Шае́ны (англ.: Cheyenne, саманазва: Tsétsêhéstâhese) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Жывуць пераважна ў штатах Аклахома і Мантана. Агульная колькасць (2016 г.) — 12 000 чал.[1]

Шаены
Tsétsêhéstâhese
Агульная колькасць 12000
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова шаенская
Рэлігія анімізм, пеётызм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя алганкіны

Гісторыя

правіць

Паводле вусных паданняў, у мінулым продкі шаенаў жылі ў лясной зоне, меркавана ў паўночнай даліне Місісіпі[2]. У канцы XVII ст. пад ціскам суседніх плямён яны былі вымушаны перасяліцца ў даліны Мінесоты. У гэты перыяд да іх далучылася група So'taa'e, якая раней належала да народа арыкара.

Назва шаены (šahíyena) была дадзена перасяленцам суседзямі-сіў. З мовы сіў яна трапіла ў французскую, а потым — у англійскую. Аднак адзінага погляду на этымалогію назвы няма. Некаторыя лінгвісты лічаць, што слова šahíyena пазначала іншамоўных людзей, чужынцаў. Таксама высоўваецца меркаванне, што яно значыла «малыя кры»[3].

Паміж 1742 г. і 1770 г. шаены пачалі займацца конегадоўляй і ператварыліся ў тыповых конных паляўнічых прэрый. Яны замацаваліся ў рэгіёне Блэк-Хілс[4], прытрымліваліся саюзу з арапаха і сіў. У выніку паступовай экспансіі на паўднёвы захад у канцы XVIII ст. адбыўся падзел на паўночных і паўднёвых шаенаў. У 1825 г. і 1851 г. былі заключаны мірныя дагаворы з урадам ЗША[5]. Яны прадугледжвалі міграцыю белых перасяленцаў праз землі шаенаў на захад і канчаткова замацавалі падзел народа на 2 галіны.

Перасяленне выклікала скарачэнне прыродных запасаў у рэгіёнах, населеных шаенамі, а таксама распаўсюджанне эпідэмічных захворванняў. У 1857 г. адбыўся першы ўзброены інцыдэнт паміж паўночнымі шаенамі і рэгулярнай арміяй ЗША, выкліканы непаразуменнямі паміж індзейцамі і амерыканскімі вандроўнікамі.

 
Мемарыял у Сэнд-Крык

Адкрыццё золата ў Каларада ў 1858 г. прывяло да імкнення амерыканскіх уладаў анексаваць частку індзейскіх тэрыторый. У 1861 г. 6 правадыроў паўднёвых шаенаў і 4 правадыры арапаха заключылі пагадненне з ЗША, якое прадугледжвала значнае скарачэнне іх зямель. Але большасць шаенаў адмовілася прызнаць пагадненне. 29 лістапада 1864 г. атрад амерыканскіх добраахвотнікаў на чале з Джонам Чывінгтанам атакаваў лагер шаенаў і арапаха ў Сэнд-Крык[6], нягледзячы на тое, што іх правадыр Чорны Кацёл прытрымліваўся міру. Гэта прывяло да абвастрэння ўзаемнай варожасці, а таксама да палітычнага скандалу ў ЗША.

17 кастрычніка 1865 г. паўднёвыя шаены, арапаха і лакота падпісалі новае мірнае пагадненне з ЗША[7], але яно было перарвана вайной Чырвонага Воблака (18661868 гг.)[8], якая скончылася фактычнай перамогай індзейцаў. ЗША былі вымушаны пакінуць частку ўмацаванняў і даць дазвол саюзным плямёнам на паляванне на тэрыторыях, што не ўваходзілі ў склад індзейскіх земляў.

Адкрыццё золата і дазвол урада ЗША на перасяленне белых мігрантаў у Блэк-Хілс у 1875 г.[9] выклікалі напружанне ў адносінах з паўночнымі шаенамі. 25 чэрвеня — 26 чэрвеня 1876 г. адбылася бітва каля Літл-Бігхорн[10], у выніку якой аб’яднаныя сілы паўночных шаенаў, сіў і арапаха нанеслі паражэнне часткам арміі ЗША. У 1879 г. спроба амерыканскіх ваенных суправадзіць паўночных шаенаў у рэзервацыю скончылася іх уцёкамі.

Нягледзячы на адчайны супраціў, да 1884 г. паўднёвыя і паўночныя шаены апынуліся ў адведзеных для іх рэзервацыях.

Культура

правіць

Заняткі

правіць
 
Коннік-шаен

За некалькі стагоддзяў шаены цалкам змянілі лад жыцця ад вандроўных паляўнічых і земляробаў лясной зоны да качавых паляўнічых і жывёлагадоўцаў раўнін. Пасля перасялення ў рэзервацыі многія шаены ўпадабалі аселы лад жыцця.

Вялікую ролю ў першапачатковай трансфармацыі адыграла конегадоўля. Французскія крыніцы паведамлялі, што шаены Канзаса пачалі трымаць коней каля 1745 г.[11] Паляўнічыя-коннікі мелі больш шанцаў для пераследу капытных жывёл, у тым ліку шматлікіх бізонаў. Пры гэтым важнымі заставаліся гандлёвыя сувязі з ляснымі плямёнамі і еўрапейцамі. Шаены абменьвалі сушонае мяса, скуры, рамесныя вырабы на кукурузу, пшанічную муку, агнястрэльную зброю, жалеза і інш.

