУтварэнне лёду на рэках пачынаецца пры ахалоджванні вады да 0 °C і ніжэй. Ахалоджванне вады запавольваецца яе перамешваннем, таму больш значныя масы лёду ўтвараюцца, калі ўся вада ахалоджваецца да 0 °C. Першыя лядовыя ўтварэнні ўзнікаюць на мелкаводных участках ля берагоў, у застойных месцах. Тут узнікаюць закрайкі — палосы лёду, якія прымерзлі да берага, а асноўная частка воднай прасторы свабодная ад лёду. Першыя закрайкі ўзнікаюць у ціхую марозную ноч, днём яны таюць ці разбураюцца ветравым хваляваннем. Разам з узмацненнем маразоў закрайкі павялічваюць сваю таўшчыню да ўстанаўлення лёду па ўсёй воднай паверхні.
Адначасова з закрайкамі ўтвараецца сала і золь. Сала — першасныя паверхневыя ледзяныя ўтварэнні, якія складаюцца з іголкападобных ўтварэнняў і пласцінкавых крышталікаў у выглядзе плямаў, альбо суцэльнага слою. Золь утвараецца пры шчодрым выпадзенні снегу на адкрытую водную паверхню. Яна плыве ў выглядзе рыхлай масы, часам яна ўзвышаецца над воднай паверхняй.
Перад пачаткам ледаставу на многіх рэках ўтвараецца ўнутрыводны лёд, які прадстаўляе сабой вялікую колькасць першасных крышталікаў лёду ў вадзе і на дне рэчышча пры пераахалоджванні ніжэй нуля на некалькі сотых доляў градуса. Утварэнне ўнутрыводнага лёду паскараецца пры пападанні ў пераахалоджанную воду сняжынак, цвёрдых часцінак, якія з’яўляюцца цэнтрамі крышталізацыі. Пры сутыкненні з выступамі дна яны прымярзаюць да іх, працягваюць расці і даюць пачатак утварэнню доннага лёду. Адна з найбольш распаўсюджаных формаў лядовых утварэнняў на рэках, якія звязаны з унутрыводным лёдам, гэта шарош. Шарошам называюць унутрыводны лёд, які ўсплывае на паверхню вады. Ён утрымлівае ў сябе і сала, золь, дробны лёд. Шарош можа знаходзіцца у стане руху — ход шарашу — альбо нерухма пад ледзяным покрывам — падлёдная шуга.
Нярэдка шарош забівае жывое сячэнне ракі, асабліва на паўночных і горных рэках, узнікаюць зажоры. Зажоры рэзка пямяншаюць жывое сячэнне і спрыяюць рэзкаму пад’ёму ўзроўня вады ракі.
Пры змярзанні закрайкаў, якія паламаліся, сала, золі і шарошу ўтвараюцца ледзяныя палі, якія ўтвараюць асенні крыгаход. Ён не назіраецца на ўсіх рэках. Адсутнасць яго характэрная для малых рэк. На буйных рэках крыгаход назіраецца штогод, але на асобных участках на крутых згібах, звужэннях рэчышчаў, дзе прапускная здольнасць рэчышча не адпавядае колькасці лёду, накопліваецца вялікая колькасць лёду і ўтвараюцца заторы. Гэты лёд, як і заторы, вызываюць павышэнне ўзроўню вады вышэй па цячэнні.
Фаза ледаставу
правіцьЛедастаў — наяўнасць ледзянога покрыва на воднай паверхні ракі. Малыя рэкі замярзаюць раней за вялікія і ледзяное покрыва на іх ўтвараецца без асенняга ледаходу шляхам зрастання закрайкаў. Лёд на іх мае адносна гладкую паверхню. На вялікіх рэках фарміраванне ледаставу часта звязана з узнікненнем затораў. Вышэй затораў пры адмоўнай тэмпературы паветра адбываецца змярзанне асобных крыгаў у ледзяныя палі, якія змярзаюцца з закрайкамі, утвараючы на гэтым участку ракі ледзяную перамычку (ледастаў). Ледзяныя перамычкі паступова падаўжаюцца, пакуль уся рака не пакрыецца суцэльным ледзяным покрывам.
Калі няма затораў на буйных раўнінных рэках ледастаў утвараецца неадначасова. Спачатку замярзаюць замярзаюць плёсы з малымі значэннямі хуткасці вады, а затым ужо перакаты.
