Сіялк
Сіялк (перс.: تپه سیلک) — археалагічны помнік у цэнтральным Іране на ўзгор’і Тэпэ-е-Сіялк у прадмесці Кашанa.
Гісторыя
правіцьСярод насельнікаў мясцовасці вакол Тэпэ-е-Сіялку здаўна існавалі легенды пра старажытны горад, схаваны пад зямлёй. Аднак толькі ў 1933—1934 гг. каманда французскіх археолагаў на чале з Раманам Гіршманам пачала раскопкі і амаль адразу выявіла вялізарны культурны слой, які цягнуўся ўглыб на 14 м. Пазней да раскопак далучыліся археолагі Ірана. У выніку доўгатэрміновых пошукаў былі знойдзены рэшткі развітай земляробчай культуры пач. 5 — пач. 6 ст. да н.э., у тым ліку кераміка, астаткі жылля і пахаванняў. Асабліва важная знаходка — 2 зікураты.
Сёння найбольш каштоўныя археалагічныя артэфакты знаходзяцца ў некалькіх музеях Францыі і ў Нацыянальным музеі Ірана ў Тэгеране. Аднак на месцы раскопак таксама створаны музей, дзе можна ўбачыць сіялкскую кераміку і рэшткі зікуратаў.
Сіялкскія археалагічныя культуры
правіцьУсяго выяўлена 6 археалагічных пластоў:
Сіялк I — найбольш старажытны. Знаходзіцца ў паўночнай частцы ўзгор’я. Уяўляе сабой рэшткі паселішча першай паловы 5 тыс. да н.э. Насельнікі гэтага перыяду былі прымітыўнымі земляробамі, якія карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, жылі ў простых хацінах з трыснягу і гліны.
Сіялк II (другая палова 5 тыс. да н.э.) з’яўляецца непасрэдным працягам першага археалагічнага перыяду. Адметны жыллёвымі пабудовамі з неапаленай цэглы, прымітыўнай керамікай у форме кошыкаў, распаўсюджаннем металічных вырабаў, трупапакладаннямі з характэрнай афарбоўкай нябожчыкаў у чырвоны колер.
Сіялк III (4 тыс. да н.э.). Жыхары пакідаюць паўночную частку ўзгор’я і селяцца на паўднёвым схіле. Хаціны з добра вылепленай цэглы. Пахаванні нагадваюць Сіялк II, нябожчыкаў памяшчаюць пад полам жытлаў. Дзякуючы выкарыстанню ганчарнага кола, з’яўляюцца выдатныя ўзоры ганчарнага майстэрства — пасудзіны, значна лепшыя за тыя, што рабіліся ў той жа час у Эламе, фігуркі людзей і жывёлін. Кавалі апрацоўваюць срэбра. Вядзецца гандаль з Эламам і Паўднёвай Месапатаміяй. У канцы перыяда паселішча знішчаецца агнём. Цалкам верагодна, што яго знішчылі ворагі.
Сіялк IV (3000—2500 гг. да н.э.). Пачатак гэтай культуры прыкладна супадае з раннедынастычным перыядам гісторыі Паўднёвай Месапатаміі і Элама. Жыхары часткова губляюць майстэрства керамікі, аднак назіраецца значны прагрэс у іншых сферах жыцця. Доказам гэтаму з’яўляюцца знаходкі апрацаванай бронзы і цыліндрычных пячатак. На паўднёвым схіле ўзводзіцца трох’ярусны зікурат. Відавочна, у канцы бронзавага веку паселішча было пакінута.
Сіялк V (1200—900 гг. да н.э.) належыць новым насельнікам, якія, магчыма, нават не здагадваліся, што жывуць на старажытным зікураце, бо ў гэты час частка паверхневай цэглы была ўжо знішчана эрозіяй і засыпана зямлёю. Яны расчысцілі частку паўднёвага схілу для будаўніцтва канструкцыі палацавага тыпу, была ўзведзена абарончая сцяна, нябожчыкаў хавалі на могілках у 200 м ад паселішча. Характэрныя рысы: вырабы з жалеза, кераміка шэраватага колеру. Паселішча было знішчана заваёўнікамі, хутчэй за ўсё, старажытнымі мідзянамі або персамі.
Сіялк VI (8 ст. да н.э.). Культура не звязаная з папярэднімі. Захопнікі сяліліся на вяршыні ўзгор’я, хавалі памерлых на могілках у 250 м ад асноўнага паселішча. Пласт знакаміты доўгадзюбымі гарлачамі, якія да нашых дзён жыхары ваколіц Тэпэ-е-Сіялк выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. У канцы перыяда паселішча зноў было знішчана і больш не адраджалася.
Навуковыя дыскусіі
правіцьНайбольш спрэчным пытаннем з’яўляецца вызначэнне заснавальнікаў чатырох першых сіялкскіх археалагічных культур. Імі могуць быць старажытныя індаеўрапейцы. Аднак ужо першыя даследчыкі прапаноўвалі гіпотэзу аб протаэламскім насельніцтве, якое стварыла Сіялк. У пасляваенны час таксама высоўвалася прапанова пра тое, што гэта былі блізкія сваякі проташумераў. Атаясненне з той ці іншай старажытнай цывілізацыяй ускладняецца з-за таго, што культура Сіялка была бяспісьменная. Ужо насельнікі Сіялка III мелі шчыльныя сувязі з Эламам, а насельнікі Сіялка IV маглі карыстацца эламскай пісьмовай мовай. Разам з тым, усе археолагі падкрэсліваюць арыгінальны характар культуры старажытных сіялкцаў.
Галерэя
правіць-
Раскопкі першага зікурата на паўднёвым схіле Тэпэ-е-Сіялк, сучасны выгляд
-
Частка другога зікурата
-
Сіялкская кераміка (4 тыс. да н.э.) у Нацыянальным музеі Ірана
-
Археолагі, якія пачалі раскопкі Сіялка (1934 г.)
Літаратура
правіць- Les Recherches Archéologiques Françaises en Iran. Nov 2001, Tehran. Institute Français de Recherche en Iran, Musée de Louvre, ICHO.
- The Ziggurat of Sialk, Sadegh malek Shahmirzadi, Massoud Azarnoush, Seifollah Aminian et al. 2002. ISBN 964-7483-28-7
Спасылкі
правіць- Кашан і Сіялк на сайце ЮНЕСКА
- Трэці этап раскопак на паўднёвым схіле
- Беларускі вандроўнік у Кашане
- Новыя знаходкі Архівавана 9 кастрычніка 2006.
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 5187 рус. • англ. • фр. |