Дадатковымі традыцыйнымі заняткамі з’яўляліся збіральніцтва, земляробства і рамяство. Апошняе пасля перасялення на раўніны захоўвалася толькі ў некаторых мясцовасцях, але зноў атрымала важнасць пасля перасялення ў рэзервацыі. Акрамя гародніны і збожжавых культур, шаены вырошчваюць кармавыя. Збіралі каля 40 розных ядомых раслін[12]. Многія віды рамяства выконваюцца жанчынамі — апрацоўка скуры, выраб скураной вопраткі і абутку. Мужчыны апрацоўваюць драўніну і металы, раней быў распаўсюджаны выраб зброі.

У нашы дні многія шаены жывуць і працуюць за межамі рэзервацый, шукаюць наёмную працу ў прамысловасці і сельскагаспадарчых фермах. Жыхары рэзервацый атрымоўваюць урадавую эканамічную дапамогу.

Качавы лад жыцця вымушаў шаенаў перамяшчацца на значныя адлегласці. Звычайным відам паселішча з’яўляўся часовы лагер, які ладзілі каля ракі або іншых крыніц вады. Ён складаўся з разборных канічных тыпі. Кожны тыпі належаў асобнай нуклеарнай сям’і.

Сацыяльная арганізацыя

правіць

Традыцыйная родавая супольнасць распалася пасля перасялення на раўніны[13]. Шаены аб’ядноўваліся ў групы сем’яў vestoz , што качавалі разам па адной мясцовасці і жылі ў адзіных лагерах. Часцяком гэта былі блізкія сваякі. Меліся і большыя па колькасці аб’яднанні качэўнікаў manhastoz і manhao[14]. Апошнія мелі рытуальны характар і кіраваліся радай правадыроў. Да сярэдзіны XIX ст. налічвалася каля 10 manhao, пасля эпідэмій засталося толькі 3. Імкненне да сумеснай абароны прывяло да фарміравання супольнай рады з 44 прадстаўнікоў розных груп. Рада сарака чатырох заключала дагаворы ад імя ўсіх шаенаў, судзіла, прымала агульныя правілы.

Звычайная форма сям’і — малая нуклеарная. Сексуальныя зносіны да шлюбу забараняліся. Шлюбы звычайна заключаліся па дамове сямей, заляцанне да нявесты магло працягвацца некалькі гадоў. Пасля смерці мужчыны яго маёмасць падзялалася паміж усімі чальцамі групы.

У XIX ст. асаблівую ролю набылі ваенныя супольнасці notxestoz. Яны аб’ядноўвалі воінаў з розных качавых груп і мелі сваіх правадыроў, прадстаўленых у радзе сарака чатырох. У мірны час ваенныя супольнасці падтрымлівалі парадак, ахоўвалі коней, арганізоўвалі рэлігійныя цырымоніі. Падчас вайны notxestoz з’яўляліся найбольш баяздольнымі адзінкамі. У некаторых выпадках у ваенныя супольнасці прымаліся жанчыны і выхадцы з іншых плямён.

Першапачаткова вылучаліся 4 ваенныя супольнасці шаенаў[15]:

  • Monêsóonetaneo'oлісы» або «каёты»)
  • Hémo'eoxesoласі»)
  • Ma'ėhoohevaseшчыты»), у сваім складзе мелі асобную групу Hotóanótâxeo'o («бізоны»)
  • Héma'tanóohese («цецівы»)

Апошняя ваенная супольнасць фактычна перастала існаваць у выніку войн з амерыканцамі, але на яе аснове былі створаны супольнасці Hotamémâsêhao'o («ваўкі») і Hotamétaneo'o («воіны-сабакі»).

Фальклор

правіць
 
Шаенская флейта

Шаены маюць багатую вусную традыцыю пераказу казак, міфаў, гістарычных паданняў. Асабліва вылучаюцца міфы пра паходжанне свету, гісторыі трыкстэра павука Wihio і розных фантастычных істот[16]. Танцы, у тым ліку знакаміты танец сонца, мелі рытуальны характар. Захаваліся святочныя песні, любоўная лірыка, паляўнічыя, ваенные і прыгодніцкія спевы. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — барабаны, флейта. Шаенскае музычнае мастацтва актыўна развіваецца і ў нашы дні.

Шаенская мова адносіцца да алганкінскай групы моў. Найчасцей выкарыстоўваецца ў побыце паўночнымі шаенамі Мантаны, але колькасць носьбітаў стала скарачаецца.

У мінулым была распаўсюджана піктаграфічная пісьмовасць. У нашы дні карыстаюцца алфавітам на аснове лацінкі, які ўтрымоўвае 14 літар[17].

Рэлігія

правіць

Традыцыйныя вераванні засноўвалася на веры ў існаванне душы ў чалавека, жывёл і прадметаў, а таксама ў шматлікіх духаў і фантастычных істот. Паводле паданняў, сусвет быў створаны Вялікім духам Махеа[18], але яго ўмяшальніцтва ў паўсядзённае жыццё не лічылася вельмі істотным. Важную ролю адыгрывалі шматлікія рытуалы і забабоны. Сувязь з духамі забяспечвалі шаманы, якія часцяком выконвалі функцыю правадыроў і займаліся лекаваннем. Жанчыны-шаманкі аказвалі дапамогу ў выпадку захворванняў, сурокаў, падчас родаў. Аднак лічылася, што сувязь паміж чалавекам і духамі можа ўсталёўвацца і ў выпадку індывідуальных намаганняў у ходзе выканання рытуалаў. Найбольш важныя рытуалы — танец сонца Hoxehe-vohomo' ehestotse, танец жывёл Massaum, шанаванне свяшчэнных стрэл Mahuts і лекарскага капелюша Isiwun[19].

У нашы дні значная колькасць вернікаў спавядае хрысціянства, належыць да канфесій каталікоў і менанітаў.

Зноскі

правіць

Спасылкі

правіць
  NODES
languages 1