Сумчаты крот[1] (Notoryctes typhlops), торбакрот[2] — від з роду сумчатых кратоў аднайменнага сямейства. Эндэмік Аўстраліі.
Даўжыня цела 12,1-15,9 см, вага — 40-70 г. Хвост — 2,1-2,6 см. Цела пакрыта кароткай, гладкай поўсцю, звычайна крэмава-белага колеру, але вокісы жалеза ў зямлі часта афарбоўваюць яе ў чырванавата-карычневы колер. Нос і рот карычнявата-ружовыя. Вібрысы адсутнічаюць. Канічнай формы галава пераходзіць у цела. Кароткія ногі вельмі моцна развітыя і забяспечаныя двума пальцамі з кіпцюрамі. Спіна, пыса і хвост часткова не пакрытыя поўсцю, скура пакрытая рагавымі ўтварэннямі. Адсутнічаюць органы зроку. Абедзве слёзныя залозы і вомераназальны орган добра развітыя. Верагодна, слёзныя залозы чысцяць нос і вомераназальны орган і ўвільгатняюць іх. Вушы пакрытыя поўсцю і не маюць вушной ракавіны. Жывёлы могуць чуць гукі ў нізкім дыяпазоне частот. Насавыя адтуліны — маленькія, вертыкальныя разрэзы, размешчаныя непасрэдна ў ніжняй частцы пысы. Мозг развіты вельмі дрэнна. Залозы сакрэцыі і нюх добра развітыя. Нюх, верагодна, грае важную ролю.
У сумчатага крата няма пастаяннай тэмпературы цела, яна вагаецца ад 15 да 30°.
Зноскі