На паверхні ледаставу часта захоўваюцца ўчасткі адкрытай вады — палонкі, якія ўзнікаюць пад уплывам дынамічных і тэрмічных фактараў. Палонкі дынамічнага паходжання ўзнікаюць на ўчастках з парогамі, у ніжніх б’ефах ГЭС, на месцы віроў. Яны часта захоўваюцца на працягу усёй зімы. Так палонкі тэрмічнага паходжання ўзнікаюць пад уплывам выхаду адносна цёплых грунтовых вод ці прамысловых вод, у месцах вытокаў рэк з азёр.
Пры ледаставе на некаторых рэках у раёнах вечнай мерзлаты часта ўтвараюцца наледзі. Гэта празрысты лёд пры замярзанні рачной вады пры іх выхадзе на паверхню лёду ў выніку закупоркі воднага сячэння шорашам ці пры моцным прамярзанні ракі.
Ледастаў ізалюе ваду ад паветра і выконвае ролю рэгулятара ў цеплаабмене паміж вадой і паветрам. Калі праз лёд з паветра пранікае больш цяпла, чым паступае да яго з вады, то таўшчыня ледаставу павялічваецца і, калі, наадварот, — лёд падтайвае, яго таўшчыня памяншаецца. Нарастанне ледаставу адбываецца да таго часу, пакуль не ўсталюецца раўнавага паміж выдзеленым цяплом у паветра і тм цяплом, якое паступае з вады. Гэта адбываецца разам са снегам, які абараняе водную масу ад страт цяпла.
Ускрыццё рэк (крыгалом). Крыгаход
правіцьВясной з пераходам тэмператур паветра праз 0 °C пачынаецца таянне снегу на лёдзе і берагах ракі. Спачатку на паверхні лёду з’яўляецца вада, лёд цямнее. Далей разбурэнне лёду адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі, якая награе ваду і берагі. Прыток талай вады з вадазбору вызывае падняцце ледаставу. Разбурэнне ледаставу пачынаецца спачатку ля берагоў і на перакатах. Уздоўж берагоў узнікаюць вузкія палосы вады без лёду — закраіны. На ўчастках ракі з хуткім цячэннем, дзе лёд найбольш тонкі, утвараюцца адкрытыя водныя прасторы, альбо прамыіны. Пры далейшым падняцці ўзроўню ракі ледзяныя палі пачынаюць рухацца ўніз па цячэнні, адбываюцца так званыя зрухі лёду. Такіх зрухаў бывае некалькі. Месцамі на ледаставе з’яўляюцца праталіны і прамыіны. У далейшым лёд трэскаецца і дзеліцца на асобныя палі і крыгі. Ледзяныя палі і крыгі утвараюць крыгаход — масавы рух крыг уніз па цячэнню.
Зрухі лёду прадстаўляюць значную небяспеку для гідратэхнічных збудаванняў (мастоў, прыстаняў і інш.), у тым ліку і гідаметрычным вадамерным (палявым) пастам. Пры таянні лёду яго трываласць зніжаецца, ён разломваецца пад механічным уздзеяннем плыні на самастойныя крыгі.
Суадносіны ролі цеплавога і механічнага фактараў у разбурэнні лёду розныя і залежаць ад гідралагічнага рэжыму рэк і напрамку іх цячэнняў, а таксама ад метэаралагічных умоў у час таяння. У рэк, якія цякуць з поўдня на поўнач, стайванне лёду да моманту крыгалому, як правіла, невялікае. Лёд разбураецца хваляй веснавога разводдзя, якая рухаецца з вярхоўяў. Пры крыгаломе на рэках, якія цякуць у шыротным напрамку альбо з поўначы на поўдзень, рашучую ролю выконвае таянне лёду, якое пачынаецца за 15-20 дзён да крыгалому (для Дону, напрыклад, за 30 дзён). Для гэтых рэк да моманту крыгалому тае каля 50 % таўшчыні лёду. Ён тае як з паверхні пад уплывам сонечнай радыяцыі, так і знізу пад уздзеяннем рачных вод.
Веснавы крыгаход на шматлікіх рэках, асабліва якія цякуць з поўдня на поўнач, суправаджаецца магутнымі заторамі. Яны, як правіла, кароткачасовыя (некалькі гадзін, рэдка дзён), таму што лёд рыхлы і лёгка разбураецца. Яны суправаджаюцца хуткім пад’ёмам узроўня і значнымі разлівамі рэк.
