У́льчы (саманазва нани «людзі зямлі, тутэйшыя») — карэнныя насельнікі Далёкага Усходу Расіі, жывуць пераважна ў Ульцкім раёне Хабараўскага краю, на правым беразе р. Амур і каля воз. Удыль. Агульная колькасць — 2765 чал. (2010 г.)

Ульчы
(нани)
Агульная колькасць 2765
Рэгіёны пражывання Расія
Мова ульчская
Рэлігія Праваслаўе, анімістычныя культы, шаманізм
Блізкія этнічныя групы нанайцы, орачы, оракі, удэгейцы

Паходжанне і гісторыя

правіць

Продкамі ульчаў з’яўлялася як старажытнае насельніцтва Прыамур’я (магчыма, продкі ніўхаў), якое сфарміравалася яшчэ ў неаліце, так і прадстаўнікі тунгуса-маньчжурскіх народаў, якія мігрыравалі ў Прыамур’е пачынаючы з кан. I тыс. да н. э. Магчыма, што назва паходзіць ад тунгускага племені уцзы, якое ўзгадвалася кітайцамі з першай паловы 1 тысячагоддзя н. э. (гл. Махэ).

У ульчаў выяўлены роды, агульныя па паходжанню з нанайцамі, орачамі, эвенкамі, удэгейцамі і ніўхамі. Па мове і культуры ульчы вельмі блізкія да нанайцаў. карыстаюцца аднолькавай для абодвух народаў саманазвай. Вонкавае найменне «ульчы» яны атрымалі ад расійскіх даследчыкаў у XIX ст., канчаткова яно замацавалася за імі ў 1926 г.

Фармальна да сяр. XIX ст. ульцкія землі залежалі ад Кітая, аднак адносіны з кітайскімі ўладамі абмяжоўваліся нерэгулярнымі выплатамі натуральных падаткаў і гандлёвымі зносінамі. У 1850 г. Прыамур’е было анэксіравана Расійскай імперыяй. Бліз паселішчаў ульчаў былі заснаваны вёскі рускіх сялян-перасяленцаў, адчынены праваслаўныя місіі з інтэрнатамі для дзяцей-тубыльцаў.

У 1930-х гг. быў заснаваны Ульцкі раён, які меў некаторы час абмежаваныя культурна-аўтаномныя правы.

Колькасць ульчаў у Расіі:

Традыцыйная культура

правіць
 
Паселішча ўльчаў

Асноўным гаспадарчым заняткам здаўна былі лоў рыбы і паляванне на лясных звяроў. Увосень некаторыя ульчы ішлі да Татарскага праліву для палявання на ластаногіх. З XVII ст. існаваў гандаль футрам і скурамі з Маньчжурыяй і Кітаем. Ульчы трымалі шмат сабак, якіх выкарыстоўвалі для транспартыроўкі грузаў, елі сабачае мяса, са скур шылі зімовую вопратку. У ежу таксама ішло мяса футравых звяроў. Асабліва шанаваліся стравы з рыбы. Прыстасаванні для лову рыбы мала адрозніваліся ад нанайскіх. Лодкі багата арнаментаваліся і пакрываліся малюнкамі звяроў і птушак. Палявалі з дапамогай складанага лука бури з абкладкай з кітовага вусу.

Ульчскія жанчыны лічыліся неперасягненымі майстрамі апрацоўкі рыбнай скуры і бяросты. Мужчыны былі добрымі разьбярамі па дрэву, косці, рабілі з дзікай крапівы і канопляў надзейныя сеткі і вяроўкі.

Да XIX ст. ульчы жылі ў невялікіх паселішчах (2 — 3 хаціны). Старая форма жытла хагду была каркаснай. Ацяплялася двума агменямі (дуэнтэ тава — «вогнішча ляснога бога» і тэму тава — «агонь бога вады»). Вялікія вокны затулялі рыбнай скурай. Летнія формы жытла — генга (доўгія канструкцыі з бярвенняў на палях) і даура (хаціны з кары, якія ставілі адразу на зямлі). Пад час палявання спыняліся ў часовых канічных хацінах наму аунзаны або буданах.

Спрадвечнай вопраткай былі халаты з рыбнай скуры, але ўжо ў ХІХ ст. замест скуры выкарыстоўвалі кітайскія тканіны. Штаны мелі аднолькавы крой для мужчын і жанчын. Мужчыны-паляўнічыя апраналі на галаву малы капялюш, пад яго — футравыя навушнікі і кавалак тканіны, якой накрывалі валасы. Узімку насілі шапкі з белага сабачага футра. У святочныя дні жанчыны ўпрыгожваліся шапкамі з рысі  (ням.). Усё адзенне багата арнаментавалася.

Ульчы мелі больш за 30 патрылінейных родаў. Суродзічаў аб’ядноўвалі памяць пра адзінага продка, агульнае імя, агульнае вогнішча, суд, кроўная помста і г. д. Доўгі час паселішчы засноўваліся па родаваму прынцыпу. Малыя роды стваралі саюзы-духа. Але да канца ХІХ ст. асноўнай сацыяльнай адзінкай стала малая нуклеарная сям'я. Жаніцьба суправаджалася выплатай за нявесту ці адпрацоўкай на працягу 1 — 3 гадоў. Заможныя мужчыны мелі некалькіх жонак, аднак становішча жанчыны адрознівалася некаторай самастойнасцю. У ульчаў таксама былі хатнія рабы.

Родная мова ўльчаў блізкая да мовы нанайцаў, часам лічыцца яе дыялектам, таму ў школах доўгі час выкладаліся нанайская і нават удэгейская мовы. У 1980-ыя была ўведзена ўльчскае пісьмо на аснове кірыліцы, з 1990-ых гг. ульчская мова выкладаецца у школах. Сваёй літаратуры няма. Распаўсюджана таксама руская мова.

Рэлігія

правіць

У кан. XIX ст. ульчы прынялі праваслаўе, аднак захоўваюць анімістычныя культы і шаманізм.

Літаратура

правіць
  • Народы и религии мира: Энииклопелия / Гл. ред. В. А. Тишков, Редкол.: О. Ю. Артемова, С. А. Арутюнов, А. Н. Кожановский и др. — М.: Большая Российская энциклопедия, 1999. - 928 с.: ил. ISBN 5-85270-155-6

Спасылкі

правіць
  NODES