Жыўленне рэк і рачны сцёк
правіцьЖыўленнем рэк называецца паступленне вады ў іх рэчышча; яе прыносяць паверхневы і падземны сцёк. У жыўленні рэк прымаюць удзел дажджавыя, талыя снегавыя, ледавіковыя і падземныя воды. Роля той ці іншай крыніцы жыўлення, іх спалучэнне і размеркаванне ў часе залежаць, галоўным чынам, ад кліматычных умоў. У залежнасці ад пераважнай крыніцы жыўленне знаходзіцца ўнутрыгадавое размеркаванне сцёку — рэжым ракі. Гадавы сцёк — колькасць вады, якую рака выносіць за год. У залежнасці ад жыўлення колькасць вады ў рацэ змяняецца на працягу ўсяго года. Гэтыя змены выяўляюцца ў ваганнях узроўню вады ў рацэ, якія атрымалі назвы разводдзе, паводка і межань:
- разводдзе — адносна доўгае і значнае павелічэнне колькасці вады ў рацэ, якое штогод паўтараецца ў адзін і той жа сезон;
- паводка — адносна кароткачасовыя і неперыядычныя ўздымы ўзроўню вады ў рацэ, выкліканыя паступленнем у раку дажджавых або талых вод;
- межань — найбольш нізкае стаянне вады ў рацэ пры перавазе падземнага жыўлення.
Першая класіфікацыя рэк па ўмовах жыўлення прапанавана ў 1884 годзе вядомым рускім кліматолагам А. І. Ваейкавым, які разглядаў раку як «прадукт клімату». Ваейкаў выдзяляе тры тыпы рэк:
- рэкі, якія жывяцца выключна талымі водамі снягоў і ільдоў (рэкі пустыняў, абрамленых гарамі са снежнымі вяршынямі — Амудар’я, Сырдар’я, — і рэкі палярных краін);
- рэкі, якія жывяцца толькі дажджавымі водамі (рэкі з зімовым разлівам — рэкі Еўропы і Міжземнаморскага ўзбярэжжа, рэкі трапічных краін і мусонных абласцей з летнім разлівам — Інд, Ганг, Ніл, Амур, Амазонка, Конга, Янцзы);
- рэкі змешанага жыўлення (рэкі Усходне-Еўрапейскай раўніны, Заходняй Сібіры, Паўночнай Амерыкі).
Акрамя прыведзенай класіфікацыі існуюць і іншыя класіфікацыі рэк, якія ўлічваюць як клімат, так і іншыя фактары, напрыклад, сцёк і рэжым.
Найбольш поўная класіфікацыя распрацавана М.І. Львовічам . Рэкі класіфікуюць у залежнасці ад крыніцы жыўлення і ад характару размеркавання сцёку на працягу года. Кожная з чатырох крыніц жыўлення (дажджавое, снегавое, ледавіковае, падземнае) пры пэўных умовах можа апынуцца амаль адзіным, складаючы больш за 80 %, пераважным — ад 50 да 80 % і пераважным на 50 % — гэта змяшанае жыўленне.
Сцёк бывае вясновым, летнім, восеньскім і зімовым. Спалучэнне разнастайных камбінацый крыніц жыўлення і варыянтаў сцёку дае магчымасць вылучыць тыпы воднага рэжыму рэк. У аснове тыпаў ляжыць занальнасць:
- палярны;
- субарктычны — кароткі рэжым харчавання за кошт талых вод і снегу, падземнае жыўленне вельмі нязначнае. Многія, нават значныя ракі прамярзаюць амаль да дна. Прыклад — рэкі Усходняй Сібіры — Яна, Індыгірка, Калыма;
- умераны:
- з перавагай вясновага раставання снегавога покрыва — умераны кантынентальны. У рэжыме рэк з умераным кліматам вылучаюцца чатыры добра выяўленыя фазы, або гідралагічныя сезоны, — вясновае разводдзе, летняя межань, восеньская паводка і зімовая межань. Прыклады такіх рэк — Волга, Дон;
- з перавагай раставання снегу і дажджоў вясной. Прыклад — сібірскія рэкі ў вярхоўях: Лена, Об, Енісей;
- дажджавое харчаванне зімой — умераны марскі, ці заходнееўрапейскі;
- перавага дажджавога харчавання летам — мусонныя дажджы (ўмераны мусонны). Прыклады: Амур, рэкі Далёкага Усходу;
- субтрапічны — рэкі жывяцца зімой дажджавымі водамі (рэкі Крыму) ці летам у выніку раставання снягоў у гарах — Сырдар’я, Амудар’я;
- трапічны;
- экватарыяльны.
Гушчыня і даўжыня рачной сеткі
правіцьГушчыня, або шчыльнасць, рачной сеткі (адносіны даўжыні вадацёкаў на тэрыторыі да плошчы тэрыторыі) вызначаецца колькасцю атмасферных ападкаў, а таксама рэльефам тэрыторыі.
Больш за ўсё рэк у вільготных трапічных і мусонных абласцях. Колькасць вады, якую нясуць рэкі ў сярэднім за год, называецца ваданоснасцю (м³/с). Самая вялікая па ваданоснасці рака свету — Амазонка (сярэднегадавы расход складае 7000 км³/год). Памеры рэк залежаць ад плошчы мацерыкоў, па якіх рэкі працякаюць, і ад размяшчэння водападзелаў. Самая вялікая па даўжыні рака Амазонка з прытокам Укаялі — 7194 м, ёй саступае Ніл з прытокам Кагера — 6671 м, затым Місісіпі з прытокам Місуры — 6019 м.
Гідраграфічныя сістэма той ці іншай краіны прадстаўляе ў асноўным вытворную ад клімату. Гушчыня рачной сеткі, характар жыўлення рэк, сезонныя ваганні узроўняў і выдаткаў, час выкрыцця і замярзання — усё гэта кіруецца кліматычнымі ўмовамі і, як у люстэрку, адлюстроўвае клімат тых месцаў, дзе рака зараджаецца, і тых раёнаў, па якіх рака працякае.
Найдаўжэйшыя рэкі свету
правіць№ п/п | Назва | Даўжыня(км) | Плошча басейна (тыс. км²) | Сярэдні расход вады ў вусці (тыс. м³/с) | Найбольшы расход вады ў вусці (тыс. м³/с) | Цвёрды сцёк (млн. т/год) |
---|---|---|---|---|---|---|
1. | Амазонка (з Укаялі) | 7 100 | 5 965 | 220,00 | 360,00 | 498,00 |
2. | Ніл | 6 671 | 2 870 | 2,30 | 6,40 | 110,50 |
3. | Янцзы | 6 300 | 1 818 | 34,00 | 90,20 | 500,00 |
4. | Місісіпі — Місуры | 5 969 | 3 229 | 19,00 | 59,00 | 500,00 |
5. | Хуанхэ | 5 464 | 752 | 1,50 | 22,00 | 380,00 |
6. | Об (з Іртышом) | 5 410 | 2 990 | 12,70 | 43,00 | 15,00 |
7. | Парана (ад вытокаў Паранаібы) | 4 380 | 2 970 | 15,00 | 65,00 | 129,00 |
8. | Меконг | 4 500 | 810 | 12,00 | 30,00 | 169,60 |
9. | Амур (ад вытокаў Аргуні) | 4 440 | 1 855 | 10,90 | 40,00 | 24,90 |
10. | Лена | 4 400 | 2 490 | 17,00 | 200,00 | 15,40 |
11. | Конга (з Луалабай) | 4 320 | 3 691 | 40,00 | 75,00 | 64,70 |
12. | Макензі (ад вытокаў Піс-Рывер) | 4 240 | 1 760 | 14,00 | 15,00 | |
13. | Нігер | 4 160 | 2 092 | 12,00 | 35,00 | 67,00 |
14. | Енісей (ад вытокаў Малога Енісея) | 4 102 | 2 580 | 19,80 | 154,00 | 13,20 |
15. | Волга | 3 530 | 1 360 | 7,70 | 52,00 | 25,80 |
16. | Інд | 3 180 | 960 | 3,80 | 30,00 | 435,40 |
17. | Юкан | 3 180 | 900 | 6,30 | 88,00 | |
18. | Дунай | 2 850 | 817 | 6,40 | 20,00 | 67,50 |
19. | Арынока | 2 730 | 994 | 29,00 | 55,00 | 86,50 |
20. | Ганг (з Брахмапутрай) | 2 700 | 2 055 | 38,00 | 2 177,20 | |
21. | Замбезі | 2 660 | 1 330 | 16,00 | 100,00 | |
22. | Мурэй | 2 574 | 1 072 | 0,50 | 31,90 |
Значэнне рэк для чалавека
правіцьРэкі зямлі маюць выключнае гаспадарчае значэнне для чалавека. Гэта:
- прэсная вада;
- вадзяны млын;
- рыбалоўства;
- суднаходства;
- меліярацыя;
- арашэнне;
- абвадненне;
- гідраэнергетыка.
Акрамя таго, найстаражытнейшыя цывілізацыі ўзніклі ў далінах буйных рэк:
Гл. таксама
правіцьЛітаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 274. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
- Лопух П.С. Гідраграфія Беларусі : вучэб. дап. для студ. геаграф. фак. БДУ. — Мн.: БДУ, 2004. — 204 с. — 200 экз. — ISBN 985-485-285-7.
- Михайлов В.Н., Добровольский А.Д., Добролюбов С.А. Общая гидрология. 2-е изд., испр.. — М.: Высшая школа, 2007. — 463 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-5-06-005815-4.